МАЗ з ваеннымі перакуліўся пад Асіповічамі, загінулі кантрактнік і салдат тэрміновай службы

Раніцай 24 ліпеня на 12-м кіламетры аўтадарогі Асіповічы – Баранавічы перакуліўся грузапасажырскі вайсковы аўтамабіль МАЗ. У выніку аварыі загінулі два чалавекі: малодшы сяржант кантрактнай службы А. Шабуневіч і радавы тэрміновай службы А. Кіба. Яшчэ 14 пацярпелых даставілі ў бальніцы.

Паводле папярэдняй версіі Следчага камітэта Беларусі, кіроўца рухаўся па галоўнай дарозе, але падчас павароту не справіўся з кіраваннем. Машына з’ехала ў кювет і перакулілася.

На месцы здарэння працуюць следча-аператыўная група ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці, следчыя-крыміналісты, супрацоўнікі цэнтральнага апарату ведамства, эксперты і інспектары ДАІ. Яны аглядаюць тэрыторыю і фіксуюць сляды аварыі.

Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 464 Крымінальнага кодэкса – за парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі транспартнай машыны, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці двух чалавек.

Прычыны здарэння і ўсе яго абставіны пакуль высвятляюцца. Агучаная версія з’яўляецца папярэдняй.

Фота ілюстрацыйнае

Украінцы выбілі расіян з вострава Змяіны. Расіяне называюць сыход «крокам добрай волі».

Узброеныя сілы Расіі завяршылі выкананне задач на востраве Змяіны і 30 чэрвеня вывелі адтуль свой гарнізон, піша газета «Известие», спасылаючыся на Міністэрства абароны Расіі.

«Як крок добрай волі», – акцэнтуе ўвагу выданне».

Востраў Змяіны некалькі дзён абстрэльвалі ўкраінцы, каб выбіць адтуль расійскіх вайскоўцаў. Ён мае стратэгічнае значэнне, бо знаходзіцца на шляху да Адэсы.

Украінскі бок спачатку паведаміў пра эвакуацыю расійскіх вайскоўцаў.

У афіцыйным паведамленні аператыўнага камандавання «Поўдзень» гаварылася: «у выніку правядзення чарговага этапу ваеннай аперацыі з нанясеннем агнявых удараў нашымі ракетнымі і артылерыйскімі падраздзяленнямі па востраве Змяіны, праціўнік паспешна эвакуюе рэшткі гарнізону двума хуткімі кацярамі і, верагодна, пакінуў востраў”.

Пазней прадстаўнік офісу ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ермак напісаў у сваім тэлеграм-канале: «На Змяіным расіян больш няма. УСУ правялі выдатную аперацыю».

Невялікі востраў у Чорным моры быў акупаваны расійскімі войскамі ў першыя дні іх поўнамаштабнага ўварвання ва Ўкраіну. Адзін з яго абаронцаў на патрабаванне расіян здацца адказаў: «Русский военный корабль…». Фраза стала вядомай усяму свету, абыгрывалася ў розных сітуацыях і нават яе пазначалі на адзежы.

13 красавіка ракетны крэйсер «Масква», які штурмаваў востраў, паводле ўкраінскага боку, быў атакаваны іхнай ракетай і затануў.