Дзень у гісторыі. 19 чэрвеня. Вымярэнне радыуса Зямлі. Уцёкі караля. Трагедыі дэпартацыі, Курапатаў, Дальвы. Нарадзіўся В. Быкаў

240 год да н.э. Упершыню быў вылічаны радыус Зямлі.

Гэта было зроблена географам і астраномам Эратасфенам Кірэнскім (276-194 гг. да н. э.) у дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі пры дапамозе скафіса – вертыкальнай тычкі-гномана, умацаванага на дне чары (паўсферы).

Скафіс усталёўваюць так, каб гноман прымаў строга вертыкальнае становішча (быў накіраваны ў зеніт). Асветленая сонцам тычка адкідвае цень на падзеленую на градусы ўнутраную паверхню скафіса. 

Эратасфен параўнаў вышыню Сонца ў адзін і той жа момант часу ў двух гарадах – Александрыі і Сіене (Асуан). Пасля вымярэння кут аказаўся 7 градусаў 12 хвілін, гэта значыць 1/50 акружнасці. Такім чынам Сіена адлягае ад Александрыі на 1/50 акружнасці Зямлі. 

Адлегласць паміж гарадамі лічылася роўнай 5 000 стадыям, значыць акружнасць Зямлі – 250 000 стадыяў, а радыус тады складае 39 790 стадыяў. Невядома, якім значэннем стадыя карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7 082 км, калі егіпецкім, то – 6 287 км. Сучасныя вымярэнні даюць велічыню радыуса 6 371 км – дакладнасць вымярэння проста дзіўная!

1574 год. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Валуа тайна пакінуў Кракаў.

Генрык (1551-1589), герцаг анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1574), кароль Францыі (1575-1589) Генрых ІІІ.

На элекцыйным сойме ў Варшаве 11 мая 1573 года быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. 24 лютага 1574 года ў Кракаве адбыліся яго каранацыя і прысяга ў адпаведнасці з «Генрыкавымі артыкуламі».

Яго абранне выклікала незадавальненне значнай часткі эліт, шляхты. У шмат якіх ваяводствах пачаўся рух за пазбаўленне Генрыка кароны. Незадавальненне выклікала і яго нежаданне ажаніцца з Ганнай Ягелонкай.

30 мая 1574 года ў Францыі памёр Карл IX і Генрык вырашыў пакінуць польскі сталец.

У Францыі Генрыка абралі каралём пад імем Генрыха III. У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1669 год. Каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ абраны Міхал Вішнявецкі.

Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Ведаў некалькі замежных моў.

У лістападзе 1663 браў удзел у вайсковай кампаніі супраць маскоўскіх войскаў, камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек.

Улетку 1672 года ўкраінска-турэцкая армія, захапіўшы крэпасць Хацін, уступіла ў Галічыну. Пасля кароткачасовай аблогі Львова Міхал быў вымушаны заключыць ганебны Бучацкі мір, па ўмовах якога Украіна станавілася незалежнай дзяржавай пад пратэктаратам Турцыі, а Падолле адыходзіла да Асманскай імперыі.

Але сойм Рэчы Паспалітай не зацвердзіў мірнага дагавора, і вайна аднавілася. Па дарозе ў войска, якое збіралася каля Хаціна, Міхал Вішнявецкі памёр у Львове 10 лістапада 1673 года. 

1898 год. У в. Расасна Горацкага павета (зараз – Дубровенскі раён) нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).

Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар БСГА. 

Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове.

Распрацаваў методыку сортавыпрабавання, якая на сортавыпрабавальных участках сельскагаспадарчай выставы (Масква) дала ў 1937 годзе 99,8 ц/га, а ў 1940 годзе – 110,9 ц/га азімай пшаніцы.

1912 год. Нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).

Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар. У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Сібіры і Казахстане.

Аўтар паэм «Замкі і людзі», «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага». Перакладчык на беларускую мову твораў А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ю. Крашэўскага, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, Т. Шаўчэнкі, Ё. Гётэ, Ф. Шылера і іншых.

Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» зроблены ў ГУЛАГу на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

1923 год. У Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.

Беларускі геафізік, адзін са стваральнікаў нацыянальнай школы геафізікі. Займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызма. Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі (1958). 

Кандыдат геолага-мінералагічных наук.

Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя.

1924 год. Нарадзіўся  Васіль Быкаў (1924-2003).

Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай працы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, Дзяржаўных прэмій СССР і  БССР, Ленінскай прэміі.

Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Адзін з заснавальнікаў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Народны дэпутат СССР.

Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

Па яго творах пастаўлены 14 кінафільмаў, у тым ліку «Альпійская балада». На беларускай мове з ўсіх экранізацый зняты толькі два фільмы – «На чорных лядах» і «Народныя мсціўцы».

Многія яго аповесці былі інсцэніраваны тэатрамі СССР, па іх створаны балет, сюіта, опера.

Працуюць мемарыяльны Музей-сядзіба В. Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна і Музей-дача ў Ждановічах, пастаўлены помнік ва Ушачах.

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.

У Віцебску, Мінску, ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, ва Ушачах – помнік.

1941 год. Апошняя перадваенная масавая дэпартацыя ў Сібір і Казахстан.

Была скіраваная супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, Украіны, Малдавіі.

За 19-20 чэрвеня толькі з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 000 чалавек.

1941 год. Нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу. Дзяцінства правёў у в. Беразякі Краснапольскага раёна і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, вучыўся ў СШ №2 Магілёва. 

Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што літва не была балцкім племем.

1943 год. Адбылося Івянецкае паўстанне пры ўдзеле партызанскага атрада з Цэнтра Арміі Краёвай “Стоўбцы”.

Івянец быў захоплены на 18 гадзін, вызвалены вязні турмы, ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атраду. 

Атрад партызан налічваў каля 150 чалавек (нямецкі гарнізон каля 500 чалавек), большасць з якіх мелі толькі пісталеты і гранаты. Камандаваў атакай паручнік Каспер Мілашэўскі.

Партызаны АК “Стоўбцы”

1944 год. Нацысты знішчылі вёску Дальва на Лагойшчыне разам з яе жыхарамі.

Фашысты сагналі 44 жыхары вёскі ў хату В. Кухаронка і спалілі жыўцом. Загінула 29 дзяцей, 13 жанчын і два мужчыны. Выжыў толькі 13-гадовы М. Гірыловіч, які ў той дзень пасвіў каня за вёскай.

На месцы спаленай вёскі 15 ліпеня 1973 года адкрыты мемарыяльны комплекс – філіял комплекса «Хатынь».

У 1968 годзе пісьменьнік І. Пташнікаў выдаў аповесць «Тартак», прысвечаную Дальве.

1953 год. У ЗША па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць СССР пакараныя смерцю Юліус і Этэль Розенберг.

Іх справа дагэтуль застаецца адным з загадкавых крымінальных працэсаў у гісторыі. Ніхто не ведае напэўна, паведамлялі яны саветам сакрэт атамнай бомбы ці не. Муж і жонка да канца адстойвалі сваю невінаватасць.

У дзень пакарання Розенбергам дазволілі патэлефанаваць у міністэрства юстыцыі. Калі б яны вырашылі прызнацца ў шпіянажы, то выратавалі сваё жыццё. Аднак, замест размовы з міністрам Розенбергі ў апошні раз аддалі перавагу пацалаваць адзін аднаго. Перад смерцю Этэль напісала сынам: “Заўсёды памятайце, што мы былі невінаватыя і не маглі пайсці супраць свайго сумлення”.

1976 год. Нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).

Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі. Распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» (з 2002).

Скончыў Амерыканскі універсітэт у Балгарыі па спецыяльнасці «інфарматыка». Працаваў камп’ютарным спецыялістам у Будапешце (Фонд Сораса), Франкфурце-на-Майне.

16 чэрвеня 2006 трапіў у аўтамабільную катастрофу, знаходзіўся ў глыбокай коме. Памёр 25 мая 2007 года.

1988 год. У Курапатах адбыўся першы масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

У Мінску праходзіць марш, потым – пратэстны мітынг у Курапатах, на якія прыходзіць каля 10 000 чалавек. Менавіта там упершыню паднімаецца нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, і гучаць антысавецкія лозунгі. 

Вось як падзеі ўзгадвае Зянон Пазняк:”Дзень 19 чэрвеня 1988 году, калі адбылося масавае шэсце на Курапаты і мітынг там, жыве ў маёй свядомасці выразна і моцна. Тысячы людзей зайшлі ў Курапацкі лес і ўсе рассыпаліся. Між дрэваў і кустоў ішлі моўчкі, у поўнай цішыні… І толькі крокі і шоргат лясной травы пад нагамі. Мне пачулася ў гэтым нешта містычнае. Я адчуў, што адбываецца нешта, чаго я ня змог растлумачыць. Гэты шоргат людской лавіны – гэты вобраз стаіць у мяне ўвушшу, уваччу, жыве ў маёй свядомасці.”

Паводле розных крыніц інфармацыі, з 1937 па 1941 год толькі ў Курапатах па палітычных матывах забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.

2019 год. Памерла Іраіда Царук (1928-2019).

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага.

Даследчыца гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ (1973-1986).

Дзень у гісторыі. 10 студзеня. Першае ў свеце метро, першы перапіс насельніцтва на Беларусі. Жудаснае пахаладанне ў Дакоце, катастрафічная лавіна ў Перу. Нарадзіўся Пётр Магіла

1597 год. Нарадзіўся мітрапаліт Пётр Магіла. 

Рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай, епіскап Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы, Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі, трэці Экзарх Канстанцінопальскага трону (1632-1647).

Быў прэтэндэнтам на малдаўскі трон, удзельнік Хоцінскай бітвы. 

У 1625 годзе прыняў манаскі пострыг у Кіева-Пячэрскім манастыры, у 1627 годзе стаў архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры.

Падтрымліваў друкарні Украіны і Беларусі, рабіў пераклады з грэцкай мовы, складаў, пісаў кнігі, у тым ліку першы праваслаўны катэхізіс – «Праваслаўнае вызнанне веры», займаўся  развіццём праваслаўнай адукацыі, прымірэннем праваслаўных і уніятаў. 

Уладзіслаў IV у 1632 годзе афіцыйна аднавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію ў складзе Канстанцінопальскага патрыярхату з утварэннем новай Мсціслаўскай епархіі і назначэннем мітрапалітам Пятра Магілы. 

У 1633 годзе Магіла атрымаў каралеўскі дазвол на збудаванне ў Магілёве царквы Святога Мікалая. Па распараджэнню мітрапаліта магілёўскім біскупам Сільвестрам (Косавым) у 1637 г. была пабудавана часовая драўляная Мікольская царква.

Памёр 11 студзеня 1647 года.

Кананізаваны 8 снежня 2005 года Архіерэйскім саборам Рускай праваслаўнай царквы.

1684 год. Памёр Крыштаф Жыгімонт Пац

Вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Вялікі харунжы літоўскі, падканцлер, вялікі канцлер літоўскі (з 1658).

Атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю. Служыў у французскай, іспанскай і галандскай арміях.

Адзін з лідараў партыі, якая выступала за каранацыю Міхала Вішнявецкага і  супраць абрання Яна Сабескага.

У 1673 годзе дабіўся прыняцця закона, паводле якога кожны трэці сойм павінны быў праходзіць у Гродне (акрамя Варшавы і Кракава).

1863 год. У 6:00 раніцы ў Лондане пачало працаваць першае ў свеце метро. 

Зараз Лонданскае метро мае працягласць 402 км, яно ўключае 268 станцый і 11 ліній. 

Метро працуюць на усіх, акрамя Антарктыды, кантынентах, у 50 краінах. У Афрыцы яно ёсць толькі ў Алжыры, Егіпце, Нігерыі, Тунісе, Кот д’Івуары. 

Самыя буйныя метрапалітэны ў свеце: па колькасці станцый і ліній – Нью-Ёркскі (472 станцыі, 28 ліній), па даўжыні ліній – Шанхайскі (743 км) і Пекінскі (727 км), па гадавому пасажырапатоку – Пекінскі і Такійскі. 

Самыя кароткія лініі метро (меней за 9 км): у венесуэльскім Маракайба, індыйскім Ахмадабадзе, італьянскіх Катаніі і Генуі, украінскім Дняпры. Гётэборг, Лазана, італьянская Брэшыя, французскі Рэн – самыя маленькія гарады ў свеце, якія маюць метро. 

З 1984 года працуе метро ў Мінску: зараз гэта тры лініі працягласцю 41 км, 33 станцыі, будуецца 4-я лінія.

1890 год. Нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч. 

Беларускі каталіцкі святар, пісьменнік, перакладчык, прыхільнік беларусізацыі касцёла. Доктар філасофіі.

Святар з 1915 года. Служыў ў прыходах Друі, Дісненшчыны, Іўі, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі «Беларус» і «Крыніца».

Аўтар апавяданняў, якія друкаваў у «Нашай ніве», у Першым беларускім календары «Нашай нівы», газеце «Biełarus» і іншых выданнях.

Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў каталіцкае богаслужэнне.

У гады Другой сусветнай вайны арыштаваны акупацыйнымі ўладамі, памёр 28 красавіка 1944 года пасля вызвалення з турмы.

І. Бобіч на фотаздымку злева

1896 год. Нарадзіўся Георгій Лаўроў. 

Савецкі беларускі архітэктар.

У 1928-1934 гадах працаваў галоўным архітэктарам у наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР, потым пераведзены на працу ў Маскву.

Праекціроўшчык будынкаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, бібліятэкі і інтэрнатаў БДСГА ў Горках, ўніверсітэцкага гарадка і галоўнага корпуса БДУ, Політэхнічнага інстытута ў Менску, будынка драмтэатра і кінатэатра ў Оршы, будынкаў у Алушце, Албаніі, Алма-Аце, Ашхабадзе, Фрунзе, Сафіі, Бухарэсце.

Памёр 24 мая 1967 года.

1897 год. Пачаўся Першы Усерасійскі перапіс насельніцтва. 

Па даных гэтага перапісу насельніцтва Беларусі ў сучасных яе межах склала 6,38 мільёнаў чалавек. 

Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): Менск – 90,9, Віцебск – 65,9, Гродна – 40,9, Гомель – 36,7, Полацк – 20,3; Асіповічы – 0,9, Бялынічы – 2,2, Бабруйск – 34,3, Быхаў – 6,4, Глуск – 5,3, Горкі – 6,7, Дрыбін – 1,2, Касцюковічы – 0,7, Клімавічы – 6,0, Клічаў – 0,6, Краснаполле – 3,2, Круглае – 1,6, Крычаў – 6,2, Магілёў – 43,1, Мсціслаў – 8,5, Прапойск – 1,0, Хоцімск – 3,0, Чавусы – 4,7, Чэрыкаў – 5,2, Шклоў – 9,7.

1905 год. Нарадзілася Таццяна Бірыч. 

Беларускі афтальмолаг, доктар медыцынскіх навук. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Герой Сацыялістычнай Працы. Заслужаны дзеяч навукі, заслужаны ўрач БССР.

Працавала загадчыкам кафедры хвароб вачэй Мінскага медінстытута, галоўным афтальмолагам краіны, старшынёй Навуковага таварыства афтальмолагаў БССР, намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967).

Аўтар 240 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, у галіне аксігенатэрапіі хвароб вачэй, лячэння сухотаў і апёкаў вачэй, выдалення катаракты з дапамогай нізкіх тэмператур (першая ў СССР), вывучэння кровазліцця ў сятчатку ў нованароджаных пры нармальных і паталагічных родах.

Упершыню ў Савецкім Саюзе ужыла метад крыяхірургіі пры захворваннях вачэй.

Памерла 26 лютага 1993 года.

1911 год. Жудаснае пахаладанне ў Дакоце за чвэрць гадзіны. 

У горадзе Рапід-Сіці амерыканскага штата Паўднёвая Дакота цягам 15 хвілін (ёсць сведчанні, што за 5 хвілін) тэмпература апусцілася адразу на 26°С з +16  да −11°C.

Фота: Рапід-Сіці, 1912 год

1956 год. Нарадзіўся Юры Малышэўскі. 

Беларускі майстар выцінанкі. Народны майстар.

З 1987 года працуе ў мастацкай майстэрні аддзелу культуры Пружанскага райвыканкаму. Кіруе дзіцячай студыяй народнай творчасці па мастацтве выцінанкі і разьбы па дрэве.

У яго творах адлюстроўваюцца тры тэмы: жыцьцё лесу і яго насельнікаў, гісторыя роднага мястэчка, дзейнасць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Акрамя выцінанкі, працуе таксама ў жывапісе, графіцы, рэстаўрацыі. Ружанскі краязнавец.

1962 год. У 18:13 адбылася найвялікшая ў гісторыі лавін катастрофа: абвал з Невада-Уаскаран (Перу).

Аб’ём масы снегу і лёду склаў прыблізна 3 мільёны кубаметраў, а да канца руху лавіны дасягнуў 10 мільёнаў. 

Гразевы паток імчаўся ўніз з хуткасцю 110 км/гадзіну і нёс на сабе каменныя груды памерам з трохпавярховы дом. 

Лавіна прайшла 10 км і за 7 хвілін сцёрла з твару зямлі гарадок Ранраірка, 6 мястэчак і часткова разбурыла яшчэ тры. Дакладная колькасць ахвяр невядомая. Па прыблізных падліках загінула 4 000 чалавек і 10 000 хатніх жывёл.

1966 год. Нарадзіўся Яраслаў Раманчук. 

Беларускі палітык і эканаміст. Быў кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на выбарах 2010 года.

Працаваў выкладчыкам, журналістам, дырэктарам прадпрыемства, аналітыкам, галоўным спецыялістам Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах Вярхоўнага Савета 13-га склікання, у штотыднёвіку «Белорусская газета», кіраўніком «Навукова-даследчага цэнтра Мізэса», цэнтра «Стратэгія».

Лаўрэат многіх прэмій, у тым ліку Atlas Economic Research Foundation, імя сэра Энтані Фішэра за кнігі «Беларусь: дорога в будущее» і «Бизнес Беларуси: в круге первом».

Самы вядомы прадстаўнік і папулярызатар аўстрыйскай школы эканомікі ў Беларусі.

У 2000-2011 гадах быў намеснікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.