Нават думкі не было – як у Магілёве навабранцаў вучаць не сумнявацца

23 мая ў магілёўскай 188-й гвардзейскай інжынернай брыгадзе 230 навабранцаў прынялі прысягу.

Вось пра што яны заяўлялі:

  1. Нават думкі не было не пайсці.
  2. Кожны мужчына павінен стаць на абарону Радзімы.
  3. Хачу стаць больш узважаным і адказным.
  4. Кожнае слова адгукалася ў сэрцы.
  5. Кожная дзяўчына хоча бачыць побач сапраўднага мужчыну – сур’ёзнага, адказнага і рашучага.
  6. Быў хатнім хлопчыкам, а стаў сапраўдным мужчынам.
  7. Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць.

Яно-то – так. Раней студэнт-акулярык вучыў оптаметрычную табліцу на памяць – з асцярогі, што калі не сходзіць у армію, то дзяўчаты любіць не будуць – і трапляў у стройбат ужо з другога курса інстытута. 

Цяпер моладзь стала значна разумнейшай. Яна задае сабе пытанне: навошта не армія, калі я вучуся на спецыяліста па нейралінгвістычным праграмаванні?

А сістэма дзяржаўнай рэкламы службы ў арміі так і засталася на ўзроўні фільма «Максім Перапеліца». Менавіта так і бачыць армію галоўны “абаронца” краіны Лукашэнка.

Са школьнай парты

У магілёўскай сярэдняй школе №12 адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб «Брыгада» – створаны сумесна з той самай 188-й гвардзейскай інжынернай брыгадай, дзе сёння прымаюць прысягу. Курсанты ўжо ведаюць, куды пойдзе пасля школы: у БНТУ на ваенна-тэхнічны факультэт, а потым – вернуцца ў Магілёў і будуць служыць у 188-й.

Гэта не адзінкавы выпадак. У круглянскім дзіцячым садзе №3 для пяцігадовых дзяцей арганізавалі ваенна-патрыятычную групу «Юны патрыёт» – з формай колеру хакі і тэматычнымі тыднямі пра «ганаровы абавязак абараняць Радзіму».

У Клічаве школу №1 урачыста абвясцілі «Школай міру» – на фоне размяшчэння расійскай ваеннай інфраструктуры. А па ўсёй Магілёўшчыне школьнікаў і дзіцясадкоўцаў водзяць глядзець баявыя стрэльбы з гаўбіц і рэактыўных сістэм залпавага агню.

Да 2030 года плануецца адкрыць яшчэ 35 ваенна-патрыятычных клубаў. У 2026 годзе ствараецца Рэспубліканскі цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання.

А ў кагосьці думкі ўсё ж былі

Паводле даных на красавік 2025 года, следчымі Магілёўскага МАСК скончана вытворчасць па 8 крымінальных справах у дачыненні да асоб, якія ўхіліліся ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу.

Адзін з іх – 18-гадовы магілёвец. Увосень 2024 года ён атрымаў павестку на медагляд, не з’явіўся, быў аб’яўлены ў вышук. 

Суд Ленінскага раёна прыгаварыў яго да года абмежавання свабоды, спагнаў працэсуальныя выдаткі ў 30 базавых велічынь, а тэлефон пакінуў пад арыштам.

З 3 сакавіка 2025 года штраф з пераліку пакаранняў за ўхіленне ад службы выключаны. Адкупіцца больш нельга.

Па ўсёй Беларусі толькі за першае паўгоддзе да крымінальнай адказнасці было прыцягнута каля 300 чалавек. Судзімасць ад арміі не вызваляе – пасля пагашэння тэрміну зноў выклічуць у ваенкамат.

Дзяржава працуе на два фронты: выхоўвае тых, у каго думак няма, і карае тых, у каго яны з’явіліся.

Фота “Беларусь Сегодня”.

Байцы “Грома” дзяліліся досведам з бабруйскімі студэнтамі

Байцы «Грома» распавядалі пра сваю “барацьбу” студэнтам Бабруйскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа.

Дыялогавую пляцоўку пра ваенна-патрыятычнае выхаванне і працоўную дзейнасць моладзі арганізавалі ў Бабруйскім дзяржаўным індустрыяльна-будаўнічым каледжы.

Дыялог заключаўся ў тым, што “байцы атрада спецыяльнага прызначэння «Гром» прадэманстравалі студэнтам узоры баявой зброі і экіпіроўкі, якія знаходзяцца на ўзбраенні спецпадраздзяленняў”.

Нагадваем, што задачамі спецатрада, створанага на базе вайсковай часці 6713, з’яўляюцца пошук і ліквідацыя незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп, садзейнічанне ў ахове дзяржаўнай мяжы, а таксама затрыманне правапарушальнікаў сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

З дыверсійна-разведвальнымі групамі “Гром”, з моманту свайго стварэння, не сутыкаўся. Што да затрымання правапарушальнікаў, з якімі не спраўляецца міліцыя, то гэта не даказвае эфектыўнасць “Грома”, а хутчэй выклікае сумненні ў выніковасці міліцыі.

 

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

Пракуратура прызнала правал ваенна-патрыятычнай працы ў школах Магілёўшчыны

Пракуратура Магілёўскай вобласці фактычна прызнала сістэмныя праблемы ў сферы грамадзянскага і ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў. 

З паведамлення нагляднага органа вынікае, што мерапрыемствы ідэалагічнай і патрыятычнай накіраванасці часцяком зводзяцца да фармальнага планавання. Дакументы, якія павінны адлюстроўваць рэальную дзейнасць кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, не ўтрымліваюць канкрэтных акцый, прывязаных да дзяржаўных святаў і памятных дат, альбо такія акцыі застаюцца нявыкананымі.

Пракуроры асобна паказалі на разрыў паміж справаздачнасцю і практыкай. Паводле іх ацэнкі, паўната, эфектыўнасць і рэалістычнасць выканання запланаваных мерапрыемстваў выклікаюць сур’ёзныя сумневы. У адной з навучальных устаноў Магілёва, да прыкладу, прадугледжаныя праграмай экскурсіі для старшакласнікаў так і не былі арганізаваныя.

Праблемы носяць не толькі арганізацыйны, але і кадравы характар. Праверка выявіла, што частка супрацоўнікаў, якія адказваюць за ваенна-патрыятычнае выхаванне, не адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням. Гэта ставіць пад пытанне саму магчымасць іх якаснай працы.

Па сітуацыі з патрыятычнымі аб’яднаннямі па інтарэсах пракуроры высветлілі, што ў шэрагу школ яны існуюць толькі намінальна: адсутнічае хоць якая дакументацыя, мерапрыемствы фіксуюцца фармальна.

Як вынікае з праверкі, у большасці ўстаноў адукацыі адсутнічаюць базавыя ўмовы для выкладання прадмета “Дапрызыўная падрыхтоўка”. Школы не абсталяваныя стралковымі цірамі, мультымедыйнымі трэнажорамі, макетамі зброі і нават элементарнымі нагляднымі дапаможнікамі. У выніку прадмет, які мае ідэалагічную нагрузку, аказваецца пазбаўленым практычнага зместу.

Праверка закранула і адзін з найбольш адчувальных для ўладаў блокаў – інфармаванне школьнікаў пра расследаванне крымінальнай справы аб так званым “генацыдзе беларускага народа”. Пракуратура зафіксавала факты несвоечасовага абнаўлення інфармацыі на тэматычных стэндах, а ў адной са школ Дрыбінскага раёна доступ да гэтых матэрыялаў аказаўся фактычна зачынены: адзіны стэнд размешчаны ў памяшканні музея, куды навучэнцы не маюць вольнага доступу.

Па выніках праверкі пракуратура ўнесла прадстаўленне начальніку Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, запатрабаваўшы “забяспечыць належную працу” па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні. Пры гэтым адказнасць за сітуацыю, якая склалася, фактычна перакладзеная на сістэму адукацыі, нягледзячы на відавочны дэфіцыт рэсурсаў, кадраў і матэрыяльна-тэхнічнай базы. А таксама, відавочна, што і асаблівага жадання.

Фотаздымак: Mogilevnews