Фотаальбом «Магілёў.media». Якім убачыў Мінскі заапарк жыхар Шклова?

Жыхар райцэнтру ў Мінскім заапарку разам з сям’ёю бавіўся цэлы дзень. Ён прызнаецца, што на чацьвёртым дзясятку свайго жыцця адкрыў даўно існуючую, цікавую і пазнавальную мясціну.

Свае прыгоды шклавянін фіксаваў на фота. Сэрыю фотаздымкаў даслаў у Магілёў.media. Яны папоўнілі фотаальбом выдання.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы [email protected].


Атар ліста адзначае, што на плошчы ў 15 гектараў жывуць 450 відаў жывёлаў. Калекцыя рыб, паўзуноў, птушак, звяроў налічвае 2500 асобін.

Па яго словах, дзеці былі ў захапленні, пабачыўшы малпаў, гіен, зебраў, зубра з мянушкай Байнэт, вярблюда ды прадстаўнікоў фаўны.

«Калі мядзведзю ў прасторным вальеры ў спёку было не зусім камфортна, горача, то насельнікі экзатэрарыуму, тэрарыуму, з выгляду адчувалі сябе выдатна. У паводзінах вадаплаўных птушак, якія прыжыліся на натуральных затоках Свіслачы, таксама не было нечага незвычайнага», – заўважае ён.

Далей наведнік звярынцу піша, што на пляцоўцы «Вясковая сядзіба» у адноўленым вясковым асяроддзі пасвяцца свойскія жывёлы: трусы, куры, коні, парасяты, авечкі, козы. На іх ня толькі можна глядзець, але дакрануцца і нават пакарміць, адзначае ён.

«Хоць для жыхароў глыбінкі такія звяры не экзатычныя, але пабачыць іх у нязвыклай абстаноўцы было цікава», – піша далей шклавянін.

У звярынцы ёсць свае дыназаўры, праўда, не жывыя, а іх манекены, удакладняе ён. Іх трымаюць у «Дынапарку».

У канцы ліста аўтар паведамляе, што Мінскі заапарк размешчаны на ўскраіне горада. Ён быў утвораны 9 жніўня 1984 году, як заабатанічны сад Мінскага аўтазаводу.

Недалёка ад яго станцыя метро “Аўтазаводская”. Побач парк 900-годдзя Мінска і Чыжоўскае вадасховішча.