Першым на Магілёўшчыне распачаў ацяпляльны сезон Бабруйск. Загад на ўключэнне ацяплення з 29 верасня аддадзены і ў Магілёве

Тым часам з-за прамаруджвання ўладаў, у паліклініках фіксуецца рост захворванняў.

Магілёўскія і бабруйскія чыноўнікі нарэшце адрэагавалі на крытыку і ўключаюць ацяпленне. У Магілёве пакуль сістэма будзе працаваць у рэжыме прагравання, бо тэмпература паветра яшчэ не апусцілася ніжэй за 10 градусаў Цэльсія. Чарга за райцэнтрамі.

Магілёў перадапошнім з абласных цэнтраў вырашыў уключыць сістэму ацяплення. Гродна і Брэст зрабілі гэта ўчора, а Мінск пачаў падключэнне яшчэ 20 верасня.

Падобна на тое, што крытыка незалежных медыа і скаргі гараджан падзейнічалі на нашых чыноўнікаў. Хаця, магчыма, ім проста самім стала халодна? 

 З-за прамаруджвання з уключэннем ацяплення магілёўскія паліклінікі фіксуюць устойлівы і хуткі рост захворванняў гараджан. Пакуль улады чакалі прыкладу ад іншых гарадоў краіны, з-за холаду ў кватэрах восеньская ўспышка рэспіраторных пачалася звышпаспяхова для вірусаў.

Выхавацелька магілёўскага дзіцячага садка ўгаварыла калег узяць для яе крэдытаў на 14 000 рублёў

Усе трое атрымалі лісты аб нявыплаце з банкаў. 

Тры супрацоўніцы дзіцячага садка ў Магілёве звярнуліся ў міліцыю з адной і той жа гісторыяй. Яны распавялі, што калега, памочнік выхавацеля, угаварыла іх аформіць на сябе крэдыты на агульную суму каля 14 000 рублёў, абяцаючы выплочваць унёскі. Да таго ж адна з жанчын перадала фігурантцы здарэння каля 250 еўра, якія тая так і не змагла вярнуць.

Атрымаўшы крэдытныя карткі растэрміновак, жанчына рабіла пакупкі, набываючы бытавую тэхніку, прадметы інтэр’еру, адзенне і прадукты харчавання. Пасля аплачваць даўгі яна не спяшалася – у выніку на чужых картах раслі працэнты, якія ніхто не пагашаў.

Праз некаторы час работніцам садка, якія ўзялі на сябе крэдыты, прыйшлі лісты з банкаў аб нявыплаце.

Цяпер у дачыненні да фігуранткі следчымі ўзбуджана крымінальная справа.

Мядзведзі запаланілі лясы Магілёўшчыны? Разбіраемся

Памятаеце відэа з Бялыніцкага раёна, калі трактарыст засняў бойку двух медзвядзёў на лясной дарозе? Гэта адбылося каля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна, за 60 кіламетраў ад Магілёва. Але яшчэ зусім нядаўна мядзведзі не жылі на Магілёўшчыне.

Відэа можна пабачыць тут.

Яшчэ зусім нядаўна вучоныя лічылі, што на ўсёй тэрыторыі Беларусі жыве не болей за 80-100 мядзведзяў і не меней за 40. І гэта на тэрыторыю ў 207,6 тысяч квадратных кіламетраў. Меркавалася, што мядзведзь часам нават не мог знайсці сабе мядзведзіцу.

А на тэрыторыю Магілёўскай вобласці ў 2000-х гадах мядзведзі толькі заходзілі – з Бярэзінскага запаведніка і з Браншчыны. 

Але на працягу 2020-2022 гадоў колькасць сустрэч людзей з мядзведзямі па Беларусі павялічалася ў дзясяткі разоў. Такія сустрэчы зафіксаваны і на Магілёўшчыне.

Калі падлічылі, то ахнулі

Так, 13 жніўня 2021 года ў розных СМІ паведамлялася, што  400 кілаграмовы мядзведзь выйшаў у поле, а потым залез на лецішча ў в. Галубаўка Магілёўскага раёна. 

6 ліпеня 2022 года паведамлялася пра фіксаванне драпежніка каля в. Шапялевічы-Падар Круглянскага раёна. 

Аб яшчэ 4-5 сустрэчах у гэтым годзе распавядалі грыбнікі, якія не мелі магчымасці сфатаграфаваць мядзведзя.

Апошняе нападзенне мядзведзя на чалавека зафіксавана вясной 2018 года ў Віцебскім раёне. 

Мядзведзі фіксуюцца фота- і відэакамерамі ва ўсіх абласцях краіны.

Апошнія 20 гадоў колькасць чырвонакніжнх мядзведзяў не падлічвалі. А калі падлічылі ў 2021 годзе, то ахнулі. Іх аказалася не ад 40 да 100, а аж 580.

Вучоныя лічаць, што праз 5-6 гадоў іх колькасць дасягне 1000.

Мядзведзяў мяркуюць выключыць з Чырвонай кнігі

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз распавядае: “Мы прапануем выключэнне з Чырвонай кнігі і дазвол палявання. Не таму, што мы такія тут усе крыважэрныя і жадаем мядзведзяў страляць. Мядзведзь наш, беларускі, з трафейнага пункта гледжання слабенькі, небуйны, для паляўнічых асаблівай цікавасці не ўяўляе. Ён расце кілаграмаў да 130–200. Для параўнання: на ўсходзе Расіі ёсць асобіны па 500-600 кілаграмаў, гэта значыць наш – малютка. Таму мы гаворым пра паляванне толькі з пункту гледжання кіравання рэсурсам”.


Буры мядзведзь жыве пераважна ў старых, глухіх лясах, якія чаргуюцца з балотамі, высечкамі і поймамі рэк.


 

Памёр магілёвец Барыс Маісееў

Яму было 68 гадоў, нядаўна артыст перанес інсульт.

Цела спевака знайшоў яго арт-дырэктар Сяргей Гарох у кватэры спевака на Чырвонапралетарскай вуліцы. Сяргей Гарох прыйшоўшы праведаць Барыса Маісеева пасля нядаўна перанесенага інсульту. Убачыўшы артыста без прытомнасці, ён выклікаў хуткую, але лекарам заставалася толькі канстатаваць смерць.

Барыс Маісееў нарадзіўся 4 сакавіка 1954 года ў Магілёве, у жаночай папраўчай калоніі. У Магілёве ён скончыў школу, пасля якой з’ехаў у Мінск вучыцца ў харэаграфічным вучылішчы. Кар’ера Маісеева пачыналася з танцавальнага трыа “Экспрэсія”, што было заснавана артыстам у 1978 годзе. За часы танцавальнай і сольнай кар’еры спевака Барыс Маісееў стаў адной з самых пазнавальных зорак постсавецкай эстрады.

Машына правалілася ў ліўнёвы калодзеж на праезжай частцы ў цэнтры Магілёва

Кіроўцы – будзьце асцярожныя!

Аўтамабіль Skoda Kodiaq рухалася па вуліцы Тані Карпінскай у бок спуску да Дубравенкі, калі адбылося незвычайнае здарэнне. Рашотка ліўнёўкі не вытрымала, альбо, магчыма, наогул адсутнічала на праезжай частцы. У выніку аўтамабіль праваліўся правым пярэднім колам у калодзеж, без магчымасці рухацца далей – задняе левае кола бездапаможна завісла ў паветры.

На месцы працуюць супрацоўнікі дарожнай аўтаінспекцыі.

Адзначым, што здарэнне адбылося ў пары сотнях метраў ад гарвыканкама.

 

На Магілёўшчыне збіраюць у шэсць разоў больш ураджаю сёлета, чым летась

У мінулым годзе на гэты час сярэдняя ўраджайнасць гародніны складала 59 цэнтнераў з гектара, а ў гэтым годзе – 361. 

Усяго на Магілёўшчыне дзяржаўныя сельгаспрадпрыемствы сабралі ўраджай з 21% засяваных плошчаў – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. Агульны збор гародніны дасягнуў 4674 тон і значна пераўзыходзіць паказчык 2021 года – 2622 тоны.

Ураджайнасць у прыватных гаспадарках не паддаецца строгаму статыстычнаму аналізу, аднак малаверагодна, што там яна істотна адрозніваецца ад названых паказчыкаў.

Сярэдняя ўраджайнасць зерневых культур сёлета па Беларусі таксама была вышэй за леташнюю.

Тэатр лялек паставіць “Магілу льва”, прэм’ера запланаваная на 29 лістапада

Над спектаклем працуе новы рэжысёр-пастаноўшчык магілёўскага абласнога тэатра лялек Марыя Гуцава. Для яе прэм’ера стане першым праектам на магілёўскай сцэне – Гуцава толькі ў гэтым годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці рэжысёр тэатра.

– Я родам не з Магілёва, таму спектакль стане своеасаблівым знаёмствам з гэтай зямлёй – расказала Марыя Гуцава ў інтэрв’ю БелТА – Праца будзе цікавая і карэнным жыхарам, якія, упэўнена, даведаюцца шмат новага з гісторыі горада: якія людзі тут жылі, чым займаліся, пра што марылі і як любілі. Найперш гэта будзе спектакль пра чалавека і для людзей. 

У тэатры лялек лічаць, што прэм’ера будзе напоўнена глыбокім філасофскім сэнсам. Яна прапануе гледачу адказаць на пытанні: хто мы і куды зараз ідзём, ці ведаем і ці памятаем гісторыю сваёй зямлі? 

– Каб адказаць на гэтыя пытанні – дадалі ў тэатры – трэба вярнуцца да сваіх каранёў, звярнуцца да гісторый з жыцця нашых продкаў, якія захавалі шмат цікавага. Напрыклад, паданне аб легендарным асілку Машэку, якога здрада ператварыла ў раз’юшанага ў адносінах да несправядлівасці льва. 

У музычным афармленні прымае ўдзел вядомы магілёўскі музыка Андрусь Палаўчэня і гурт “Osimira”.

Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць апытанне, дзе адкрыць яшчэ адзін міліцэйскі ліцэй

Найбольшыя шанцы мае Магілёў. 

Зараз у Беларусі працуе адзін ліцэй МУС – у Мінску. Беларусаў просяць выказацца пра тое, у якім абласным цэнтры, акрамя сталіцы, варта адкрыць другую спецыялізаваную навучальную ўстанову. Паводле нашай інфармацыі Магілёў.media, магілёўскіх школьнікаў і бацькоў просяць прыняць удзел у галасаванні на сайце МУС і выбраць менавіта Магілёў.

Акрамя выбару месца адкрыцця ліцэю, на галасаванне вынесена таксама пытанне пра пол навучэнцаў. Прапануецца, каб гэта былі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. 

Размовы пра верагоднасць адкрыцця ў Магілёве ліцэю МУС вядуцца ўжо некалькі гадоў. Міністр унутраных спраў у пачатку навучальнага года заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні ліцэя ў адным з рэгіёнаў Беларусі, для чаго ідзе вывучэнне грамадскай думкі. 

У “Спецыялізаваны ліцэй МУС Беларусі” можна паступіць з 12 гадоў, пасля заканчэння шасці класаў сярэдняй школы. Тэрмін навучання ў ліцэі – 5 гадоў, пасля чаго навучэнцы на льготных умовах паступаюць у міліцэйскія ВНУ краіны.

Выглядае, што найбольш верагоднай пляцоўкай для размяшчэння новага ліцэю выступае Магілёў, бо тут знаходзіцца Інстытут МУС РБ – ёсць выкладчыцкія кадры. Можна знайсці і матэрыяльна-тэхнічную базу, напрыклад, выкарыстаўшы памяшканні адной з закрытых прафесійна-тэхнічных устаноў.  

З іншага боку, у Магілёве ўжо ёсць абласная кадэцкая вучэльня. У верасні 53 яе выхаванцы прайшлі курс маладога байца і прынялі прысягу на вернасць Радзіме і кадэцкаму братэрству. 

У Дубравенцы ў Магілёве вылавілі труп мужчыны

Здарэнне адбылося сёння каля 15.00 – паведамляе Тэлеграм-канал “ЧП в Могиёве”. На здымку бачна цела мужчыны, побач з якім знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі і фельчары хуткай дапамогі. Месца, якое можна пазнаць на фота, знаходзіцца каля маста па праспекце Міру, у бок чыгуначнага насыпу.

Афіцыйных каментарыяў пакуль няма.

На тысячу пажылых мужчын на Магілёўшчыне прыходзіцца амаль дзве тысячы жанчын

1 кастрычніка ва ўсім свеце святкуецца Дзень сеньёраў – пажылых людзей. Свята ўстаноўлена Генеральнай Асамблеяй  ААН у 1990 годзе. 

На пачатак 2022 года ў Магілёўскай вобласці жыло больш за 163 тысячы пажылых людзей, гэта кожны шосты жыхар. Сярод іх па колькасці вылучаюцца жанчыны – 65%. Гэта азначае, што 1000 пажылых мужчын прыходзіцца 1923 жанчыны, – правядамляюць у Галоўным статупраўленні Магілёўскай вобласці. 

Самай шматлікай узроставай групай сярод сеньёраў з’яўляецца насельніцтва 65-69-гадовага ўзросту. Адзначаецца, што людзі ў групе 60+ застаюцца актыўнымі нягледзячы на паважаны ўзрост. У 2021 годзе 124 пары ва ўзросце 60 гадоў і старэй  заключылі шлюб, – 143 жанчыны і 248 мужчын.

Больш за палову жанчын ва ўзросце 65-74 гады працягваюць працаваць – 50,9%, а таксама 49,1% не пакідаюць працоўных месцаў. Сеньёры Магілёўшчыны з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі Інтэрнэту. У 2021 годзе доля карыстальнікаў сярод асоб ва ўзросце 65+ гадоў склала 47%.

Да 2050 года кожны шосты жыхар нашай планеты будзе мець узрост старэй за 65 гадоў, што складзе 16% насельніцтва, тады як зараз гэта толькі кожны адзіннаццаты чалавек у свеце – 9% насельніцтва. У 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі колькасць  людзей ва ўзпрсце 65+ перавысіла колькасць дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў.