Глускі гарбуз увайшоў у дзясятку самых лепшых нацыянальных дасягненняў года – хаця гаспадары садзілі кабачкі

Хаця гаспадары садзілі кабачкі.

Рэкордны гарбуз-фотамадэль вагой 15 кілаграмаў вырас на градцы Ўладзіміра і Валянціны Жлобіч з вёскі Завалочыцы Глускага раёна. Яго фота стала адным з пераможцаў на рэспубліканскім фотаконкурсе беларускіх садоўнікаў-агароднікаў.

Валянціна Жлобіч – педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці Глуска і бібліятэкар Завалочыцкай сельскай бібліятэкі, яе муж Уладзімір працуе ў “Белтэлекаме”. Яны любяць агароднічаць, эксперыментуюць, высаджваюць на ​​градках і ў цяпліцы розныя гатункі гародніны, вінаград, трымаюць трусоў. Адзін з іх любімых відаў гародніны – кабачкі. 

Сужанцы, як піша газета “Радзіма”, сёлета пасадзілі звычайныя кабачкі з насення, якое набылі на рынку. Калі замест кабачкоў вырас гарбуз, то Ўладзімір і Валянціна здзівіліся але працягвалі даглядаць пасынка. У выніку выраслі ўразлівых памераў гарбузы. Самы вялізны дасягнуў без малага 15 кілаграмаў. З ім наладзілі фотасесію, а потым аддалі суседзям на корм жывёле, бо там гаспадарка пабольш.

Калі Валянціна даведалася пра фотаконкурс “Мой багаты ўраджай”, які штогод праводзіць газета “Беларускі час”, то вырашыла падзяліцца гэтым здымкам. Пераможцу конкурсу выбіралі шляхам галасавання на сайце. Фота Валянціны Жлобіч увайшло ў дзясятку самых арыгінальных, і было адзначана падарункам – часопісам “Фазэнда круглы год без клопатаў”. 

Фота В. Жлобіч