На вуліцы Камсамольскай у Магілёве знайшлі дарэвалюцыйную брукаванку

Магілёўскія камуністы ў пачатку 1980-х “прыватызавалі” амаль усю брукаванку з вуліцы Камсамольскай (былая Дваранская), але цудам захавалася адна лінза, якую яшчэ можна ўратаваць. 

Работы па рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай у Магілёве выявілі цудам захаваны кавалачак дарэвалюцыйнай брукаванкі, якую не выкарысталі для сваіх мэтаў камуністычныя ўлады горада 40 гадоў таму. 

У сацыяльных сетках і чатах краязнаўчай накіраванасці магілёўцы жвава абмяркоўваюць адкрыццё сапраўднага бруку і яго далейшы лёс. Работнікі музея гісторыі горада таксама зацікавіліся брукам. Гісторыя яго ўзнікнення і знікнення па-свойму павучальная і безумоўна цікавая. 

У Савецкі час падручнікі і гістарычныя нарысы апісвалі дарэвалюцыйны Магілёў як драўляны брудны горад, якому толькі Савецкая ўлада прынесла сучасныя даброты. Насамрэч, горад у цэнтры быў забудаваны мураванымі шматпавярховымі будынкамі. Ён меў тэлефон, тэлеграф, электрастанцыю, конку, водаправод і г.д. Цэтральныя гарадскія вуліцы былі пакрыты якасным каменным брукам. 

У савецкі час доўга было не да брукавання дарог. Толькі з 1950-х гадоў пачалося масавае асфальтаванне гарадскіх вуліц. Са з’яўленнем цяжкога аўтамабільнага транспарту брукаваныя вуліцы пачынаюць мець даволі глыбокія каляіны з-за неглыбокай падсыпкі. 

У еўрапейскіх краінах гэтая праблема вырашалася шляхам здымання дарагога бруку, рэканструкцыі асновы дарогі і ўкладкі бруку нанава. У СССР звычайна або паверх бруку клалі асфальт, або брук папросту прыбіралі.

У 1982 годзе камуністы дабудоўвалі мемарыяльны комплекс на Савецкай плошчы “Змагарам за Савецкую ўладу”. Для комплексу перад вечным агнём вырашылі пакласці прыгожую брукаваную маставую. Замест вырабкі новага бруку камень узялі з вуліцы Камсамольскай. А частку бруку паклалі перад абласным камітэтам камуністычнай партыі – зараз гэта гарвыканкам.  

Яшчэ адно месца выкарыстання дарэвалюцыйнага бруку з вуліцы Камсамольскай – пляцоўка перад абласным ДАІ. 

Учора пры рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай выявілася, што застаўся яшчэ адзін невялікі лапік брукаванкі на рагу з вуліцай Першамайскай. Яна ўжо прыцягнула ўвагу магілёўцаў і выклікала гарачыя спрэчкі. 

Што рабіць з брукам пакуль не вырашана. Найбольш рэальнымі і карыснымі выглядаюць прапановы пакінуць яе на пешаходным пераходзе праз вуліцу Камсамольскую ад драмтэатра да касцёла. Гэта стала б праявай павагі да працы нашых продкаў, цікавым турыстычным і гістарычным аб’ектам. 

Рамонт вуліцы Камсамольскай – дзе шукаць новыя прыпынкі

Рамонт асфальтавага пакрыцця па вуліцы Камсамольскай у Магілёве ідзе хуткімі тэмпамі. За пару дзён практычна цалкам на вуліцы знялі стары асфальт.

Звыклыя прыпыначныя пункты “Драмтэатр” і “Каледж мастацтваў”, як і прадбачылі mogilev.media былі перанесеныя ў тры кропкі. Для ўсяго транспарту, што рухаеца з цэнтра горада ў Задняпроўе і ў бок Буйніч, новым прыпынкам стала стаянка для турыстычных аўтобусаў каля Філармоніі.

Прыпынак для маршрутак, якія едуць з Задняпроўя і Буйніч у бок цэнтра перанесены на пляцоўку каля помніка Георгію Каніскаму. Варта ўдакладніць, што тут цяпер спыняюцца практычна ўсе маршруткі, акрамя №1. Ад гэтага прыпынка далей іх шлях ляжыць праз Пажарны завулак.

Астатні транспарт, што едзе з Задняпроўя і з боку Буйніч у цэнтр – аўтобусы і маршрутка №1 – спыняюцца каля Педагагічнага каледжа па вуліцы Піянерскай.

Фота: mogilev.media

Навучэнцаў магілёўскіх каледжаў адправілі на зону – новы фармат экскурсій

Наведванне папраўчай установы праводзяць для выпрацоўкі законапаслухмянасці ў маладых людзей.

Як піша «Веснік Магілёва», навучэнцаў каледжа мастацтваў і каледжа сферы абслугоўвання адправілі на гадзіну ў магілёўскую турму №4. Калі навучэнцы каледжаў зайшлі на тэрыторыю турмы, яны сталі падпарадкоўвацца ўнутраным правілам установы: мусілі здаць на захоўванне тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы, пашыхтавацца ў шэраг і прадэманстраваць змесціва кішэняў. На пэўны час дзверы папраўчай установы для маладых людзей зачыніліся. 

Навучэнцаў, з якімі ў іх установах адукацыі праводзіцца індывідуальная выхаваўчая работа, азнаёмілі з побытам зняволеных, далі магчымасць пагутарыць з равеснікам, асуджаным за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, бо менавіта такія злачынствы ў апошнія гады лідзіруюць сярод моладзі.

Па меркаванні намесніка пракурора Магілёва Яўгена Фурманава, падобныя мерапрыемствы – адзін з дзейсных спосабаў прафілактыкі. Па словах Фурманава мэта такіх “экскурсій” – стымуляванне маладых людзей быць законапаслухмянымі і ўсведамляць адказнасць за свае ўчынкі. 

У 2022 годзе турму № 4 г. Магілёва наведала больш за 400 навучэнцаў устаноў адукацыі горада. 

Фота ілюстрацыйнае 

У Магілёве пройдзе вечар арганнай музыкі

19 сакавіка ў 16.00 у магілёўскім касцёле святога Станіслава пройдзе “Вечар арганных разважанняў”. Музыку Ё.-С. Баха, Ф. Мендэльсона і Х. Кушнарова будзе выконваць Аліе Абдурашытава з Санкт-Пецярбурга.

Фота з адкрытых крыніц.

Малпоўня і цёплыя вальеры. У магілёўскім заасадзе пройдзе вялікая рэканструкцыя

Новымі жыхарамі заасада ў Буйнічах на днях сталі бенгальскі тыгр і пума. Драпежнікаў прывезлі з Ніжняга Ноўгарада, з прыватнага звярынца “Лімпапо”, якім кіруе выхадзец з Магілёўшчыны Уладзімір Герасічкін. Тыгр і пума былі перададзеныя ў Магілёў бясплатна – піша БелТА.

У 2023 годзе магілёўскі заасад чакае масштабная рэканструкцыя. Да канца гэтага года заасад плануе набыць трох якаў – самца і дзвюх самак, а таксама малпаў. Акрамя таго, тут ужо купілі 10 бязрогіх коз, якія будуць хадзіць па ўсёй тэрыторыі без усялякіх вальераў. У далёкай перспектыве з’явіцца кенгуру.

Паводле слоў дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Міхаіла Сасонкі, сёлета плануецца вялікая рэканструкцыя Магілёўскага заасада. Ужо вырабляецца праект на малпоўню і новыя цёплыя вальеры. З’явіцца зона сямейнага адпачынку, уладкуюць рэстаран і кафэ, пакоі маці і дзіцяці, дзве пляцоўкі для святкавання дня нараджэння і пляцоўку для дзіцячага адпачынку – з пясочніцамі і гульнявым абсталяваннем. 

Фота: БелТА

Трэш у магілёўскім інтэрнаце – кішыць тараканамі, камуналка 264 рублі

Жорсткімі кадрамі з інтэрната па вуліцы Куцепава, 16 у Магілёве падзяліўся Тэлеграм-канал “ЧП Могилев”. Уваходнай дзверы ў адным з пад’ездаў няма наогул, рудыя разводы на столі паказваюць, што дах будынка пастаянна працякае.

У самім пад’ездзе сцены кішаць тараканамі.

Пры гэтым камунальныя паслугі для жыхароў інтэрната складаюць да 264 рублёў за месяц.

Фота: “ЧП Могилев”.

Прагноз надвор’я на уікенд

Тэмпературы днём да +8° С, пераважна пахмурна, месцамі з праясненнямі, без ападкаў. Дзень амаль 12 гадзін. 

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы блізкія да +3°С, з ваганнямі ноччу ад 0 -2°С да +3°С, днём – ад +6°С да +8°С. 

Будзе пераважаць пахмурнае, галоўным чынам без ападкаў надвор’е. З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 8 хвілін з 11 гадзін і 55 хвілін 17 сакавіка да 12 гадзін 3 хвілін 19 сакавіка, ужо 19 сакавіка дзень будзе больш за 12 гадзін. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 7:05, зойдзе ў 19:08.

Сінаптычны прагноз на апошні рабочы дзень тыдня, 17 сакавіка: раніцай каля +2°С, удзень да +6 +7°С, увечары да +2°С, уноч да 0 -2°С. У першай палове дня чакаецца яснае надвор’е, у другой палове – воблачна, без ападкаў. Вецер на працягу сутак паўночны, паўночна-усходні, к вечару – паўднёва-усходні, хуткасцю да 2-4 м/с. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца, раніцай і вечарам у паніжэннях магчымы туман.

Суботняе, 18 сакавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным месцамі з невялікімі праясненнямі, без ападкаў. Раніцой тэмпература каля 0 +3°С, днём да +8°С, ноччу ад 0°С да +1°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўднёвага ўсходу, хуткасць вятроў 3-4 м/с.

У нядзелю, 19 сакавіка, раніцай тэрмометры пакажуць 0 +1°С, удзень да +8°С, да ночы слупок тэрмометра панізіцца да +2 +3°С. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёва ўсходнія вятры хуткасцю да 4-5 м/с. Пахмурна, пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца.

Ранак панядзелка 20 сакавіка пачнецца з воблачнага з праясненнямі надвор’я, з вятрамі паўднёвага накірунка хуткасцю да 4 м/с, тэмпературамі +2 +3°С. У сярэдзіне дня чакаецца павышэнне тэмпературы да +7 +11°С. У другой палове дня, бліжэй да вечара пройдзе невялікі дождж.

Паглядзіце, якім будзе талісман ІІ Гульняў СНД, што пройдуць у Беларусі

На пасяджэнні аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзення ў Беларусі міжнародных спартыўных спаборніцтваў разгледжаны эскізы талісмана, лагатыпа і слогана II Гульняў краін СНД на 2023 год – піша афіцыйны сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.

Талісманам гульняў стала рысь па мінушцы Рыся. Таксама зацверджаны эмблема і слоган Гульняў.

Другія Гульні краін СНД пройдуць з 3 па 15 жніўня – паведамлялі mogilev.media. У Магілёве пройдуць спаборніцтвы ў двух відах: каратысты будуць змагацца ў спарткомплексу “Алімпіец”, а лучнікі адстраляюцца на стадыёне “Спартак”.

Фота: НАК

Што рабіць, каб абараніць пенсіянераў ад махляроў? Зноў сумная статыстыка

У Магілёўскім раёне працягваюць рэгістраваць злачынствы, ахвярамі якіх сталі пажылыя людзі, сеньёры – зазначае “Прыдняпроўская ніва”, абапіраючыся на дадзеныя міліцыі.

На тэрыторыі Магілёўскага раёна ў адносінах да сеньёраў (састарэлых грамадзян) у 2022 годзе было ўчынена 99 злачынстваў. Гэта ніяк не менш за папярэднія гады. Сеньёры становяцца ўсё часцей ахвярамі злачынных замахаў ашуканцаў – псеўдасацработнікаў, псеўдамедыкаў, якія авалодваюць іх грашыма, маёмасцю. 

Каб прадухіліць падобныя злачынствы з роднымі, блізкімі і знаёмымі пажылымі людзьмі, варта прысвяціць ім больш увагі. Часцей тэлефанаваць альбо наведваць асабіста. Пастаянная ўвага і клопат паспрыяюць не толькі інфармацыйнай дасведчанасці сеньёраў, але таксама дадуць ім псіхалагічныя сілы ў эмацыйным супрацьстаянні з незнаёмцамі, пачуццё абароненасці і патрэбнасці. 

Фота ілюстрацыйнае

Магілёвец скраў упрыгожванні ў сваёй дзяўчыны, як толькі яна дала яму ключы

Магілёвец выкраў з кватэры сваёй дзяўчыны залатыя ўпрыгожванні на агульную суму амаль 5 000 тысяч рублёў – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага блвыканкама.

Устаноўлена, што напярэдадні дзяўчына аддала ключы ад кватэры свайму хлопцу, які выкраў яе маёмасць і здаў каштоўнасці ў ламбард. Атрыманыя грошы патраціў на пагашэнне сваіх пазык. Узбуджана крымінальная справа. Выкрадзеная маёмасць канфіскавана і вернута ўладальніцы.

Фота ілюстрацыйнае