Бабруйск і Магілёў абмяняюцца спектаклямі ў рамках шматпакутнага фестываля нацыянальнай драматургіі

У Магілёўскай вобласці 11-16 лістапада нарэшце пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, час правядзення якога некалькі разоў пераносіўся. 

Гэтым разам 11 тэатраў з сямі гарадоў Беларусі пакажуць свае новыя пастаноўкі. У конкурсе ўдзельнічаюць тэатры з Брэста, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Бабруйска, Магілёва і Мінска.  

Спектаклі пройдуць на некалькі пляцоўках. У Бабруйску іх пакажуць на вялікай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча і ў Палацы мастацтваў. Упершыню ў гісторыі фестывалю адзін са спектакляў будзе паказаны на сцэне драматычнага тэатра ў Магілёве. Запланаваны дзве конкурсныя праграмы: “Спектакль тэатра драмы” і “Эксперымент”. 


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч беларускі паэт, драматург і тэатральны крытык. Нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.


Адбор пастановак на фестываль праходзіў яшчэ ў 2021 годзе. Мясцовыя рэсурсы ўжо смакавалі падзею. Была выраблена нават афіша фестывалю з канкрэтнымі датамі. Але ў апошні момант яго перанеслі. Афіцыйнай прычынай была названа складаная эпідэміялагічная сітуацыя. 

Сёлета начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства культуры Ірына Дрыга пракаментавала леташні перанос крыху інакш: 

– Па розных прычынах, у тым ліку звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй, зменамі складу труп некаторых нашых тэатраў, фестываль быў перанесены на 2022 год. Адабраныя ў 2021 годзе спектаклі захаваліся ў праграме. Да іх дадалі два новыя спектаклі: гэта пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача і Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя У.І. Дуніна-Марцінкевіча.  

Дазволім сабе нагадаць, што ў 2020-2021 гадах са многіх тэатральных калектываў краіны сышло па розных прычынах шмат вядомых артыстаў. 

Магілёўскі абласны драматычны тэатр 15 лістапада прывязе ў Бабруйск спектакль рэжысёра-пастаноўшчыка Таццяны Пацай “Прымакі” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. Гэта “сцэнічная шутка ў адной дзеі”, у аснове якой – народны анекдот. Прэм’ера адбылася 10 чэрвеня 2022 года напярэдадні 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. 

А ў Магілёве ў гэты ж дзень на вялікай сцэне адбудзецца паказ спектакля “Песя і Янка” тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Пастаўлены ён

паводле аднайменнай п’есы Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага. Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Дарагабед. Гэта гісторыя пра вайну і каханне маладой яўрэйскай дзяўчыны Песі і цыгана Янка, якія цудам выратаваліся ад фашыстаў.

Жыхары вобласці маюць магчымасць стаць удзельнікамі VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц і носяць ілюстрацыйны характар

У цэнтры Магілёва прайшло цыркавое прадстаўленне, завуаляванае пад антыпольскае шэсце

Прапагандысцкі Тэлеграм-канал Freedom of Poland, які мае 17 (сямнаццаць) падпісчыкаў і пазіцыянуе сябе як пляцоўка для змагання за інтарэсы польскага народа, паведаміў пра масавае шэсце па Пажарным завулку ў Магілёве.

Удзельнікі шэсця трымалі ў руках абразлівыя раздрукаваныя матэрыялы і скандавалі на рускай мове “Свободу польскому народу”. Па размешчаным на канале відэа можна зрабіць выснову, што шэсце абмежавалася адлегласцю ў некалькі дамоў па Пажарным завулку.

Сёння Польшча адзначае Дзень незалежнасці.

Магілёўскі McDonald’s – усё

Як і паўсюль на Беларусі, гэта будзе “Вкусно и точка”.

Усе рэстараны сеткі McDonald’s, што знаходзяцца пад кіраваннем прадпрыемства “КСБ Віктары рэстараны” будуць працаваць пад новым брэндам – паведаміла сетка хуткага харчавання на сваім афіцыйным сайце.

Цяпер у Беларусі адкрыта 25 рэстаранаў McDonald’s у шасці гарадах, штогод яны абслугоўваюць больш за 10 млн гасцей.

McDonald’s сыйшоў з Расіі з-за агрэсіі супраць Украіны, на Беларусі сетка працягвала працаваць па франшызе.

Фота: onliner.by

На наступным тыдні пахаладае, у сераду чакаецца мокры снег, да канца тыдня будуць невялікія марозы

Гэты тыдзень на тэрыторыі Магілёўскай вобласці апошні цёплы перад надыходам халадоў.

Па папярэднім прагнозе надвор’я, на пачатку наступнага тыдня пахаладае, у сераду чакаецца мокры снег. З чацвярга чакаецца сярэднесутачная тэмпература нижэй за 0°. Да канца тыдня ўстановяцца марозы да 7 градусаў.

14 лістапада, панядзелак, надвор’е па вобласці пратрымаецца пераважна без ападкаў. У начны і ранішні час месцамі туман. Уначы  -1 +4°С, днём +3 +8°С.

15 лістапада, аўторак. Пераважна без ападкаў. Месцамі туман. Уначы -3 +2°С, днём +1 +6°С.

16 лістапада, серада. Паніжэнне тэмператур прывядзе ў некаторых раёнах да выпадзення невялікіх ападкаў у выглядзе мокрага снега, снега з дажджом. У асобных раёнах слабы туман, слабы галалёд. Уначы -3 +2°С, днём 0 +5°С. Месцамі вятры хуткасцю да 11 м/с.

17 лістапада, чацвер, чакаецца воблачнае надвор’е, з начнымі тэмпературамі да -3°С, днём 0 -2°С, без ападкаў.

18 лістапада, пятніца, магчыма будзе яснае надвор’е, невялікія марозы, у начы да -7°С, днём 0 -2°С

У выходныя 19 і 20 лістапада захаваецца воблачнае надвор’е, месцамі з праясненнямі. Чакаюцца вятры хуткасцю да 11-13 м/с.

Начныя тэмпературы да -6 -7°С, днём каля 0  -2°С.

Аўтамабілістам нагадаем, што пара мяняць летнюю гуму на зімовую.

Паводле шматгадовых назіранняў, сярэдняя тэмпература лістапада складае 0,1°С, у Бабруйску +0,7°С,  Магілёве +0,1°С. У гэтым годзе, сярэднія тэмпературы першай дэкады склалі болей за +5°С.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар 

Мікалаеў. Нягледзячы на поўнае вызваленне вобласці, абстрэлы ракетамі працягваюцца

Навіна 11 лістапада 2022 года.

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной адміністрацыі Віталь Кім падцвердзіў інфармацыю, што тэрыторыя вобласці поўнасцю вызвалена ад расійскіх войскаў.

Узняты ўкраінскі сцяг у вызваленай Снегуроўцы. Гэта апошні раённы цэнтр Мікалаеўскай вобласці, які быў пад акупацыяй.

Але трэба пакуль ўстрымацца ад спешнага вяртання да свайго жытла. «Неабходна правесці фільтрацыю» – адзначаецца ў паведамленні. Рэгіён рыхтуецца да падключэння электрасетак, цяпла, выдзялення гуманітарных аптэчак.

Віталь Кім заклікаў мікалаеўцаў маўчаць пра тое, што адбываецца ў рэгіёне, і нагадаў, што гэта справа ваенных.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Тым часам мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч мяркуе, што вярнуцца ў горад можна будзе пасьля спыненьня расійскіх абстрэлаў і аднаўлення падачы вады. Пра гэта ён заявіў у эфіры ў сацыяльных сетках. 

“Гэта значыць, што трэба вызваліць Херсон і прылеглыя да яго мястэчкі, пусціць ваду. Пажадана, каб па нас ніхто не страляў, бо перад маім эфірам было тры выбухі. Вайна працягваецца, расійцы працягваюць абстрэльваць мірных жыхароў”

Нягледзячы на поўнае вызваленне ад акупантаў вобласці, абстрэлы расійскімі ракетамі працягваюцца. 

Сённяшняй ноччу расійскія войскі абстралялі жылы квартал Мікалаева. 

Адна з ракет трапіла ў пяціпавярхоўку, паведаміў мэр А.Сянкевіч. Будынак разбураны з пятага па першы паверх. Загінула 2 і паранена 2 чалавекі.

shipovnik.ua

Расійцы цынічна ставяцца да сваіх загінулых

Украінскія войскі вядуць наступ на Херсонскім напрамку. Маюцца істотныя страты ў жывой сіле з двух бакоў.

Расійцы цынічна, грэбліва ставяцца да сваіх загінулых і не забіраюць іх з поля бою, – што можа стаць праблемай для ўкраінскіх абаронцаў з пункту гледжаньня санітарна-эпідэмічнай пагрозы, – распавядае палкоўнік Нацгвардыі Украіны Мікалай Уршаловіч. 


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Азбука бізнэсу для жанчын пройдзе ў Магілёве 17 лістапада

У стартап-школе будуць вучыць як пачаць бізнэс з нуля, альбо на дэкрэтным.

Стартап-школа “Азбука бізнесу для жанчын” пройдзе ў Магілёве ў наступны чацвер, паведамілі ў Магілёўскім гарадскім цэнтры развіцця малога прадпрымальніцтва агенцтву БелТА. Удзел у мерапрыемстве бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная, таму неабходна папярэдне зарэгістравацца. 

У праграме стартап-школы – інфармацыйны блок аб асаблівасцях жаночага прадпрымальніцтва ў Магілёве, тэарэтычная частка, прысвечаная пытанням адкрыцця сваёй справы без папярэдніх укладанняў, а таксама прэзентацыя магчымасцей вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, будучы ў дэкрэтным адпачынку. Пра свае поспехі і шляхі станаўлення ў малым бізнесе ўдзельніцам стартап-школы раскажуць магілёўскія прадпрымальніцы.

Заняткі стартап-школы адбудуцца ў памяшканні Саюза прадпрымальнікаў па вуліцы Ленінскай, 21 (каля тэатральнага сквера, на рагу вуліц Ленінскай і Камсамольскай). Зарэгістравацца на стартап-курсы можна па тэлефонах: 8 (0222) 77-09-21, 8 (0222) 76-08-63 або па e-mail: [email protected]

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Апошнія восеньскія кірмашы пройдуць на гэтых выхадных

12 і 13 лістапада завяршаецца сезон сельгас-кірмашоў у Магілёве. Апошнія продажы садавінна-гародніннай прадукцыі сезона пройдуць на дзвюх пляцоўках. Першая размесціцца каля спартыўнага комплекса «Н2О» на вуліцы Залатавустоўскага, а другая на пляцоўцы каля гарадскіх атракцыёнаў і ДК вобласці. Час працы кірмашоў – з 10 да 16 гадзін.

Пакупнікам тут прапануюць садавінагародніную, мясную і рыбную прадукцыю, саджанцы, угнаенні, насенне. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

У чацвер і пятніцу пройдуць дажджы, выходныя абяцаюць быць цёплымі і без ападкаў

Нягледзячы на штодзеннае скарачэнне светавога дня – а ён ужо меней за 9 гадзін – лістапад не перастае здзіўляць сваім цёплым надвор’ем. 

У ноч з 9 на 10 лістапада па Магілёўскай вобласці  прагназуецца тэмпература +6 +8°С. Будуць панаваць вятры паўднёвых накірункаў з  хуткасцю да 5-10 м/с. 

Раніцай 10 лістапада, у чацвер, туманы, надвор’е з праясненнем. 

Удзень чакаецца +8 +10°С, вецер хуткасцю да 6-10 м/с, воблачна, месцамі выпадуць невялікія ападкі. 

У пятніцу, 11 лістапада, прагназуюцца невялікія дажджды, воблачнасць, у асноўным да+7 +9°С, месцамі да +10°С. 

Выходныя, па прагнозах метэаролагаў, парадуюць нас надвор’ем без ападкаў. Будзе воблачна і месцамі ясна, тэмпература паветра ўдзень да +9 +10°С.

З панядзелка паступова слупок тэрмометра папаўзе ўніз, і  ў другой палове тыдня чакаецца дзённая тэмпература ніжэй за +5°С. 

Аўтамабілістам нагадаем, што пара мяняць летнюю гуму на зімовую.

Паводле шматгадовых назіранняў, сярэдняя тэмпература лістапада складае 0,1°С, у Бабруйску +0,7°С,  Магілёве +0,1°С. У гэтым годзе сярэднія тэмпературы першай дэкады склалі болей за +5°С.

Магілёўскі металургічны завод адзначыў 90-гадовы юбілей

Люкі магілёўскай вытворчасці можна сустрэць нават на Неўскім праспекце ў Санкт-Пецярбургу.

З 1932 года прадпрыемства выпускае разнастайную высокатэхналагічную металургічную прадукцыю, пра якую не ведае большасць жыхароў Магілёўшчыны. 

Самая запатрабаваная прадукцыя, як сведчаць самі металургі, – сталёвыя трубы розных дыяметраў, гатункаў і формы. Тут вырабляюцца электразварныя прамашоўныя, водагазаправодныя і профільныя трубы самых розных дыяметраў. Трубы замаўляюць усе флагманы беларускага машынабудавання, 90 працэнтаў прадукцыі экспартуецца ў Расію, а раней пастаўлялася і ў Германію.

Ліцейны цэх – найстарэйшае структурнае падраздзяленне завода. Чыгуннае ліццё – другая па аб’ёме вытворчасці група тавараў. Тут адліваюць чыгунныя люкі і вырабляюць шрот (дроб) чыгунны літы і колаты розных фракцый. Стаў найлепшым сярод асноўных цэхаў ён і па выніках працы за 2021 год. Да вайны чыгунны шрот экспартаваўся нават ва Украіну, дзе вырабляецца свая прадукцыя дадзенага тыпу. 

З 2016 года арганізавана вытворчасць чарнавой чыгуначнай восі – адносна новая для завода. Працэс тут максімальна аўтаматызаваны: спецыяльнае абсталяванне дзейнічае ў адпаведнасці з праграмай, якую закладваюць аператары пастоў кіравання. 

Аб высокай ацэнцы якасці прадукцыі сведчаць вынікі конкурсу “Лепшыя тавары Беларусі” і “Лепшы будаўнічы прадукт”. Пераможцам у намінацыі “Водазабеспячэнне і каналізацыя” быў прызнаны “Дожджапрыёмнік ДМ1(С250)-1-60”. У папярэднія гады ў конкурсе “Лепшы будаўнічы прадукт” адзначаліся запаўняльнік для цяжкіх бетонаў, люк цяжкі палегчаны і люк лёгкі палегчаны.

У цяперашні час завод выпускае: трубы сталёвыя; чыгуначныя восі чарнавыя; дроб тэхнічны; чыгуннае ліццё; тавары народнага спажывання; малыя архітэктурныя формы. Праца ва ўмовах санкцый прымусіла закупляць драўніну на ўнутраным рынку і развіваць на сваіх пляцах вытворчасць сучаснай мэблі, якая мае ў аснове металічны каркас. 

Геаграфія паставак прадукцыі дастаткова шырокая. Люкі магілёўскай вытворчасці можна сустрэць нават на Неўскім праспекце ў Санкт-Пецярбургу, а запаўняльнік для цяжкіх бетонаў Магілёўскі металургічны завод пастаўляў на беларускую АЭС і многія іншыя аб’екты. Асноўныя рынкі збыту сёння – гэта Беларусь, Расійская Федэрацыя, Казахстан. У якасці перспектыўных разглядаюцца і рынкі азіяцкіх краін.

Асартымент тавараў народнага спажывання ўключае такую ​​прадукцыю, як лесвіца-драбінка, падстаўка для кветак, урна-попельніца, апора стала і інш. Вялікую цікавасць у спажыўцоў выклікае вытворчасць на замову элементаў уладкавання прыдамавых тэрыторый. Прадпрыемства прымае індывідуальныя замовы на кантэйнеры для збору ТБА, гарадскія скрыні, садовыя лавы і абсталяванне спартыўных пляцовак. 

Круглую дату адзначылі на заводзе ўзнагародамі лепшых работнікаў, святочнай імпрэзай і канцэртам. 

фота: vk.com/cluboaommz

Расклад руху цягніка Магілёў-Гомель мяняецца 21 і 22 лістапада

У сувязі з рамонтнымі работамі на ўчастку Магілёў-Жлобін мяняецца графік адпраўлення цягніка на Гомель з Магілёва. Поезд №615/616 будзе выходзіць у 08:25, што на 2 гадзіны і 35 хвілін раней за звычайны час – паведамляе  афіцыйны сайт “Беларускай чыгункі”.

Фота з адкрытых крыніц