Мужчыну, які прадаваў бясплатныя талоны электроннай чаргі ў падатковую, асудзілі ў Мінску

Незвычайны спосаб заробку быў выяўлены ў адной з падатковых інспекцый горада Мінска. Там мужчына браў талоны электроннай чаргі на тэрмінале, а потым прапаноўваў людзям у чарзе набыць такі талон у яго за 50 рублёў – каб менш чакаць пад дзвер’ю кабінета. 

Сігнал пра вынаходлівага прадпрымальніка супрацоўнікі Упраўлення аператыўных мерапрыемстваў Міністэрства па падатках і зборах атрымалі ў кастрычніку – гаворыцца ў афіцыйным тэлеграм-канале ведамства. Неўзабаве работнікі падатковай выявілі гэтага мужчыну і ў прысутнасці двух сведкаў зрабілі ў яго “кантрольную закупку”. Аказалася, што талонны камбінатар прадугледзеў пэўныя меры бяспекі – напрамую ў рукі грошы з людзей ён не браў, а прасіў іх самастойна пакласці купюру ў яго тэчку.

У выніку справу прадпрымальнага мужчыны разбіраў эканамічны суд, які прысудзіў яму штраф у 70 базавых велічыняў (а гэта 2 590 рублёў) і канфіскацыю ўсяго незаконнага прыбытку – піша Onliner.

Фота ілюстрацыйнае

Бабруйскаму прадпрыемству падаткавікі налічылі больш за 300 тысяч дадатковых падаткаў

Інспектары Міністэрства па падаках і зборах выявілі, што прадпрыемства ў Бабруйску, якое займаецца выпускам пластмасавых вырабаў для бдаўнічага сектара, наўмысна занізіла памеры абавязковых выплат у бюджэт. 22 супрацоўнікі арганізацыі былі аформленыя як індывідуальныя прадпрымальнікі. Такім чынам наймальнік пазбягаў выплат у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і падаходных падаткаў – замест зарплаты з работнікамі разлічвадіся як з ІП.

Праверкай грашовая ўзнагарода гэтых “індывідуальных прадпрымальнікаў” была прызнана іх заработнай платай, у сувязі з чым прадпрыемства было прызнана падатковым агентам і з усіх сум выплачаных фізічным асобам даходаў яно абавязана вылічыць падаходны падатак з фізічных асоб.

Сума, прад’яўленая да аплаты, разам з пянёй, склала 317 тысяч рублёў – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве сёння – дзень адкрытых дзвярэй для рамеснікаў

Магілёўская падатковая інспекцыя праводзіць 2 мая дзень адкрытых дзвярэй для кансультацый па пытаннях падаткаабкладання рамеснікаў пасля 1 ліпеня – паведамляе прэс-служба профільнага міністэрства. 

Менавіта з 1 ліпеня 2023 года для асоб, зарэгістраваных у якасці рамеснікаў уводзіцца новы прынцып рэгістрацыі – ім прыйдзецца пацвярджаць у мясцовых органах сваю працу. 

Згодна з дзейным падатковым заканадаўствам рамесніцтва ў Беларусі не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці. Афіцыйна адкрыць такі від дзейнасці даволі проста. Фактычна алгарытм складаецца з трох крокаў. Да пачатку занятку рамесніцтвам трэба звярнуцца з заявай у падатковы орган і стаць на ўлік як падаткаплацельшчык. Затым – заплаціць рамесны збор. І нарэшце – пісьмова паведаміць аб даце пачатку ажыццяўлення рамеснай дзейнасці, наведаўшы падатковую або праз асабісты кабінет плацельшчыка па ўстаноўленай форме.

Такі механізм будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня 2023 года. А ўжо з 1 ліпеня фізічныя асобы змогуць працаваць з прымяненнем рамеснага збору толькі ў тым выпадку, калі атрымаюць рашэнне мясцовых органаў улады аб тым, што іх дзейнасць адносіцца да рамеснай.

Фота ілюстрацыйнае

Пасля праверкі шклоўскай службе таксі выставілі штраф больш чым на 50 тысяч

Падатковая інспекцыя правяла праверку прыватнай арганізацыі, што прадстаўляла паслугі таксі ў Шклове. Праверка выявіла, што на працягу двух кварталаў 2022 года фірма выкарыстоўвала наяўныя грошы, атрыманыя ад кліентаў, у абыход афіцыйнай справаздачнасці. Работнікам таксама выплачваліся зарплаты ў канвертах.

Усяго арганізацыі выстаўлена патрабаванне кампенсаваць у бюджэт 53,9 тысяч рублёў, у тым ліку больш за 30 тысяч – падаходнага падатку за атрыманую супрацоўнікамі зарплату, пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае.