Магілёўскае прадпрыемства гатовае абшываць расійскіх сілавікоў. Прадукцыю паказвала на выставе Міністэрства абароны Расіі

Акцыянернае таварыства «Магатэкс», якое лічыцца лідарам тэкстыльнай галіны Беларусі, шукае заказы для загрузкі сваёй вытворчасці.

Вядома, што «Магатэкс» другі год запар спрацоўвае ў мінус. Па выніках 2021 года чыстыя страты перавысілі 6 мільёнаў рублёў. Годам раней было прыкладна мінус 15 мільёнаў, пісаў Магілёў.media.

У ліпені быў звольнены з пасады шматгадовы кіраўнік прадпрыемства Віктар Маціевіч. На яго месца паставілі былога намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандра Пацёмкіна. Ён, як вынікае з ягонай біяграфіі, найдаўжэй працаваў чыноўнікам – 8 гадоў. У прамысловасці на розных кіроўных пасадах доўга не затрымліваўся.

«Магатэкст» шукае пакупнікоў сваёй прадукцыі пераважна на расійскім рынку. Прадпрыемства і раней прадавала там багата вырабаў.

На ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2022», які шмат год склікае Міністэрства абароны, магілёўскае прадпрыемства прадставіла тканіну для дэмісезоннай і зімовай формы супрацоўнікаў сілавых структур і форменнае адзенне з іх, а таксама іншыя віды тканіны, з рознымі відамі ахоўных і спажывецкіх уласцівасцяў, зацверджаных у сілавых ведамствах.

На сайце «Магатэкс» напісана, што выстава ў Падмаскоўі для яго – «адна з ключавых пляцовак для дэманстравання як традыцыйных класічных узораў прадукцыі, так і перспектыўных распрацовак».

Да вайны ва Ўкране «Магатэкс» ездзіў на выставы ў Еўропу. У 2017 годзе прадстаўнікі прадпрыемства пабывалі ў Германіі. Паведамлялася, што там былі перамовы аб пастаўцы тканін і атрыманні заказаў на пашыў гатовых вырабаў у Польшчу, Германію, Кітай, Грэцыю, Украіну, Сербію, Партугалію, Італію, Румынію, Вялікабрытанію, Ірландыю, Данію, Латвію, Венгрыю, Канаду.

У тым жа годзе «Магатэкс» паказваў сваю прадукцыю ў Чылі і разлічваў мець заказы для сілавых структураў краін Паўднёвай Амерыкі.

фота: mogotex.com

У Магілёве агучаны арыенціровачны тэрмін завяршэння будаўніцтва корпусу інфекцыйных хваробаў. Яснасці не стала болей

Пачатак будаўніцтва гэтай лякарні шырока асвятляўся праўладнымі медыямі, але пра тэрмін яе ўвядзення ў эксплуатацыю паведамляць пазбягалі. 

Сёлета напярэдадні Дня гораду старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў, нібы між іншым, сказаў, што завяршэнне прац на важным аб’екце для рэгіёну плануецца сёлета.

Магілёў.media звярнуў увагу, што на пашпарце аб’екту, вывешаным на агароджы будоўлі, адсутнічаюць даты пачатку і завяршэння будаўніцтва.

Згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя такія звесткі ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне.

26 жніўня тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў» паведаміў, што ўвесці ў эксплуатацыю новы корпус інфекцыйных хваробаў плануюць да канца гэтага году. Кошт аб’екту складзе больш за 50 мільёнаў рублёў. Тое было агучана ў інтэрв’ю з начальнікам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандрам Старавойтавым. Асабіста ён даты завяршэння будаўніцтва не назваў.

Па яго словах да неабходнасці ўзвядзення спецыялізаванай лякарні падштурхнула гарадскія ўлады «кавід-інфекцыя».

«Якая прыйшла і мы, скажам так, не зусім былі гатовыя першапачаткова да такога аб’ёму пацыентаў, паказала, у якім напрамку мае развівацца інфекцыйная служба», – казаў Аляксандр Старавойтаў у інтэрвʼю магілёўскім тэлевізійнікам.

Новы корпус называюць альтэрнатывай мясцовай інфекцыйнай больніцы, якая функцыянуе ад 1960 гадоў і месціцца ў невялікім будынку. Ён, як заяўляецца, стане важным этапам цэнтралізацыі інфекцыйных службаў гораду.

У перадачы тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў» згадалі яшчэ адну лякарню, якую цяпер узводзяць у цэнтры гораду – корпус экстраннай хірургіі.

Пра яго таксама пісаў Магілёў.media з акцэнтаваннем увагі на адсутнасць на пашпарце аб’екту датаў пачатку і завяршэння будаўніцтва. У сюжэце магілёўскіх тэлевізійнікаў іх не назвалі. Агучылі, што кошт будаўніцтва больш за 110 мільёнаў рублёў.

У Шклове адкрылі рэканструяваны помнік ахвярам Галакосту

Некропаль ахвяр нацысцкага генацыду адкрылі на мясцовых яўрэйскіх могілках 26 жніўня. Побач з мемарыялам старажытны чысцец, муры якога закансервавалі, каб уратаваць ад разбурэння.

Помнік рэканструяваны, дзякуючы намаганням выхадца са Шклова расійскага прадпрымальніка Ільі Клябанава. Ён прапанаваў праект аднаўлення ўнікальнай мясціны.

На жалобным мітынгу выступілі прадстаўнікі раённай улады, аўтар мастацкага рашэння скульптар Георгій Франгулян, былы міністр культуры Расіі Міхаіл Швыдкой, прадстаўнікі яўрэйскай грамады і сам Ілля Клябанаў.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць 3 200 забітых нацыстамі у 1941 годзе яўрэяў Шклоўшчыны.

У Магілёве паядналі «містычную» графіку са станковай скульптурай і выйшла незвычайная выстава ў прыватнай галерэі. Пераканайцеся самі, паглядзеўшы фота

У галерэі Андрэя Вераб’ёва разгорнутая выстава з творамі малавядомых шырокай публіцы мастакоў – Віктора Дэ Буга і Генадзя Кутовіча. Сваю супольную экспазіцыю яны назвалі «Успаміны пра будучыню». Яе адкрыццё адбылося 25 жніўня.


Галерэя Андрэя Вераб’ёва створаная ў 2017 годзе для папулярызацыі сучаснага мастацтва, адкрыцця новых імёнаў маладых мастакоў, правядзення творчых сустрэч, персанальных і калектыўных мастацкіх выставаў. У ёй ладзяцца прэзентацыіі літаратурных і музычных твораў, а таксама праектаў.


Мастак-графік Віктор Дэ Буг

Віктор Дэ Буг прадставіў вялікую калекцыю сваёй «містычнай» графікі. Мастак нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся ва Ўніверсітэце мастацтваў і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Віктор Дэ Буг не толькі графік, але і аўтар артыкулаў і кніг пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча, гісторыка-культурнай канцэпцыі шляху «З варагаў у грэкі». Ён дапамог аформіць экспазіцыі ў 18 музеях.

Графіка мастака, прадстаўленая ў галерэі, сведчыла, што ён прыхільнік «шматвектарнага сінтэзу мастацтваў у глабальным інфармацыйным асяроддзі».

У сваім выступе Віктор Дэ Буг падкрэсліў: мы жывем на зломе двух тысячагоддзяў і таму, важна пранікнуцца графікай часу, бо лінейная графіка – гэта «Світкі часу», якія закранаюць вечныя тэмы розных эпох.

Мастак-дэкаратар Генадзь Кутовіч

Наведнікаў зацікавілі станковыя скульптуры Генадзя Кутовіча. Ён таксама выпускнік мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Працы Кутковіча ўдала ўпісаліся ў інтэр’ер, вонкава, нібыта, адцяняючы аднастайнасць графікі свайго калегі. 

Работы мастака-дэкаратара магілёўскага драматычнага тэатру – адкрыццё гэтага года. У скульптуры ён адназначна новае імя для Магілёва. Ягоныя працы выклікалі фурор на тэатральным дывертысменце, пра які пісаў   Магілёў.media.

Завяршылася адкрыццё выставы выступленнем рок-групы «Барон Мюнхаўзен». Паслухаць музыкаў прыйшлі не толькі аматары, але і старыя магілёўскія рокмэны.

Уваход на выставу цягам бліжэйшага месяца свабодны і бясплатны. Галерэя Верабʼёва месціцца на Дубравенцы, побач з спартовай базай лучнікаў.

Дзяржкантроль заняўся лясной гаспадаркай Магілёўшчыны і ўгледзеў парушэнні

Распачатыя 6 крымінальных справаў.

Апошнія некалькі тыдняў кантрольныя органы і міліцыя паведамляюць пра выяўленне масавых парушэнняў у розных сферай эканамічнай дзейнасці.

Спачатку расказвалі пра выкрыванне злодзеяў, якія крадуць у сельгаспрадпрыемстваў дзясяткамі літраў фарбаванае паліва, а таксама сотнямі кілаграмаў камбікорм і зерне.

Пазней, сталі з’яўляцца паведамленні пра злоўжыванні і нядбайнасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія дапусцілі гібель жывёлаў на фермах.

Цяпер чарга дайшла да лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі. Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў там злоўжыванні:

– Утойвалася фіктыўнымі дакументамі нястача лесапрадукцыі, яе перапрацоўка і продаж;

– Камерцыйныя структуры завышалі абʼёмы паслуг па лесанарыхтоўках, хавалі лішкі драўніны з дапамогай фіктыўных актаў агляду лясных дзялянак;

– Перавышаліся паўнамоцтвы падчас выдзялення камерцыйнымі структурамі драўніны на карані, прызначанай для абʼектаў сельгаспрызначэння і сацыяльнай інфраструктуры.

Па вынікаў праверкі кантралёры завялі 6 крымінальных справаў, паведамляе інтэрнэт-рэсурс Golk.by.

фота: belprauda.com

У Бабруйску руйнуюць легендарны «храм Бахуса», які нікому не належыць, а яго цэглу ўжо распрадаюць на інтэрнэт-аўкцыёнах

Велічная вежа старадаўняга вінзаводу бачная з Бабруйскага аўтавакзалу. Гасцей гораду яна сустракае жыццесцвярджальным надпісам на латыні «Vinitus Unitis» – «Згуртаванне вінаградараў».

Надпіс шмат разоў спрабавалі замазаць фарбай яшчэ ў савецкія часы, але не атрымалася.

Завод быў пабудаваны ў 1897 годзе і вылучаецца сярод звычайнай шэрай прамысловай архітэктуры імпазантнасцю канструктыўных рашэнняў.

Акрамя архітэктурных асаблівасцяў ён прываблівае даследчыкаў тым, што яго сцены выкладзеныя з цэглы чатырох іншых старадаўніх фабрык – братоў Лазінскіх, Разенберга, Пружыніных і Акуліча. Пра гэта сведчаць клеймы на ёй. Цэгла цяпер – аб’ект промыслу шматлікіх «марадзёраў», якія перапрадаюць яе на інтэрнэт-пляцоўках, часам па 15 рублёў за штуку.

За савецкімі часамі завод быў загружаны цалкам. На ім разлівалі грузінскія каньякі і віны. У часы незалежнай Беларусі ён аказаўся незапатрабаваным і паступова заняпаў.

Намаганні рэанімаваць прадпрыемства плёну не далі. Апошняя спроба прыцягнуць інвестара правалілася ў 2008 годзе – праект не прайшоў шматлікія ўзгадненні, і французскія вінаробы, якія цікавіліся былі абʼектам, не сталі рызыкаваць.

Юрыдычная асоба, якой належаў завод, ліквідаваная. У 2020 годзе прадпрыемства хацелі прадаць, але безвынікова. Не ўзяты вінзавод і на баланс гарвыканкаму, пісаў на пачатку жніўня 2022 года «Камерцыйны курʼер».

За гады прастою завод ператварыўся ва ўлюбёны абʼект для аматараў экстрэмальная адпачынку. Тут часта можна сустрэць гульцоў у лазертаг, страйкбол, або маладзёнаў, што караскаюцца па канструкцыях. Нават фотасесіі на развалінах ператвараюцца ў захапляльную прыгоду.

У сярэдзіне лета 2022 года на заводзе гараджане сталі заўважаць будаўнічую тэхніку – піша бабруйскі рэсурс 1387.by. Адзін са старых, цікавых будынкаў заводу ўжо цалкам зруйнаваны, і жыхары горада з трымценнем перажываюць, ці не будзе цалкам знішчаны ўнікальны, адметны комплекс, здольны надаць гораду турыстычны шарм і прывабнасць.

Працы на заводзе працягваюцца і зараз, а на месцы, дзе днём рыпяць экскаватары, па вечарах можна заўважыць аматараў даўніны, якія вышукваюць у друзе кавалкі каштоўнай цэглы.

У войска праз кадравыя аддзелы і з пагрозамі аб крымінальнай адказнасці

Прымус і запалохванне становяцца памагатымі ў справе развязання праблемы з прызыўнікамі. Службу ў войску можа адтэрмінаваць судзімасць.

У Беларусі са жніўня па лістапад абвешчаная прызыўная кампанія. 4 ліпеня быў выдадзены ўказ «Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве». Выкананне ўказу мусяць забяспечваць мясцовыя ўлады.

“Пагрузілі ў аўтобус і хуценька адправілі на месяц на бабруйскі палігон”

У Магілёве ваенкаматы ўжо сталі папярэджваюць прызыўнікоў аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад службы ў войску. На вайсковыя зборы і тэрміновую службу выклікаюць цяпер не толькі позваю, але і з дапамогаю супрацоўнікаў аддзелаў кадраў.

У перыяд прызыўной кампаніі працаўнікі, якім па ўзросце выпадае абуць боты, староняцца кадравікоў. Забраць у войска, як цвердзяць на заводах, могуць без развітання з сям’ёй і пакавання рэчаў.

Выкарыстанне аддзелаў кадраў – новая тактыка ваенкомаў, каб набраць «ахвотнікаў» на вайсковыя зборы.

Адзін з суразмоўцаў, у якога цяжарная жонка, апавёў Магілёў.media, што яму кадравік загадаў з’явіцца раніцай у ваенкамат. Мужчыну не дасылалі позвы і, як ён кажа, у яго былі падставы праігнараваць патрабаванне. Але ён таго не зрабіў, бо «ў строгім голасе супрацоўніка аддзелу кадраў чулася пагроза адказнасці за няяўку».

«Прыйшоў у ваенкамат, а там такіх ёлупаў як я сабралі, некаторых нават без асабістых рэчаў, пагрузілі ў аўтобус і хуценька адправілі на месяц на бабруйскі палігон…» – згадвае магілёвец.

У 2021 годзе было 5 тысяч ухілістаў

У Беларусі служба ў войску зʼяўляецца абавязковай павіннасцю грамадзян, якія сталі паўналетнімі, аднак, як сведчыць практыка, папулярнасць такой службы невысокая. 

У кожным беларускім рэгіёне знаходзіцца да 100 і болей маладых людзей, якія не прыходзяць на прызыўныя пункты. Летась за першыя паўгода, як вынікае з публікацыі Белта, ад ваенных камісараў у органы ўнутраных спраў паступіла блізу 5 тысяч зваротаў па ўхіленні і 3 тысяч – аб прыцягненні прызыўнікоў да адміністрацыйнай адказнасці. Сёлетнюю статыстыку па ўхілістам адшукаць не ўдалося. 

У 2021 годзе была агучаная прапанова аб магчымасці ўзбуджаць крымінальную справу ў выпадку адсутнасці прызыўніка ў краіне.

Пракурор: “ці трэба ламаць сабе жыццё”

Грамадская небяспека ігнаравання прызыўніком, ваеннаабавязаным або рэзервістам ваеннай службы зніжае ступень боегатоўнасці ўзброеных сіл Беларусі, што асабліва небяспечна падчас розных узброеных канфліктаў. Такая грувасткая фармулёўка не заўжды дапамагае.

Прымус і запалохванне становяцца памагатымі ў справе развязання праблемы з прызыўнікамі. Пракуроры са старонак раённых газетаў папярэджваюць, што чакае ўхілістаў.

Памочнік пракурора Магілёва Андрэй Качанаў, прыкладам, нагадвае ўхілістам са старонак рэсурсу «Шклов инфо», што «санкцыя часткі 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, арышту, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін».

Уратаваць ад вайсковай службы, як тлумачыць Качанаў, можа судзімасць, якая, праўда, толькі дае адтэрміноўку ад прызыву на службу.

Праз год, як скончыўся тэрмін пакарання, былога асуджанага чакаюць у ваенкамаце для накіравання па выніках медычнага агляду на ваенную службу.

«Хочацца ў чарговы раз нагадаць, што ў перыяд прызыўной кампаніі маладым людзям варта задумацца, ці трэба «ламаць сабе жыццё», пазбягаючы воінскага абавязку, бо войска – гэта школа мужнасці і адвагі для кожнага мужчыны», – засцерагае пракурор Андрэй Качанаў.

фота з рэсурсу mogilev-region.gov.by, а таксама з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

У Асіповічах завуць на талаку каб зрабіць прытулак для бадзяжных жывёл

Мясцовыя абаронцы жывёлаў ствараюць прытулак для бяздомных сабак і катоў, але на задуманае бракуе сродкаў. Рупліўцы спадзяюцца на дапамогу грамады.

У 30-тысячным райцэнтры афіцыйнага прытулку для жывёлаў няма. Зоаабаронцы ўзяліся яго ўладкоўваць у прыгараднай вёсцы Мезавічы.

Удзельнікі праекту «Берагі надзеі» – праціўнікі эўтаназіі котак і сабак. На іхную думку, абараніць бяздомных жывёлаў і зменшыць іх колькасць можна пашыраючы ідэі стэрылізацыі. Такі метад рэгуляцыі гуманны і эфектыўны, лічаць яны.

Зоаабаронцы спадзяюцца, што ў іх з’явіцца магчымасць размясціць жывёлаў ва ўласным прытулку, які ўзводзіцца ў вёсцы за 15 кіламетраў ад Асіповічаў. У ім каты і сабакі будуць чакаць сабе гаспадароў. На ажыццяўленне задуманага патрэбная дапамога: людскімі рэсурсамі і будаўнічымі матэрыяламі.

«Патрэбна дапамога ў будаўніцтве вальера: у ім будзе дзве будкі з паддонаў. Таксама ёсць хлеў з печкай, яго можна абсталяваць на зімоўку, але там трэба пакласці падлогу ці тыя ж паддоны і стары лінолеум. Там шмат месца, але патрэбна дапамога рукамі, – кажуць удзельнікі праекту рэсурсу «Осиповичи инфо».

Паведамленнямі пра вострую неабходнасць мець у Асіповічаў адмысловы прытулак для бадзяжных жывёлаў стракацяць сацыяльныя сеткі. Адна з груп публікуе драматычныя гісторыі пакут жывёлаў і іх шчаслівага ратавання.

Удзельнікі паблікаў апавядаюць пра прыгожых кацянят, бязродных дварнякоў, пародзістых каўказскіх аўчарак, прыгожую хаскі, здзічэлага алабая, які з голаду і знясілення стаў паляваць на свойскія курэй.

Часам валанцёры публікуюць гісторыі ад імя жывёлаў.

«Прывітанне. Мяне клічуць Дора», – пачынаецца адна з іх.

«Я адзін з тых сабак, якія былі кінуты на вуліцы сваёй сямʼёй. Адзін з тых, у каго дах над галавой – адкрытае неба, месца начлегу – бліжэйшая яма каля плота, а запаветныя кроплі вады – налітая дажджом лужына. Я ўцякаў ад стрэлаў адлову. Стрэлы, ад якіх нават не паміраеш адразу а павольна задыхаешся…».

Чарговую талаку па будаўніцтве прытулку для жывёлаў пад Асіповічамі ўдзельнікі праекту «Берагі надзеі» плануюць правесці 3-4 верасня і чакаюць талакоўцаў.

фота з рэсурсу: www.instagram.com

Рэаліі сельскай гаспадаркі. На Магілёўшчыне здохла 897 дзяржаўных кароў, кантралёры знайшлі вінаватых

Недалічыліся такой колькасці жывёлаў у адной з гаспадарак Глускага раёну. Тут выяўленыя сістэмныя правапарушэнні на сельгаспрадпрыемстве. Распачатыя крымінальныя справы, многіх кіраўнікоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Каровы дохлі і іх спісвалі, ці прадавалі

Паўтара года кіраўнік адной з гаспадарак, імя і назва якіх не называюцца, патрабаваў ад загадчыц фермаў уносіць ілжывыя звесткі ў справаздачнасць. Рэальныя дадзеныя аб непрадукцыйным выбыцці буйной рагатай жывёлы ў бухгалтарскіх дакументах не адлюстроўваліся, а «спісаныя» тушы прадавалі прыватным асобам.

Пра сітуацыю ў сельгаспрадпрыемстве стала вядома, як паведамляецца, «з аператыўнай інфармацыі». Была арганізаваная комплексная праверка, якая і выявіла нястачу 897 галоў.

telegra.ph

Высветлілася, што цяляты і маладняк дохлі праз парушэнні ветэрынарна-санітарных правіл, тэхналогіі кармлення, умоваў утрымання. Акрамя таго, захламлёнасць памяшканняў станавілася прычынай траўмавання жывёлаў, а ветэрынарная дапамога на належным узроўні не аказвалася.

«Ведаючы, што адбывалася, кіраўнік не толькі не рабіў захадаў для прадухілення шкоды, але імкнуўся любымі спосабамі схаваць нястачу. У выніку прадпрыемству нанесена маёмасная шкода на суму звыш паўтара мільёна рублёў», – апавядае газеце «На страже», прадстаўнік Магілёўскай абласной міліцыі Дзяніс Лугін.

Пракуратура Глускага раёну ў снежні 2021-га распачала чатыры крымінальныя справы: тры супраць загадчыкаў ферм за ўтойванне фактаў сканання жывёлы і іх рэалізацыі. Адна ўзбуджаная за перавышэнне паўнамоцтваў дырэктарам.

Кароў кралі…

Паводле Лугіна, аператыўнікі выкрылі схему крадзяжу буйной рагатай жывёлы. Загадчык малочнатаварнага комплексу на працягу паўгода рэалізоўваў дойных кароў жыхару абласнога цэнтру, а атрыманыя сродкі выкарыстоўваў на асабістыя патрэбы: пагашэнне крэдытаў, аплату камунальных паслуг.

komkur.info

Ім было прададзена 6 кароў за 16 тысяч рублёў. Супраць яго распачата пяць крымінальных спраў за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Па словах Лугіна, трое аграрнікаў прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, у дачыненні да яшчэ аднаго працягваецца расследаванне.

Адміністрацыйныя пакаранні накладзены на трох кіраўнікоў гаспадарак, а яшчэ на пяцярых рыхтуюцца матэрыялы. У суд накіравана сем пазоваў аб кампенсацыі шкоды.

 

Дзень у гісторыі: 22 жніўня. Нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, заснавальнік першага Беларускага прафесійнага тэатру. Памёр Віталь Вольскі, аўтар п’есаў пра Несцерку і Машэку. Заснаванае Таварыства Чырвонага крыжа. Гарэлка стала абавязковым прадуктам для савецкіх салдат

1861 год. Нарадзіўся Ігнат Буйніцкі.

Заснавальнік Беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатру.

Упершыню на сцэне паказаў, як танцуюць беларусы. Сваёй дзейнасцю захаваў і развіў традыцыі грання на беларускай дудзе.

У 1975 годзе намаганнямі Уладзіміра Караткевіча перапахаваны на малой радзіме, у Празароках. На цэнтральнай плошчы мястэчка яму стаіць помнік.

Буйніцкаму прысвячалі вершы шматлікія паэты – Янка Купала, Змітрок Бядуля, Уладзімір Караткевіч.

У Мінску, Маладзечне, Глыбокім яго імем названы вуліцы, завулкі, на малой радзіме працуе музей.

1864 год. Заснаванае Таварыства Чырвонага крыжа.

Гуманітарная арганізацыя, якая дзейнічае ва ўсім свеце, грунтуючыся на прынцыпах нейтральнасці і бесстароннасці.

Абараняе і дапамагае пацярпелым ва ўзброеных канфліктах і ўнутраных беспарадках, з’яўляецца часткай Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Штаб-кватэра месціцца ў Жэневе. Прадстаўніцтвы арганізацыі ёсць у амаль 80 краінах.

1898 год. Нарадзіўся Генрык Лаўмяньскі.

Польскі гісторык, даследчык Вялікага княства Літоўскага.

Генрык Лаўмяньскі быў экспертам ранняй гісторыі славянскага і балтыйскага народаў. Даследаваў старажытную гісторыю Польшчы, Літвы і славян увогуле.

Ён аўтар шматлікіх прац, у тым ліку шасцітомніка манументальнай манаграфіі Początki Polski.

У Познані заснаваў асяродак вывучэння Вялікага Княства Літоўскага. Выдаваў навуковы альманах «Lituano-Slavica Posnanensia», прысвечаны гісторыі Княства.

Дзве працы прысвяціў Магілёву: «Handel Mohylewa w XVI w». (1938) і «Struktura gospodarcza Mohylewa w czasach pomiary włócznej» (1939).

1941 год. Гарэлку Сталін зрабіў неабходным прадуктам для салдат, якія пазней норму ў 100 грамаў на чалавека назавуць «наркомаўскімі».

Была выдадзеная пастанова “Аб увядзенні гарэлкі на забеспячэнне ў дзейнай Чырвонай арміі”.

У вайсковых часцях прызначаліся адказныя за правільнае размеркаванне гарэлачных порцый.

У траўні 1942 года масавую штодзённую выдачу гарэлкі Сталін адмяніў, захаваўшы права на падбадзёрлівы напой з павелічэннем штодзённай дозы да 200 грамаў толькі за “вайскоўцамі частак перадавой лініі, якія маюць поспехі ў баявых дзеяннях”.

23 лістапада 1943 года Сталін зацвердзіў “наркомаўскія” нормы: 100 г для байцоў на перадавой і 50 г для астатніх. І было так да самай Перамогі.

1978 год. Памёр Піліп Пястрак.

Паэт, празаік, публіцыст, крытык.

Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, апавяданняў і нарысаў, паэм, раманаў.

Тэме барацьбы ў Заходняй Беларусі прысвяціў раман «Сустрэнемся на барыкадах».

Перакладаў на беларускую мову творы замежных пісьменнікаў.

На яго вершы напісаны песні. У Гродна вуліца названая яго імем.

1988 год. Памёр Віталь Вольскі (Зэйдэль-Вольскі).

Беларускі празаік, перакладчык, драматург, сцэнарыст, літаратуразнавец.

Даследчык народнай творчасці, кітабаў, беларускай літаратуры эпохі феадалізму. Аўтар кніг краязнаўчых нарысаў і апавяданняў, п’ес. Сярод якіх «Несцерка», «Машэка».

Працаваў дырэктарам Беларускага драматычнага тэатру ў Віцебску, Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР.

Бацька пісьменніка Артура Вольскага і дзед музыкі Лявона Вольскага.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў