Tag: Царук
Дзень у гісторыі. 19 чэрвеня. Вымярэнне радыуса Зямлі. Уцёкі караля. Трагедыі дэпартацыі, Курапатаў, Дальвы. Нарадзіўся В. Быкаў
240 год да н.э. Упершыню быў вылічаны радыус Зямлі.
Гэта было зроблена географам і астраномам Эратасфенам Кірэнскім (276-194 гг. да н. э.) у дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі пры дапамозе скафіса – вертыкальнай тычкі-гномана, умацаванага на дне чары (паўсферы).
Скафіс усталёўваюць так, каб гноман прымаў строга вертыкальнае становішча (быў накіраваны ў зеніт). Асветленая сонцам тычка адкідвае цень на падзеленую на градусы ўнутраную паверхню скафіса.
Эратасфен параўнаў вышыню Сонца ў адзін і той жа момант часу ў двух гарадах – Александрыі і Сіене (Асуан). Пасля вымярэння кут аказаўся 7 градусаў 12 хвілін, гэта значыць 1/50 акружнасці. Такім чынам Сіена адлягае ад Александрыі на 1/50 акружнасці Зямлі.
Адлегласць паміж гарадамі лічылася роўнай 5 000 стадыям, значыць акружнасць Зямлі – 250 000 стадыяў, а радыус тады складае 39 790 стадыяў. Невядома, якім значэннем стадыя карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7 082 км, калі егіпецкім, то – 6 287 км. Сучасныя вымярэнні даюць велічыню радыуса 6 371 км – дакладнасць вымярэння проста дзіўная!
1574 год. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Валуа тайна пакінуў Кракаў.
Генрык (1551-1589), герцаг анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1574), кароль Францыі (1575-1589) Генрых ІІІ.
На элекцыйным сойме ў Варшаве 11 мая 1573 года быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. 24 лютага 1574 года ў Кракаве адбыліся яго каранацыя і прысяга ў адпаведнасці з «Генрыкавымі артыкуламі».
Яго абранне выклікала незадавальненне значнай часткі эліт, шляхты. У шмат якіх ваяводствах пачаўся рух за пазбаўленне Генрыка кароны. Незадавальненне выклікала і яго нежаданне ажаніцца з Ганнай Ягелонкай.
30 мая 1574 года ў Францыі памёр Карл IX і Генрык вырашыў пакінуць польскі сталец.
У Францыі Генрыка абралі каралём пад імем Генрыха III. У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.
1669 год. Каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ абраны Міхал Вішнявецкі.
Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Ведаў некалькі замежных моў.
У лістападзе 1663 браў удзел у вайсковай кампаніі супраць маскоўскіх войскаў, камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек.
Улетку 1672 года ўкраінска-турэцкая армія, захапіўшы крэпасць Хацін, уступіла ў Галічыну. Пасля кароткачасовай аблогі Львова Міхал быў вымушаны заключыць ганебны Бучацкі мір, па ўмовах якога Украіна станавілася незалежнай дзяржавай пад пратэктаратам Турцыі, а Падолле адыходзіла да Асманскай імперыі.
Але сойм Рэчы Паспалітай не зацвердзіў мірнага дагавора, і вайна аднавілася. Па дарозе ў войска, якое збіралася каля Хаціна, Міхал Вішнявецкі памёр у Львове 10 лістапада 1673 года.
1898 год. У в. Расасна Горацкага павета (зараз – Дубровенскі раён) нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).
Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар БСГА.
Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове.
Распрацаваў методыку сортавыпрабавання, якая на сортавыпрабавальных участках сельскагаспадарчай выставы (Масква) дала ў 1937 годзе 99,8 ц/га, а ў 1940 годзе – 110,9 ц/га азімай пшаніцы.
1912 год. Нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).
Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар. У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Сібіры і Казахстане.
Аўтар паэм «Замкі і людзі», «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага». Перакладчык на беларускую мову твораў А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ю. Крашэўскага, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, Т. Шаўчэнкі, Ё. Гётэ, Ф. Шылера і іншых.
Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» зроблены ў ГУЛАГу на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.
1923 год. У Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.
Беларускі геафізік, адзін са стваральнікаў нацыянальнай школы геафізікі. Займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызма. Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі (1958).
Кандыдат геолага-мінералагічных наук.
1924 год. Нарадзіўся Васіль Быкаў (1924-2003).
Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай працы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Ленінскай прэміі.
Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.
Адзін з заснавальнікаў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Народны дэпутат СССР.
Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.
Па яго творах пастаўлены 14 кінафільмаў, у тым ліку «Альпійская балада». На беларускай мове з ўсіх экранізацый зняты толькі два фільмы – «На чорных лядах» і «Народныя мсціўцы».
Многія яго аповесці былі інсцэніраваны тэатрамі СССР, па іх створаны балет, сюіта, опера.
Працуюць мемарыяльны Музей-сядзіба В. Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна і Музей-дача ў Ждановічах, пастаўлены помнік ва Ушачах.
У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.
У Віцебску, Мінску, ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, ва Ушачах – помнік.
1941 год. Апошняя перадваенная масавая дэпартацыя ў Сібір і Казахстан.
Была скіраваная супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, Украіны, Малдавіі.
За 19-20 чэрвеня толькі з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 000 чалавек.
1941 год. Нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).
Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу. Дзяцінства правёў у в. Беразякі Краснапольскага раёна і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, вучыўся ў СШ №2 Магілёва.
Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што літва не была балцкім племем.
1943 год. Адбылося Івянецкае паўстанне пры ўдзеле партызанскага атрада з Цэнтра Арміі Краёвай “Стоўбцы”.
Івянец быў захоплены на 18 гадзін, вызвалены вязні турмы, ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атраду.
Атрад партызан налічваў каля 150 чалавек (нямецкі гарнізон каля 500 чалавек), большасць з якіх мелі толькі пісталеты і гранаты. Камандаваў атакай паручнік Каспер Мілашэўскі.
1944 год. Нацысты знішчылі вёску Дальва на Лагойшчыне разам з яе жыхарамі.
Фашысты сагналі 44 жыхары вёскі ў хату В. Кухаронка і спалілі жыўцом. Загінула 29 дзяцей, 13 жанчын і два мужчыны. Выжыў толькі 13-гадовы М. Гірыловіч, які ў той дзень пасвіў каня за вёскай.
На месцы спаленай вёскі 15 ліпеня 1973 года адкрыты мемарыяльны комплекс – філіял комплекса «Хатынь».
У 1968 годзе пісьменьнік І. Пташнікаў выдаў аповесць «Тартак», прысвечаную Дальве.
1953 год. У ЗША па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць СССР пакараныя смерцю Юліус і Этэль Розенберг.
Іх справа дагэтуль застаецца адным з загадкавых крымінальных працэсаў у гісторыі. Ніхто не ведае напэўна, паведамлялі яны саветам сакрэт атамнай бомбы ці не. Муж і жонка да канца адстойвалі сваю невінаватасць.
У дзень пакарання Розенбергам дазволілі патэлефанаваць у міністэрства юстыцыі. Калі б яны вырашылі прызнацца ў шпіянажы, то выратавалі сваё жыццё. Аднак, замест размовы з міністрам Розенбергі ў апошні раз аддалі перавагу пацалаваць адзін аднаго. Перад смерцю Этэль напісала сынам: “Заўсёды памятайце, што мы былі невінаватыя і не маглі пайсці супраць свайго сумлення”.
1976 год. Нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).
Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі. Распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» (з 2002).
Скончыў Амерыканскі універсітэт у Балгарыі па спецыяльнасці «інфарматыка». Працаваў камп’ютарным спецыялістам у Будапешце (Фонд Сораса), Франкфурце-на-Майне.
16 чэрвеня 2006 трапіў у аўтамабільную катастрофу, знаходзіўся ў глыбокай коме. Памёр 25 мая 2007 года.
1988 год. У Курапатах адбыўся першы масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
У Мінску праходзіць марш, потым – пратэстны мітынг у Курапатах, на якія прыходзіць каля 10 000 чалавек. Менавіта там упершыню паднімаецца нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, і гучаць антысавецкія лозунгі.
Вось як падзеі ўзгадвае Зянон Пазняк:”Дзень 19 чэрвеня 1988 году, калі адбылося масавае шэсце на Курапаты і мітынг там, жыве ў маёй свядомасці выразна і моцна. Тысячы людзей зайшлі ў Курапацкі лес і ўсе рассыпаліся. Між дрэваў і кустоў ішлі моўчкі, у поўнай цішыні… І толькі крокі і шоргат лясной травы пад нагамі. Мне пачулася ў гэтым нешта містычнае. Я адчуў, што адбываецца нешта, чаго я ня змог растлумачыць. Гэты шоргат людской лавіны – гэты вобраз стаіць у мяне ўвушшу, уваччу, жыве ў маёй свядомасці.”
Паводле розных крыніц інфармацыі, з 1937 па 1941 год толькі ў Курапатах па палітычных матывах забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.
2019 год. Памерла Іраіда Царук (1928-2019).
Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага.
Даследчыца гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ (1973-1986).