Маштабная рэканструкцыя “Бабруйскі кацёл” прайшла каля вёскі Шчаткава – фота

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя ў рамках фестываля-злёту “Бабруйскі кацёл”

Рэканструкцыя прайграла кровапралітныя баі, якія адбыліся 28-29 чэрвеня 1944 года падчас вызвлення горада Чырвонай арміяй.

У маштабным дзействе прынялі ўдзел каля 500 рэканструктараў з 70-ці ваенна-гістарычных клубаў Беларусі, Расіі, Латвіі, Эстоніі і Японіі.

У цэнтры ўвагі падчас рэканструкцыі апынуўся эпізод з захопам маста праз Бярэзіну каля вёскі Шчаткава.

“Бабруйскі кацёл” – штогадовы фэст, на якім збіраюцца рэканструктары з Беларусі і іншых краін, аб’яднаных тэматыкай Другой Сусветнай вайны.

Поўныя фотарэпартажы можна знайсці тут, ад газеты “Бабруйскае жыццё”, і тут, ад “Магілёўскіх ведамасцяў”.

Фота: “Бабруйскае жыццё”, “Магілёўскія ведамасці”

Частка расійскіх ваенных здаюцца ці пераходзяць на бок вагнераўцаў, Пуцін абвясціў мяцежнікаў здраднікамі

Паводле непацверджанай інфармацыі, якую перадае Reuters спасылаючыся на неназваную крыніцу ў расійскай арміі, байцы “Вагнера” ўзялі пад кантроль ваенныя аб’екты ў горадзе Варонеж, які знаходзіцца прыкладна ў 500 кіламетрах на поўдзень ад Масквы.” Агенцтва Reuters папярэджвае, што яно не змагло незалежна пацвердзіць гэтыя дадзеныя.

Звязаны з ПВК “Вагнер” Тэлеграм-канал перадае, што ў Варонежскай вобласці 180 расейскіх вайскоўцаў і сілавікоў адмовіліся перашкаджаць дзеянням вагнераўцаў і склалі зброю. На загалоўным фота – памежны пераход Бугаёўка ў Варонежскай вобласці. У СМІ таксама паяўляліся паведамленні пра пераход на бок ПВК “Вагнер” некаторых вайсковых падраздзяленняў расійскай арміі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў з экстранным зваротам, у якім заявіў пра загад вайсковаму камандаванню аб нейтралізацыі лідараў мецяжа. Дзеянні арганізатараў мецяжа ён назваў здрадніцкімі і “ударам у спіну”. Цікава, што ў пяціхвілінным звароце не былі названы канкрэтныя прозвішчы, гэтаксама як не прагучала прамой падтрымкі ў адрас міністра абароны РФ Шайгу і начальніга Генеральнага штаба  Герасімава.

Фота з адкрытых крыніц

Прыгожын і ПВК “Вагнер” захапілі Растоў і штаб ваеннай акругі – што вядома на гэты момант

Імклівае развіццё падзей вакол мецяжа Яўгена Прыгожына і ПВК “Вагнер” супраць расійскага Міністэрства абароны пачалося ўвечары 23 чэрвеня. Прадстаўнікі ПВК і сам уласнік кампаніі Прыгожын заявілі, што Міністэрства абароны РФ нанеслі ўдар па аднаму з лагераў вагнераўцаў, пасля чаго Прыгожын паведаміў пра пачатак руху на Растоў.

Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі заявіў пра завядзенне крымінальнай справы супраць Яўгена Прыгожына “у сувязі са спробай арганізацыі ўзброенага мецяжу”. Раніцай 24 чэрвеня калона вайсковай тэхнікі ПВК “Вагнер” увайшла ў Растоў і ўзяла пад свой кантроль Штаб Паўднёвай Ваеннай Акругі, аддзел паліцыі, будынкі МУС, ФCБ і адміністрацыю Растова.

У штабе Паўднёвай Ваеннай Акругі Прыгожын сустрэўся з намеснікам міністра абароны РФ генерал-палкоўнікам Юнус-Бекам Еўкуравым і намеснікам начальнікам Генштаба РФ Уладзімірам Аляксеевым. Падчас гэтай сустрэчы ён заявіў, што “Вагнер” збіў ужо тры верталёты расійскай арміі, што спрабавалі нанесці ўдары па калоне вагнераўцаў. Таксама ён паведаміў, што ПВК “Вагнер” будуць знаходзіцца ў Растове і блакаваць горад, пакуль да іх не прыйдзе начальнік Генштаба РФ Герасімаў. Калі ён адмовіцца размаўляць з вагнераўцамі, Прыгожын прыгразіў, што ПВК «пойдзе на Маскву».

Характэрна, што намеснік міністра абароны РФ генерал-палкоўнік Еўкура і намеснік начальніка Генштаба РФ Уладзімір Аляксееў падчас сустрэчы з Прыгожыным былі без зброі (на загалоўным фота), тады як заснавальнік ПВК – з аўтаматам. 

На бягучы момант вядома, што расійскія сілавікі ў Санкт-Пецярбургу прыйшлі з вобшукамі ў “Вагнер цэнтр” – галоўны штаб прыватнай ваеннай кампаніі. Паведамляецца таксама, што калона бронетэхнікі рушыць у бок Масквы, але пакуль не вядома, каму яна належыць. У 9:00 чакаецца экстранны зварот прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна да грамадзян Расіі.

Плавалі на самаробным плыце – у Магілёве патануў хлопчык

Некалькі гадзін дактары змагаліся за жыццё хлопчыка 2014 года нараджэння, але выратаваць яго не ўдалося.

Кампанія падлеткаў днём 20 чэрвеня каталася на самаробным плыце на дняпроўскай затоцы ў Магілёве каля гандлёвага цэнтра “Е-Сіці”. Плыт быў імправізаваным – шчыт з дошак. Сярод іншых, на плыце плавалі два браты 2010 і 2014 гадоў нараджэння. У нейкі момант малодшы з братоў зваліўся ў ваду і пачаў тануць – ён не ўмеў плаваць.

Кампанія падлеткаў не здолела выцягнуць хлопчыка з вады самастойна. Старэйшы брат патэлефанаваў ратавальнікам, астатнія спалохаліся і разбегліся. Яшчэ жывога, дзіцёнка даставілі ў абласную дзіцячую бальніцу. Медыкі змагаліся за яго жыццё некалькі гадзін, але выратаваць хлопчыка не ўдалося – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Рэдкая і каштоўная пячная кафля масава распрадаецца ў Расію з Магілёва

Актыўны продаж унікальных артэфактаў заўважылі стваральнікі ініцыятывы “Спадчына” на платформе Telegram – магілёўскія прадаўцы выставілі на расійскіх інтэрнэт-пляцоўках пячныя “кароны”, кафлю. Мінкульт – “фактаў крадзяжу не зафіксавана”.

“Шэры” продаж беларускіх артэфактаў на папулярных інтэрнэт-пляцоўках цягнецца ўжо дзесяцігоддзямі, і гэты стыхійны працэс усё часцей вядзе да паступовага вымывання каштоўнасцяў з тэрыторыі нашай краіны. Характэрную карціну зафіксавалі энтузіясты, стваральнікі папулярнага Telegram-канала “Спадчына”.

“Аднойчы на аўкцыёне натыкнуўся на прыгожую кафляную карону. – піша аўтар канала – Яна была выраблена на знакамітым заводзе Песельніка ў Копысі. Прадукцыя завода ў 1896 была адзначана бронзавым медалём Усерасійскай выстаўкі ў Магілёве за высокую якасць. Яе пастаўлялі ў сам Пецярбург.”

Падобная пячная кафля – рэдкая сямейная спадчына, але ўсё ж яна часам сустракаецца ў старых пабудовах з пячным абсталяваннем. Верагодна, у Магілёве сфармавалася пэўная колькасць прыхільнікаў ці калекцыянераў, якія сталі ўласнікамі падобных упрыгожванняў і цяпер распрадаюць свае здабыткі.

Разрабаваная Беларусь застаецца донарам культурных каштоўнасцей

“На [розных] пляцоўках адшукалася з паўтузіны падобных высокамастацкіх вырабаў, як асобных карон і кафляў, так і поўных пячных камплектаў. Амаль на ўсіх клеймы копыскага завода. – працягвае аўтар канала “Спадчына”.

І амаль усе прадаваліся з Магілёва. Можа б і прайшоў міма “прыватнай уласнасці”, але, па-першае, для мяне відавочна, што такая кафля знятая не з сялянскай хаты, а з інтэр’ераў забяспечаных мяшчан, а мо і нават з прызнаных помнікаў архітэктуры Падняпроўскага рэгіёна. Па-другое, што мела вырашальнае значэнне, прадаўцы прапаноўвалі даставіць беларускую кафлю ў Маскву… Бедная, разрабаваная ўсімі Беларусь у 2023-м застаецца донарам культурных каштоўнасцей!”

Што варта адзначыць – бізнэс у магілёўскіх прадаўцоў (ці прадаўца) цягнецца і даўно, і досыць млява. Як бачна з даціроўкі на фотаздымках, выстаўленых на інтэрнэт-аўкцыёнах, асобныя экспанаты рахтаваліся да продажу яшчэ ў 2013 годзе.

Аўтар канала “Спадчына” напісаў звароты ў Магілёўскі і Віцебскі аблвыканкамы, каб праверылі, ці можна гэтыя культурныя каштоўнасці вывозіць з Беларусі без дазволу Міністэрства культуры, праверылі адкуль іх знялі, і паглядзелі ці не варта выкупіць іх для музеяў.

Аблвыканкамы тэмай не зацікавіліся

Аблвыканкамы, гледзячы па адказах, асабліва тэмай не зацікавіліся – маўляў, гаспадры каштоўнасцяў знялі элементы аздаблення са сваіх дамоў, у музях такая кафля і так ёсць, а грошай, каб яе выкупляць, як заўсёды няма. У ведамствах унутраных спраў адказалі, што заяваў аб выкраданні не было, значыць – усё законна. Адзінае, што даведаўся аўтар – што традыцыі копыскай кафлі рыхтуюцца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Больш парадаваў адказ з міністэрства культуры. Там адказалі: “У дачыненні да пячных кафляў, згаданых у вашым звароце, магчымы толькі часовы вываз па-за межы Рэспублікі Беларусь.» Пераважнае права набыцця культурных каштоўнасцей застаецца за беларускай дзяржавай.

“У цяперашні час адна з усталяваных асоб звярнулася ў Музей гісторыі Магілёва з мэтай перадачы кафлі, другая – будзе выкарыстоўваць у інтэр’еры уласнага дома.”

То бок, выглядае, што міністэрства культуры і іншыя інстанцыі змаглі звязацца з людзьмі, якія выставілі на продаж беларускую кафлю з опцыяй дастаўкі ў Маскву, але службовых асоб задаволілі вусныя тлумачэнні пра добрыя намеры.

Фота: Telegram-канал “Спадчына”

Затрыманы магілёўскі бард і кампазітар Аляксандр Баль

Арыштаваны вядомы магілёўскі бард Аляксандр Баль – паведамляюць праваабаронцы. Вядома, што арышт адбыўся ў чацвер, 15 чэрвеня. Падрабязнасцяў здарэння не паведамляецца, у тым ліку і прычыны затрымання. 

Аляксандр Баль – бард з вялікай колькасцю прэмій, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі пасля падзеяў 2020 года. У тым жа годзе пасля масавых рэпрэсій з боку сілавікоў музыка напісаў песню “На радзіме маёй бяда”.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёўскую “Строммашыну” выставілі на таргі, летась завод згубіў кантракты на 9 мільёнаў даляраў з-за санкцый

Уся маёмасць магілёўскага завода “Строммашына выстаўленая на таргі за 26,6 мільёны рублёў – паведамляецца на сайце аўкцыённай пляцоўкі “Белрэалізацыя”. Гэта аб’екты нерухомасці (больш за 70 000 м2), энергетычнай інфраструктуры, добраўпарадкавання.

Стартавы кошт складае 26 692 149,17 бел. руб., а мінімальны, за які гатовыя прадаць завод – крыху больш за 21 мільён. Падача заявак пачалася сёння, 15 чэрвеня, а самі таргі адбудуцца 17 ліпеня.

Увесну гэтага года «Строммашына» была прызнана банкрутам.

Летась магілёўскае прадпрыемства «Строммашына» пасля ўвядзення санкцый страціла кантрактаў больш чым на 9 мільёнаў даляраў, а працаўнікі былі пераведзеныя на няпоўную занятасць – пісалі mogilev.media год таму.

Санкцыі Еўрапейскіх краін супраць Беларусі цягам апошніх трох год уводзіліся за гвалт у адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў, якія былі не згодныя з абвешчанымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. За прымусовую пасадку самалёта кампаніі Ryanair у траўні 2021 году, а таксама іміграцыйны крызіс. Нагодай для апошніх санкцыйных абмежаванняў стала падтрымка Беларуссю расійскай вайны ва Украіне.

Фота: mogilev.media

Новым дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея стала прадстаўніца магілёўскай дынастыі мастакоў

Сёння адбылося прызначэнне на пасаду новага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Ім стана Ганна Конанава, мастачка з Магілёва, дачка вядомых магілёўскіх творцаў – скульптара Уладзіміра Конанава і мастачкі Галіны Конанавай.

З творчасцю дзеячоў мастацтва можна пазнаёміцца на гэтай старонцы ў Фэйсбук.

Ганна Конанава нарадзілася і пачынала вучыцца ў Магілёве, затым вучылася ў Акадэміі мастацтва ў Мінску, дзе засталася выкладаць, абараніла кандыдацкую дысертацыю і паднялася ў кар’еры да пасады прарэктара па вучэбнай працы.

У 2020 годзе, яшчэ як дэкан мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў, яны выступала сведкай на судзе над яе студэнтамі, што пратэставалі ў сценах вну з такімі словамі: “Жадаю распавесці сваё назіранне. Маладыя людзі ў масе сваёй паддаліся парывам старэйшых. Таму прашу даць ім шанец.”

Аб непрацягненні кантракта былому кіраўніку Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміру Пракапцову стала вядома на мінулым тыдні. Афіцыйнай прычынай стаў узрост – у жніўні яму споўніцца 70 гадоў. Аднак у музейных колах абмяркоўваюць, як паведамляюць крыніцы беларускіх журналістаў, што сапраўдная прычына можа быць звязана з даўнім паклёпам прапагандыстаў на музейшчыкаў.

У 2020 годзе Пракапцоў спрабаваў замяць сітуацыю з дзёрзкім вершам вядомага мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча, але той палічыў за лепшае сысці з музея, пазней звольнілі і яго маці. З музея звольнілі дзясяткі чалавек, якія ў 2020-м выходзілі на прыступкі, каб выказацца супраць гвалту. Пракопцаў не змог іх абараніць.

Фота з адкрытых крыніц

Усе ФАПы на Магілёўшчыне плануецца адрамантаваць, але грошай на гэта не абяцаюць

Да 1 верасня плануецца адрамантаваць усе фельчарска-акушэрскія пункты ў Магілёўскай вобласці, а да 1 лістапада – таксама і ўсе амбулаторыі. Такія планы старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі агучвае БелТА.

Прычым многія работы плануецца выканаць гаспадарчым спосабам або з прыцягненнем спонсарскіх сродкаў, а чакаць выдзялення вялікіх грошай з абласнога бюджэту чыноўнік не рэкамендуе – прыводзіць яго словы БелТА.

На гаротны стан сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў на Беларусі ў свой час звярнула ўвагу Генеральная пракуратура. Пракуроры праверылі больш за 900 ФАПаў і амбулаторый, і ў кожным трэціх з іх былі знойдзены парушэнні. 

– Дзесьці не было лекаў, дзесьці лекі былі, але ўмовы захоўвання не выконваліся, была адсутнасць вады, столя абрушвалася і гэтак далей. – пракаментаваў сітуацыю намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Вячаслаў Дземідовіч – І быццам бы трэба прымаць меры, каб ФАПы працавалі, людзям дапамогу аказвалі, але летась пару дзясяткаў ФАПаў у краіне зачынена. На гэты год па планах некалькі дзясяткаў зачыненняў.

На сённяшні дзень у Магілёўскім рэгіёне 239 ФАПаў. Праблему з пошукам сродкаў Анатоль Ісачанка пракаментаваў так: галоўнае – індывідуальны падыход. Напрыклад, няма медыка ў канкрэтным ФАПе – заўсёды можна арганізаваць падвоз з іншай установы, і гэта толькі адзін з варыянтаў рашэння праблемы. “Трэба прывесці ў парадак тое, што ў нас ёсць, тым больш у кожнай раённай бальніцы ёсць гаспадарчая група.”

Фота ілюстрацыйнае

Сёння магілёўскіх выпускнікоў будуць заганяць на канцэрт расійскіх Z-артыстаў

Хочуць школьнікі, ці не хочуць, але адміністрацыі гімназій і школ прымушаюць іх пайсці на канцэрт прапуцінскіх спевакоў – Вольгі Бузавай, гурта “Прапаганда” і іншых.

Сёлета ў Магілёве выпускны вечар ператворыцца ў афіцыйнае мерапрыемства з афіцыёзнай праграмай. Звычайнага развітання са школай у адзінаццацікласнікаў практычна не будзе – выступленні чыноўнікаў і канцэрт прапагандыстаў зоймуць увесь вечар, каля пяці гадзін, з 18:00 да 23:00. Мерапрыемства будзе праходзіць перад “Атрыумам”. Бацькі і дзеці выпускнікоў, што цэлы год рыхтаваліся да аднаго з самых запамінальных вечароў у жыцці, проста пастаўленыя перад фактам.

– Спачатку пагражалі, што напішуць дрэнную характарыстыку, а атэстат не выдадуць 10-га, тыпу яго падправяць. – расказаў беларускім журналістам адзін з магілёўскіх выпускнікоў – Пасля абурэння бацькоў “слёзна” прасілі прыйсці. Цяпер ужо проста «настойліва рэкамендавалі». Тлумачаць, што павінна быць максімальная яўка, казалі, што самі ўсё разумеюць, але зрабіць нічога не могуць, бо пры адсутнасці людзей на канцэрце пытацца будуць з адміністрацыі школы.

Пра новы фармат правядзення выпускнога вечара ў 2023 годзе школьнікі і іх бацькі даведаліся ў пачатку траўня. Цяпер усе раней запланаваныя мерапрыемствы на вечар прыходзіцца адмяняць альбо істотна скарачаць – па сваёй праграме юнакі і дзяўчаты змогуць адсвяткаваць толькі бліжэй да апоўначы.

Культурную праграму для выпускнога вечара ў Магілёве падрыхтавала упраўленне культуры гарвыканкама. У спісе – расійскія спевакі, што адзначыліся актыўнай падтрымкай вайны супраць Украіны. 

Хэдлайнер канцэрта Вольга Бузава – актыўная прыхільніца Пуціна, у кастрычніку 2022 года яна ездзіла ў самаабвешчаную ДНР з гуманітарнай дапамогай. У канцы 2022 года яна выпусціла адмысловую песню з крытыкай тых расіян, якія паехалі за мяжу на фоне масавай мабілізацыі.

Вакалісткі гурта “Стрэлкі” ездзілі ў Данецк яшчэ ў 2017 годзе, да поўнамаштабнай вайны і анэксіі Расіяй новых тэрыторый Украіны. А «Прапаганда» адзначылася тым, што павіншавала расейскіх мужчын з 23 лютага фатаграфіяй (на загалоўным фота) з літарай Z, якая стала сімвалам уварвання, а ў лістападзе 2022-га выступала ў расейскай вайсковай частцы, пажадаўшы байцам «вярнуцца з перамогай жывымі і цэлымі!».

У канцэрце таксама возьмуць удзел магілёўскія артысты. Дзмітрый Азаранка выканаў сумна вядомую песню “Беларуская жонка”. Таксама будзе спяваць Ганна Трубяцкая, якая раней выступала на украінскім шоў “Х-фактар”.

Фота з адкрытых крыніц