Першым на Магілёўшчыне распачаў ацяпляльны сезон Бабруйск. Загад на ўключэнне ацяплення з 29 верасня аддадзены і ў Магілёве

Тым часам з-за прамаруджвання ўладаў, у паліклініках фіксуецца рост захворванняў.

Магілёўскія і бабруйскія чыноўнікі нарэшце адрэагавалі на крытыку і ўключаюць ацяпленне. У Магілёве пакуль сістэма будзе працаваць у рэжыме прагравання, бо тэмпература паветра яшчэ не апусцілася ніжэй за 10 градусаў Цэльсія. Чарга за райцэнтрамі.

Магілёў перадапошнім з абласных цэнтраў вырашыў уключыць сістэму ацяплення. Гродна і Брэст зрабілі гэта ўчора, а Мінск пачаў падключэнне яшчэ 20 верасня.

Падобна на тое, што крытыка незалежных медыа і скаргі гараджан падзейнічалі на нашых чыноўнікаў. Хаця, магчыма, ім проста самім стала халодна? 

 З-за прамаруджвання з уключэннем ацяплення магілёўскія паліклінікі фіксуюць устойлівы і хуткі рост захворванняў гараджан. Пакуль улады чакалі прыкладу ад іншых гарадоў краіны, з-за холаду ў кватэрах восеньская ўспышка рэспіраторных пачалася звышпаспяхова для вірусаў.