Мужчыну, які прадаваў бясплатныя талоны электроннай чаргі ў падатковую, асудзілі ў Мінску

Незвычайны спосаб заробку быў выяўлены ў адной з падатковых інспекцый горада Мінска. Там мужчына браў талоны электроннай чаргі на тэрмінале, а потым прапаноўваў людзям у чарзе набыць такі талон у яго за 50 рублёў – каб менш чакаць пад дзвер’ю кабінета. 

Сігнал пра вынаходлівага прадпрымальніка супрацоўнікі Упраўлення аператыўных мерапрыемстваў Міністэрства па падатках і зборах атрымалі ў кастрычніку – гаворыцца ў афіцыйным тэлеграм-канале ведамства. Неўзабаве работнікі падатковай выявілі гэтага мужчыну і ў прысутнасці двух сведкаў зрабілі ў яго “кантрольную закупку”. Аказалася, што талонны камбінатар прадугледзеў пэўныя меры бяспекі – напрамую ў рукі грошы з людзей ён не браў, а прасіў іх самастойна пакласці купюру ў яго тэчку.

У выніку справу прадпрымальнага мужчыны разбіраў эканамічны суд, які прысудзіў яму штраф у 70 базавых велічыняў (а гэта 2 590 рублёў) і канфіскацыю ўсяго незаконнага прыбытку – піша Onliner.

Фота ілюстрацыйнае