Бабруйскі абсурд – мазаіку з Леніным знішчылі ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

Разам з будынкам былой футравай фабрыкі на Бахарава да свята 7 лістапада знеслі рэвалюцыйную мазаіку. Думкі бабруйчан з нагоды здарэння супрацьлеглыя. 

Мазаіка з чырвонай жанчынай – цэнтральнай фігурай твора, дзе фонам ішоў Ленін і рэвалюцыянеры – на будынку былой футравай фабрыкі адпавядала камуністычнай ідэалогіі, але ж і ўпрыгожвала індустрыяльны пейзаж Бабруйска. У 2000-х фабрыка збанкрутавала, а новыя гаспадары пачалі перабудову. Сімвалічна, што мазаіку з рэвалюцыйным сюжэтам і Леніным знішчылі ў «святочны» дзень 7 лістапада.


Бабруйская футравая фабрыка – прадпрыемства па вытворчасці футравых вырабаў была створана ў 1959 годзе. У канцы 1970-х гадоў на фабрыцы працавала  1800 чалавек. Выпускалася больш за 10 фасонаў мужчынскіх шапак з меха розных жывёл, да 12 фасонаў жаночых шапак, а таксама дзіцячыя шапкі, манто, паліто, каўняры. У 2015 годзе прадпрыемства было ліквідавана.


Тым часам меркаванні бабруйцаў з нагоды знішчэння мазаікі ў сацсетках падзяліліся.

Адны пішуць: «Не шкада», «Дзякуй Богу. Такая сабе творчасць», «Адным Леніным менш – толькі лепш. Мастацкай вартасці не бачу, а як помнік эпохі – іх дзяваць няма куды».

Некаторыя аматары даўніны прытрымліваюцца зусім іншых думак. Так, адзін з іх сумуе: 

–  Безумоўна, да мазаікі можна ставіцца выключна адмоўна, з улікам цалкам ідэалагічнай скіраванасці сюжэту. Аднак,… мазаічнае пано выканана на дастаткова добрым узроўні, верагодна мясцовымі мастакамі. Я заўважаю ў цалкам сацрэалістычным сюжэце яўныя цытаты з твораў мінулага, …наўпростую цытату з сакральнага жывапісу, а менавіта з сюжэту, які прынята называць Маці Божая Валадарка Нябёсаў, дзе галоўным пасылам ёсць паведамленне свету, што Марыя зацяжарыла беззаганна. І ў гэтым ёсць сведчанне надыходу новага часу, у якім з чалавекам будзе ўкладзены Новы запавет. Мастак гуляе са здабыткам культуры, пераносячы яго ў новыя (савецкія) умовы. А ва ўмовах тых часоў… адбывалася кшталтаванне майстроў новага погляду і шырыні творчых амбіцыяў, якія, прадзіраючыся скрозь ідэалагічныя штампы, пачыналі казаць уласным голасам, што нёс ужо на сабе адбіткі ранейшых беларускіх выяўленчых дасягненняў. 

Дыскусія з нагоды знішчэння мазаікі яшчэ раз нагадала, што каб узбагаціць сябе, варта ўсё ж больш разумна і ашчадна адносіцца да нашай спадчыны.

фота: 1387.by

Магілёўскія гандлёвыя сеткі пачалі ўпрыгожвацца да Калядаў – фота

Адной з першых крам, дзе пачаўся тэматычны продаж калядных цацак і гірляндаў да навагодніх святаў, аказалася “Ома” на вуліцы Маўчанскага. Таксама тут паставілі і ўжо пачалі ўпрыгожваць агромністую штучную ёлку на ўваходзе.

А калі ўспрымаць колеравую гаму выставачнай вітрыны як рэкамендацыйную, то адразу кідаецца ў вочы прыемнае спалучэнне белага і чырвонага на ёлцы, што выступае як узор.

Бізнэсмен у Магілёве вывез чужы пагрузчык сярод белага дня, хоць яго спрабавалі спыніць

48-гадовы магілёвец скраў пагрузчык свайго дзелавога партнера, у якога раней набыў прадпрыемства – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы МУС. 

Папярэдні ўладальнік прадпрыемства не паспеў вывезці сваё абсталяванне з ужо прададзенага аб’екта. Гэтым скарыстаўся пакупнік бізнэса, які распарадзіўся вывезці пагрузчык коштам 8 тысяч рублёў на свой іншы аб’ект. 

Работнікі прадпрыемства спрабавалі спыніць адкрыты крадзёж, але безвынікова. Супраць бізнэсмена, які завалодаў чужой маёмасцю, узбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры. Пагрузчык вернуты ўладальніку.

 

У цэнтры Магілёва прайшло цыркавое прадстаўленне, завуаляванае пад антыпольскае шэсце

Прапагандысцкі Тэлеграм-канал Freedom of Poland, які мае 17 (сямнаццаць) падпісчыкаў і пазіцыянуе сябе як пляцоўка для змагання за інтарэсы польскага народа, паведаміў пра масавае шэсце па Пажарным завулку ў Магілёве.

Удзельнікі шэсця трымалі ў руках абразлівыя раздрукаваныя матэрыялы і скандавалі на рускай мове “Свободу польскому народу”. Па размешчаным на канале відэа можна зрабіць выснову, што шэсце абмежавалася адлегласцю ў некалькі дамоў па Пажарным завулку.

Сёння Польшча адзначае Дзень незалежнасці.

На наступным тыдні пахаладае, у сераду чакаецца мокры снег, да канца тыдня будуць невялікія марозы

Гэты тыдзень на тэрыторыі Магілёўскай вобласці апошні цёплы перад надыходам халадоў.

Па папярэднім прагнозе надвор’я, на пачатку наступнага тыдня пахаладае, у сераду чакаецца мокры снег. З чацвярга чакаецца сярэднесутачная тэмпература нижэй за 0°. Да канца тыдня ўстановяцца марозы да 7 градусаў.

14 лістапада, панядзелак, надвор’е па вобласці пратрымаецца пераважна без ападкаў. У начны і ранішні час месцамі туман. Уначы  -1 +4°С, днём +3 +8°С.

15 лістапада, аўторак. Пераважна без ападкаў. Месцамі туман. Уначы -3 +2°С, днём +1 +6°С.

16 лістапада, серада. Паніжэнне тэмператур прывядзе ў некаторых раёнах да выпадзення невялікіх ападкаў у выглядзе мокрага снега, снега з дажджом. У асобных раёнах слабы туман, слабы галалёд. Уначы -3 +2°С, днём 0 +5°С. Месцамі вятры хуткасцю да 11 м/с.

17 лістапада, чацвер, чакаецца воблачнае надвор’е, з начнымі тэмпературамі да -3°С, днём 0 -2°С, без ападкаў.

18 лістапада, пятніца, магчыма будзе яснае надвор’е, невялікія марозы, у начы да -7°С, днём 0 -2°С

У выходныя 19 і 20 лістапада захаваецца воблачнае надвор’е, месцамі з праясненнямі. Чакаюцца вятры хуткасцю да 11-13 м/с.

Начныя тэмпературы да -6 -7°С, днём каля 0  -2°С.

Аўтамабілістам нагадаем, што пара мяняць летнюю гуму на зімовую.

Паводле шматгадовых назіранняў, сярэдняя тэмпература лістапада складае 0,1°С, у Бабруйску +0,7°С,  Магілёве +0,1°С. У гэтым годзе, сярэднія тэмпературы першай дэкады склалі болей за +5°С.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар 

У спіс экстрэмісцкай сімволікі ўключылі вітанне 1-й беларускай дывізіі Ваффен-SS са словамі “Жыве Беларусь” і ўскінутай рукой

Адпаведная пастанова Міністэрства ўнутраных спраў была прынятая 28 кастрычніка і апублікаваная сёння, 10 лістапада. З гэтага дня пачынаецца яе дзеянне.

Пастанова № 271 вызначыла пералік нацысцкай сімволікі і нацысцкіх арганізацый для патрэб закона «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». У спіс экстрэмісцкіх арганізацый уключаныя асноўныя структуры нацысцкага рэжыму ў Германіі і  калабаранцкія арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны.

Папярэдняя рэдакцыя спіса экстрэмісцкіх арганізацый, сімволікі і атрыбутыкі была дапоўненая 30-й (1-й беларускай) дывізіяй Ваффен-SS, а таксама яе сімволікай.

«Калабаранцкае вітанне – з’яўляецца сімвалам 13-га Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30-й грэнадзёрскай (пехотной) дывізіі Ваффен-СС (руская № 2, яна ж – беларуская № 1) адпаведна з нацысцкім партыйным вітаннем «Хайль Гітлер» і прадстаўляе суправаджальнае падняцце правай рукі з прамой далонню і воклічам „Жыве Беларусь“ і водгукам „Жыве“» – гаворыцца ў дакуменце.

Можна меркаваць, што экстрэмісцкім дзеяннем будзе лічыцца ўвесь комплекс дзеянняў, указаны ў пастанове, але не выключана, што рэгістрацыя кожнага элемента будзе выкарыстоўвацца ў карных мэтах.

Фота: wonderzine.com

Азбука бізнэсу для жанчын пройдзе ў Магілёве 17 лістапада

У стартап-школе будуць вучыць як пачаць бізнэс з нуля, альбо на дэкрэтным.

Стартап-школа “Азбука бізнесу для жанчын” пройдзе ў Магілёве ў наступны чацвер, паведамілі ў Магілёўскім гарадскім цэнтры развіцця малога прадпрымальніцтва агенцтву БелТА. Удзел у мерапрыемстве бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная, таму неабходна папярэдне зарэгістравацца. 

У праграме стартап-школы – інфармацыйны блок аб асаблівасцях жаночага прадпрымальніцтва ў Магілёве, тэарэтычная частка, прысвечаная пытанням адкрыцця сваёй справы без папярэдніх укладанняў, а таксама прэзентацыя магчымасцей вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, будучы ў дэкрэтным адпачынку. Пра свае поспехі і шляхі станаўлення ў малым бізнесе ўдзельніцам стартап-школы раскажуць магілёўскія прадпрымальніцы.

Заняткі стартап-школы адбудуцца ў памяшканні Саюза прадпрымальнікаў па вуліцы Ленінскай, 21 (каля тэатральнага сквера, на рагу вуліц Ленінскай і Камсамольскай). Зарэгістравацца на стартап-курсы можна па тэлефонах: 8 (0222) 77-09-21, 8 (0222) 76-08-63 або па e-mail: [email protected]

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Апошні ўчастак аб’яздной дарогі вакол Магілёва так і не запусцілі

Адкрыццё паўднёва-заходняга аб’езда планавалася правесці 7 лістапада, але рух па дарозе застаецца закрытым. 

Першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер РУП “Магілёўаўтадар” Барыс Іваноў у інтэрв’ю БелТА паведамляў, што адрэзак трасы, які павінен звязаць гомельскую і бабруйскую шашы, планавалася запусціць яшчэ 7 лістапада. Аднак рух на ўчастку ў 12 кіламетраў застаецца забароненым. Па дарозе працягвае курсіраваць будаўнічая тэхніка.

Фота: mogilev.media

Вот такой хлебушек продается в Бобруйске – фотофакт

Магазин «Копеечка», который на Ульяновской, 21 шлёт бобруйчанам флюиды любви – пишет Телеграм-канал “Бобруйск онлайн”. И в качестве бонуса – фото из того же магазина с товаром, который валяется на полу.

 

Кіраўніцтва крычаўскага шыфернага завода затрымана ў рамках барацьбы з “павышэннем коштаў”

Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара крычаўскага прадпрыемства і двух яго намеснікаў з-за продажу прадукцыі з завышанай нацэнкай.

Праверка Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю на прадпрыемстве пачалася пасля падпісання Лукашэнкам дырэктывы «Аб недапушчальнасці росту коштаў». У выніку затрыманы дырэктар шыфернага завода і яго намеснікі. Справа заведзена па артыкуле аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Згодна з матэрыяламі справы, на прадпрыемстве, якое вырабляе шыфер, пры вызначэнні адпускных цэн на прадукцыю перавышалі норму максімальнага нарматыву рэнтабельнасці. Кіраўніцтва прадпрыемства ўстанаўлівала нацэнку на шыфер у памеры ад 20 да 107 % да планавага сабекошту пры норме не большай за 15%.

Каб схаваць гэта, яшчэ з ліпеня 2022-га кіраўнікі абмяркоўвалі, што трэба ў бухгалтарскім уліку павысіць планавы сабекошт на ўжо прададзены тавар.
А пасля дырэктывы “Аб недапушчальнасці росту цэн”, падазроныя павялічылі планавы сабекошт ужо прададзенага тавару, адмянілі ўведзеныя ў праграму таварна-транспартныя накладныя, унеслі фіктыўныя дадзеныя аб выдатках. Усяго было сфальсіфікавана больш за 1500 дакументаў, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Дырэктар і два яго намеснікі затрыманы ў парадку арт. 108 КПК, гэта значыць па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў злачынстве (праз трое сутак ім павінны прад’явіць абвінавачанне або адпусціць). Пры гэтым адзін з траіх ужо ўзяты пад варту (хто – не ўдакладняецца).

Пакуль пракуратура не прыводзіць назву прадпрыемства поўнасцю. Найхутчэй, гаворка ідзе аб ТАА “КМБ-Усход” – прыватнае прадпрыемства, якое працуе з 2017 года і вырабляе розныя віды шыферу. На ім працуе каля 130 чалавек. У жніўні 2022-га “КМБ-Усход” выкупіла ў дзяржаўнага ААТ “Крычаўцэментнашыфер” частку старога цэментнага завода, якую раней арандавала.