Жудасная карціна дарожна-транспартнага здарэння трапіла на камеры відэаназірання. На відэа, якое публікуе ў сваім Тэлеграм-канале прэс-служба магілёўскага УУС, бачны момант падзення байкера на праезжую частку. Імгненнем пазней матацыкл сутыкнуўся з коламі грузавіка МАЗ, што ехаў наперадзе, і ўспыхнуў.
Байкер – 33-гадовы жыхар Бабруйска – ударыўся аб прыпаркаваныя на ўзбочыне дарогі аўтамабілі. Са шматлікімі траўмамі ён шпіталізаваны.
Здарэнне адбылося на вуліцы Дняпроўскай Флатыліі ў Бабруйску.
Выплата пенсій і дапамогі прадугледжана асобным указам.
У Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведамілі, што грамадзяне Украіны, якія прыбылі ў Беларусь, змогуць атрымліваць у нашай краіне пенсіі і дапамогі на дзяцей.
Такая магчымасць прадугледжана палажэннямі ўказа №326 ад 14 верасня 2022 года.
Грамадзянам Украіны “прадастаўлена права на прызначэнне пенсій і дапамог на дзяцей без прадстаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць неатрыманне гэтых выплат на тэрыторыі Украіны” – дадалі ў Мінпрацы.
Пенсіі будуць прызначацца грамадзянам Украіны, якія перасяліліся ў Беларусь на пастаяннае жыхарства на падставе ідэнтыфікацыйнай карты ці пашпарта.
Каб атрымаць станоўчае рашэнне аб прызначэнні пенсіі, украінскім уцекачам трэба звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі.
Каб атрымаць дапамогу на дзяцей, украінскім сем’ям з дзецьмі, якія прыехалі ў нашу краіну на часовае або пастаяннае пражыванне, трэба прадставіць наступныя дакументы: дазвол на часовае пражыванне; від на жыхарства; пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці, аб заключэнні шлюбу і іншыя.
Дапамога будзе прызначацца па месцы працы, вучобы (у дзённай форме) або ў органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы рэгістрацыі.
Пры гэтым украінцам, якія маюць дазвол на часовае пражыванне, дапамога будзе прызначацца толькі пры ўмове іх працаўладкавання.
Сусветны дзень без аўтамабіля (World Car Free Day).
Падчас кампаніі цэнтры многіх гарадоў замыкаюцца для аўтамабільнага руху. Ідэя гэтага дня паўстала ў 1994 годзе. Мэтай кампаніі з’яўляецца кшталтаванне праэкалагічнай мадэлі паводзінаў, распаўсюджанне інфармацыі аб негатыўных наступствах выкарыстання аўтамабіля, заклік да альтэрнатыўных сродкаў транспарту. Праводзіцца прамоцыя публічнага транспарту і дэманстрацыя, што жыццё без аўтамабіля не толькі магчымае, але таксама значна больш прыемнае. Кампанія датычыць таксама змяншэння шуму і забруджвання паветра, з-за чаго ўплывае на паляпшэнне якасці жыцця ў месце.
Калі б усе аўтаўладальнікі Беларусі на адзін дзень адмовіліся ад выкарыстання машыны, то аб’ём выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасферну паменшыўся на 250 тон.
У Беларусі на 1000 чалавек насельніцтва маецца амаль 340 аўтамабіляў. У 2021 годзе ў асабістым карыстанні беларусаў знаходзілася 3,1 млн легкавых, 150 тысяч грузавых машын і амаль 12 тысяч аўтобусаў. У арганізацыях – 135 тысяч легкавых, 262 тысячы грузавых аўтамабіляў і 32 тысячы аўтобусаў.
З 22 верасня ў Беларусі стане даражэйшым тэхагляд. Некаторыя дыягнастычныя станцыі ўжо падвысілі кошты да 35-40 рублёў.
1850 годў. Памёр Францішак Дзеружынскі.
Беларускі рэлігійны дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сістэмы каталіцкай царквы ў ЗША, педагог.
Выкладаў у Магілёўскім, Мсціслаўскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах.
З 1821 года браў удзел у стварэнні езуіцкіх школ у ЗША.
Прафесар, віце-прэзідэнт і скарбнік Джорджтаўнскага ўніверсітэта.
1903 год. Нарадзіўся Хвядос Шынклер.
Беларускі празаік, драматург і сцэнарыст.
Член літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Працаваў ў розных газетах, часопісе «Полымя».
Аўтар шэрагу апавяданняў, аповесцяў, п’ес, кінасцэнарыяў, зборнікаў, у тым ліку і для дзяцей.
Загінуў на фронце.
У 1960 годзе выйшлі яго Выбраныя творы, у 1984 — кніга апавяданняў, аповесцяў, успамінаў «Апошні рэйс».
1939 год. У Брэсце адбыўся сумесны парад савецкіх і нямецкіх войск.
Парад прымалі камандзір нямецкага 19 танкавага корпуса генерал Г. Гудэрыян і камбрыг С. Крывашэін.
Парад адбыўся падчас працэдуры перадачы Брэста і Брэсцкай крэпасці СССР.
1943 год. У Мінску быў забіты В. Кубэ.
Вільгельм Кубэ быў кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Генеральнай акругі «Беларусь».
Традыцыйна ў савецкай гістарыяграфіі ініцыятыва і падрыхтоўка бомбавага замаху на Кубэ прыпісвалася камандаванню партызанскага атрада «Дзіма», а непасрэднае выкананне – Алене Мазанік і Марыі Осіпавай.
Аднак існуе таксама меркаванне, што выступіць арганізатарамі замаху мелі повад і магчымасць высокія сілы ў нямецкім СС. Дапускаецца, што аперацыя была праведзена з ініцыятывы Г. Гімлера.
1949 год. СССР правёў першае выпрабаванне ядзернай зброі.
У 7 гадзін раніцы на Сяміпалацінскім палігоне ў Казахстане адбыўся выбух магутнасцю каля 22 кілатон.
29 жніўня 1991 года ўказампрэзідэнта Казахстана Н. Назарбаева Сяміпалацінскі палігон быў зачынены.
1975 год. Памёр Павел Крынчык.
Беларускі дзеяч у міжваеннай Польшчы, публіцыст.
Удзельнік Таварыства беларускай школы, член яе Галоўнай управы.
Адзін з арганізатараў і член Галоўнага сакратарыята клуба «Змаганне».
За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польскімі і савецкімі ўладамі.
Вязень Калымскіх лагераў.
1980 год. На суднабудаўнічым заводзе польскага Гданьску створаны незалежны прафсаюз “Салідарнасць”.
Яго ўтварылі дэлегаты 36 рэгіянальных аддзяленняў незалежных прафсаюзаў. Старшынёй стаў Лех Валенса.
Да пачатку 1981 года “Салідарнасць” ужо мела ў сваіх шэрагах 10 мільёнаў чалавек.
У 1981-1989 гадах яна дзейнічала ў падполлі. Лех Валенса стаў Нобелеўскім лаўрэатам міра (1983), прэзідэнтам Польшчы (1990-1995).
1989 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ірвінг Берлін.
Амерыканскі кампазітар і паэт-песеннік, адзін з «вялікай пяцёркі» амерыканскіх кампазітараў ХХ стагоддзя. У некаторых інтэрв’ю горадам свайго нараджэння Берлінг называў Магілёў.
Аўтар каля 700 песень, музыкі для 13 драматычных спектакляў і 7 кінафільмаў. Сярод найбольш вядомых твораў – «Божа, блаславі Амерыку», якая лічыцца другім, неафіцыйным гімнам ЗША. Гэтае прызнанне адбылося пасля выканання на прэзідэнцкіх выбарах у 1940 года.
1999 год. Памёр Уладзімір Куляшоў.
Беларускі акцёр, народны артыст Беларусі.
Акцёр Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Сыграў каля 50 ролей у тэатры і кіно.
Глядачам асабліва запомніўся па ролях у «Шляхціц Завальня», «Плач перапёлкі», «Дуброўскі», «Знак бяды», «Палеская хроніка», «Людзі на балоце», «Подых Навальніцы», «Час выбраў нас» і іншых.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў
На паліцах магілёўскіх крамаў хутка з’явіцца пажыўнае і гіпаалергеннае малако.
Першая дзяржаўная казіная ферма створана ў Магілёўскім раёне – паведамляе афіцыйны сайт аблвыканкама.
Казінае малако па карысці пераўзыходзіць каровіна і з’яўляецца крыніцай комплексу незаменных біялагічна актыўных рэчываў, якія выдатна ўплываюць на імунітэт і агульны стан здароўя чалавека, павялічваюць пажыўнасць штодзённага рацыёну. Але на сёння казінае малако – дэфіцытны тавар.
Першая дзяржаўная казіная ферма створана на базе Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства у вёсцы Чаромушкі ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Аграрны бізнес” на 2021-2025 гады. Ужо зараз закуплены 150 жывёл альпійскай і зааненскай парод, падрыхтаваны жывёлагадоўчыя памяшканні, домікі для маладніка, даільная зала на 24 месцы. Завяршаюцца работы па ўладкаванні радзільнай залы.
Акрамя таго, што створаная ферма будзе даваць племянную жывёлу і насенны матэрыял высокай генетычнай каштоўнасці, тут будуць вырабляць высокаякаснае малако. Яно будзе перапрацоўвацца на Шклоўскім масларобным заводзе.
У планах племпрадпрыемства – будаўніцтва рэпрадуктара штучнага абнасеньвання коз, павялічэнне маткавага пагалоўя да 500 коз.
– Гэта дазволіць закрыць поўную патрэбнасць у краіне ў племянным маладняку. – адзначыў гендырэктар РУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» Мікалай Арлянок – Племянны статак ужо завезены, пачата работа па развядзенні жывёл. Літаральна за некалькі месяцаў на магілёўскай зямлі ўжо з’явіліся 35 казлянят”.
Коз кормяць якаснымі кармамі,якія нарыхтоўваюцца на ўласных палях прадпрыемства.
Ужо на сёння кожная каза першага года жыцця з 36 галоў статку дае каля 2,5 літраў малака ў дзень. У перспектыве надой можа скласці болей васьмі літраў. Верагодна, што праз 2-3 месяцы першая прадукцыя магілёўскага казаводства ўжо з’явіцца на паліцах крамаў. Гэта будзе пажыўнае і гіпаалергеннае малако, расфасаванае ў ПЭТ-бутэлькі па 0,9 літры.
Падарунак на Дзень горада імкнуцца здаць хаця б да першага снегу.
У райцэнтры мадэрнізуюцца гарадскі сквер на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай і ўзводзіцца экалагічны гарадок – паведамляе афіцыйны сайт Крычаўскай адміністрацыі. Пры гэтым кіраўніцтва раёна прызнае , што будаўнічыя работы ідуць нізкімі тэмпамі. “Будаўнікі не спраўляюцца” – пішасайт райвыканкама.
– Трэба паскорыцца і здаць аб’ект да таго часу, пакуль не пачнуцца праліўныя восеньскія дажджы і тым больш ляжа снег. – крытыкаваў на працоўнай нарадзе старшыня райвыканкама Андрэй Седукоў – Крычаўляне павінны гуляць у гэтым месцы, мамы з калясачкамі, падлеткі.
Дзень горада прымеркаваны да даты вызвалення Крычава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і святкуецца 30 верасня 1943 года.
Экалагічны гарадок у Крычаве – падарунак крычаўлянам ад лясніцтваў краіны. На яго тэрыторыі ўжо ўстаноўлены альтанкі, абсталявана пляцоўка для вогнішча.
Акрамя гэтага, прадугледжана азяляненне гарадка, узвядзенне аглядальнай пляцоўкі, дзіцячай гульняевой пляцоўкі са спартовымі элементамі.
Будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі спансіруецца РУП «Белмытсервіс», генеральны дырэктар якой Вадзім Бабарыкін з’яўляецца ўраджэнцам Крычаўшчыны.
Устанавілі першыя 2 электразапраўкі. Буйнейшы не абласны горад Беларусі зрабіў важны крок да электрыфікацыі гарадскога транспарту.
Зарадныя станцыі для электратранспарту атрымліваюць усё большае распаўсюджанне на Магілёўшчыне, але да апошняга часу заправіць электрамабіль у Бабруйску было немагчыма. Найбліжэйшая станцыя зарадкі AE Charging Station знаходзілася каля вёскі Сычкава непадалёк ад скрыжавання вуліцы Мінская шаша і бабруйскай акружной дарогі.
Натуральна, што напачатку найвялікшы попыт на станцыі быў у буйных гарадах Беларусі, але цікавасць да такога транспарту пашырае сваю геаграфію. З’явіўся попыт на электразапраўкі і на Бабруйшчыне.
Як паведамляе рэсурс bobr.news, 21 верасня ў Бабруйску ўстанавілі адразу 2 зарадкі для электратранспарту. Электразапраўкі ўсталявала фірма Маланка непадалёк ад гандлёвага цэнтра Карона (вул. 50 год УЛКСМ).
Зарадная станцыя (або электразаправачная станцыя) — прадстаўляе электраэнергію для зарадкі акумулятарнага электратранспарту, такога як электрамабілі, электробусы, электраскутары, электрасамакаты, гіраскутары, сігвеі, электравеласіпеды і г. д.
Калі ў Бабруйску новы від транспарту робіць толькі першыя крокі, то ў Магілёве электразапраўкі здзіўляюць толькі турыстаў з расійскіх рэгіёнаў. Магілёўцы да іх даўно прызвычаіліся. Толькі найбуйнейшая сетка электразарадных станцый Malanka мае ў горадзе больш за 10 заправак.
Адрасы папулярных электразаправак у Магілёве: М-8 232-гі км, вул. Карла Маркса 11, вул. Чалюскінцаў 8, вул. Першамайская 146, вул. Будзёнага 15/34, вул. Цярохіна 11, пр-т Пушкінскі 7, вул. Прывакзальная 2а, каля будынку Тэхнапарку і г.д.
У Турцыі сёння ноччу абмянялі 215 украінскіх ваенных – на Віктара Мядведчука і 55 расійскіх палонных.
Начны абмен адбываўся пры пасярэдніцтве прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, а таксама наследнага прынца Саўдаўскай Аравіі Мухамеда бен Салмана. З расійскага палону былі вызваленыя пяць легендарных камандзіраў Збройных сілаў Украіны, што амаль тры месяцы абаранялі Марыўпаль і завод “Азоўсталь” вясной 2022 года – паведамляе агенцтва Unian. Гэта Дзяніс “Рэдзіс” Пракапенка, Святаслаў “Каліна” Панамар, Алег Хаменка, Сяргей “Валына” Валынскі, і Дзяніс Шлега.
Усяго з палону ўдалося абмяняць 118 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Украіны, 10 замежных грамадзян, якія былі прысуджаныя да смяротнага пакарання ў самаабвешчанай ДНР, а таксама па 9 памежнікаў і паліцэйскіх. Сярод вызваленых украінскіх ваенных былі і тыя, хто перажыў тэрарыстычны акт у лагеры для ваеннапалонных у Яленаўцы – падкрэсліў у сваім відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Наўзамен украінскі бок перадаў расійскаму палітыка Віктара Мядведчука, абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама 55 вайскоўцаў РФ.
Ва ўпартай барацьбе ны абыйшлі клічаўскіх і кіраўскіх пенсіянераў.
На Кіраўшчыне прайшло спаборніцтва “Планета спорту” для грамадзян сталага ўзросту – піша газета “Кіравец”. Жыхары Быхаўскага, Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў спаборнічалі ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030”.
На базе трэнажорнай залы “Геркулес” фізкультурнікі паважанага ўзросту трох суседніх раёнаў спаборнічалі ў дартсе, у набіванні тэніснага мяча, эстафеце пажарных-выратавальнікаў, конкурсе на спрыт “Лавіся рыбка”. Узроставыя “спартсмены” дэманстравалі сваё майстэрства і ў іншых спартовых дысцыплінах.
Трэба адзначыць, што спаборнічалі не проста грамадзяне пажылога ўзросту, а тыя, хто наведвае аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Як сведчыць фотастаронка газеты “Кіравец”, у зале панавала атмасфера пазітыву, радасці і здаровага спартыўнага суперніцтва. Нягледзячы на шаноўны ўзрост усе фізкультурнікі імкнуліся даказаць, што менавіта яны мацней і кемлівей за іншых.
Дыпломам 1 ступені і каштоўнымі падарункамі была адзначана каманда Быхаўскага ЦСАН, 2-е месца заваявалі кіраўчане, 3-е – на рахунку каманды з Клічава. Пры гэтым кожная з каманд перамагла хаця б у адной дысцыпліне.
Галоўны вынік спартакіады – добры настрой і незабыўныя ўражанні. Завяршылася мерапрыемства сяброўскім чаяваннем.
Шпацыр па ўтульнай набярэжнай удалечыні ад гарадскога тлуму – улюбёны адпачынак для многіх магілёўцаў. Калісьці паўнаводная, Дубравенка сфарміравала унікальны гарадскі ландшафт горада на Дняпры. Яна адсякае цэнтральную частку Магілёва з захаду, ствараючы велічны і непрыступны мыс, на якім паўстаў гістарычны цэнтр.
На Дубравенцы паўстала самае старажытнае гарадзішча ў абласным цэнтры – Змяёўка. Часы яго існавання гісторыкі звязваюць з ранняй гісторыяй славянства.
Ад чыгуначнага насыпу каля праспекта Міра і да Быхаўскага рынку тэрыторыя набярэжнай упарадкаваная і прыцягвае шматлікіх мінакоў на спакойны, прыемны адпачынак.
На цэнтральных рынках гарадоў вобласці па суботах і нядзелях пачынаючы з 24 верасня будуць арганізаваныя сельскагаспадарчыя кірмашы. У Магілёве першае такое мерапрыемства пройдзе на вуліцы Альтайскай, каля школы №13 – паведамляюць“Магілёўскія ведамасці”.
Кірмашы будуць працягвацца да 12 лістапада. Святочная частка мерапрыемства, з выступамі народных калектываў і ансамбляў мастацкіх школ запланаваная ў Магілёве з 10 да 16 гадзін.