Гарэў нумар у магілёўскай гасцініцы “Турыст”

Там пражываў 52-гадовы магілёвец, ён атрымаў апёкі.

20 снежня а палове другой ночы паступіла паведамленне аб спрацоўцы пажарнай сігналізацыі і задымленні на пятым паверсе турысцка-гасцінічнага комплекса “Магілёўтурыст” – паведамляе прэс-служба МНС.

Гарэў пакой, у якім пражывае 52-гадовы магілёвец. У ходзе самастойнага тушэння пажару ён атрымаў апёкі і атручэнне прадуктамі гарэння і быў шпіталізаваны. У выніку пажару ў пакоі знішчаны тэлевізар, закураныя сцены і столь. Эвакуацыя жыхароў не праводзілася. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: Прэс-служба МНС

Загінулі шэсць чалавек – выбух і пажар у пяціпавярховіку ў Мінску

Паводле папярэдніх высноваў, адбыўся выбух побытавага газу. Трагедыя адбылася 17 снежня ў 03:35 па бульвары Шаўчэнкі ў Мінску.

Да месца выкліку былі накіраваны падраздзяленні МНС, першыя з якіх прыбылі праз 4 хвіліны. На момант прыезду ратавальнікаў другім паверсе адбывалася гарэнне адкрытым полымем, моцнае задымленне, людзі з вокнаў кватэраў прасілі аб дапамозе.

Пры правядзенні разведкі было ўстаноўлена, што на другім паверсе пяціпавярховага жылога дома адбылося загаранне ў дзвюх кватэрах.

Пажарнымі з вышэйшых паверхаў былі выратаваны 12 чалавек, з іх 3 дзяцей. Усе выратаваныя былі перададзены брыгадам хуткай медыцынскай дапамогі для агляду. Медыкі шпіталізавалі 3-х чалавек з папярэднім дыягназам “атручэнне прадуктамі гарэння, тэрмаінгаляцыйная траўма, апёкі”.

З сумежных і вышэй размешчаных кватэр таксама былі эвакуіраваны яшчэ 10 чалавек.

Пажар ліквідаваны ў 04:08 – паведамляе прэс-служба МНС. На месцы працавалі 16 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, больш за 70 ратавальнікаў.

На другім паверсе і чацвёртым у кватэрах былі знойдзены 6 чалавек, сярод іх дзіця 2011 г.н. Медыкі канстатавалі іх смерць.

Зараз працуе Штаб ліквідацыі надзвычайнага здарэння, ратавальнікі аказваюць садзейнічанне следчым па высвятленні прычын здарэння, з пацярпелымі і відавочцамі таксама працуюць псіхолагі. 

Акрамя версіі аб выбуху газу, у сапраўдны момант прапрацоўваецца версія, што прычынай пажару стала ўспышка пароў лёгкаўзгаральнай вадкасці. Аб гэтым сведчаць знойдзеныя ў адной з кватэр ёмістасці, у якіх, магчыма, захоўвалася гэтая вадкасць. Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа.

Фота: Прэс-служба МНС

Двойчы бахнула чужую машыну і з’ехала

Цяпер жыхарцы Магілёва пагражае пазбаўленне правоў кіроўцы да двух год.

Як паведамляе Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, васямнаццацігадовая жыхарка Магілёва падчас кіравання аўтамабілем Nissan спрабавала прыпаркавацца на стаянцы каля парка ў Падніколлі і двойчы пашкодзіла аўтамабіль Opel, які знаходзіўся побач. Ігнаруючы патрабаванні правілаў дарожнага руху, дзяўчына з’ехала с месца аварыі.  

Пасля гэтага інцыдэнта ў дачыненні да несумленнай кіроўцы складзена два пратакола. Дзяўчыне пагражае буйны штраф з пазбаўленнем правоў да двух год. Прычым атрымала іх маладая магілеўчанка ўсяго чатыры месяца таму.

Цягнік збіў дзяўчыну насмерць у Быхаўскім раёне

Трагедыя здарылася ўначы 11 снежня на чыгуначным перагоне паблізу вёскі Мокрае пад Быхавам.

Поезд Магілёў-Калінкавічы збіў 26-гадовую работніцу быхаўскага ПМК, дзяўчына загінула на месцы. У здарэнні зараз разбіраюцца праваахоўныя органы. Вядома, што машыніст неаднаразова падаваў папераджальныя сігналы і ўжыў экстранае тармажэнне. 

Фота ілюстрацыйнае

Траса Магілёў-Мінск – аварыя на аварыі

Ледзяны дождж ператварыў М4 у гладзільную дошку, на некаторых участках можна пабачыць па дзве-тры аварыі на працягу якога кіламетра. Відэа, знятае нашымі чытачамі, зроблена з розніцай у паўхвіліны. 

На першым урыўку бачна, колькі чалавек спынілася, каб выпіхнуць на шашу аўтамабіль, занесены ў кювет. На другім – наступная аварыя праз некалькі дзясяткаў метраў.

Быхаўскія міс Марпл дапамаглі знайсці злодзея

Пра крадзёж 100 рублёў грошай быхаўская 70-гадовая пенсіянерка нават не ведала. Яна двойчы выходзіла са сваёй кватэры на пяць-дзесяць хвілін не замыкаючы дзверы, і гэтага аказалася дастаткова, каб са стульчыка ў пярэднім пакоі знікла сумка з кашальком – паведамляе афіцыйны сайт Камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці.

Затое прапажу западозрыла іншая пенсіянерка з таго ж самага пад’езда ў шматкватэрным доме па вуліцы Савецкай у Быхаве. Яна знайшла знаёмую сумку суседкі ў падвальным памяшканні і прынесла яе пацярпелай.

 

Жанчыны выявілі прапажу грошай з кашалька пенсіянеркі і выклікалі міліцыю. Следча-аператыўная група яшчэ не паспела наведаць пацяраелую, як пранізлівасць прыватнага дэтэктыва праявіла яшчэ адна пенсіянерка з таго ж самага пад’езда. Яна знайшла ў падвальным памяшканні бутэльку з-пад піва і прынесла яе ў дом абрабаваны суседкі.

Эксперты выявілі на бутэльцы адбіткі пальцаў і ў той жа дзень быў затрыманы 45-гадовы мясцовы жыхар за адміністратыўнае правапарушэнне (верагодна, першапачаткова яму інкрымінавалася толькі распіццё піва). Мужчына прызнаўся ў крадзяжы грошай з кватэры пацярпелай. 

Па словах затрыманага, ён прыходзіў да былой жонкі, якая пражывае ў гэтым жа доме, і пакуль чакаў яе, выпіваў піва. І заадно зазірнуў у адчыненую кватэру пенсіянеркі. Выкрадзеныя грошы ў яго канфіскавалі часткова – частку сумы ён паспеў патраціць. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру.

Рабочы загінуў на заводзе ў Крычаве

Паводле папярэдніх звестак, раніцай 5 снежня на тэрыторыі аднаго з крычаўскіх заводаў адбыўся адвольны рух канструкцыі, якую рамантаваў мужчына. 44-гадовага работніка прадпрыемства заціснула металаканструкцыяй і ад атрыманых траўм ён памёр – паведамляе БелТА.

Следчыя органы праводзяць агляд месца здарэння, апытваюць сведкаў, забіраюць тэхнічную дакументацыю. Плануецца назначэнне экспертных даследаванняў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Магілёвец выцягнуў гаманец у хлопца, пакуль той біў яго сябра

Дзве кампаніі адпачывалі ў адным з начных клубаў Магілёва – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Адзін з дваіх маладых людзей з адной кампаніі непрыгожа выказаўся пра дзяўчын з другой. 26-гадовы прыяцель дзяўчын вырашыў паставіць на месца нахабніка і стаў ад душы мясіць яго кулакамі і каленам.

Сябар хлопца, які бездапаможна цярпеў удары, наблізіўся да бойкі, нібыта спрабуючы спыніць агрэсара, а сам незаўважна выцягнуў у 26-гадовага прыяцеля дзяўчын кашалёк з задняй кіішэні. 500 рублёў з гаманца забраў сабе, пагуляў па горадзе а потым падкінуў пусты кашалёк назад пад дзверы начнога клуба. Узбуджана крымінальная справа за крадзёж.

Пенсіянер загінуў на пажары ў Дрыбінскім раёне

У жылым доме ў вёсцы Кішчыцы Дрыбінскага раёна на пажары знойдзены загінулы гаспадар 1949 года нараджэння, пенсіянер. Трагедыя адбылася ўвечары другога снежня. Прычыны пажару і гібелі ўстанаўліваюцца.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц.

Зноў тонкі лёд – пад Чэрыкавам патануў рыбак

Жыхара вёскі Гронаў Чэрыкаўскага раёна знайшлі толькі на другія суткі. 26 лістапада ён перастаў выходзіць на сувязь, назаўтра яго прыйшоў праведаць усхваляваны брат – паведамляе cherikovnews.by. Брат знайшоў дом гаспадара пустым, а з хаты па непачышчанаму снегу ланцужок слядоў вёў да ракі Сож, што цячэ за агародам.

Ратавальнікі былі выкліканыя бліжэй да вечара 27 лістапада. Яны выявілі на тонкім лёдзе ракі два праломы, рыбацкі стульчык і снасці. Раніцай 28 лістапада каманда вадалазаў знайшла цела пенсіянера. Адзначаецца, што ён вёў здаровы лад жыцця, алкаголем не злоўжываў. Трагедыя адбылася з-за неабачлівасці рыбака – лёд быў моцны з аднаго берага затона, але тонкі на другім.