Камандзіры абаронцаў “Азоўсталі” вызвалены з расійскага палону

У Турцыі сёння ноччу абмянялі 215 украінскіх ваенных – на Віктара Мядведчука і 55 расійскіх палонных.

Начны абмен адбываўся пры пасярэдніцтве прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, а таксама наследнага прынца Саўдаўскай Аравіі Мухамеда бен Салмана. З расійскага палону былі вызваленыя пяць легендарных камандзіраў Збройных сілаў Украіны, што амаль тры месяцы абаранялі Марыўпаль і завод “Азоўсталь” вясной 2022 года – паведамляе агенцтва Unian. Гэта Дзяніс “Рэдзіс” Пракапенка, Святаслаў “Каліна” Панамар, Алег Хаменка, Сяргей “Валына” Валынскі, і Дзяніс Шлега.

Усяго з палону ўдалося абмяняць 118 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі Украіны, 10 замежных грамадзян, якія былі прысуджаныя да смяротнага пакарання ў самаабвешчанай ДНР, а таксама па 9 памежнікаў і паліцэйскіх. Сярод вызваленых украінскіх ваенных былі і тыя, хто перажыў тэрарыстычны акт у лагеры для ваеннапалонных у Яленаўцы – падкрэсліў у сваім відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Наўзамен украінскі бок перадаў расійскаму палітыка Віктара Мядведчука, абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама 55 вайскоўцаў РФ.