З 1 красавіка адмяняюць аўтобус Крычаў-Рослаў – крычаўляне супраць

Кіраўніцтва крычаўскага філіяла «Магілеўаблаўтатранс» вырашыла з першага красавіка адмяніць аўтобус з Крычава ў расійскі Рослаў. Адмена маршрута стала балючым пытаннем для крычаўскіх студэнтаў. 

У транспартным прадпрыемстве такое рашэнне аргументуюць тым, што такі аўтобусны маршрут эканамічна нявыгадны. Такім чынам, транспартныя зносіны паміж прымежнымі гарадамі з новага месяца перастаюць дзейнічаць, нягледзячы на іх падбрацімства. У Рослаў аўтобус з Крычава ездзіў у пятніцу, панядзелак і аўторак. 

Аднак жыхары горада абураны такім рашэннем, бо іншага транспарта каб дабрацца да Рослава няма, а наймаць машыну – дастаткова дарагое задавальненне. Асаблівую праблему адмена транспартнага маршрута стварае крычаўскім студэнтам, якіх шмат навучаецца ў сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установах Рослава.  

Раённая газета “Крычаўскае жыццё” піша, што бацькі студэнтаў, якія навучаюцца ў Рославе, прапануюць кіраўніцтву крычаўскага аўтапарка пакінуць аўтобусны маршрут, аднак скараціць паездку ў аўторак. Яны таксама прапануюць зрабіць пятнічны выезд з Рослава на Крычаў пазнейшым: не а 11-й раніцы, а ў 16.00, каб навучэнцы пасля заняткаў маглі на яго паспець. 

Ці разгледзіць кіраўніцтва крычаўскага аўтапарку прапанаваны варыянт давадаемся ў бліжэйшы час. 

Фота ілюстратыўнае 

У школах уводзяць новы факультатыў з-за праблем у кадрах на чыгунцы

У магілёўскіх старшакласнікаў з’явіцца новы факультатыў – «Увядзенне ў прафесію чыгуначнага транспарту». 

У СССР чыгунка была дзяржавай у дзяржаве. Яна не проста кіравала і абслугоўвала дарогі, але мела сваю сістэму гандлю, аховы здароўя і нават сістэму часу. 

У незалежнасці ад мясцовай часавой зоны паўсюль ад Брэста да Ўладзівастока расклад пісаўся па маскоўскім часе. Заробкі на чыгунцы былі вялікімі і стабільнымі. На прэстыжную працу можна было ўладкавацца пераважна па блату. 

Цяпер беларуская чыгунка практычна банкрут. Не дзіўна, што ў школах пачынаецца прафарыентацыйная праца для рэкрутавання новых работнікаў. Зроблена гэта з прычыны дэфіцыту кадраў па многіх спецыяльнасцях на беларускай чыгунцы. 

Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў пастанову Міністэрства адукацыі ад 13 студзеня 2023 года аб увядзенні факультатыўных заняткаў для 10-11-х класаў сярэдняй адукацыі. Праграма разлічана на 70 гадзін (па 35 гадзін у кожным класе, 1 гадзіна ў тыдзень) і арыентавана на азнаямленне навучэнцаў з агульнымі абавязкамі работнікаў арганізацый чыгуначнага транспарту.

Галоўнай мэтай факультатыву стане стварэнне ўмоў для выбару прафесіі навучэнцамі. Асноўнай формай навучання стануць групавыя заняткі з правядзеннем семінараў, канферэнцый, экскурсій, выязных заняткаў.

Крычаў змагаецца з адлігай, надзвычайшчыны ўжо менш

Крытычная сітуацыя была ліквідаваная за ноч, ратавальнікі і камунальнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме – паведамляе прэс-служба МНС. 

На вуліцы Куйбышава аказаліся падтопленымі 6 шматкватэрных жылых дамоў і 2 прыватныя дамы. Вада аказалася і ў падвалах дамоў. Работнікі МНС адпампавалі ваду з падворкаў і падвалаў.

Ратавальнікі і камунальнікі праводзяць падворны абход – жыхарам падтопленых дамоў пры жаданні прапануецца часова перасяліцца ў жыллё падменнага фонду або свабоднае арэнднае жыллё.

Фота: МНС

Швейцарцы стварылі самы вялікі ў свеце самазвал з электрарухавіком, які зараджае сябе сам

65-тонны электрагрузавік, які  эканоміць да 80 тысяч літраў дызпаліва ў год, праходзіць выпрабаванні ў Швейцарыі.  

Яшчэ колькі гадоў таму электрамабілі ўяўляліся альбо нечым раскошным, альбо, наадварот невялікім гарадскім аўтамабілем. Цяпер, як паведаміў рэсурс novate, швейцарскія канструктары “пахваліліся” новым вялікім самазвалам з электрарухавіком.

Швейцарская кампанія Kuhn Schweitz пачала выпрабаванні электрычнага самазвалу, які, па словах інжынераў, не трэба ні запраўляць, ні зараджаць. Сёння швейцарская навінка – найбуйнейшы электрычны грузавік у свеце. Маса машыны складае 45 тон, а грузападымальнасць – 65 тон.

Самазвал абсталяваны магутнай батарэяй ёмістасцю 600 кВт/г, і важыць гэты цуд інжынернай думкі 4 тоны. Гэтай батарэі дастаткова, каб заправіць шэсць грамадзянскіх электрамабіляў. 

Самае цікавае заключаецца ў тым, што частка энергіі для руху самазвал вырабляе самастойна. Так, у выпадку спуску з 13-градусным схілам, з аўтамабільнай нагрузкай у 65 тон грузаў, актывуецца сістэма рэкуператыўнага тармажэння. Замест таго, каб тармазіць, электрычны рухавік пераходзіць у рэжым генератара. Яго электраэнергія адпраўляецца назад у батарэю. За час спуску выпрацоўваецца столькі энергіі, што гэтага дастаткова для аднаго ўздыму пустой машыны па таму самаму схілу ўверх. Кожны дзень грузавік здзяйсняе каля 20 паездак. Гэты рэжым дазваляе эканоміць ад 40 да 80 тысяч літраў дызельнага паліва ў год.

Галоўнае дасягненне швейцарцаў заключаецца ў тым, што яны перамаглі шкодны стэрэатып няздольнасці электрарухавікоў справіцца з цяжкімі прафесійнымі задачамі аўтамабіляў.

Фота з адкрытых крыніц 

Рэцыдывіст у Магілёве лёгка абакраў ангар, таму што раней у ім працаваў

З прыватнага ангара па завулку Гаражным у Магілёве невядомы выкраў маёмасць на агульную суму каля 1500 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. 

Сышчыкі высветлілі, што чужыя рэчы вынес 37-гадовы беспрацоўны, ужо судзімы магілёвец. Раней ён працаваў у заяўніка і ведаў працоўны распарадак, а таксама тое, як можна адчыніць уваходныя дзверы. Ён неаднаразова прабіраўся ўнутр ангара, адкуль і вынес дарагія рэчы. 

Фота мае ілюстрацыйны характар

Магнітная бура накрые Зямлю сёння ці заўтра, але будзе невялікай

На Сонцы ўтварылася “дзірка” дыяметрам у 20 разоў больш Зямлі. Сонечны вецер, які справакуе магнітную буру, дасягне нашай планеты 31 сакавіка ці 1 красавіка – паведамляе Daily Mail.

Паток плазмы, які вырваўся з “дзіры”, рухаецца з хуткасцю 2,9 мільёнаў кіламетраў у гадзіну і дасягне Зямлі 31 сакавіка або 1 красавіка. Згодна з прагнозамі, большая частка плазменнага патоку абміне Зямлю і магнітная бура не будзе моцнай.

Гэта ўжо другая каранальная дзірка гіганцкіх памераў, зафіксаваная на Сонцы.

Першая, якая ў 30 разоў перавышае памеры Зямлі, была знойдзена на зорцы 23 сакавіка.

Фота: NASA

Дзень у гісторыі. 31 сакавіка. Эйфелева вежа. СССР папрасіўся ў НАТА. Нарадзіліся паэт А. Мінкін, хакеіст П. Бурэ. Першая ахвяра СОVID – акцёр В. Дашкевіч.

1697 год. Маскоўскі дыпламат, стольнік Пётр Талсты пабываў у магілёўскім Брацкім манастыры. 

Ён  прыбыў у Магілёў напярэдадні. «У тым манастыры царква саборная вялікая, будынак у царкве ладнай разьбяной працы пазалочаны. Тая царква ўся падпісана насценным лістом ладным, іканастас разны пазалочаны, вялікі, ладнай працы».

Брацкі манастыр (1620–1940-я).

1785 год. Памёр ураджэнец Наваельні граф Антоній Тызенгаўз (1733–1785).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Заснавальнік першага на Беларусі перыядычнага выдання – «Gazeta Grodzieńska». Адміністратар каралеўскіх эканомій: Гарадзенскай, Брэсцка-Кобрынскай, Шавельскай, Аліцкай і Магілёўскай.

Яго намаганнямі Гродна зрабілася месцам працы розных дзяржаўных устаноў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбунала, задворнага асэсарскага суда. 

Заснаваў у горадзе і яго ваколіцах шэраг мануфактур, адчыніў гарадскі тэатр,  кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую, тэатральную і іншыя школы, друкарню.

У 1775 годзе набыў у Вільні друкарню, выдаваў календары, часопіс «Gazety Wileńskie».

Палымяны прыхільнік асветы, усталявання роднай мовы. Прапаноўваў Ж.-Ж. Русо  пераехаць жыць у Гродна або ў Белавежскую пушчу.

Пахаваны ў фамільным склепе ў Жалудоцкім касцёле.

Помнікі Тызенгаўзу ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным касцёле, Паставах, яго імем названа плошча ў Гродне.

1889 год. У Парыжы ўрачыста адкрыта Эйфелева вежа.

Сімвал Парыжа, кахання ў закаханых парачак з усяго свету. Першапачаткова задумвалася як часовая канструкцыя і была пабудавана ўсяго за 2 гады на Марсавым полі ў якасці ўваходнай аркі на тэрыторыю экспазіцыі Сусветнай выставы 1889 года. Пазней названа ў гонар свайго канструктара Г. Эйфеля.

Ажурнае збудаванне складаецца з 18 000 металічных дэталяў, для злучэння якіх было выкарыстана 2,5 мільёны заклёпак. Металічныя канструкцыі важаць 7300 тон, а агульная вага, уключаючы неметалічныя элементы, складае 10000 тон.

15 мая 1889 года на вежу падняліся першыя наведвальнікі.

324 мятровая вежа была самай высокай ў свеце да 1930 года.

1904 год. На браняносцы «Петрапаўлаўск» падчас руска-японскай вайны загінуў ураджэнец Мінска Андрэй Валковіч (1870–1904).

Ваенны ўрач. Доктар медыцыны.

Скончыў Імператарскую Ваенна-медыцынскую акадэмію. Прымаў удзел у барацьбе з эпідэміямі тыфа, халеры ў Вяцкай губерні.

Служыў урачом у розных флоцкіх экіпажах. Аддаваў перавагу не практычнай, а эксперыментальнай медыцыне, якой ён з захапленнем заняўся па прапанове і пад кіраўніцтвам І. Паўлава.

Удзельнік руска-шведскай экспедыцыі (1899–1901) па градусным вымярэнні на архіпелагу Шпіцберген. На востраве збіраў гідралагічны і заалагічны матэрыял.

Удзельнік руска-японская вайны.

У яго гонар названа гара на ўсходзе Зямлі Тарэля вострава Заходні Шпіцберген.

1910 год. Пад Браславам нарадзіўся Юзаф Буйноўскі (1910–2001).

Польскі паэт, гісторык літаратуры, літаратурны крытык, эсэіст.

Скончыў Дзісенскую гімназію, Віленскі ўніверсітэт.

Выкладаў у Браслаўскай прыватнай гімназіі, выдаў у мясцовай друкарні два зборнікі вершаў. Перад вайной працаваў у Вільні.

Пасля пачатку ІІ Сусветнай вайны быў мабілізаваны ў польскую армію і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях пад Львовам. У 1939–1941 гадах быў зняволеным ў савецкім лагеры, з якога ўцёк у Вільню. У 1941 годзе быў арыштаваны НКУС і адпраўлены ў канлагер на Урал, зноў уцёк і ўступіў у армію генерала Андэрса, удзельнічаў у баявых дзеяннях 2-га корпуса на тэрыторыі Італіі. 

У 1946 годзе стаў сузаснавальнікам польскага ПЭН клуба і пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Англію.

У Вялікабрытаніі займаўся выдавецкай, літаратурнай дзейнасцю, кіраваў выдавецтвам Польскага літаратурнага таварыства, утрымліваў уласную друкарню. Як доктар і прафесар выкладаў ва ўніверсітэтах Англіі, Амстэрдама, Гайдэльберга.

1952 год. У в. Чарняўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Алег Мінкін.

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Узнагароджаны літаратурнымі прэміямі «Гліняны Вялес» за кнігу вершаў «Пенаты», імя М. Стральцова за паэтычную творчасць.

Скончыў Бабруйскую школу-інтэрнат № 1, Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці.

Працаваў у Бураціі, на нафтаправодзе «Дружба» ў Наваполацку, у «Галоўтранснафце» (Гомель), на нафтаправодах Цюменскай вобласці.

Жыве ў Вільнюсе. Выдаваў газету «Рунь».

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, прозы, дзіцячых кніг.

Пераклаў вершы Ц. Норвіда, Б.  Лесьмяна, Л. Стафа, М. Зэрава, П. Грабоўскага.

1954 год. СССР звярнуўся да НАТА з просьбай прыняць яго ў сябры арганізацыі.

НАТА просьбу не задаволіла.

1964 год. Нарадзіўся Ян Збажына

Беларускі паэт і празаік.

Працаваў у школах і ўніверсітэце ў Баранавічах. Заснавальнік маладзёжнага і скаўцкага руху ў г. Баранавічы, адзін з заснавальнікаў Баранавіцкага філіяла БАЖ.

Аўтар, сааўтар кніг, зборнікаў паэзіі, апавяданняў, афарызмаў, вершаў, эсэ, якія друкаваліся ў многіх газетах, часопісах «Першацвет», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў».

Памёр 10 лютага 2011 года.

1969 год. Памёр Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893-1969).

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы и балета

1971 год. У 3-й гарадской бальніцы Мінска нарадзіўся Павел Бурэ.

У пасведчанні аб нараджэнні месцам нараджэння запісана Масква па месцы прапіскі бацькоў.

Савецкі і расійскі хакеіст. Заслужаны майстар спорту СССР. Правёў у НХЛ 12 сезонаў у складзе каманд «Ванкувер Кэнакс», «Фларыда Пантэрз» і «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». За сваю хуткасць атрымаў мянушку “Руская ракета”.

У рэгулярных сезонах НХЛ правёў 702 гульні, у якіх набраў 779 ачкоў (437 шайб і 342 перадачы). Па сярэдняй колькасці шайб за матч (0.623) займае пятае месца ў гісторыі НХЛ. Шэсць разоў удзельнічаў у матчах усіх зорак, а ў 2000 годзе атрымаў прыз самаму каштоўнаму гульцу матчу ўсіх зорак.

Член залы славы Міжнароднай федэрацыі хакея і Залы хакейнай славы. Уваходзіць у спіс 100 найвялікшых хакеістаў за ўсю гісторыю НХЛ.

2020 год. Першай афіцыйнай ахвярай каронавіруса на Беларусі стаў Віктар Дашкевіч (1945–2020).

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст. Уладальнік медаля Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў акцёрам, загадчыкам трупы ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дырэктарам Беларускага тэатра «Лялька» (Віцебск).

Сыграў больш за 40 ролей у тэатры, у тым ліку ў пастаноўках «Несцерка» В. Вольскага, «Прымакі» Янкі Купалы, «Званы Віцебска» У.  Караткевіча, «Чорная нявеста» А. Дударава, «Апошнія сведкі» С.  Алексіевіч.

“Укралі са склада” – двое работнікаў шчыра прызналіся свайму кіраўніку, адкуль вязуць зерне

Двух работнікаў сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Горацкім раёне позна вечарам на дарозе сустрэў кіраўнік гэтай арганізацыі. Ён пабачыў, што мужчыны вязуць на падводзе два мяшкі зерня. Як потым высветлілася, на 820 кілаграмаў. На пытанне кіраўніка, адкуль узялі мяшкі, работнікі шчыра прызналіся, што скралі іх са склада арганізацыі. Начальнік выклікаў міліцыю і дзежураваў каля злодзеяў да прыезда праваахоўнікаў.

Камітэт судовых экспертыз пацвердзіў – пранікнуць на склад прасцей простага, а на ўваходзе быў выяўлены адбітак абутку аднаго з работнікаў, затрыманых дырэктарам – паведамляе прэс-служба Камітэта.

Фота: Прэс-служба Камітэта судовых экспертыз

Помнік Ларысе Геніуш у Зэльве ўсё ж знеслі – патаемна, ноччу

У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве Святой Жываначальнай Тройцы з 2003 года  – паведаміў унук паэткі грамадзянін Польшчы Міхась Геніюш. Ён паказаў фота таго месца, дзе стаяў помнік.

Толькі ўранні mogilev.media паведамляў, што помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству.

Але помнік знік. “Гэта зрабілі ўночы паціху, каб ніхто не бачыў, не ведаў, каб людзі абудзіліся зранку і заўважылі, што помніка няма. Гэта вельмі дзіўная справа і нечаканая” – кажа Міхась Геніюш. 

Дэталі знікнення дагэтуль не вядомы. Прычына знікнення помніка да канца незразумелая.  Устаноўку помніка 20 гадоў назад дабраславіў мітрапаліт Філарэт. Савецкія ўлады друкавалі вершы Л. Геніюш, выдавалі кніжкі, ёй плацілі за гэта ганарары. Ларыса Геніюш была нават у Саюзе пісьменнікаў. Напярэдадні Зэльвенскі райвыканкам адмовіўся дэмантаваць помнік, чаго патрабавала прарасійская актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава. 

Унук заявіў, што не будзе звяртацца ў беларускія праваахоўныя органы, каб тыя разабраліся ў знікненні помніку ягонай бабулі: «Прабачце, але не буду… Ехаць у Беларусь я не збіраюся, бо гэта можа быць для мяне нават небяспечна».

Калі нехта з Беларусі захоча змагацца за вяртанне помніка, то Міхась Геніюш падтрымае гэтую ініцыятыву, але сам не будзе яе пачынаць, бо не бачыць у гэтым сэнсу.

Ён думае, што больш эфекту выйдзе, калі вяртаннем помніка зоймецца царква, бо бюст стаяў на яе тэрыторыі.

Жыхары Зэльвы будуюць розныя версіі, але самыя папулярныя: нехта з грамадзян забраў да сябе, каб захаваць помнік, альбо што гэта зрабіла сама блогерка В. Бондарава. 

Фота з адкрытых крыніц

Пахмурна, дождж са снегам – прагноз надвор’я на уікенд

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць +4 +5°С у сярэднім, з ваганнямі ноччу ад -4°С да +5°С, днём – ад +2°С да +8°С. Будзе пераважаць пахмурнае, галоўным чынам з ападкамі надвор’е. 

З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 9 хвілін з 12 гадзін і 57 хвілін у апошні дзень сакавіка да 13 гадзін 6 хвілін 2 красавіка. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 6:31, зойдзе а 19:37.

Сінаптычны прагноз на апошні рабочы дзень тыдня і апошні дзень месяца, 31 сакавіка: уноч да  -4°С, раніцай каля -1°С, удзень і ўвечары да +2°С. Цэлы дзень воблачна, чакаецца дождж са снегам. Вецер на працягу сутак паўднёвы, хуткасцю да 3-7 м/с. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца. Неустойлівае геамагнітнае поле. Прырастаючы Месяц.

Суботняе, першакрасавіцкае, надвор’е абяцае быць пахмурным, з снегам і дажджом зрання, з дажджом на працягу астатняга дня. Раніцой тэмпература каля +1 +2°С, днём да +6°С, ноччу да +4 -5°С. На працягу сутак будуць вятры з паўднёвага ўсходу і поўдня, хуткасцю 2-3 м/с.

У нядзелю, 2 красавіка, раніцай тэрмометры пакажуць каля +5°С, удзень да +8°С. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёвыя і паўднёва-заходнія вятры хуткасцю да 2-5 м/с. Пахмурна, дажджы.

Ранак панядзелка 3 красавіка пачнецца з воблачнага надвор’я, з тэмпературай +1  +2°С. Днём і ўвечары пройдуць дажджы.

Фота: mogilev.media