20 чэрвеня. Дзень у гісторыі. Паўстанне ў Магілёве. “Чортава кола”. Нарадзіліся Жыгімонт ІІІ, мастак Г. Вашчанка.

Сусветны дзень бежанцаў (Word Refugee Day, з 2000 года).

Зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН. У гэты дзень насельніцтва праяўляе салідарнасць з тымі, каму прыйшлося пакінуць свае дамы па тых ці іншых прычынах.

Калі ў 2014 годзе ў свеце было 43 мільёны бежанцаў (з іх 7 мільёнаў дзяцей), то ўжо ў 2023 годзе статус бежанцаў мелі каля 90 мільёнаў.

З пачаткам агрэсіі Расіі супраць Украіны, колькасць бежанцаў узрасла.

Паводле дадзеных Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў больш за 8 мільёнаў украінцаў пакінулі сваю радзіму (кожны пяты), частка з іх вярнулася да папялішчаў і разбітых хат, у галечу і беспрацоўе. Больш за палову з іх застаецца ў 44 краінах Еўропы.

У Беларусі жыве больш за 9 000 грамадзян Украіны, галоўным чынам з Данецкай (28%), Харкаўскай (17%), Луганскай (14%), Херсонскай абласцей (7%), Кіева і Кіеўскай вобласці (6%).

Сусветны дзень абароны сланоў ў заапарках (Іnternational Day of Action for Elephants in Zoos, з 2009 года).

Гэты дзень закліканы звярнуць увагу грамадскасці на жыццё сланоў, якія ўтрымліваюцца ў заапарках, і ставіць перад сабой канчатковай мэтай вызваленне ўсіх гэтых велічных жывёл з няволі. 

Па дадзеных канадскіх вучоных, іх жыццё доўжыцца ў 3 разы менш, чым у натуральных умовах. Самыя буйныя насельнікі заапаркаў часцей пакутуюць ад хвароб, таўсцеюць ад маларухомасці і перажываюць псіхалагічныя стрэсы.

У гродзенскім, віцебскім, мінскіх заапарках сланоў няма, але плануюцца.

1566 год. Нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза (1566-1632).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1587-1632), кароль шведскі (1592-1599). У 1588 годзе зацвердзіў новую рэдакцыю Статута ВКЛ, падтрымаў Берасцейскую унію 1596 года.

Пры ім прыняты пастановы соймаў аб гарантыях правоў праваслаўных. Імкненні да ўвядзення абсалютнай манархію не далі плёну.

Ваяваў са Швецыяй (1600-1629), з Масковіяй (1609-1618), з Асманскай імперыяй (перамога ў Хоцінскай бітве 1621). Шмат у чым яго палітыка спрыяла далейшаму заняпаду Рэчы Паспалітай.

Памёр 30 красавіка 1632 года.

1606 год. У Магілёве выбухнала мяшчанскае паўстанне (1606-1610).

Пачалося пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча (магчыма, поўнае імя – Стахор Міткавіч Рык) на хвалі незадаволенасці злоўжываннямі і хабарніцтвам магістрата.

Пасля ўварвання мяшчан у ратушу (15 ліпеня 1606 года) старая рада была разагнаная і выбраная новая, пераважна з незаможных рамеснікаў. Новая рада кіравала горадам больш за 2 гады, асаблівую ўвагу звяртаючы на інтарэсы гарадскіх нізоў.

Аднак у новай радзе паступова ўтварыўся раскол, і ў жніўні 1608 года частка рады падпісала «ўгодлівы ліст», паводле якога ўлада ў горадзе вярталася да старой рады. Кіраўнік радыкальнага крыла новай рады Хадко Багдановіч быў засуджаны на смерць.

Дзейнасць адноўленага старога магістрата выклікала неаднаразовыя новыя выступленні. Найбольш буйное адбылося ў 1610 годзе, калі гарадскія нізы спрабавалі ўзняць узброенае паўстанне, але яно было задушана войскам, а 5 кіраўнікоў былі пакараны смерцю на Іллінскай горцы.

У далейшым, выступленні мяшчан адбываліся таксама ў 1636 і 1638 гадах.

1740 год. Нарадзіўся Юзаф Сангушка (1740-1781).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, маршалак надворны.

Абіраўся паслом на вальны сойм. На сойме 1767-1768 гадоў абвясціў «Праект рэформы ўраду», які прадугледжваў прыняцце адзінага кодэксу права для ўсёй Рэчы Паспалітай. Падпісаў акт Кардынальных правоў.

Падтрымаў абранне каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1771 годзе таемна далучыўся да Барскай канфедэрацыі.

Памёр 12 мая 1781 года.

1893 год. На прамысловай выставе ў Чыкага запрацавала першае ў свеце кола агляду.

Пабудавана інжынерам Дж. Фэрысам. Яго дыяметр складаў 75 метраў, вага – 2 000 тон. Кола прыводзілася ў рух дзвюма паравымі машынамі. На коле было 36 кабін, памерам прыблізна з аўтобус. У кожнай кабіне было 20 сядзячых і 40 стаячых месцаў. Такім чынам, агульная пасажыраўмяшчальнасць атракцыёна складала 2 160 чалавек.

Абарот кола рабіла за 20 хвілін. Атракцыён газетчыкі ахрысцілі “чортавым колам”.

Пасля закрыцця Чыкагскай выставы кола Фэрыса двойчы пераносілі на іншае месца і канчаткова разабралі ў 1904 годзе.

У Беларусі “чортавы колы” раней працавалі ў шматлікіх гарадах, цяпер  – толькі ў Мінску, Гомелі, Брэсце, Гродна, Віцебску і Хоцімску.

Кола агляду ў Хоцімску.

1928 год. Нарадзіўся Гаўрыла Вашчанка (1928- 2014).

Беларускі жывапісец, Народны мастак БССР, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Айчыннай вайны і пасляваеннай працы, пра жыццё сучаснага Палесся.

Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі.

Памёр 14 лютага 2014 года.

Гаўрыла Вашчанка. “Радасць быцця”, 1985 г.

1939 год. Нарадзіўся Валерый Раеўскі (1939-2011).

Беларускі тэатральны рэжысёр, Народны артыст Беларусі, Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР.

На працягу 35 гадоў – галоўны рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра імя Янкі Купалы, прафесар акадэміі мастацтваў.

Стварыў амаль паўсотню спектакляў, у тым ліку ў краінах Еўропы паводле твораў А. Дударава, А. Макаёнка, В. Быкава, У. Шэкспіра, Ф. Дастаеўскага і інш. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Памёр 19 лістапада 2011 года.

1941 год. Скончылася апошняя перадваенная масавая дэпартацыя.

За 2 дні да пачатку вайны завершаны акт савецкага генацыду народаў, скіраваны супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, а таксама Украіны, Малдовы.

За 19-20 чэрвеня з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 300 чалавек. Гэтая “чэрвеньская” дэпартацыя – з серыі департацый, з 22 траўня па 20 чэрвеня 1941 года, якія закранулі Эстонію (10 тыс.), Латвію (15,5 тыс.), Літву, Малдову і Беларусь (30 тыс. чалавек). 

Да гэтага, 23 лютага 1940 года з Беларусі былі высланы 33 700 асаднікаў, 17 600 служачых лясной аховы, 13 красавіка 1940 года выселена 26 800 чалавек, галоўным чынам, супрацоўнікаў паліцыі, настаўнікаў, выхавацелей, святароў, грамадскіх дзеячаў. 29 чэрвеня 1940 года дэпартыравана 22 900 чалавек, у тым ліку значную частку бежанцаў з Польшчы, габреяў.

1948 год. У Вязынцы для наведвальнікаў расчыніў дзверы філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Галаўны музей знаходзіцца ў Мінску з 1944 года, на месцы былога дома паэта.

Акрамя філіяла ў Вязынцы яшчэ працуюць філіялы ў вёсках Харужанцы, Вязынка, Ляўкі (недалёка ад Магілёва) і Яхімоўшчына.

У фальварку Вязынка 7 ліпеня (25 чэрвеня) 1882 года нарадзіўся Іван Луцэвіч, будучы творца Янка Купала.

1963 год. У Магілёве нарадзіўся Сяргей Кавалёў.

Беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца.

Доктар філалагічных навук. Жыве ў Любліне (Польшча).

Даследуе праблемы сучаснай беларускай паэзіі, шматмоўную літаратуру ВКЛ, аўтар п’ес на гістарычныя, фальклорныя тэмы. Шмат піша і для дзяцей.

1963 год. У Мюнхене памёр Пётр Сыч (1912-1963).

Беларускі пісьменнік, мемуарыст, герой Монтэ-Касіна, журналіст «Радыё Свабода».

Трапіў у савецкі палон як польскі жаўнер, вязень турмаў НКУС, лагера ў Комі.

У 1942 годзе ўступіў у армію генерала У. Андэрса. Паручнікам прымаў удзел у шматлікіх баях, у тым ліку пад Монтэ-Касіна.

Актыўны дзеяч эмігранцкіх арганізацый Вялікабрытаніі, ФРГ, супрацоўнік часопіса «Беларус на чужыне», радыё «Свабода», член Рады БНР. Аўтар мемуараў пра Монтэ-Касіна.

Мемарыял у Монтэ-Касіна.

2001 год. Зацверджаны герб г. Горкі.

Герб 29-тысячнага горада, які ўпершыню згадваецца ў 1544 годзе, паўтарае герб 1867 года. 

Тут ў 1840 годзе адкрылася земляробчая школа – сёння сельскагаспадарчая акадэмія. У 1841 годзе з’явілася метэастанцыя, якая працуе і па сёння.

Навіны Мікалаева: Дрон на народныя сродкі. Гінуць дзеці. У сяле разбурэнні на 98%. У горад вярнулася да 70 тысяч жыхароў.

“Разам – да перамогі!” – мікалаеўцы сабралі сродкі на новы дрон для сваёй арміі – паведамляе Карабелаў.Інфа.

Да збору на беспілотнік далучыліся і простыя працоўныя, і пенсіянеры, і медыкі, і самі вайскоўцы. Гэтым учынкам грамадзяне набліжаюць перамогу Украіны.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Шматлікія сёлы Мікалаеўскай вобласці разбураны акупантамі на 70-90%. А вось сяло Пасад-Пакроўскае, на  мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей, не мае ніводнага ацалелага дома – населены пункт разбураны амаль на 98%, – паведамляюць мясцовыя СМІ.

Расійскія акупанты ператварылі сяло ў руіну: знішчаны школа, дзіцячы сад, дом культуры, магазіны, аптэкі. На сёння ў сяле застаецца каля 200 мясцовых жыхароў – менш за дзесятую частку даваеннага насельніцтва.

Гінуць дзеці

Напярэдадні Старага Новага года ў Ачакаве Мікалаеўскай вобласці пахавалі трохгадовага Расціслава Прысяжнага – піша www.0512.com.ua. Сэрца хлопчыка літаральна разарвалася ад магутнага выбуху, які адбыўся 9 студзеня. Выбух быў такой моцы, што яго чулі нават у Мікалаеве.

Нягледзячы на жыццё ва ўмовах жортскай вайны, мікалаеўцы знаходзяць сілы, час, каб наведваць ўстановы культутуры,  заапарк.

У Мікалаеўскім заапарку камчацкім мядзведзям  Мірону і Вакуле споўнілася па 23 гады, а ўчора, 13 студзеня, адсвяткаваў свой дзень нараджэння амурскі леапард Раё.

Улюбёнцаў наведвальнікаў Мірона і Вакулу павіншаваць не ўдаецца – яны не выходзяць з бярлогі, у іх глыбокі зімовы сон. А вось амурскі леапард захоўвае бадзёрасць.

У Мікалаеве застаюцца складанымі пытанні электра-, цепла- і водазабеспячэння, але гэта не пужае гараджан. Па даных главы ваеннай адміністрацыі Кіма, у Мікалаеў ужо вярнулася 50-70 тысяч чалавек..

У бліжэйшы час у горадзе плануюць адкрыць тэатры і  музеі, перайсці да навучання ў школах оф-лайн, адрадзіць бізнес.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Навіны пабрацімых. Як выжывае ў вайну заапарк прыфрантавога Мікалаева і чым ён разжыўся

У Мікалаеве, які ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну без бамбаванняў пражыў крыху больш за дваццаць дзён, працуе заапарк. Яму 120 гадоў. 

Ён лічыцца найлепшым у краіне. Мае шмат узнагародаў.


Разжыўся звярынец маладняком…


Днямі звярынец абвясціў, што ахвотныя могуць падзівіцца на маладняк, які ён разжыўся за час вайны.

За пяць апошніх месяцаў у ім нарадзіліся малпы, каціныя лемуры, леапарды, сервалы, рысі, казярогі, выдры і лама, гаворыцца на старонцы ўстановы ў Фэйсбуку.


Дапамагаў выжыць заапарку ўвесь свет


Па словах яго кіраўніка, Уладзімера Топчыя, найгоршыя для звярынца былі першыя два дні вайны. Тады не было зразумела, што чакае Мікалаеў, калі ў яго ўвойдуць расіяне. Яны тады былі за дзясятак кіламетраў ад гораду. Каб уратаваць гадаванцаў супрацоўнікі начавалі ў заапарку.

На яго ўтрыманне бракавала сродкаў. Тады Ўладзімер Топчый звярнуўся па дапамогу да народу Ўкраіны і ўсяго свету. Людзі сталі набываць білеты праз інтэрнэт. Тады заапарк быў зачынены для наведвання, а сам горад знаходзіўся пад несупынным абстрэлам.

Восем расійскіх ракет трапіла на тэрыторыю звярынца. 

Рэшткі адной з іх сталі экспанатамі музею ўстановы, а два застаюцца ляжаць на тэрыторыі. Аскепкі яшчэ адной адправіліся ў Германію на антываенную выставу. Яшчэ адной забралі вайскоўцы, бо на выбухоўцы захаваўся блок кіравання і ён меў каштоўнасць для вывучэння.

Уладзімер Топчый кажа, што за пяць месяцаў вайны ўстанова прыстасавалася да небяспечных умоваў працы, прызвычаіліся да паветраных трывог.

Паводле яго ваеннае жыццё звярынца мала, чым адрозніваецца ад будзённасці даваеннага. Супрацоўнікі завіхаюцца з уборкай, кармленнем жывёлаў. Горш стала з падвозам кармоў, вадой і палівам на дастаўку.

Як выбраць, каго ратуем, а каго пакінуць на згубу?

У эвакуацыю заапарк не выправіўся, бо, па словах Уладзімера Топчыя, тэхнічна і матэрыяльна гэта было складана арганізаваць. Акрамя таго такая выправа вялікая рызыка для жывёл.

«Куды эвакуяваць ​​велізарную калекцыю? Нам трэба знайсці месца. Мне давялося б кагосьці пакінуць. Як выбраць, каго мы ратуем, хто больш важны і варты жыцця, а каго пакінуць на згубу?», – тлумачыць ён.

З 230 супрацоўнікаў заапарку звольніла каля 30. Восем на перадавой.

Мікалаеўскі звярынец падтрымліваюць кадегі з Берліна, Таліну, Варшавы, Лодзі, Прагі. Еўрапейская асацыяцыя заапаркаў і акварыумаў пералічвае сродкі для заапаркаў Украіны.

«Мы іх ужо размяркоўваем паміж калегамі. Гэта вельмі важна, бо ў заапаркаў на часова акупаваных тэрыторыях грошай зусім няма. Таму мы вельмі ўдзячныя EAZA за падтрымку», падсумоўвае Ўладзімер Топчый.


У публікацыі выкарыстаныя матэрыял з інтэрнэт выданьня lb.ua, а таксама іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Фотаальбом «Магілёў.media». Якім убачыў Мінскі заапарк жыхар Шклова?

Жыхар райцэнтру ў Мінскім заапарку разам з сям’ёю бавіўся цэлы дзень. Ён прызнаецца, што на чацьвёртым дзясятку свайго жыцця адкрыў даўно існуючую, цікавую і пазнавальную мясціну.

Свае прыгоды шклавянін фіксаваў на фота. Сэрыю фотаздымкаў даслаў у Магілёў.media. Яны папоўнілі фотаальбом выдання.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Атар ліста адзначае, што на плошчы ў 15 гектараў жывуць 450 відаў жывёлаў. Калекцыя рыб, паўзуноў, птушак, звяроў налічвае 2500 асобін.

Па яго словах, дзеці былі ў захапленні, пабачыўшы малпаў, гіен, зебраў, зубра з мянушкай Байнэт, вярблюда ды прадстаўнікоў фаўны.

«Калі мядзведзю ў прасторным вальеры ў спёку было не зусім камфортна, горача, то насельнікі экзатэрарыуму, тэрарыуму, з выгляду адчувалі сябе выдатна. У паводзінах вадаплаўных птушак, якія прыжыліся на натуральных затоках Свіслачы, таксама не было нечага незвычайнага», – заўважае ён.

Далей наведнік звярынцу піша, што на пляцоўцы «Вясковая сядзіба» у адноўленым вясковым асяроддзі пасвяцца свойскія жывёлы: трусы, куры, коні, парасяты, авечкі, козы. На іх ня толькі можна глядзець, але дакрануцца і нават пакарміць, адзначае ён.

«Хоць для жыхароў глыбінкі такія звяры не экзатычныя, але пабачыць іх у нязвыклай абстаноўцы было цікава», – піша далей шклавянін.

У звярынцы ёсць свае дыназаўры, праўда, не жывыя, а іх манекены, удакладняе ён. Іх трымаюць у «Дынапарку».

У канцы ліста аўтар паведамляе, што Мінскі заапарк размешчаны на ўскраіне горада. Ён быў утвораны 9 жніўня 1984 году, як заабатанічны сад Мінскага аўтазаводу.

Недалёка ад яго станцыя метро “Аўтазаводская”. Побач парк 900-годдзя Мінска і Чыжоўскае вадасховішча.