Пракуратура Магілёўскай вобласці фактычна прызнала сістэмныя праблемы ў сферы грамадзянскага і ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў.
З паведамлення нагляднага органа вынікае, што мерапрыемствы ідэалагічнай і патрыятычнай накіраванасці часцяком зводзяцца да фармальнага планавання. Дакументы, якія павінны адлюстроўваць рэальную дзейнасць кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, не ўтрымліваюць канкрэтных акцый, прывязаных да дзяржаўных святаў і памятных дат, альбо такія акцыі застаюцца нявыкананымі.
Пракуроры асобна паказалі на разрыў паміж справаздачнасцю і практыкай. Паводле іх ацэнкі, паўната, эфектыўнасць і рэалістычнасць выканання запланаваных мерапрыемстваў выклікаюць сур’ёзныя сумневы. У адной з навучальных устаноў Магілёва, да прыкладу, прадугледжаныя праграмай экскурсіі для старшакласнікаў так і не былі арганізаваныя.
Праблемы носяць не толькі арганізацыйны, але і кадравы характар. Праверка выявіла, што частка супрацоўнікаў, якія адказваюць за ваенна-патрыятычнае выхаванне, не адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням. Гэта ставіць пад пытанне саму магчымасць іх якаснай працы.
Па сітуацыі з патрыятычнымі аб’яднаннямі па інтарэсах пракуроры высветлілі, што ў шэрагу школ яны існуюць толькі намінальна: адсутнічае хоць якая дакументацыя, мерапрыемствы фіксуюцца фармальна.
Як вынікае з праверкі, у большасці ўстаноў адукацыі адсутнічаюць базавыя ўмовы для выкладання прадмета “Дапрызыўная падрыхтоўка”. Школы не абсталяваныя стралковымі цірамі, мультымедыйнымі трэнажорамі, макетамі зброі і нават элементарнымі нагляднымі дапаможнікамі. У выніку прадмет, які мае ідэалагічную нагрузку, аказваецца пазбаўленым практычнага зместу.
Праверка закранула і адзін з найбольш адчувальных для ўладаў блокаў – інфармаванне школьнікаў пра расследаванне крымінальнай справы аб так званым “генацыдзе беларускага народа”. Пракуратура зафіксавала факты несвоечасовага абнаўлення інфармацыі на тэматычных стэндах, а ў адной са школ Дрыбінскага раёна доступ да гэтых матэрыялаў аказаўся фактычна зачынены: адзіны стэнд размешчаны ў памяшканні музея, куды навучэнцы не маюць вольнага доступу.
Па выніках праверкі пракуратура ўнесла прадстаўленне начальніку Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, запатрабаваўшы “забяспечыць належную працу” па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні. Пры гэтым адказнасць за сітуацыю, якая склалася, фактычна перакладзеная на сістэму адукацыі, нягледзячы на відавочны дэфіцыт рэсурсаў, кадраў і матэрыяльна-тэхнічнай базы. А таксама, відавочна, што і асаблівага жадання.
Фотаздымак: Mogilevnews