Дзень у гісторыі. 1 красавіка. Дзень дурняў і птушак. Заснаваны Віленскі ўніверсітэт. «Устава на валокі». Дэбют С. Мігая. Нарадзіліся этнограф А. Багдановіч, палітык В. Захарка, пісьменнік С.Пясецкі, мастак У. Басалыга.

Міжанародны Дзень жартаў. Дзень смеху. Дзень дурняў.

Гісторыя дня бярэ пачатак з грэчаскай міфалогіі. Такую назву ён атрымаў дзякуючы розыгрышам, якія ставяць людзей у смешнае, але не ў крыўднае становішча. На працягу многіх стагоддзяў былі розныя жарты, якія запомніліся людзям. У некаторых краінах прынята адзначаць вясёлы дзень да абеду, каб потым не назвалі “красавіцкім дурнем”.

Падобныя звычаі былі вядомыя старажытным персам, рымлянам, індусам і шматлікім іншым народам.

Паводле паданняў старажытных славян, 1 красавіка прачынаецца дамавік, і таму трэба ўсяляк ашукваць адзін аднаго, каб збіць яго з панталыку.

Першае гістарычнае сведчанне святкавання Дня адносіцца да 1686 года, калі англійскі пісьменнік і даследчык старажытнасцей Джон Обры даслоўна згадаў у сваім рукапісе тэрмін “Свята дурня”.

Інсталяцыя, устаноўленая на Дзень смеху ў Капенгагене. 2001 год

Міжнародны дзень птушак  (International Bird Day, з 1894 года).

Экалагічнае свята, якое прымеркавана да пачатку вяртання птушак з месцаў зімовак. Мэта свята – захаванне краявіднай разнастайнасці і колькасці птушак.

Дзень птушак звязваюць з дзіцячым святам, уладкованым у 1894 годзе настаўнікам з амерыканскага горада Ойл-Сіці Ч. Бэбкокам. Яго падтрымала газета “Пітсбургская тэлеграфічная хроніка”, якая пачала актыўна папулярызаваць свята. Больш за тое, газета арганізавала спецыяльны клуб-музей па ахове птушак для школьнікаў. Неўзабаве Дзень птушак стаў шырока праводзіцца як народнае свята ва ўсіх штатах краіны, потым прыйшоў у Еўропу, а цяпер праходзіць у рамках біялагічнай праграмы ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера” ў многіх краінах свету.

У школы Расійскай імперыі Дзень птушак уведзены намаганнямі ўраджэнца Полацка прафесарам Дз. Кайгарадавым (1846–1924).

Штогод у розных краінах свету выбіраецца птушка – сімвал года. Птушкай 2023 года ў Беларусі абрана звычайная галубка.

Да 2022 года мерапрыемствы да Дня птушак праводзіліся пад эгідай ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (1985–2022). Але арганізацыя ліквідавана Вярхоўным судом Беларусі.

1548 год. Памёр Жыгімонт Стары (1467–1548).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1506–1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 8 снежня 1506 года стаў каралём польскім.

Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Імкнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

1557 год. Жыгімонт Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі». 

Пачатак правядзення зямельнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая прывяла да хуткага роста дабрабыту дзяржавы. Ва ўсіх валасцях, у тым ліку Магілёўскай, фальваркі павінны былі стварацца толькі пры тых замках і дварах, дзе адпаведна меліся ўраджайныя глебы.

Рэформа пачалася з ініцыятывы Боны Сфорцы, маці караля Жыгімонта Аўгуста, з мэтай павелічэння дзяржаўных даходаў. Пад час рэформы спраўджваліся правы на зямлю, ствараліся комплексныя панскія гаспадаркі – фальваркі, уводзілася адзіная мера абкладання залежных сялян – валока, рэгламентаваліся павіннасці сялян, разбуралася сялянская абшчыны.

Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання падаткамі сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых 200 гадоў яго развіцця і адгукаюцца дагэтуль.

1579 год. Каралём Стэфанам Баторыям заснаваны Віленскі ўніверсітэт.

Створаны на базе Віленскага езуіцкага калегіума. Першапачаткова складаўся з двух факультэтаў, тэалагічнага і філасофскага. Зачынены пасля паўстання у 1832 годзе. З  1919 года працаваў як адзін з універсітэтаў Польшчы, у 1939 годзе, калі Вільня ўвайшла ў склад Літвы, набыў свой цяперашні статус.

Другая вышэйшая навучальная установа на беларускіх землях – Полацкі калегіум – быў адкрыты ў 1581 годзе. На яго базе працавала акадэмія ў 1812–1820 гадах. Цяпер працуе Полацкі ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта з вежай абсерваторыі ў канцы XVIII стагоддзя

1862 год. Нарадзіўся Адам Багдановіч.

Беларускі фалькларыст, этнограф і мовазнаўца, бацька паэта Максіма Багдановіча.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Загадваў гарадскім пачатковым вучылішчам у Мінску, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю, працаваў у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка і дырэктарам публічнай бібліятэкі ў Гродна, працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага музея, выкладаў у мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.

У 1932 годзе арыштаваны ДПУ, але вызвалены па хадайніцтве К. Пешкавай – жонкі М. Горкага.

Збіральнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, аўтар прац па этнаграфіі, мовазнаўству, успамінаў пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна. Яго рукапісы захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук..

Памёр 16 красавіка 1940 года ў Яраслаўлі.

У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў у яго гонар устаноўлены помнік.

1877 год. Нарадзіўся Васіль Захарка.

Прэзідэнт БНР (1928–1943).

Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898–1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).

Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».

Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.

Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».

Памёр 14 сакавіка 1943 года. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

1901 год. Нарадзіўся Сяргей Пясецкі.

Адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання XX стагоддзя.

Сёмы клас уладзімірскай гімназіі для Пясецкага скончыўся турмой, калі ён паспрабаваў пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера. З турмы ён уцёк.

Бальшавіцкі тэрор у Маскве настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Ваяваў з бальшавікамі ў шэрагах партызан («Зялёны Дуб»), у  Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. У міжваены час займаўся кантрабандай у Ракаве, быў асуджаны за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. У зняволенні прачнуўся літаратурны дар.

Яго турэмная проза  прыцягнула ўвагу вядомага пісьменніка М. Ваньковіча, які дапамог выдаць першую кніжку «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Антысавецкая сатыра «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» прынесла аўтару сусветную вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў перакладзены і выдадзены на 11 мовах свету.

Падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у фарміраваннях Арміі Краёвай.  У 1946 годзе эмігруе ў Італію, потым у Вялікабрытанію.

Аўтар 12 раманаў, а таксама навел, кінасцэнарыяў, публіцыстычных артыкулаў. Паводле яго твораў здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы, у тым ліку ў Італіі.

Пясецкі пісаў да самай сваёй смерці ў 1964 годзе

1912 год. Дэбют у маскоўскім Вялікім тэатры ўраджэнца Магілёва Сяргея Мігая (1888–1959).

Артыст оперы. Народны артыст РСФСР. Прафесар Маскоўскай кансерваторыі.

Меў насычаны голас цёплага тэмбру, вялікага дыяпазону, дасканала валодаў вакальнай тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна), Дэман («Дэман» А. Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, Ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж. Вердзі) і іншыя.

Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. Аўтар мастацтвазнаўчых і метадычных прац. Сярод вучняў Мігая народны артыст СССР А. Саўчанка.

У гонар артыста ў Магілёве названы завулак.

1940 год. Загінуў Язэп Лёсік (1883-1940).

Беларускі мовазнавец, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР.

Выкладчык БДУ, правадзейны сябра Інбелкульта, акадэмік. Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.

На пачатку педагагічнай дзейнасці працаваў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе.

Быў у царскай ссылцы ў Сібіры (разам з Алесем Гаруном).

Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, член Беларускага нацыянальнага камітэта, Вялікай беларускай рады, адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, 2-гі старшыня Рады БНР.

Даследчык вытокаў беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ВКЛ, кнігадрукавання, старадрукаў. Аўтар прац «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.», падручнікаў «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы» і іншых.

Арыштоўваўся ў 1922, 1930, 1938 гадах. Быў у турмах, ссылцы.

Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. Месца пахавання невядомае.

У гонар Язэпа Лёсіка названыя вуліцы ў Маладзечне, Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Басалыга.

Беларускі савецкі графік, ілюстратар, калекцыянер.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці, галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР, дэканам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, старшынёй Беларускага саюза мастакоў.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстар экслібрыса.

Для яго творчасці характэрныя сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора.

Галоўнымі тэмамі творчасці з’яўляліся тыя, якія звязаны з нацыянальнай культурай, традыцыйным побытам, народнымі вераваннямі, беларускай мовай (серыя «Мова наша родная»), архітэктурай (цыкл «Помнікі дойлідства Беларусі»).

Памёр 7 чэрвеня 2020 года.

1941 год. У Бабруйску нарадзіўся Леанід Марчанка.

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнік ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі – характарыстыкі кожнай істотнай дэталі – раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

Памёр 11 сакавіка 1996 года.

1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук.

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола, Літаратурных прэмій імя І. Мележа,  імя Я. Коласа. Бацька журналіста Дз. Жука.

Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у газеце «Літаратура і мастацтва»,  часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх апавяданняў, кніг апавяданняў, празаічных зборнікаў. Па яго творах зняты мастацкі  фільм «Палігон», ставіліся спектаклі.

Адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Памёр 15 кастрычніка 2022 года.

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Антончык.

Беларускі палітык. Член БНФ.

Адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі, актыўны ўдзельнік страйку працоўных у красавіку 1991 года. Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990–1995).

Быў у складзе антыкарупцыйнай парламецкай камісіі, якую ўзначальваў А. Лукашэнка. Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам выступіў на сесіі Вярхоўнага Савету 20 снежня 1994 года з дакладам аб карупцыі ў атачэнні прэзідэнта. Газеты, якія вырашылі яго надрукаваць, выйшлі з «белымі плямамі». Па выніках дакладу кіраўнік справаў прэзідэнта І. Ціцянкоў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасці, які Антончык прайграў, яго маёмасць была часткова канфіскаваная.

У красавіку 1995 года быў збіты разам з іншымі дэпутатамі Апазіцыі БНФ падчас галадоўкі ў залі парламента.

У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, але зняў сваю кандыдатуру на карысць М. Марыніча.

Пазней займаўся стварэннем незалежных прафсаюзаў.

2010 год. Памёр Яўген Дзямідчык (1925–2010).

Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.

Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдтэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар больш за 380 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і даведнікаў па хірургіі, эндакрыналогіі і гастраэнтэралогіі, 11 патэнтаў на вынаходствы.

2020 год. У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны першы падцверджаны выпадак каронавіруснай інфекцыі.

На сёння застаецца невядомай колькасць памерлых ад інфекцыі.

Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень. Рабаванне Кіева. Першая лётчыца. Нарадзіліся палітыкі А. Чарвякоў, А. Саннікаў, “беларускі Шаляпін” П. Конюх, паэт С. Адамовіч. Памёр дзеяч БНР П. Крачэўскі.

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду. 

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1910 год. Нарадзіўся  Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Беларуская бібліятэка ў Лондане.