Дваццаць гадоў пагражае двум закладчыкам з Бабруйска, затрыманым у Магілёве

Двух оптавых наркагандляроў затрымалі ў Магілёве супрацоўнікі наркакантролю, паведамляе прэс-служба абласнога УУС. 20-гадовыя хлопец і дзяўчына з Бабруйска былі затрыманыя з палічным. У іх пры сабе, а таксама дома і ў закладках было выяўлена каля 100 грамаў псіхатропнага рэчыва. Маладыя людзі паведамілі, што працавалі на наркамаркет ужо тры месяцы, робячы закладкі ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Цяпер ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: УУС, скрыншот

У Магілёве затрыманы аптовыя наркакур’еры

Аператыўнікі наркакантролю затрымалі трох жыхароў Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія рабілі закладкі ў Магілёве – паведамляе МУС.

У асабістых рэчах і на здымнай кватэры фігурантаў знайшлі і канфіскавалі фасовачныя пакеты, шпрыцы і больш за 180 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва.

Са слоў аднаго з затрыманых, у мэсэнджэры яму прыйшла прапанова аб незаконнай падпрацоўцы, на якую ён пагадзіўся. Паехаць на крымінальныя заробкі ён прапанаваў сваёй сяброўцы і прыяцелю. Разам яны не толькі рабілі закладкі, але і ўжывалі частку наркотыкаў, якія прызначаліся для рэалізацыі.

Вядома, што затрыманыя 38-гадовыя раней неаднаразова судзімыя мужчыны і іх 22-гадовая саўдзельніца рабілі аналагічныя тайнікі ў Брэсцкай і Віцебскай вобласці.

Следчымі распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Кур’ерам пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: скрыншот МУС.

Мсціслаўчанін з сябрам курылі гашыш каля пад’езда — у выніку арганізатар адпачынку паедзе на зону

У Мсціславе супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі маладых людзей, якія курылі гашыш. На аднаго з іх заведзена крымінальная справа

Па папярэдніх дадзеных наркатычнае рэчыва на тэрыторыю Мсціслаўскага раёна правёз 18-гадовы мсціслаўчанін, які навучаецца ў Смаленску. Пакурыць гашыш малады чалавек вырашыў разам са сваім сябрам. Пасля ўжывання наркотыка ля аднаго з пад’ездаў шматпавярховак горада іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

Экспертыза паказала, што курыльная сумесь, якую прывёз мсціслаўчанін, з’яўляецца наркатычным рэчывам — паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”

У выніку ў дачыненні да 18-гадовага жыхара Мсціслаўля ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае пакаранне ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнае

Наркакур’ераў з альфа-PVP затрымалі ў Магілёўскай вобласці

Праваахоўнікі Магілёўшчыны знайшлі больш за 3,5 кг сінтэтыкі ў двух братоў – 40-гадовага і 34-гадовага жыхароў Бабруйска, а таксама 31-гадовай жыхаркі Магілёва. Пра гэта паведамляе Пракуратура Магілёўскай вобласці.

Падчас вобшуку па месцы жыхарства бабруйчан праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі больш за 3,5 кг асабліва небяспечных псіхатропаў – 4-СМС, МДМА і альфа-PVP, якія прызначаліся для далейшага збыту дробнымі партыямі праз іншых наркакур’ераў. Адным з такіх распаўсюджвальнікаў аказалася магіляўчанка.

Жанчына забрала партыю псіхатропаў, пакінутых некалькімі днямі раней братамі ў тайніку ў Магілёўскім раёне. Зрабіўшы некалькі “закладак”, яна была затрымана на месцы злачынства. У яе знойдзена і канфіскавана 20 грамаў забароненых рэчываў.

Заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае.

 

Мужчына ў Быхаве памёр ад перадазіроўкі метадонам

У Быхаўскую цэнтральную раённую бальніцу брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі быў дастаўлены 35-гадовы мясцовы жыхар горада. Праз дзве гадзіны ён памёр.

Хуткую дапамогу па месцы пражывання выклікала яго маці, якая ўбачыла, што сыну дрэнна. Ужо ў бальніцы пацыенту быў пастаўлены дыягназ “кома невядомага паходжання”. 

Па выніках судова-медыцынскай экспертызы ўстаноўлена, што смерць быхаўчаніна наступіла ад вострага атручэння асабліва небяспечным наркатычным сродкам метадонам, што пацвярджаецца яго наяўнасцю ў крыві і печані. У ходзе правядзення праверкі высветлена, што мужчына пакутаваў на наркаманію і раней некалькі гадоў стаяў на наркалагічным уліку – паведамляе дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.  

Гэта першае за апошнія два гады смяротнае атручэнне метадонам у Магілёўскай вобласці, хоць летась судовымі экспертамі двойчы фіксавалася смерць ад псіхатропных рэчываў — альфа-PVP у сумесі з мефедронам.

Фота ілюстрацыйнае

За 10 дзён працы закладчыкам – 11 год турмы

21-гадоваму жыхару Магілёва інкрымінавана набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры ў складзе арганізаванай групы.

Як паведамляе генеральная пракуратура у кастрычніку 2022 года хлопец звязаўся з адміністратарамі інтэрнэт-крамы, якая займаецца распаўсюджваннем псіхатропных рэчываў. Па ўказанні куратараў, малады чалавек да 26 кастрычніка 2022 года выконваў функцыі «закладчыка»: размяшчаў схованкі з псіхатропнымі рэчывамі на тэрыторыі Магілёва.

За 10 дзён «працы» ён набыў у некалькі этапаў не менш за 24 грам сінтэтычнага наркотыка, больш за два грамы якога размясціў у тайніках.

Цяпер ён асуджаны на тэрмін у 11 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічыняў.

Фота ілюстрацыйнае

У Бабруйску выявілі наркалабараторыю на 100 грам марыхуаны

Наркакантроль затрымаў у Бабруйску 38-гадовага мясцовага жыхара, які зладзіў у сваёй кватэры невялікую лабараторыю для вырошчвання канабіса. Яшчык з некалькімі кустамі марыхуаны быў абсталяваны сістэмамі вентыляцыі, паліву і асвятлення. Міліцыя канфіскавала ў фігуранта справы кусты канабіса і насенне агульнай вагой у 100 грам. Цяпер бабруйчаніну пагражае да пяці гадоў няволі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

У Бабруйску затрымалі двух братоў-наркакур’ераў

Наркакантроль затрымаў дваіх родных братоў 33 і 39 гадоў, што працавалі на інтэрнэт-наркашоп.

Пачынаючы са снежня мінулага года яны, атрымлівалі аптовымі партыямі сінтэтычны наркотык, затым у здымнай кватэры фасавалі на больш дробныя часткі і раскладвалі па тайніках у розных гарадах вобласці – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У братоў дома канфіскавана больш за 3,7 кг розных відаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС

Найстаражытныя ў гісторыі сляды выкарыстання наркотыкаў выяўлены ў Ізраілі

Даследаванне, якое правялі ізраільскае Упраўленне старажытнасцей, Тэль-Авіўскі універсітэт і Інстытут Вейцмана, выявіла найстаражытны ў чалавечай гісторыі прыклад выкарыстання галюцынагенных наркотыкаў, у тым ліку опіума. 

Сляды наркатычнага рэчыва былі знойдзены ў керамічным посудзе, які адкапалі у Тэль-Йехудзе. Раскопкі праводзіліся яшчэ ў 2017 годзе перад будаўніцтвам новага жылога раёна і выявілі ханаанскія пахаванні перыяду позняй бронзы. Іх кераміка датуецца XIV стагоддзем да нашэй эры. 

Найноўшая тэхналогія дазволіла выявіць сляды наркотыку ў васьмі керамічных сасудах. Частка керамікі выраблена на месцы, іншыя сасуды – на Кіпры. 

“У Тэль-Егудзе знойдзены сотні магіл, датаваных XVIII-XIII стагоддзямі да н.э. У пахаванне клалі керамічныя посуд з ежай, неабходнай памерламу ў замагільным свеце. Прыносіліся ахвяры, а памінальная трапеза ладзілася прама на магіле – лічылася, што ў ёй удзельнічае і памерлы” – кажа доктар Рон Беэры.

Знаходка пацвярджае гіпотэзу, што опіум адыгрываў важную ролю ў гандлёвым абароце Заходняй Азіі. Гіпотэза ўзнікла яшчэ ў XIX стагоддзі, калі археолагам пачаў трапляцца посуд, які нагадвае зачыненую скрыначку маку. Была выказана здагадка, што гэта культавае начынне для захоўвання опіума.

Навукоўцы адзначаюць, што выкліканне духу памерлага было магічнай цырымоніяй, у якой маглі ўдзельнічаць і жрацы. Опіум відаць дапамагаў удзельнікам увайсці ў стан экстазу або дапамагаў духу памерлага дасягнуць замагільнага свету і сустрэцца з продкамі. На вялікі жаль, пісьмовых крыніц, якія расказваюць аб ролі наркотыку ў пахаванні, пакуль не знойдзена.

Доктар Лінарэс падкрэслівае: у перыяд позняй бронзы опіум быў адзіным наркотыкам, які выкарыстоўваўся ў Леванце. Яна нагадвае, што ў 2020 годзе падчас раскопак у Тэль-Арадзе на храмавым алтары былі выяўлены сляды марыхуаны. Аднак гэтая знаходка датавалася ўжо пазнейшым, жалезным векам.

 

У Бялынічах з больніцы спрабаваў збегчы расіянін з нарказалежнасцю. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа, а сам ён у СІЗА

У адзежы хворага міліцыя адшукала папулярны ў моладзі хімічны наркотык – альфа-PVP. Супраць яго распачатая крымінальная справа за незаконны абарачэнне наркатычных сродкаў.

Паводзіны 21-гадовага пацыента бялыніцкай больніцы тамтэйшыя медыкі называюць неадэкватнымі. Ён кідаўся на ўрачоў і спрабаваў уцякаць, кажуць яны.

З цяжкай інтаксікацыяй хворага перавезлі ў лякарню абласнога цэнтру і да ложка прывязалі спецыяльнымі рамянямі. Аналіз пацвердзіў падазрэнні медыкаў, што пацыент – солевы наркаман, піша газета «Зара над Друццю».

У адзежы маладога чалавека міліцыянты адшукалі 0,051 грамаў альфа-PVP, які маладзёны называюць «хуткасць»і «зомбі». Супраць яго распачалі крымінальную справу па 1 частцы 328 артыкулу – «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

На допыце малады чалавек прызнаўся, што перыядычна ўжывае солевыя наркотыкі.

«Паколькі малады чалавек – грамадзянін Расіі, каб ён не схаваўся за мяжой напярэдадні суда, парушальніка беларускага заканадаўства з бальнічнага ложка пад вартай адправілі ў Магілёўскае СІЗА», – піша бялыніцкая раёнка.

Расіяніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

фота: medlux.net.ua