У Мсціслаўскім раёне паход да дамы каштаваў мужчыне 5 500 долараў

Акрамя таго, ён пазбавіўся залатога кулона, пашпарту і вадзіцельскага пасведчання

Жыхар вёскі Шамаўшчына Мсціслаўскага раёна знаходзіўся ў гасцях у знаёмай. 

Падчас гасцявання мужчына згубіў барсетку, у якой знаходзіліся 20 000 расійскіх рублёў, 10 500 беларускіх, 1800 долараў, залаты кулон, пашпарт, вадзіцельскае пасведчанне, тэхпашпарт на аўтамабіль – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. Цяпер барсетку шукае міліцыя.

Фота ілюстрацыйнае

На Магілёўшчыне зноў рытуальна выклікалі дождж, мінулым разам дапамагло

У вёсцы Гамарня Быхаўскага раёна правялі рытуал па выкліканні дажджу – піша “Маяк Прыдняпроўя”. Удзельніцы абраду, захапіўшы з сабой саматканае вузкае палатно, адправіліся да крыніцы. Палатно ткалі на працягу некалькіх дзён “самыя паважаныя ў сяле жанчыны” – сцвярджае выданне. Палатно падчас рытуала сімвалізавала бесперапынныя струмяні дажджу.

Потым у ваду апусцілі дробку маку, які сімвалізуе дождж, з просьбай аб пасланні дажджу. А таксама крыжападобна асвяцілі крыніцу дробкай чацвярговай солі з малітвай да ўсіх святых.

Напрыканцы мінулага тыдня на Магілёўшчыне ўжо выклікалі дождж. Пра рытуал у Клімавіцкім раёне з распашкай берага ракі плугам пісалі mogilev.media. Што цікава, у мінулую суботу ў многіх раёнах Магілёўшчыны сапраўды прайшоў дождж – адзіны за доўгія тыдні засушлівага надвор’я.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

Першы еўрапейскі чэмпіянат па сэксе са скандалам праваліўся

Шоў было неахайна і небяспечна арганізавана і выявілася няўклюднай піар-акцыяй. 

Першы еўрапейскі чэмпіянат па сэксе, пра які пісалі mogilev.media завяршыўся ВІЧ-скандалам і ад’ездам большасці ўдзельнікаў, незадаволеных дрэннай арганізацыяй. Але яшчэ ў пачатку чэрвеня, калі навіну пра тое, што сэкс стане відам спорту растыражавалі сусветныя СМІ, гэты факт аспрэчылі ў Шведскай спартыўнай канфедэрацыі.

– Заяўкі федэрацый слалама на каноэ і федэрацыі сэксу не запоўнены належным чынам, і таму засталіся без разгляду – заявілі ў канфедэрацыі.

Прадстаўнік Шведскай спартыўнай канфедэрацыі Б’ёрн Эрыксан назваў жаданне зрабіць палавы акт відам спорту рэкламным трукам. За правядзеннем “чэмпіяната”, як аказалася, стаіць Драган Браціч (на фота). Гэты чалавек валодае сеткай стрыптыз-клубаў, а ў 2018-м ён атрымаў турэмны тэрмін на два гады за махінацыі з падаткамі.

Сам чэмпіянат быў арганізаваны абыяк. З першага ж дня яго трансляцыя ўвесь час зрывалася па тэхнічных прычынах, а пазней удзельнікам заявілі, што яны дрэнна выступаюць. 

– Хоць у першы дзень камеры не працавалі і ўвогуле нічога не працавала, мы працягвалі выступаць. На пяты дзень нам сказалі, што мы мала зарабляем, бо не прыцягваем дастатковай колькасці фанатаў. Але, калі шчыра, прадакшн мог бы знайсці грошы для свайго першага праекту – распавяла ўдзельніца, порнамадэль Talia Mint.

Яшчэ больш яе ўразіла тое, што арганізатары не сачылі за наяўнасцю ва ўдзельнікаў даведак аб адсутнасці ВІЧ. 

– Адзін з удзельнікаў прыехаў без тэста на ВІЧ. Я паведаміла аб гэтым арганізатарам, яны сказалі, што яго правераць у панядзелак. Я папрасіла пацвердзіць, што да гэтага ён не будзе мець ні з кім сэксуальных кантактаў. Але яны ўсё роўна паставілі яго на спаборніцтвы ў першы дзень – расказала порнамадэль.

Бразільская порнамадэль Сэльва Лап’едра параўнала чэмпіянат Еўропы па сэксе з фільмам жахаў. Аб гэтым піша El Plural.

Па словах Лап’едры, арганізацыя мерапрыемства была на дрэнным узроўні. Пачатак спаборніцтваў быў адкладзены з-за тэхнічных праблем: камеры завісалі, сайт не працаваў, абяцаных суддзяў не было. “Карацей кажучы, арганізацыя была на нулі”– расказала порнамадэль, адзначыўшы, што гэта вельмі раззлавала падпісантаў, якія заплацілі грошы.

Вядома, што Talia Mint выказала свае прэтэнзіі наконт ВІЧ-тэстаў Драгану Брацічу, з-за чаго ён зладзіў з ёй скандал, пасля якога большасць “спартсменаў” пакінулі Гётэборг.

Фота: sport-express.ru

Дзень у гісторыі. 16 чэрвеня. Заснаваны Ford i Pepsi. Пакарэнне космасу беларускай. Нарадзіўся А. Казарскі.

1797 год. У беларускай Дуброўне нарадзіўся Аляксандр Казарскі (1797-1833).

Ваенна-марскі дзеяч, падарожнік.

У 1831 годзе адшукаў найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Пецярбург, па якому пазней пракладзены Беламорска-Балтыйскі канал.

14 мая 1829 года на чале 18-гарматнага брыгу “Меркурый” уступіў у бой з турэцкімі караблямі, якія ўдзесяцёра пераўзыходзілі па сілах, і выйшаў пераможцам.

У гонар нашага земляка і яго гераізму пастаўлены помнікі і памятныя знакі ў Дуброўна, Севастопалі, Мікалаеве, прысвечаны палотны мастака Айвазоўскага.

Памёр 16 (28) чэрвеня 1833 года.

1828 год. Нарадзіўся Пётр Бяссонаў (1828-1898).

Рускі славянафіл, гісторык літаратуры, выдавец беларускага фальклору, этнолаг і публіцыст.

Служыў у Маскоўскім архіве Міністэрства замежных спраў, сінадальнай друкарні, старшынём Віленскай археаграфічнай камісіі, дырэктарам Віленскіх рэальнага вучылішча, гімназіі, бібліятэкарам Маскоўскага ўніверсітэта.

Вынікам яго дзейнасці ў Вільні стаў зборнік «Беларускія песні», у які ўвайшлі валачобныя, юр’еўскія, куставыя, мікольскія, пятроўскія, купальскія, калядныя і масленічныя песні.

Аўтар працы «Сепаратизм в Северо-Западном крае. Рассказ очевидца» ў выглядзе палемікі аўтара з умоўным апанентам. Апанент, пецярбургскі ліберал, сумняецца ў мэтазгоднасці прымусовай русіфікацыі края, папракае чыноўнікаў у няведанні спецыфікі і празмернай жорсткасці. П. Бяссонаў у адказ тлумачыць сваё разуменне праблемы беларускага і польскага сепаратызму, апраўдвае палітыку расійскага ўрада. 

1834 год. Нарадзіўся Аляксандр Ельскі (1834-1916).

Беларускі пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнавец.

Адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў, патрыярх прафесійнага беларусазнаўства.

Яму належаць словы: «Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі; праз яе пасрэдніцтва лягчэй за ўсё пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, стварыць дабрачыннасці!»

Памёр 10 верасня 1916 года.

1875 год. Нарадзіўся Канстанцін Галкоўскі (1975-1963).

Літоўскі і беларускі кампазітар, дырыжор, прафесар Літоўскай кансерваторыі. Народны артыст Літвы.

Бацька яго паходзіў з Магілёўшчыны.

Вучань М. Рымскага-Корсакава, А. Глазунова, А. Лядава. Сябра Максіма Танка, Рыгора Шырмы.

Аўтар многіх твораў, заснаваных на беларускім фальклоры, музыкі рамансаў і хораў на вершы беларускіх паэтаў Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Зм. Бядулі, К. Буйло.

Р. Шырма і К. Галкоўскі разам з маладымі беларускімі літаратарамі Н. Арсенневай, Максімам Танкам, Х. Ільяшэвічам, Я. Бартулем, М. Шчорсам і іншымі. Канец 1920-х гг.

1897 год. Нарадзіўся Аляксандр Шлюбскі (1897-1942).

Беларускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст, бібліёграф. 

Скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.

Арганізатар архіўнай справы ў Веліжы, Віцебску, Оршы, Полацку,  працаваў у Інбелкульце, Інстытуце гісторыі АН БССР. Сябра і паплечнік Вацлава Ластоўскага.

Склаў разгорнутую інструкцыю «Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі». 

Арыштаваны ДПУ у красавіку 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у 1931 годзе высланы ў Ніжні Ноўгарад. Паўторна арыштаваны ў Ленінградзе ў 1935 годзе.

Мабілізаваны ў ліпені 1942 года ў армію. Лічыцца зніклым без вестак з 26 жніўня 1942 года.

1903 год. Заснавана аўтамабільная фірма “Форд мотар компані”. 

Малады амерыканскі інжынер Генры Форд, заручыўшыся падтрымкай групы фінансістаў, заснаваў сваю ўласную фірму з мэтай ператварэння аўтамабіля з прадмета раскошы ў прадмет першай неабходнасці.

Форд імкнуўся выпускаць надзейныя і недарагія аўтамабілі. Напрыклад, ў 1908 годзе “Форд-Т” каштаваў 825 долараў, у 1912 – 375, што зрабіла яго самым даступным сродкам перамяшчэння ў Амерыцы.

Зараз “Форд” выпускае кожны 20-ты аўтамабіль у свеце. Акрамя гэтага кампанія вырабляе беспілотнікі, ваенную тэхніку.

1903 год. У ЗША зарэгістравана гандлёвая марка «Pepsi».

Сама рэцэптура была вынайдзена ў 1893 годзе фармацэўтам  Калебам Брэдхэмам: газіраваная вада, цукар, ваніль, алеі, арэхі колы. 

Спачатку гандлявалася ў аптэках у якасці напою, які дае весялосць, умацоўвае і спрыяе страваванню. Падчас Другой сусветнай вайны “Пепсі-Кола” абыйшла папулярныя “Royal Crown” і “Dr. Pepper” і стала № 2 пасля “Кока-Колы”. 

Упершыню савецкія грамадзяне масава пасмакавалі напой у 1959 годзе на прамысловай выставе ЗША ў маскоўскім парку Сакольнікі (выпіта больш за 3 млн шклянак).

Першы завод “Пепсі Колы” ў СССР быў пабудаваны ў 1974 годзе ў Наварасійску. 

У нас у краіне працуе PepsiCo-Беларусь. Выпускае PepsiCo з ліпеня 2015 года ААТ «Лідскае піва».

1911 год. Нарадзіўся Дзмітрый Лукас (1911-1979).

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў кіраўніком аддзела музыкі Упраўлення па справах мастацтваў БССР, адказным рэдактарам музычнага вяшчання Беларускага радыё, загадчыкам кафедры спеваў Мінскага педінстытута імя М. Горкага.

Аўтар шэрагу опер, у тым ліку «Кастусь Каліноўскі», «Песня о счастье», «Дочь пограничника», твораў для салістаў, хора і аpкестраў, да драматычных спектакляў і фільмаў, у тым ліку «Человек не сдается», «Нестерка», «Дети партизана», апрацовак беларускіх народных песень.

1927 год. У Магілёве скончана будаўніцтва летняга тэатра.

Меў залу на 900 месцаў, добрую акустыку. Вакол тэатра размяшчаліся арэлі, більярдная, бібліятэка, танцпляцоўка. Тэатр у парку імя М. Горкага працаваў да канца 1980-х гадоў.

1928 год. Пайшоў з жыцця Эдвард Вайніловіч (1847-1928).

Гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі і Расійскай імперыі. Патрыёт Беларусі.

Старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, лідар дваран літоўска-беларускіх губерняў, фундатар касцёлу Св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл у Мінску), праваслаўных цэркваў, заснавальнік камітэта абароны яўрэяў і татар, кіраўнік дэпутацкай фракцыі «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі» у Дзяржсавеце. 

Фінансава падтрымаў Беларускі Нацыянальны камітэт, член Рады БНР. Катэгарычна выступаў супраць паланізацыі беларускамоўнага насельніцтва Польшчы.

Памёр у Польшчы. 11 чэрвеня 2006 года ўрачыста перапахаваны ў  Мінску каля Чырвонага касцёла.

1963 год. На трое сутак космас пакарыўся Валянціне Церашковай.

Церашкова – беларуска, 6-ы ў свеце касманаўт і першая жанчына-касманаўт. Яна зрабіла 48 віткоў вакол Зямлі.

Яе бацька родам з в. Выйлава Бялыніцкага раёна, маці – з в. Ерамееўшчына Дубровенскага раёна.

У дзяцінстве выхоўвалася на беларускай мове.

1979 год. Памёр ураджэнец Віцебска Лазар Лагін (Гінзбург, 1903-1979).

Савецкі пісьменнік і паэт, вядучы прадстаўнік савецкай сатырычнай, фантастычнай і дзіцячай літаратуры, аўтар аповесці-казкі “Стары Хатабыч”.

Псеўданім Лагін – скарачэнне ад Лазар Гінзбург.

Скончыў школу ў Мінску, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне, у арганізацыі камсамола ў Беларусі.

Сябраваў з У. Маякоўскім, які ацаніў яго вершы.

Працаваў у рэдакцыях цэнтральных газет, у тым ліку ў “Праўдзе”, у часопісе “Кракадзіл”.

Падчас вайны працаваў у газеце «Чырвоны чарнаморец», удзельнічаў у абароне Адэсы, Севастопаля, Керчы, Наварасійска, у вызваленні Румыніі.

Аўтар фантастычных твораў: «Патэнт АВ», «Востраў расчаравання», «Атавія Проксіма», «Эліксір Сатаны», «Бялявая шэльма» і іншых.

У Горках пройдзе дзіцячы фестываль “Славянскі карагод”

16 і 17 чэрвеня ў Горках пройдзе рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Славянскі карагод”. Чакаецца насычаная праграма першага дня і гала-канцэрт у другі дзень фэста.

У першы дзень фестываля можна будзе наведаць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дзіцячых малюнкаў, бібліятэчныя выставы і фотазоны. Неад’емнай часткай фестывалю з’яўляецца творчая пляцоўка майстроў, дзе будуць адбывацца майстар-класы па салома- і лозапляценні, кераміцы, разьбе па дрэве, мастацкай апрацоўцы бяросты, вырабе народных лялек-абярэгаў, валянні з воўны. 

Дзеці ў першы дзень фэста таксама знойдуць чым заняцца, бо для будзе арганізаваны конкурс дзіцячага малюнка на асфальце і дзіцячы плэнэр “Мой родны горад”. Як і ў папярэднія гады будуць пляцоўкі для гульняў і атракцыёны, а таксама продаж разнастайных сувеніраў, цацак і слодычаў.

Менавіта ў асноўны дзень фестываля на тэрыторыі розных ўстаноў адукацыі з 12-й да 18-й гадзіне пройдзе прагляд конкурсных праграм у розных намінацыях: па інструментальным і тэатральным жанры, па вакалу і харэаграфіі, у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Разынкай першага дня фестывалю будзе прадстаўленне дзіцячай студыі батлеечных лялек “Дзіва”, а таксама фестываль фарбаў “Белхолі”, што пройдзе з 16-й па 18-й гадзіне ў гарадскім амфітэатры. Адбудзецца таксама квэст-кульня і вечаровая дыскатэка – паведамляе інфармацыйны рэсурс horki.info.  

На наступны дзень гарадское свята працягнецца выставай прац пераможцаў фестываля і акцыяй пажадання фестывалю. Працягнуць таксама працаваць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і горад майстроў, а таксама пляцоўкі з атракцыёнамі і гульнямі, продаж сувеніраў і слодычаў. Завершыцца двухдзённае свята цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў X рэгіянальнага фестывалю дзіцячай творчасці “Славянскі карагод” і заключным гала-канцэртам.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўскі лудаман прадаваў неіснуючы тавар

5 чалавек з розных гарадоў краіны сталі ахвярамі інтэрнэт-махляра і згубілі 2 460 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба УУС.

Аператыўнікі высветлілі, што іх падманваў непрацуючы 22-гадовы магілёвец. Ён размяшчаў на адной з гандлёвых пляцовак аб’явы аб продажы камплектуючых дэталяў да камп’ютараў, дапаўняючы аб’явы фатаздымкамі дэталяў.

Аднак гэтыя здымкі былі проста спампаваныя з інтэрнэту і выкарыстоўваліся, каб пераканаць патэнцыйных пакупнікоў у рэальнасці тавара. Як толькі людзі пераводзілі яму грошы, прадавец спыняў перапіску, а атрыманыя грошы ўносіў у анлайн-казіно. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Еўрапарламент прызнаў падрыў расіянамі Кахоўскай ГЭС ваенным злачынствам

Дэпутаты Еўрапейскага парламента асудзілі падрыў рускімі войскамі Кахоўскай ГЭС і прызналі гэта ваенным злачынствам Расіі, якое пацягне за сабой наступствы – паведамляе “Укрінфарм”.

“Дэпутаты асудзілі знішчэнне плаціны ва ўкраінскай Новай Кахоўцы, апошняе ўчыненае Расіяй ваеннае злачынства, якое павінна атрымаць належныя меры. Яны заклікалі ЕС працягваць эфектыўную падтрымку Украіны, увесці новыя санкцыі супраць Расіі і накіраваць мільярды замарожаных фінансавых актываў расійскіх алігархаў на аднаўленне Украіны” – гаворыццаў у паведамленні.

Нагадаем, што плаціна Кахоўскай ГЭС была разбурана рускімі войскамі ў ноч на 6 чэрвеня. ГЭС размешчанай па цячэнні Дняпра вышэй Херсона. Расія тут жа паспрабавала перакласці адказнасць за разбурэнне на ўкраінскі бок. 

У зоне бедства аказалася да 40 000 чалавек. Некалькі гарадоў і пасёлкаў аказаліся затоплены амаль цалкам.

Фота з адкрытых крыніц.

Дванаццаць галоў гасцям – прайшоў пяты тур чэмпіянату Магілёўскай вобласці па футболе

Вашай увазе агляд матчаў 5-га тура другой лігі зоны “Захад” і “Усход” Магілёўскай вобласці з нечаканымі вынікамі і ўпартай барацьбой.

Самы буйны лік тура быў зафіксаваны ў матчы паміж маладзёжнай камандай “Дняпро-Юні”, якая на сваім полі прымала футбольны клуб “Быхаў”. Барацьбы ў гэтым матчы не атрымалася. Магілёўскія футбалісты з першай да апошняй хвіліны валодалі ініцыятывай і дабіліся максімальна ўпэўненай перамогі – 12-1. Праўда, у першым тайме быхаўскія футбалісты супраціўляліся гаспадарам і прапусцілі толькі тры галы. Але ў другім магілёўскія юнакі проста разграмілі быхаўцаў 9-1, паказаўшы ўсю моц каманды.  

Іншыя матчы зоны “Захад” скончыліся менш вынікова, аднак з больш упартай барацьбой. Кіраўскія футбалісты не змаглі дома супрацьстаяць глускаму “Пцічу”. Хоць гаспадары стараліся перад сваімі заўзятармі паказаць вынік, аднак госці ўсё ж валодалі ініцыятывай і пагэтаму заканамерна выйгралі 1-3. 

Яшчэ большы па ўпатрасці і нечаканым па выніку атрымаўся матч паміж шклоўскім “Спартаком” і круглянскай “Зарой”. Гульня была роўнай у першым тайме, хоць гаспадары спачатку моцна наваліліся на браму гасцей, але паступова круглянскія футбалісты змаглі выраўняць гульню і нават момантамі навязаць свой малюнак. Аднак шанцавала ў гэтым матчы больш гасцям, якія змаглі не проста вытрымаць атакі шклаўчан, але нават выграць. Гэта нечаканы вынік, бо два папярэднія матчы заканчваліся з разгромным лікам на карысць шклоўскага “Спартака” – 6-0 і 4-0. Пагэтаму вынік гэтага матча з’яўляецца добрым прагрэсам для круглянскіх футбалістаў.   

Чатыры матча адбыліся ў зоне “Усход” і некаторыя з іх таксама мелі нечаканыя вынікі. Самым буйным па ліку матчам атрымалася сустрэча слаўгарадскіх і чавускіх футбалістаў. Гаспадары ўжо другі раз запар прайграюць гасцям, прапусціўшы шэсць мячоў у сваю браму. На гэты раз слаўгарадскія гульцы не змаглі пазмагацца з футбалістамі з чавускай “Нівы”. На працягу матча госці глядзеліся больш моцна, навязвалі гаспадарам сваю гульню, заканамерна выйграўшы – 1-6.  

З такім жа буйным лікам краснапольскія футбалісты дома перайгралі дрыбінскіх гульцоў. Краснапольцы моцна пачалі матч і трымалі перавагу над супернікам на працягу двух таймаў. Дрыбінскія футбалісты, у сваю чаргу, глядзеліся слаба і змаглі гаспадарам забіць толькі адзін мяч, прапусціўшы ў адказ шэсць галоў.

А вось матч паміж касцюковіцкімі і клімавіцкімі футбалістамі атрымаўся вельмі напружаным, з шматлікай барацьбой у цэнтры поля. Каманды глядзеліся роўна, перахопліваючы адзін у аднога ініцыятыву на працягу ўсяго матча. Тым не менш небяспечны момант змаглі рэалізаваць толькі клімавіцкія футбалісты, абыграўшы ў выніку гаспадараў з мінімальным лікам 0-1. Пасля гэтай перамогі клімаўчане падняліся на першы радок турнірнай табліцы зоны “Усход” Магілёўскай вобласці.

Напружным матчам таксама была сустрэча, бадай, самых моцных каманд зоны “Усход” Магілёўскай вобласці – “Сервалюкс Агра” з Мяжысетак і футбольнага клуба з Горак. Гаспадары паказвалі неблагі футбол, але госці таксама адказвалі небяспечнымі контравыпадамі. Адзначым, што гульні паміж гэтымі камандамі заўсёды з багатым наборам барацьбы, стандартнымі палажэннямі і невялікай колькасцю галоў. На гэты раз футбалісты “Сервалюкс Агра” змаглі вырваць перамогу з лікам 2-1 у горацкіх футбалістаў, хоць на працягу гульні госці гулялі не горш за гаспадароў.  

Адным з самых нечаканых вынікаў цэлага тура стаўся ў сустрэчы паміж мсціслаўскай “Віхрой” і крычаўскім “Сожам”. Гаспадары з’яўляліся аўтсайдэрамі, што знаходзіліся на апошнім радку турнірнай табліцы, а крычаўляне, у сваю чаргу, уяўляюцца моцнымі сярэднячкамі. Матч быў багаты на галы, калі абедзве каманды праводзілі шмат небяспечных і галявых момантаў. На дзіва, мсціслаўскія футбалісты на працягу двух таймаў змагла супрацьстаяць гасцям, у некаторы момант нават перахапіўшы ініцыятыву.  Вынік матча нечаканы – 3-2 на карысць гульцоў “Віхры”. 

Фота: golk.by, slavgorod.by, fc-dnepr.by і з адкрытых крыніц

60 зон рэкрэацыі вобласці гатовы да купальнага сезона, але на некаторых ёсць абмежаванні і забароны

Рашэннямі мясцовых адміністрацый у маі 2023 года на Магілёўшчыне вызначана 61 месца адпачынку з арганізацыяй купання на водных аб’ектах – пісалі mogilev.media. 

Па стане на 15 чэрвеня пашпарты гатоўнасці пляжаў падпісаны для 60 зон рэкрэацыі. Не падпісаны такі дакумент толькі для пляжа на вуліцы Казлоўскай у горадзе Асіповічы – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

За апошні тыдзень праверана 173 пробы вады вадаёмаў для купання. Не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках – 15 вадаёмаў для купання. 

Эпідэміёлагі прапануюць абмежаваць купанне дзяцей на пляжах на р. Дняпро ў  Палыкавічах, на затоцы ў раёне вуліцы Фаціна, на Пячэрскім вадасховішчы ў Магілёве, на Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа. 

А таксама – забараніць купанне дзяцей, дарослых на сажалцы Броды, на Святым возеры ў Магілёве, на Дняпры ў раёне Шклоўскага гарадскога пляжа, на сажалцы вёскі Путнікі Шклоўскага раёна. 

Пры гэтым, нагадаем, што ў Горацкім раёне здымаецца абмежаванне купання дзяцей на базе адпачынку “Мярэя” ў Леніно. 

Фота з адкрытых крыніц.

 

У Магілёве паймалі разбойніцу

Жыхарка Магілёва 49 гадоў, раней ужо асуджаная за забойства, пагражаючы нажом напала на 91-гадовую пенсіянерку ў абласным цэнтры. Разбойніца прыйшла да пенсіянеркі пад выглядам супрацоўніцы электрасетак і папрасілася ў дом, каб праверыць лічыльнікі. Калі пажылая жанчына ўпусціла яе ў дом, рэцыдывістка стала пагражаць нажом і гвалтам, патрабуючы аддаць грошы. Атрымаўшы адмову – паведамляе прэс-служба абласнога УУС – уцякла. Па відэа з камер назірання яе аператыўна затрымалі.

На фота: скрыншот з аператыўнага відэа