МАЗ з ваеннымі перакуліўся пад Асіповічамі, загінулі кантрактнік і салдат тэрміновай службы

Раніцай 24 ліпеня на 12-м кіламетры аўтадарогі Асіповічы – Баранавічы перакуліўся грузапасажырскі вайсковы аўтамабіль МАЗ. У выніку аварыі загінулі два чалавекі: малодшы сяржант кантрактнай службы А. Шабуневіч і радавы тэрміновай службы А. Кіба. Яшчэ 14 пацярпелых даставілі ў бальніцы.

Паводле папярэдняй версіі Следчага камітэта Беларусі, кіроўца рухаўся па галоўнай дарозе, але падчас павароту не справіўся з кіраваннем. Машына з’ехала ў кювет і перакулілася.

На месцы здарэння працуюць следча-аператыўная група ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці, следчыя-крыміналісты, супрацоўнікі цэнтральнага апарату ведамства, эксперты і інспектары ДАІ. Яны аглядаюць тэрыторыю і фіксуюць сляды аварыі.

Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле часткі 3 артыкула 464 Крымінальнага кодэкса – за парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі транспартнай машыны, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці двух чалавек.

Прычыны здарэння і ўсе яго абставіны пакуль высвятляюцца. Агучаная версія з’яўляецца папярэдняй.

Фота ілюстрацыйнае