У беларускіх рамеснікаў застаецца роўна месяц, каб падаць дакументы для аблегчанага падаткаабкладання

Тэрмінам да 6 чэрвеня беларускія рамеснікі могуць прадставіць у райвыканкамы дакументы аб сваёй дзейнасці. Калі іх дзейнасць улады прызнаюць рамесніцкай, то ўмельцы далей будуць плаціць рамесны збор, а калі не – то падатак на прафесійны даход.

Паводле новай рэдакцыі Падатковага Кодэкса Беларусі пачынаючы з 1 ліпеня 2023 года ўсе людзі, якія зарэгістраваныя як рамеснікі, пераводзяцца на новую форму падаткаабкладання – яны павінны будуць выплочваць падатак на прафесійны даход. Яго сума для фізічных асобаў – 10% ад атрыманых даходаў.

Аднак робіцца выключэнне для асобных рамеснікаў, якія могуць атрымаць права на меншае падаткаабкладанне – на выплату рамесніцкага збора, які будзе складаць суму ў 6 рублёў штомесячна, пачынаючы з 1 ліпеня 2023 года. Для таго, каб атрымаць права на гэтае выключэнне, неабходна ў тэрмін да 6 чэрвеня 2023 года звярнуцца ў службу “Адно акно” свайго гарадскога альбо раённага выканаўчага камітэта.

Пры звароце неабходна напісаць заяву і дадаць фатаграфіі і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць ажыццяўленне рамеснай дзейнасці. Усе заявы будуць разгледжаны на камісіях, створаных пры гарвыканкамах і райвыканкамах. Камісія будзе абапірацца на крытэрыі, зацверджаныя ў артыкуле 189 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве сёння – дзень адкрытых дзвярэй для рамеснікаў

Магілёўская падатковая інспекцыя праводзіць 2 мая дзень адкрытых дзвярэй для кансультацый па пытаннях падаткаабкладання рамеснікаў пасля 1 ліпеня – паведамляе прэс-служба профільнага міністэрства. 

Менавіта з 1 ліпеня 2023 года для асоб, зарэгістраваных у якасці рамеснікаў уводзіцца новы прынцып рэгістрацыі – ім прыйдзецца пацвярджаць у мясцовых органах сваю працу. 

Згодна з дзейным падатковым заканадаўствам рамесніцтва ў Беларусі не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці. Афіцыйна адкрыць такі від дзейнасці даволі проста. Фактычна алгарытм складаецца з трох крокаў. Да пачатку занятку рамесніцтвам трэба звярнуцца з заявай у падатковы орган і стаць на ўлік як падаткаплацельшчык. Затым – заплаціць рамесны збор. І нарэшце – пісьмова паведаміць аб даце пачатку ажыццяўлення рамеснай дзейнасці, наведаўшы падатковую або праз асабісты кабінет плацельшчыка па ўстаноўленай форме.

Такі механізм будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня 2023 года. А ўжо з 1 ліпеня фізічныя асобы змогуць працаваць з прымяненнем рамеснага збору толькі ў тым выпадку, калі атрымаюць рашэнне мясцовых органаў улады аб тым, што іх дзейнасць адносіцца да рамеснай.

Фота ілюстрацыйнае