Першым на Магілёўшчыне распачаў ацяпляльны сезон Бабруйск. Загад на ўключэнне ацяплення з 29 верасня аддадзены і ў Магілёве

Тым часам з-за прамаруджвання ўладаў, у паліклініках фіксуецца рост захворванняў.

Магілёўскія і бабруйскія чыноўнікі нарэшце адрэагавалі на крытыку і ўключаюць ацяпленне. У Магілёве пакуль сістэма будзе працаваць у рэжыме прагравання, бо тэмпература паветра яшчэ не апусцілася ніжэй за 10 градусаў Цэльсія. Чарга за райцэнтрамі.

Магілёў перадапошнім з абласных цэнтраў вырашыў уключыць сістэму ацяплення. Гродна і Брэст зрабілі гэта ўчора, а Мінск пачаў падключэнне яшчэ 20 верасня.

Падобна на тое, што крытыка незалежных медыа і скаргі гараджан падзейнічалі на нашых чыноўнікаў. Хаця, магчыма, ім проста самім стала халодна? 

 З-за прамаруджвання з уключэннем ацяплення магілёўскія паліклінікі фіксуюць устойлівы і хуткі рост захворванняў гараджан. Пакуль улады чакалі прыкладу ад іншых гарадоў краіны, з-за холаду ў кватэрах восеньская ўспышка рэспіраторных пачалася звышпаспяхова для вірусаў.

Беларусь змяніла сваю геаграфічную арыентацыю. Магілёў стаў паўднёвай сталіцай краіны

Усё гаворыць пра тое, што наша краіна рэзка змяніла сваю геаграфічную арыентацыю. Захад стаў поўначчу, а ўсход – поўднем. Заходняя Беларусь ужо ўключыла ацяпленне. а Ўсход чэша рэпу. Усё проста – змянілася геаграфія. Таму, не ругайце магілёўскую уладу. Яны нам проста забылі распавесці пра гэтыя геаграфічныя анамаліі. 

Сапраўды, у гэтым годзе ўключэнне ацяплення ў шматкватэрных дамах першымі распачалі “паўночныя” Брэст і Гродна, іх падтрымаў цэнтр краіны – Мінск. Магілёўскія ж камунальнікі ўсе апошнія дні спасылаліся на нормы сярэнесутачнай тэмпературы на вуліцы.