Бізнэсмен у Магілёве вывез чужы пагрузчык сярод белага дня, хоць яго спрабавалі спыніць

48-гадовы магілёвец скраў пагрузчык свайго дзелавога партнера, у якога раней набыў прадпрыемства – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы МУС. 

Папярэдні ўладальнік прадпрыемства не паспеў вывезці сваё абсталяванне з ужо прададзенага аб’екта. Гэтым скарыстаўся пакупнік бізнэса, які распарадзіўся вывезці пагрузчык коштам 8 тысяч рублёў на свой іншы аб’ект. 

Работнікі прадпрыемства спрабавалі спыніць адкрыты крадзёж, але безвынікова. Супраць бізнэсмена, які завалодаў чужой маёмасцю, узбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры. Пагрузчык вернуты ўладальніку.