Глускі майстар лесу і сцэны будзе спяваць у галоўным навагоднім шоу на дзяржаўным тэлебачанні

Глускі майстар лесу і сцэны будзе спяваць у галоўным навагоднім шоу на дзяржаўным тэлебачанні

Сваю любоў, як сведчыць газета “Радзіма”, да творчасці Зміцер тлумачыць проста – уся яго сям’я таленавітая, добра спявае бабуля, мама стварае сапраўды шэдэўры з пацерак, нітак, іншых матэрыялаў, бацька піша карціны, малодшы брат іграе на фартэпіяна, піша музыку, спявае. 

Пераканацца ў творчым патэнцыяле Гулевічаў можна было падчас рэгіянальнага фестывалю сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў», які прайшоў гэтым летам у Глуску. Гулевічы сталі прызёрамі адразу двух конкурсаў, музычна-песеннага і выяўленчага мастацтва. 

Не дзіва, што да музыкі Зміцера цягнула з дзяцінства. Ён скончыў глускую школу мастацтваў па класе цымбал, паралельна граў на гітары, фартэпіяна, выступаў на школьных канцэртах. На першым курсе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта хлапец патрапіў у народны студэнцкі тэатр «Зван».

Як майстар лесу ў Гарадоцкім лясніцтве Глускага лясгасу Зміцер адводзіць пасекі, гэта значыць вылучае ўчасткі пад суцэльную або выбарачную высечку, адпускае драўніну, адказвае за лясныя культуры, вядзе справаздачы… 

А ў вольны ад працы час Зміцер, як і раней, спявае. Вакальныя дадзеныя майстра лесу хутка заўважылі калегі. Яго сталі запрашаць выступіць на раённых, абласных святочных мерапрыемствах. Ён вельмі арганічны і завадны на сцэне, “кайфуе ад свайго выступу, ад музыкі” – кажуць калегі. 

У верасні Зміцер Гулевіч прыняў удзел у кастынгу праекту «Зорны шлях» на АНТ. На адборачным этапе, які праходзіў у кожным рэгіёне, вядомыя беларускія прадзюсары выбіралі 30 таленавітых людзей (па пяць з кожнай вобласці). Галоўнае патрабаванне да іх – адсутнасць музычнай адукацыі, пры гэтым важныя добрыя вакальныя дадзеныя, артыстычнасць і жаданне выступаць на вялікай сцэне. 

У ліку пяці вакалістаў наш зямляк прадстаўляў Магілёўскую вобласць у чвэрцьфінале “Зорнага шляху”. Разам з майстрам лесу з Глуска за выхад у паўфінал (аднаго пераможцу выбіралі прадзюсары, другога – гледачы) змагаліся трэнер па валейболе, грузчык, апаратчык фармавання і работнік дзіцячага сада. Зміцер выканаў кампазіцыю «Чорны бумер». Прадзюсары паставілі Дзмітрыю 13 зорак з 15 магчымых. 

На жаль, кропельку не хапіла нашаму земляку, каб прайсці ў наступны этап. Затое Зміцера з яго музычным нумарам заўважылі і запрасілі прыняць удзел у запісе навагодняга шоу на АНТ. 

Глускі гарбуз увайшоў у дзясятку самых лепшых нацыянальных дасягненняў года – хаця гаспадары садзілі кабачкі

Хаця гаспадары садзілі кабачкі.

Рэкордны гарбуз-фотамадэль вагой 15 кілаграмаў вырас на градцы Ўладзіміра і Валянціны Жлобіч з вёскі Завалочыцы Глускага раёна. Яго фота стала адным з пераможцаў на рэспубліканскім фотаконкурсе беларускіх садоўнікаў-агароднікаў.

Валянціна Жлобіч – педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці Глуска і бібліятэкар Завалочыцкай сельскай бібліятэкі, яе муж Уладзімір працуе ў “Белтэлекаме”. Яны любяць агароднічаць, эксперыментуюць, высаджваюць на ​​градках і ў цяпліцы розныя гатункі гародніны, вінаград, трымаюць трусоў. Адзін з іх любімых відаў гародніны – кабачкі. 

Сужанцы, як піша газета “Радзіма”, сёлета пасадзілі звычайныя кабачкі з насення, якое набылі на рынку. Калі замест кабачкоў вырас гарбуз, то Ўладзімір і Валянціна здзівіліся але працягвалі даглядаць пасынка. У выніку выраслі ўразлівых памераў гарбузы. Самы вялізны дасягнуў без малага 15 кілаграмаў. З ім наладзілі фотасесію, а потым аддалі суседзям на корм жывёле, бо там гаспадарка пабольш.

Калі Валянціна даведалася пра фотаконкурс “Мой багаты ўраджай”, які штогод праводзіць газета “Беларускі час”, то вырашыла падзяліцца гэтым здымкам. Пераможцу конкурсу выбіралі шляхам галасавання на сайце. Фота Валянціны Жлобіч увайшло ў дзясятку самых арыгінальных, і было адзначана падарункам – часопісам “Фазэнда круглы год без клопатаў”. 

Фота В. Жлобіч

 

“Арт-крошачная” выстава з Глуска здзіўляе сваёй яркасцю, вобразнасцю, незвычайнасцю бабруйчан

З Глуску ў Бабруйск прыбыла выстава юных мастакоў аб’яднання “Арт-кроха” і выстаўляецца ў Бабруйскім мастацкім музеі.

Заснавальнікам і мастацкім кіраўніком, а таксама ідэйным натхняльнікам творчага аб’яднання ўжо амаль 5 гадоў з’яўляецца Алена Пятрова. Яна працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва ў гімназіі Глуска, дзе і кіруе “АРТ-Крохай”. 

За гэты час каля ста хлопчыкаў і дзяўчынак розных узростаў далучыліся да мастацтва і стварылі вялікую колькасць адметных работ. Перамогі ў розных конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, выступленні на тэлебачанні, артыкулы ў газетах і часопісах і выставы – дасягненні аб’яднання. 

Дзіцячыя малюнкі заўжды вызначаюцца яркасцю фарбаў, бо сятчатка вачэй дзіця ўспрымае такім свет. У дарослых яркасць бачання зніжаецца ў два разы за кожныя сем-дзесяць гадоў. У дзяцей іншае, чым у дарослых, і светаўспрыманне. А калі дадаць недасканалую наіўную тэхніку малявання, то такія выставы заўжды цікавыя і аптымістычныя для людзей любога ўзросту. 

Не дзіва, што творы юных глускіх мастакоў не першы раз прадстаўляюцца публіцы. Летась у Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі выстаўляліся “Шэдэўры арт-крошак або арт-крошачныя шэдэўры”. Цяпер прыйшла чарга бабруйчан знаёміцца з яркімі дзіцячымі малюнкамі. 

фота: Газета “Радзіма”

Глускія футбалісты атрымалі пляцоўку са штучным пакрыццём для міні-футбола

Сучаснае поле ўрачыста адкрылі ў Глуску на стадыёне мясцовай гімназіі. 

Першай праект дапамогі развіццю дзіцячага і юнацкага футбола ў Беларусі распачала міжнародная федэрацыя футбола ФІФА. У 2000-я гады з’явіліся падобныя пляцоўкі ў Магілёве і Бабруйску. 

Цяпер эстафету працягваюць беларускія арганізацыі і фірмы: Тураўскі малочны камбінат і Беларуская федэрацыя футбола. Пляцоўкі адкрываюцца ва многіх райцэнтрах краіны. 

На ўрачыстае адкрыццё пляцоўкі ў Глуску сабраліся школьнікі, гараджане, госці, якія мелі дачыненне да сацыяльнага праекта “Bonfesto – дзецям”.

Спартыўны аб’ект са штучным пакрыццём дазволіць юным атлетам трэніравацца на працягу ўсяго году, нават узімку – паведамляе газета “Радзіма”.

Фота: “Радзіма”

Сёння будуць ставіць купалы і крыжы на Свята-Богаяўленскім храме ў Глуску

Малебен перад падняццем крыжоў адбудзецца ў 15:30.

Будынак храма – упрыгажэнне горада, таму ўстаноўка на ім купалаў і крыжоў, гэта сапраўднае мясцовае свята. 

У пятніцу рамонт даху цэнтральнай часткі будынка Свята-Богаяўленскага храма Глуска плануецца завяршыць. Будуць усталяваны купалы і крыжы на храме і шпілі званіцы.

Газета “Радзіма” паведамляе, што да рамонтных работ на будынку храма прыступілі яшчэ ў чэрвені. Для спецыфічных і складаных работ, выкарыстоўвалася адмысловая тэхніка і рэдкія спецыялісты, шмат будаўнічых матэрыялаў і значныя фінансавыя сродкі.

Паколькі ўстаноўка крыжоў, радасная падзея для прыхаджан храма, то многія верагодна захочуць стаць яе відавочцамі. Менавіта таму настаяцель храма айцец Міхаіл папрасіў, каб пад час мантажных работ, якія пачнуцца з раніцы, у двары не было цікаўных. Затое ў 15:30, перад падняццем крыжоў, адбудзецца малебен і іх асвячэнне. 

Будынак Свята-Богаяўленскага храма – адна з архітэктурных дамінант Глуска – з купаламі і крыжамі будзе выглядаць завершана і велічна.

Рэкордныя 5 дзён правяла ў лесе 79-гадовая пенсіянерка Глускага раёна і выжыла дзякуючы кукурузе

Ратавальнікі з дапамогай валанцёраў 4 дні шукалі грыбніка-недарэку і знайшлі яе ў прытомнасці. Здарэнне адбылося паблізу вёскі Поблін Глускага раёна. 

Па інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яшчэ 13 кастрычніка ў 22:30 ратавальнікам паступіла паведамленне аб жанчыне, якая пайшла ў лес у грыбы і не вярнулася.  Мабільнага тэлефона жанчына, парушыўшы шматлікія папярэджанні і правілы, не ўзяла з сабой.

Як аказалася, Юлія Давыдаўна, жыхарка вёскі Поблін, раніцай 13 кастрычніка пайшла ў лес у грыбы. Калі яна з надыходам змяркання не вярнулася дадому, то дачка пенсіянеркі патэлефанавала ў МНС. Каб у спадарыні Юліі быў мабільны, то лакалізаваць яе месцазнаходжанне было б адносна проста. Але яна не выявіла асцярожнасці і прадбачлівасці. 

Наступнай раніцай ратавальнікі, работнікі міліцыі, лясгаса, валанцёры, мясцовыя жыхары пачалі пошукі, але яны напачатку былі безвыніковымі. З кожным днём надзея на выратаванне раставала. Тым часам  жанчына 4 ночы вымушана была праводзіць у лесе. 

Толькі 17 верасня раніцай ратавальнік Сяргей Анцюшэня знайшоў Юлію Давыдаўну ў полі паміж вёскамі Поблін і Разлевічы. Ёй пашчасціла натрапіць на кукурузнае поле. Менавіта збожжа кукурузы стала ежай і дапамагло выжыць.

Жанчына была ў прытомнасці, але яна зусім знясілела і толькі прасіла піць. Ратавальнікі неадкладна перадалі пацярпелую медыкам. Пенсіянерка шпіталізавана.


Парады: Вопытныя грыбнікі і спецыялісты па выжыванню раяць збіраючыся ў грыбы браць з сабой не толькі нож і кошык для грыбоў, але і заплечнік для паклажы, гумовыя боты і порхаўку (дажджавік), мабільны тэлефон і паўэрбанк, компас, сродкі ад насякомых, бінт і антысептык, ліхтарык, свісток, а яшчэ хаця б невялічкую бутэлечку з вадой і крыху ежы. 

І самае галоўнае – апранацца ярка.

фота: МЧС

Глускія “лесавікі” вучылі калег з усёй краіны працаваць з Азіяй

Але ў саміх з-за санкцый праблемы з новым абсталяваннем.

У Глуску ведаюць як пераарыентавацца на новыя рынкі. Менавіта таму работнікі лясной гаспадаркі Беларусі тут на семінары вывучалі вопыт перапрацоўкі драўніны на перадавым заходнім абсталяванні і працы ва ўмовах санкцый і крызісу.   

Глускія “лесавікі”, падобна, становяцца лепшымі ў Беларусі. У гэтым годзе галоўны ляснічы Глускага лясгаса Мікалай Ляпко дзяліўся вопытам выкарыстання фінскага харвестара Usewood па догляду лясных культур. І вось цяпер рэспубліканскі семінар «Вытворчасць і рэалізацыя паганажных профільных вырабаў» прайшоў на базе Глускага лясгаса. 

Вытворчасць

Глусчане, як паведаміла газета “Радзіма”,  паказалі і расказалі калегам, як працуюць сучасныя лініі лесапілавання Wood-Mizer, Brodpol, Mebor, якія піламатэрыялы на іх вырабляюцца, як арганізаваны тэхнічны працэс сушкі прадукцыі ў сушыльных камерах Baschild (2010 г.) і Termolegno (2020 г.). У сталярным цэху гасцей азнаёмілі з вытворчасцю профільных дэталей і прадукцыі. Абсталяванне заходніх машынабудаўнікоў якаснае і мае добрую вытворчасць.


Даведка: Глускі лясгас размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці на тэрыторыі 75 858 га, у тым ліку пакрытых лесам 68 648 га. Працягласць тэрыторыі лясгаса з поўначы на ​​поўдзень – 55 км. і з захаду на ўсход – 40 км. У ягоны склад уваходзяць 8 лясніцтваў. Па лесараслінным раянаванні тэрыторыя лясгаса адносіцца да Цэнтральна-Прадпалескага комплексу лясных масіваў, падзоны ялова-грабавых дуброў.


Рэалізацыя прадукцыі

Работнікі глускага лясгасу таксама падзяліліся вопытам працы гандлёвай пляцоўкі. Геаграфія паставак на экспарт прадукцыі дрэваперапрацоўкі ў іх раней налічвала больш за 30 краін. Але пастаўкі ў Літву, Латвію, Польшчу і іншыя заходнія краіны практычна прыпыніліся з-за санкцый і немагчымасці пераводу грошай. Цяпер самым важным стратэгічным напрамкам работы арганізацый галіны сталі пастаўкі прадукцыі на кітайскі рынак.

Як паказаў семінар, глускія “лесавікі” здолелі пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі і захавалі калектыў. Але праблема ў тым, што новае абсталяванне, якое яны выкарыстоўваюць, з-за санкцый практычна немагчыма набыць, а заходнія рынкі амаль цалкам закрытыя. Застаецца працаваць з Азіяй і спадзявацца на змену знешнепалітычных умоў гаспадарання.

фота: glusk.by

«Стала больш смяротных выпадкаў». Шчыраванні медыка з глыбінкі пра часы пандэміі

Пра перажытае тады апавядае ўрач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал. Яна лічыць, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся.

Медыкі чакаюць росту захворванняў, выкліканых рэспіраторнымі і кавід-інфекцыямі. Павелічэнне колькасці хворых чакаецца ўжо ў верасні. Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі.

Тым часам, медыкам на месцах дазволілі стрымана расказваць аб сітуацыі з захворваннямі і згадваць з чым яны сутыкнуліся ў пандэмію. Падчас актыўнай яе фазы ў 2020 годзе звесткі пра сітуацыю з каранавірусам у рэгіёнах перасталі публікаваць. Дазнацца пра лічбы хворых было немагчыма. Міністэрства аховы здароўя публікавала агульныя дадзеныя па краіне. З іх праблематычна было зрабіць высновы пра маштаб эпідэміі.

glusk.by

Урач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал кажа, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся, і ўжо ў верасні беларусы зноў сутыкнуцца з ім.

Па яе словах, у пандэмію ў Глускім раёне праз COVID-19 павялічылася колькасць інфарктаў і інсультаў. Стала больш смяротных выпадкаў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй. У пацыентаў рэзка ўпаў зрок, а ў кагосьці слых.

«У часткі пацыентаў назіраліся рэўматоідныя сімптомы, гэта значыць болі ў суставах. У кагосьці зніклі, сказіліся ці знізіліся смакавыя адчуванні, пахі, і працэс іх узнаўлення быў даволі працяглым. Пацярпела сістэмы згортвання крыві, адсюль трамбозы, у тым ліку сасудаў вачэй», – згадвае Валянціна Дрэйгал у інтэрв’ю газеце «Радзіма».

«У некаторых пацыентаў, – працягвае яна, – сурʼёзна пацярпелі ныркі, і аднаўленне працякала і працякае павольна. Разлад кагнітыўнай функцыі (пагаршэнне памяці, здольнасці ўспрымаць новую інфармацыю). Зʼяўляліся стрэс, трывожнасць – пасля перанесенага захворвання. Людзей адольвалі страхі, яны баяліся зноў заразіцца і захварэць, на гэтым фоне нават узнікалі псіхічныя разлады, якія патрабавалі медыкаментознага лячэння, – усё гэта посткавідный сіндром».

gdb.currenttime.tv

Валянціна Дрэйгал заклікае цяпер вакцынавацца «усяму даросламу насельніцтву і дзецям, пачынаючы з пяцігадовага ўзросту».

Яна лічыць, што гэтай восенню давядзецца вярнуцца да масак і сацыяльнага дыстанцыянавання. Па яе словах прафілактычныя меры дапамагаюць абараніцца ад хваробы, але гэта вонкавая абарона, а абараніць арганізм знутры здольная вакцынацыя.

«Два апошнія гады, мусіць, кожны дзень на працы, тут, у кабінеце інфекцыйных захворванняў, сутыкаюся як з праявамі гэтай хваробы, так і з яе наступствамі. Я бачу, як хварэюць прышчэпленыя і як тыя, хто разлічваў толькі на свой імунітэт і ад прышчэпкі адмовіўся. Сярод апошніх колькасць цяжкіх выпадкаў непараўнальна большая», – даводзіць мэдык.

Паводле афіцыйных звестак ад наступстваў каранавірусу памерла больш за 7 тысяч беларусаў. У пандэмію шпіталі сутыкнуліся з бракам лекаў і кіслароду. Тады не хапала нават павязак, каб абараніць органы дыхання. У краіне людзі для больніц шылі іх самі, ствараючы валанцёрскі рух.

Анонс суботніх забаваў на Магілёўшчыне. Кірмаш народных рамёстваў, фестываль сямейнай творчасці і Дзень гурка

Апошнія фэсты лета правядуць у Глуску, Асіповічах і Шклове.

Імі завяршаецца абласная праграма фестываляў і святаў клубных арганізацыяў рэгіёну «Яскравае свята лета».


У Асіповічах чакаюць на фестываль-кірмаш народных рамёстваў «Асіпоўшчына рамесная».

Пройдзе на пляцоўцы ля Раённага цэнтру культуры.

У праграме: выстава і продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канцэрт духавога аркестру.

Арганізатары запрашаюць на майстар-класы па ткацтву паясоў, вырабу керамічных гаршкоў і кашоў з лазы.


У Глуску запрашаюць на рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў».

Адкрыюць ля Дому рамёстваў.

Тут пройдзе музычна-песенны фестываль, конкурс на лепшую прэзентацыю «атрыбута побыту беларускай сям’і».

У гарадскім парку плануюць правесці конкурс «Тата, мама і я – спартыўная сям’я», а таксама спаборніцтвы па шахматах і футболу.

Увечары абяцаюць канцэрт і салют.


У Шклове ў 16 раз правядуць Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка».

Арганізатары запэўніваюць: цікава будзе і малых, і старым.

«Дзень агурка» адзначаць на пляцоўцы вакол комплексу будынкаў гарадской ратушы, у якой месціцца гімназія.

У праграме парад страваў, тэматычная тэатралізацыя, конкурсы, квэсты, інтэрактыў для дзяцей, фестываль фарбаў.

Ля ратушы створаць спартыўна-гульнявую пляцоўку. Тут жа адбудзецца агурочны гастрафест. Не абыдзецца свята без гораду майстроў, фотаасяродка.

Завершыцца «Дзень агурка» канцэртам і дыскатэкай.

 

Рэаліі сельскай гаспадаркі. На Магілёўшчыне здохла 897 дзяржаўных кароў, кантралёры знайшлі вінаватых

Недалічыліся такой колькасці жывёлаў у адной з гаспадарак Глускага раёну. Тут выяўленыя сістэмныя правапарушэнні на сельгаспрадпрыемстве. Распачатыя крымінальныя справы, многіх кіраўнікоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Каровы дохлі і іх спісвалі, ці прадавалі

Паўтара года кіраўнік адной з гаспадарак, імя і назва якіх не называюцца, патрабаваў ад загадчыц фермаў уносіць ілжывыя звесткі ў справаздачнасць. Рэальныя дадзеныя аб непрадукцыйным выбыцці буйной рагатай жывёлы ў бухгалтарскіх дакументах не адлюстроўваліся, а «спісаныя» тушы прадавалі прыватным асобам.

Пра сітуацыю ў сельгаспрадпрыемстве стала вядома, як паведамляецца, «з аператыўнай інфармацыі». Была арганізаваная комплексная праверка, якая і выявіла нястачу 897 галоў.

telegra.ph

Высветлілася, што цяляты і маладняк дохлі праз парушэнні ветэрынарна-санітарных правіл, тэхналогіі кармлення, умоваў утрымання. Акрамя таго, захламлёнасць памяшканняў станавілася прычынай траўмавання жывёлаў, а ветэрынарная дапамога на належным узроўні не аказвалася.

«Ведаючы, што адбывалася, кіраўнік не толькі не рабіў захадаў для прадухілення шкоды, але імкнуўся любымі спосабамі схаваць нястачу. У выніку прадпрыемству нанесена маёмасная шкода на суму звыш паўтара мільёна рублёў», – апавядае газеце «На страже», прадстаўнік Магілёўскай абласной міліцыі Дзяніс Лугін.

Пракуратура Глускага раёну ў снежні 2021-га распачала чатыры крымінальныя справы: тры супраць загадчыкаў ферм за ўтойванне фактаў сканання жывёлы і іх рэалізацыі. Адна ўзбуджаная за перавышэнне паўнамоцтваў дырэктарам.

Кароў кралі…

Паводле Лугіна, аператыўнікі выкрылі схему крадзяжу буйной рагатай жывёлы. Загадчык малочнатаварнага комплексу на працягу паўгода рэалізоўваў дойных кароў жыхару абласнога цэнтру, а атрыманыя сродкі выкарыстоўваў на асабістыя патрэбы: пагашэнне крэдытаў, аплату камунальных паслуг.

komkur.info

Ім было прададзена 6 кароў за 16 тысяч рублёў. Супраць яго распачата пяць крымінальных спраў за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Па словах Лугіна, трое аграрнікаў прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, у дачыненні да яшчэ аднаго працягваецца расследаванне.

Адміністрацыйныя пакаранні накладзены на трох кіраўнікоў гаспадарак, а яшчэ на пяцярых рыхтуюцца матэрыялы. У суд накіравана сем пазоваў аб кампенсацыі шкоды.