Пайшоў з жыцця дырэктар магілёўскага тэатра лялек Уладзімір Андрэенка

Уладзімір Андрэенка, дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек памёр 25 лютага – паведамляе афіцыйны Telegram-канал Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

Уладзімір Андрэенка працаваў дырэктарам лялечнага тэатра з 2008 года. Пры ім тэатр атрымаў званне Заслужанага, прайшоў масштабную рэкансрукцыю. За шматлікія творчыя поспехі на чале творчага калектыва і асабістую прафесійную дзейнасць Уладзімір Андрэенка 25 лютага 2022 года быў ушанаваны медалём Францыска Скарыны.

Уладзімір Андрэенка нарадзіўся ў Мсціславе, тут пачаў навучацца музыцы на духавых інструментах. Ён скончыў Мінскі інстытут культуры, выкладаў у Магілёўскай музычнай школе №4, працаваў кіраўніком духавога аркестра ў Шклове. З 2000 па 2008 гады быў дырэктарам Магілёўскай дзіцячай музычнай школы №5.

Развітанне з Уладзімірам Андрэенкай запланаванае на 27 лютага з 10.00 да 14.00 у тэатры лялек.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Тэатр лялек паставіць “Магілу льва”, прэм’ера запланаваная на 29 лістапада

Над спектаклем працуе новы рэжысёр-пастаноўшчык магілёўскага абласнога тэатра лялек Марыя Гуцава. Для яе прэм’ера стане першым праектам на магілёўскай сцэне – Гуцава толькі ў гэтым годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці рэжысёр тэатра.

– Я родам не з Магілёва, таму спектакль стане своеасаблівым знаёмствам з гэтай зямлёй – расказала Марыя Гуцава ў інтэрв’ю БелТА – Праца будзе цікавая і карэнным жыхарам, якія, упэўнена, даведаюцца шмат новага з гісторыі горада: якія людзі тут жылі, чым займаліся, пра што марылі і як любілі. Найперш гэта будзе спектакль пра чалавека і для людзей. 

У тэатры лялек лічаць, што прэм’ера будзе напоўнена глыбокім філасофскім сэнсам. Яна прапануе гледачу адказаць на пытанні: хто мы і куды зараз ідзём, ці ведаем і ці памятаем гісторыю сваёй зямлі? 

– Каб адказаць на гэтыя пытанні – дадалі ў тэатры – трэба вярнуцца да сваіх каранёў, звярнуцца да гісторый з жыцця нашых продкаў, якія захавалі шмат цікавага. Напрыклад, паданне аб легендарным асілку Машэку, якога здрада ператварыла ў раз’юшанага ў адносінах да несправядлівасці льва. 

У музычным афармленні прымае ўдзел вядомы магілёўскі музыка Андрусь Палаўчэня і гурт “Osimira”.