У Магілёве прайшло святочнае шэсце – са сланом, вадавозамі і розным трэшам

Традыцыйнае шэсце на дзень горада пачалося з плошчы Леніна і прайшло па Першамайскай да плошчы Славы.

Сярод удзельнікаў быў слон з цырка “Dziva”, калоны магілёўскіх прадпрыемстваў і устаноў.

Фота: magilev.by

 

 

 

У Магілёве праходзіць мясны фэст

Вялікае свята мяса праводзіць у Падміколлі Магілёўскі мясакамбінат. Яно будзе працягвацца ўвесь дзень, да 23.00.

У праграме – конкурс па паданню “Сасіска ў Фэсце”, забаўляльная мяскацека, фудзона, гіганцкая каўбаса, квэсты і абмен рэцэптамі.

 

 

Магілёў запаланілі вайскоўцы. У цэнтры «акапаліся» савецкія салдаты і гітлераўцы

Горад святкуе афіцыйны Дзень незалежнасці. Урачыстасці трываюць не першы дзень. Кожны куток гарадскога цэнтру адведзены пад імпрэзы.

Сёння, 2 чэрвеня, гараджане пабачылі ў цэнтры апранутых у вайсковае землякоў. Яны прадстаўлялі два варожыя бакі: савецкіх салдат і салдат вермахту. 

Пакуль «на фронце было зацішша» удзельнікі тэатральнай пастаноўкі пакурвалі і пазіравалі фатографам. На сцэне ж дэманстравалі зухаватасць і прагу да перамогі.

«Ваенны» Магілёў гатовы адзначыць Дзень незалежнасці Беларусі.

 

Жыхары Магілёва падзякавалі Магілёў.media. Ім прыбралі сквер

Як сцвярджаюць магілёўцы, дзякуючы публікацыі ў Магілёў.media камунальнікі прыбралі смецце ў скверы на вуліцы Мянжынскага.

30 чэрвеня Магілёў.media атрымаў калектыўны зварот ад жыхароў прылеглых да скверу вуліц з просьбай паўплываць на камунальнікаў. Магілёўцы спадзяваліся, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра сітуацыю ў скверы чыноўнікі адрэагуюць.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураліся аўтары ліста.

2 чэрвеня ў Магілёў.media прыйшоў ліст з падзякай.

«Толькі што прыбралі сквер, дзякуем вам», – гаварыцца ў ім.

Магілёў.media у сваю чаргу дзякуе магілёўцам, якія чытаюць яго публікацыі, пішуць яму, дзеляцца сваімі радасцямі і спадзяюцца на дапамогу журналістаў. Паверце, у наш няпросты час – гэта сапраўды прыемна.

Паштовая скрынка інфармацыйнага рэсурсу не змянілася – [email protected]. Чакайма вашых лістоў.

 

У Магілёве правялі парад дзіцячых вазкоў. Ацаніце крэатыўныя праекты

Парад «Мая калыска – проста казка» арганізавалі на падворку мясцовай школы №6. 

У традыцыйнай імпрэзе ўдзельнічалі больш за тры дзясяткі дзіцячых вазкоў.

Былі на парадзе і спаборніцтвы. Пераможцы вызначаліся ў забегу з вазкамі. 

А таксама ў намінацыях: «У гасцях у казкі», «Алімпійскія гульні», «Падводны свет», «Нацыянальны каларыт», «Рэтравазок», «Дзівамабіль», «Шчасця шмат не бывае».

 

На ўскрайку Магілёва свята. Узведзена дзіцячая пляцоўка

Дзіцячая пляцоўка з забавамі з’явілася ў пасёлку, які магілёўцы называюць Дачным. Ён на ўскрайку гораду, побач з Пячэрскім лесапаркам. 

Гульнявых дзіцячых пляцовак тут не было ніколі. Бацькі з дзецьмі хадзілі ў лес, альбо на школьны двор. Маглі завітаць на тэрыторыю дзіцячага садка, калі іх туды пускалі.

Мясцовыя жыхары кажуць, што звярталіся да прадстаўнікоў улады, каб тыя знайшлі месца для гульнявога кутка і ўпарадкавалі яго. Два месяцы таму пачалося будаўніцтва.

Цяпер на мясціне, дзе пасвілі коз, стаяць коўзанкі, арэлі і іншыя забавы. Ёсць пляцоўкі для валейболу і баскетболу.

Не абышлося без пафаснага адкрыцця.

 

Паўплывайце на камунальнікаў. Чаму не прыбіраюць?

У Магілёў.media звярнуліся жыхары вуліцы імя Мянжынскага з просьбай прымусіць камунальнікаў прыбраць мясцовы сквер. Па іх словах мясціна, якую з цяжкасцю прывялі да ладу, цяпер пераўтвараецца ў сметнішча.

«Ля кожнай лаўкі поўная сметніца. Птушкі расцягваюць смецце, а вецер разносіць яго па скверы. Мы і не ведаем, ці ёсць у нас смецяры», – абураюцца жыхары.

Па словах аўтараў ліста кожны з іх тэлефанаваў у «Кантакт-цэнтр 115», але плёну ад гэтага няма. Супрацоўнікі выслухоўвалі, абяцалі даць рады і на гэтым гісторыя сканчалася. Некаторыя з жыхароў, пішуць чытачы, бяруць пакеты і самі збіраюць расцягнутыя і развеяныя адыходы.

Магілёўцы спадзяюцца, што даведаўшыся з «апазіцыйнай прэсы» пра іх клопат чыноўнікі адрэагуюць.

 

Магілёўшчына ачуньвае пасля навальніцы. Жыхары перажылі дужую залеву, пабачылі паваленыя дрэва і пастаялі ў заторах (фота)

Непагадзь 29 чэрвеня лютавала з гадзіну. За гэты час шквалісты вецер наламаў нямала дроў, а залева, нібы з вядра, ператварыла праезныя часткі дарог у рэкі.

bobruisk.ru

Сацыяльныя сеткі поўняцца фотаздымкамі з наступствамі навальніцы.

Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў яго супрацоўнікі 26 разоў выязджалі прыбраць паваленыя дрэвы. Імі было пашкоджана шэсць машын.

bobruisk.ru

У Бабруйску цуд уратаваў мясцовую жыхарку ад бяды. На машыну вятрыска паклаў вялікае дрэва. 

З аўтамабілю жанчыне ўдалося вылезці самастойна, але медыкі ўсё ж агледзелі яе. У шпіталізацыі патрэбы не было, піша газета «Вечерний Бобруйск».

Фота аўтара пад нікам “Карина”

У Магілёве дужы дождж дарогі ператварыў у рэкі. Шмат дзе ў горадзе аўтамабілісты пастаялі ў заторах. Выратавальнікі займаліся адпампоўваў вады з затопленых дамоў.

У архівах сыноптыкаў учорашні дзень адназначна знойдзе сабе месца.

 

У Магілёве паявіўся новы мурал – летуценнае дзяўчо ад вядомага стрыт-арт мастака MUTUSа

Арт-аб’ект з’явіўся на вуліцы Камсамольскай, насупраць прыпынка “Драматычны тэатр”.

Як паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”, новы мурал створаны ў межах праекта “Дамы”. Гэты праект стартаваў яшчэ ў 2021 годзе і мае на мэце стварэнне шэрагу насценных роспісаў у Магілёве. 

Мурал на Камсамольскай гораду падарыў вядомы пінскі стрыт-арт мастак Яўген Сасюра, які цяпер пастаянна жыве ў Мінску. У Магілёве ўжо ёсць іншыя яго працы – каля абласной бібліятэкі, Мінскага рынку.

Мурал Яўгена MUTUS Сасюры на вул. Ленінскай, 50 у Магілёве

Фота ўзята з інстаграма мастака

У Магілёве затрымалі падазраванага на серыю крадзяжоў у краме

Як паведамляюць Магілёў.media чытачы, эпізод затрымання адбыўся ў краме па вуліцы Крупскай днём 30 чэрвеня. Прадавачкі зачынілі дзверы на выхад і разам з аховай утрымлівалі аднаго з наведвальнікаў да прыбыцця нараду міліцыі. 

Адзін з наведвальнікаў, паводле іх сведчанняў, ажыццявіў крадзёж у гандлёвай зале. Прычым за ім сачылі – ранейшы прагляд камер відэаназірання паказаў, што за дзень да таго мужчына ўжо трапіў пад падазрэнне службы аховы ў незаконным вынасе тавару.