У Магілёве паядналі «містычную» графіку са станковай скульптурай і выйшла незвычайная выстава ў прыватнай галерэі. Пераканайцеся самі, паглядзеўшы фота

У галерэі Андрэя Вераб’ёва разгорнутая выстава з творамі малавядомых шырокай публіцы мастакоў – Віктора Дэ Буга і Генадзя Кутовіча. Сваю супольную экспазіцыю яны назвалі «Успаміны пра будучыню». Яе адкрыццё адбылося 25 жніўня.


Галерэя Андрэя Вераб’ёва створаная ў 2017 годзе для папулярызацыі сучаснага мастацтва, адкрыцця новых імёнаў маладых мастакоў, правядзення творчых сустрэч, персанальных і калектыўных мастацкіх выставаў. У ёй ладзяцца прэзентацыіі літаратурных і музычных твораў, а таксама праектаў.


Мастак-графік Віктор Дэ Буг

Віктор Дэ Буг прадставіў вялікую калекцыю сваёй «містычнай» графікі. Мастак нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся ва Ўніверсітэце мастацтваў і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Віктор Дэ Буг не толькі графік, але і аўтар артыкулаў і кніг пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча, гісторыка-культурнай канцэпцыі шляху «З варагаў у грэкі». Ён дапамог аформіць экспазіцыі ў 18 музеях.

Графіка мастака, прадстаўленая ў галерэі, сведчыла, што ён прыхільнік «шматвектарнага сінтэзу мастацтваў у глабальным інфармацыйным асяроддзі».

У сваім выступе Віктор Дэ Буг падкрэсліў: мы жывем на зломе двух тысячагоддзяў і таму, важна пранікнуцца графікай часу, бо лінейная графіка – гэта «Світкі часу», якія закранаюць вечныя тэмы розных эпох.

Мастак-дэкаратар Генадзь Кутовіч

Наведнікаў зацікавілі станковыя скульптуры Генадзя Кутовіча. Ён таксама выпускнік мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Працы Кутковіча ўдала ўпісаліся ў інтэр’ер, вонкава, нібыта, адцяняючы аднастайнасць графікі свайго калегі. 

Работы мастака-дэкаратара магілёўскага драматычнага тэатру – адкрыццё гэтага года. У скульптуры ён адназначна новае імя для Магілёва. Ягоныя працы выклікалі фурор на тэатральным дывертысменце, пра які пісаў   Магілёў.media.

Завяршылася адкрыццё выставы выступленнем рок-групы «Барон Мюнхаўзен». Паслухаць музыкаў прыйшлі не толькі аматары, але і старыя магілёўскія рокмэны.

Уваход на выставу цягам бліжэйшага месяца свабодны і бясплатны. Галерэя Верабʼёва месціцца на Дубравенцы, побач з спартовай базай лучнікаў.

«Дняпро ў тумане». Прыгожае фота ранішняга Магілёва

Туман над ракою не пакідалі без увагі многія беларускія літаратары. Яны пазнаходзілі плойму эпітэтаў гэтай прыроднай з’яве: туман-блакіт, туман-імжа, туман-малачай, туман-тугадум.

Гараджане, занятыя клопатам аб будзённасці, зрэдку зважаюць на яе, але дарма.

Фотаздымак з відам на пойму Дняпра ў ранішнюю пару даслала Магілёў.media чытачка.

«Раніцай ужо так… Лета заканчваецца…», пракаментавала яна свой твор.

 

Да +33 з жоўтым узроўнем небяспекі. Надвор’е ў Магілёве

Спёка не пакідае край.

Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве! Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі.

26 жніўня ў Магілёве сіноптыкі прагназуюць невялікую воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +31+33°C. Вецер няўстойлівы, 3-8 м/с.

У дзённы час у многіх мясцінах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С, у паўднёвых раёнах +33+34°С, у Мінску максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С.

Паводле інтэрнэт-рэсурсаў, якія падаюць звесткі аб гісторыі надвор’я, найніжэйшую тэмпературу жніўня фіксавалі ў Магілёве ў 2015 годзе – +10°С.

Годам раней 3 жніўня было найцяплей – +26°С

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Павел Абуховіч, Аляксей Грыцкевіч, Павел Бабчанок, Уладзімір Рабчанка, Уладзімір Прадкін, Іван Супрунчык, Віталь Гузаў, Аляксей Парэцкі, Роберт Кузняцоў, Аляксей Багдзей.

Прызнаныя палітвязнямі.

Праваабарончая супольнасць лічаць іх справы палітычна матываванымі.

На 25 жніўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1307 чалавек.

Ілля Гольцаў

Асуджаны на 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму.

Суддзя з Гомельскага абласнога суду Васіль Бягун прызнаў яго вінаватым у «распальванні варожасці ці варажнечы», пішуць праваабаронцы.

Міхаіл Міхута

Асуджаны на 5 гадоў «хатняй хіміі» – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Чэмпіёна Еўропы і віцэ-чэмпіёна свету па гандболе суд Зэльвенскага раёну абвінаваціў у «абразе Лукашэнкі» і «паклёпе на Лукашэнку».

Паводле праваабаронцаў, справу Міхуты разглядала суддзя Люцыя Жук.

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацыяльных сетках, апублікаваныя ў 2010 годзе.

Таццяна Мацвеева

Віцебскую журналістку пасадзілі на 8 дзён адміністрацыйнага арышту.

Нагодай для пераследу сталі «аватаркі ў сацыяльных сетках», паведамляюць праваабаронцы. Іх суд кваліфікаваў, як «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Журналістку затрымалі яшчэ 29 ліпеня, але разгляд справы адкладалі.

Ілля Сілянкоў

Адбыў пакаранне і вызвалены.

Яго асудзілі на 1,5 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі. Іх адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу №9.

Як пішуць праваабаронцы, студэнт 4 курсу Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту 13 жніўня 2020 года расклеіў і раскідаў не менш за 17 улётак з выявай Лукашэнкі і надпісамі, якія, як палічыў суд, «прынізілі яго гонар і годнасць».

Праваабарончай супольнасцю Сілянкоў прызнаны палітвязням.

Віктар Іванцоў

Вызвалены.

Яго асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму за «наўмыснае пашкоджанне чыгункі». 

Па гэтай справе асуджаныя яшчэ двое, прызнаных праваабарончай супольнасцю, палітвязняў.

На Магілёўшчыне 2 кіламетры дарогі засыпалі 4 тонамі зерня

Яно высыпалася на праезную частку з незачыненага, як мае быць, кузава аўтамабіля. Да 10 гадзінаў раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі.

Здарылася гэта ў Кіраўскім раёне.

«На дарозе аказалася больш за 4 тоны збожжа, якое рассыпалася прыкладна на 2 – 2,5 кіламетры», паведамляе абласная міліцыя.

Паводле рэсурсу MOGILEVNEWS інспектар ДАІ папярэдзіў кіроўцу, каб той больш падобнага не ўчыняў. У выпадку паўтарэння такога парушэння яму пагражае штраф да 4 базавых велічыняў (128 рублёў).

фота ілюстрацыйнае з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

 

Беларусь зноў аплаціла працэнты па еўрааблігацыям беларускімі рублямі

У чэрвені ўрад заявіў, што Беларусь будзе выконваць знешнія даўгавыя забавязанні ў рублях, а не ў валюце, у якой размяшчаліся аблігацыі. Адпаведную пастанову прынялі Савет Міністраў і Нацыянальны банк краіны 6 красавіка 2022 «Аб часовых мерах па выкананні знешніх дзяржаўных даўгавых забавязанняў».

Неўзабаве рублямі Беларусь і разлічылася. У канцы чэрвеня яна мела выплаціць утрымальнікам еўрааблігацыяў 22,9 мільёны долараў.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s тады расцаніла рублёвыя выплаты па дзяржаўным доўгу як невыкананне краінай забавязанняў, што азначае дэфолт, нагадвае рэсурс Myfin.

Выданьне, спасылаючыся на Міністэрства фінансаў, піша, што 24 жніўня Беларусь ўноў зрабіла плацеж у рублях па працэнтах еўрааблігацыяў з тэрмінам пагашэння ў 2026 і 2031 гадах – яго сума склала 38,6 мільёнаў у эквіваленце.

Беларускі бок тлумачыў сваю пазіцыю немагчымасцю выконваць забавязанні па каштоўных паперах у замежнай валюце, бо замежная разлікова-клірынгавая інфраструктура не можа забяспечыць пераказ сродкаў утрымальнікам праз санкцыі супраць краіны.

У Магілёве мужчына паўтары гадзіны прабыў у вадзе, ратуючыся ад міліцыі

Яго затрымалі і ў кайданках і майтках завялі ў пастарунак.

Здарэнне на пляжы абмяркоўваюць жыхары прылеглага да Фацінскай затокі мікрараёну. У ёй забаронена купацца з санітарных прычынаў. На пляж рэгулярна наведваецца міліцыя.

Як апавядаюць тутэйшыя заўсёднікі пляжнага адпачынку мужчына даплыў да абмежавальнага буйка і стаў каля яго на водмелі. Ратавальнікі шматкроць заклікалі яго вярнуцца на бераг. Іх просьбы пачуў нарад міліцыі.

Патрабаванню міліцыянтам мужчына не падпарадкоўваўся. У адказ прасіў іх не перашкаджаць яму адпачываць і настойваў, што нічога не парушае.

Міліцыя выклікала супрацоўнікаў Міністэрства надзвычай сітуацыяў, але тыя пабачыўшы, што адбываецца патлумачылі: не іх выпадак і з’ехалі.

Мужчына паўтары гадзіны заставаўся ў вадзе і выйшаў з яе, калі калі міліцыянтаў на пляжы не было. Але, пазьней яго арыштавалі з выкарыстаннем спэцсродкаў. У майтках і скаванага наручнікамі ён апынуўся ў апорным пункце.

Паводле сведкаў падзеі затрыманы быў цвярозым. Знаёмыя характарызуюць яго, як спакойнага ўраўнаважанага чалавека. Кажуць, што ў мінулым ён быў баксёрам.

Людзей на пляжы здзівіла ўпартасць мужчыны, але «яны лічаць, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі не адэкватныя сітуацыі». На іхную думку міліцыянтаў раззлавала, што іхныя патрабаванням не выконваюцца.

Па словах адпачыннікаў «настрой такая недарэчная з пальца высмактаная падзея людзям сапсавала». Яны цяпер не разумеюць, ці можна цяпер у затоцы купацца.

Ратавальнікі, просьбы якіх пачула міліцыя, даводзяць: «мужчына сам нарываўся і ўпарціўся», а «яму спакойна прапаноўвалі выйсці з вады». Паводле іх затрыманаму пагражае адказнасць за «купанне ў недазволеным месцы» і «непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі».

Вывешаныя на пляжы аб’явы інфармуюць, што купацца ў затоцы забаронена з санітарных прычынаў. Але нямала людзей купаюцца. Адпачыннікі цвердзяць, што пляж афіцыйны – ёсць лежакі і ратавальнікі.

Высветліць, як развіваліся падзеі на пляжы, з гледзішча міліцыянтаў пакуль не ўдаецца. У міліцэйскіх зводках звестак пра такое здарэнне няма. Пошук паведамленьняў пра яго ў сацыяльных сетках вынікаў не даў.

Дзяржкантроль заняўся лясной гаспадаркай Магілёўшчыны і ўгледзеў парушэнні

Распачатыя 6 крымінальных справаў.

Апошнія некалькі тыдняў кантрольныя органы і міліцыя паведамляюць пра выяўленне масавых парушэнняў у розных сферай эканамічнай дзейнасці.

Спачатку расказвалі пра выкрыванне злодзеяў, якія крадуць у сельгаспрадпрыемстваў дзясяткамі літраў фарбаванае паліва, а таксама сотнямі кілаграмаў камбікорм і зерне.

Пазней, сталі з’яўляцца паведамленні пра злоўжыванні і нядбайнасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія дапусцілі гібель жывёлаў на фермах.

Цяпер чарга дайшла да лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі. Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў там злоўжыванні:

– Утойвалася фіктыўнымі дакументамі нястача лесапрадукцыі, яе перапрацоўка і продаж;

– Камерцыйныя структуры завышалі абʼёмы паслуг па лесанарыхтоўках, хавалі лішкі драўніны з дапамогай фіктыўных актаў агляду лясных дзялянак;

– Перавышаліся паўнамоцтвы падчас выдзялення камерцыйнымі структурамі драўніны на карані, прызначанай для абʼектаў сельгаспрызначэння і сацыяльнай інфраструктуры.

Па вынікаў праверкі кантралёры завялі 6 крымінальных справаў, паведамляе інтэрнэт-рэсурс Golk.by.

фота: belprauda.com

Недалёкае замежжа. На сайце латвійскага прэзідэнта больш не будзе рускай мовы. У Літве абліваюць савецкія помнікі чырвонай фарбай

Так рэагуюць у гэтых краінах на вайну Расіі ва Украіне.

«Пытанне камунікацыі на рускай мове стала адчувальным».

Інфармацыя на сайце прэзідэнта Латвіі Эгіла Левітса будзе цяпер падавацца толькі на латышскай і англійскай мовах.

У Медыя-цэнтры Дзяржаўнай канцылярыі прэзідэнта тлумачаць, што пытанне камунікацыі дзяржаўнага кіравання на рускай мове ў сувязі з вайной Расіі ва Украіне стала вельмі адчувальным, таму было прынятае рашэнне прадастаўляць міжнароднай аўдыторыі інфармацыю толькі на англійскай мове.

g2.delphi.lv

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Delfi, да раніцы 24 жніўня на сайце прэзідэнта рускамоўная версія была даступнай.

У Літве пачаўся інтэнсіўны перагляд і дэмантаж помнікаў савецкага часу. Іх сталі абліваць чырвонай фарбаю.

З пачаткам вайны Расіі ва Украіне ў многіх гарадах Літвы савецкія помнікі сталі абліваць чырвонай фарбай.

nedelia.lt

Апошні такі выпадак здарыўся ў мястэчку Цітувенай Кельмескага раёну. Паліцыя шукае зламыснікаў і пачата дасудовае расследаванне аб знішчэнні і псаванні маёмасці. Памер шкоды ўстанаўліваецца.

cdn.optipic.io

Калі выкрыюць парушальнікаў грамадскага парадку, то паводле Крымінальнага кодэксу, ім пагражае пакаранне ад грамадскіх працаў да пазбаўлення волі на два гады.

Па ўварванні Расіі ва Украіну ў Літве пачаўся інтэнсіўны перагляд і дэмантаж помнікаў савецкага часу, піша інфармацыйнае агенцтва Delfi. Паводле выдання гэта стала магчымым пасля лібералізацыі правілаў абыходжання з такімі помнікамі.

фота: yaplakal.com

Вайна ва Ўкраіне. 25 украінцаў загінула ад расійскага абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласьці

У пасёлку Чапліна з 25 загінулых – двое дзяцяй. Яшчэ 31 чалавек атрымаў раненні.

Пасёлак і чыгуначную станцыю Чапліна расіяне атакавалі 24 жніўня ўвечары. Ракеты пацэлілі ў дамы прыватнага сектару і вагоны.

images.unian.net

Апоўначы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб 22 загінулых, пяць з якіх згарэлі ў аўтамабілі. Таксама было адшуканае цела 11-гадовага хлопчыка, які знаходзіўся ў доме, куды трапіла расійская ракета. Раніцай стала вядома пра смерць 6-гадовага хлопчыка.

Блізу 10 гадзінаў паводле кіеўскага часу ратавальнікі завяршылі пошукавыя працы, піша інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«У выніку абстрэлаў жылога сектара і чыгуначнай станцыі загінулі 25 чалавек, з іх двое – дзеці», – адзначае намеснік кіраўніка Офісу ўкраінскага прэзідэнта Кірыл Цімашэнка.

Па ягоных словах, у выніку расійскай атакі на Чапліна пацярпеў 31 чалавек.

images.unian.net

Украінскія спецслужбы і палітыкі неаднаразова папярэджвалі ўкраінцаў аб высокай пагрозе ракетных удараў расійскімі войскамі ў 31-ю гадавіну Незалежнасці Украіны. 24 жніўня па ўсёй тэрыторыі краіны раздаваліся паветраныя трывогі.

Расія апраўдвае абстрэл Чапліна тым, што там былі ўкраінскія вайскоўцы. Паводле тэлеграм-каналу «Минобороны России» у выніку ракетнай атакі «па воінскім эшалоне на чыгуначнай станцыі Чапліна ў Днепрапятроўскай вобласці знішчана звыш 200 вайскоўцаў рэзерву ВСУ і 10 адзінак ваеннай тэхнікі, якія напраўляліся ў зону баявых дзеянняў на Данбасе».

фота: unian.net