У Магілёве працягваюць прапагандаваць расійскага цара Пятра I

У магілёўскім Тэатры лялек паказалі спектакль “Пётр I – жыццё і дзеі”, не згадваючы пра разбурэнне Магілёва гэтым расійскім царом.

Пастаноўку аб расійскім імператары прадставілі ў тым ліку навучэнцам каледжаў – падлеткаў прывялі арганізавана, у суправаджэнні куратараў, паведамляе Mayday.

У аппісанні спектакля гледачам прапанавалася задумацца, ці стаў імператар Пётр I выратавальнікам рускага народа і якія дасягненні былі ў Расіі ў перыяд яго праўлення. У апісанні выкарыстоўваецца традыцыйны вобраз “цара-бацюхны”, на якога народ спадзяваўся ў цяжкія часы.

Аднак для Магілёва і шэрагу іншых беларускіх гарадоў фігура Пятра I звязаная не з стварэннем, а з разбурэннем.

8 верасня 1708 года па загадзе Пятра I расійскія войскі спалілі Магілёў. Гэта адбылося падчас Паўночнай вайны і стала часткай тактыкі выпаленай зямл, якая ўжывалася расійскім войскам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Горад панёс сур’ёзныя разбурэнні. Пацярпелі жылыя дамы, інфраструктура, эканоміка, мясцовыя жыхары.

Менавіта гэты эпізод – прамое ваеннае рашэнне расійскага імператара, якое прывяло да знішчэння беларускага горада. Яно застаецца ключавым гістарычным фактам, які адсутнічае ў тэатральнай інтэрпрэтацыі.

Для беларускіх зямель эпоха Пятра I азначала прасоўванне расійскай арміі, рэквізіцыі, разбурэння і ўцягванне тэрыторыі ў маштабны ваенны канфлікт. Гаворка ішла не аб рэформах і мадэрнізацыі, якімі імператар праславіўся ў расійскай гістарыяграфіі, а аб ваенных дзеяннях, наступствы якіх адчувалі перш за ўсё мясцовыя жыхары.

Тым не менш у Магілёве гледачам прапанавалі спектакль, пабудаваны вакол станоўчага вобразу кіраўніка.

Пастаноўку ажыццявіў расійскі рэжысёр Дзмітрый Ярохін з Азёрска Чэлябінскай вобласці. З ім звязаўся дырэктар тэатра Сяргей Бажкоў, прызначаны на пасаду ў траўні 2023 года. Праца над спектаклем вялася дыстанцыйна, рэжысёр прыехаў у Магілёў толькі на прэм’еру ў лютым 2024 года.

Пры гэтым магілёўскі тэатр працягвае адчуваць кадравы крызіс – адкрыты вакансіі галоўнага рэжысёра, галоўнага мастака, рэжысёра-пастаноўшчыка, загадчыка трупай, загадчыка мастацка-пастановачнай часткай і манціроўшчыка сцэны.

У афішы бягучага года спектакль пра Пятра I быў заяўлены адзін раз – 19 лютага ў 18:00. Па словах відавочцаў, значную частку залы занялі навучэнцы каледжаў, якія прыйшлі арганізавана. Суправаджаючыя фатаграфавалі падлеткаў для справаздачнасці.

Такім чынам, у горадзе, які па загадзе Пятра I быў спалены ў 1708 годзе, паказалі спектакль, які прадстаўляе расійскага імператара ў вобразе «выратавальніка» – без згадкі пра яго ролю ў разбурэнні самога Магілёва.

Нагадаем, што ў летась маскоўскі тэатр “Собор” паказаў магілёўцам спектакль пра Пятра І, замоўчваючы пра яго зверствы ў дачыненні да Магілёва і яго жыхароў.

Фотаздымак: Mayday

У Магілёве заезжыя расіяне праславяць Пятра I, які спаліў горад

Маскоўскі тэатр “Собор” пакажа магілёўцам спектакль пра расійскага цара Пятра І, замоўчваючы пра яго зверствы ў дачыненні да Магілёва і яго жыхароў.

У верасні 2025 года, згодна з афішай на сайце Магілёўскага тэатра лялек, там з гастролямі выступяць маскоўскія артысты. Яны прадставяць аўтарскі праект мастацкага кіраўніка маскоўскага тэатра “Собор” Любові Талкалінай “Апошняя руская царыца”. У ім гаворка пойдзе пра ўзаемаадносіны Пятра I і яго першай жонкі Еўдакіі Лапухіной. 

Пры гэтым у афішы расійскі імператар названы найвялікшым прадстаўніком дынастыі Раманавых. “Першы расійскі імператар і найбуйнейшы рэфарматар XVIII стагоддзя. Воін, мысліцель, бліскучы дыпламат і бязлітасны вяршыцель лёсаў сваіх падданых” – гаворыцца на сайце нібыта беларускага тэатра.

Магчыма, верасень для гастроляў расейцаў менавіта з гэтым спектаклем абраны не выпадкова. Менавіта ў верасні 1708 года расійскія войскі спалілі Магілёў па загадзе Пятра I.

Вось як гэта апісваецца ў «Магілёўскай хроніцы» Трафіма Сурта і Юрыя Трубніцкага: “У год 1708, месяца верасня, 8 [дня], на святога пакутніка Сазонта, напярэдадні нараджэння найсвяцейшай панны, пан Бог, які доўга цярпеў, караючы горад за нашы цяжкія грахі, дапусціў так, што горад Магілёў, нягледзячы на тое, што быў зрабаваны шведам, але застаючыся забудаваным дамамі, крамамі, на Божае свята ператварыўся за адзін дзень праз агонь у попел і тло, бо, паводле ўказу цара Пятра Аляксеевіча, маскоўцы, калмыкі і татары ў вышэйпамянёны дзень, разам з усходам сонца, акружылі горад з усіх бакоў. Пазачынялі брамы, па трывозе ўдарылі ў барабаны, а калі заўважылі – замак ужо гарыць.

Адчынілі брамы, прасілі літасці, але дарэмна, толькі далі гадзіну вольнага часу і прыставілі варту, пакуль пазносілі з ратушы ў склеп гарадскія кнігі. Тут калмыкі крамы адбіваюць, рабуюць, з другога канца паляць, заўважым, між іншым, людзей з адзення абабіраюць, грошы мацаюць, цэрквы адбіваюць, рабуюць і, калі ўжо, адным словам кажучы, загарэўся астрог, кінуліся на прадмесці і найперш абрабавалі багатыя дамы. А калі агонь заняўся з усіх бакоў, зрабаваўшы горад да асновы, ад’ехалі прэч”.

Фота: Магілёўскі тэатр лялек