Пад Магілёвам рэалізуецца першы ў Беларусі праект у племянным казаводстве

На паліцах магілёўскіх крамаў хутка з’явіцца пажыўнае і гіпаалергеннае малако.

Першая дзяржаўная казіная ферма створана ў Магілёўскім раёне – паведамляе афіцыйны сайт аблвыканкама.

Казінае малако па карысці пераўзыходзіць каровіна і з’яўляецца крыніцай комплексу незаменных біялагічна актыўных рэчываў, якія выдатна ўплываюць на імунітэт і агульны стан здароўя чалавека, павялічваюць пажыўнасць штодзённага рацыёну.  Але на сёння казінае малако – дэфіцытны тавар.

Першая дзяржаўная казіная ферма створана на базе Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства у вёсцы Чаромушкі ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Аграрны бізнес” на 2021-2025 гады. Ужо зараз закуплены 150 жывёл альпійскай і зааненскай парод, падрыхтаваны жывёлагадоўчыя памяшканні, домікі для маладніка, даільная зала на 24 месцы. Завяршаюцца работы па ўладкаванні радзільнай залы.

Акрамя таго, што створаная ферма будзе даваць племянную жывёлу і насенны матэрыял высокай генетычнай каштоўнасці, тут будуць вырабляць высокаякаснае малако. Яно будзе перапрацоўвацца на Шклоўскім масларобным заводзе.

У планах племпрадпрыемства – будаўніцтва рэпрадуктара штучнага абнасеньвання коз, павялічэнне маткавага пагалоўя да 500 коз. 

– Гэта дазволіць закрыць поўную патрэбнасць у краіне ў племянным маладняку. – адзначыў гендырэктар РУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» Мікалай Арлянок – Племянны статак ужо завезены, пачата работа па развядзенні жывёл. Літаральна за некалькі месяцаў на магілёўскай зямлі ўжо з’явіліся 35 казлянят”.

Коз кормяць якаснымі кармамі,якія нарыхтоўваюцца на ўласных палях прадпрыемства.

Ужо на сёння кожная каза першага года жыцця з 36 галоў статку дае каля 2,5 літраў малака ў дзень. У перспектыве надой можа скласці болей васьмі літраў. Верагодна, што праз 2-3 месяцы першая прадукцыя магілёўскага казаводства ўжо з’явіцца на паліцах крамаў. Гэта будзе пажыўнае і гіпаалергеннае малако, расфасаванае ў ПЭТ-бутэлькі па 0,9 літры.

фота: Белта