«Магілёўскія ведамасці» ў артыкуле «Кармы – у засекі» расказалі пра нарыхтоўку сенажу ў ААТ «Магілёўскі лянок». Класіка аграрнага жанру: камбайн «Гомсельмаш», механізатар з дзясятым сезонам стажу, шчаслівы дырэктар Яўген Хахлоў (на фота) і «настроены па-баявому». Калі чытаць адну такую нататку, лёгка прыняць яе за звычайную мясцовую хроніку, але журналісты здолелі зрабіць з аднаго поля аж два рэпартажы.
Адна і тая ж «перадавая» – у двух выданнях, з рознымі лічбамі
Той жа самы дзень, тое ж поле каля вёскі Мацееўшчына, той жа камбайн FS 80 PRO, той жа трактарыст – паралельна апісаны ў матэрыяле «Прыдняпроўскай нівы».
Але лічбы ў гэтых дзвюх публікацыях – розныя:
- «Магілёўскія ведамасці»: «10,83 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – на 2 цэнтнеры больш, чым на аналагічную дату 2025 года»
- «Прыдняпроўская ніва»: «11,52 цэнтнера кармавых адзінак – на 3,8 цэнтнера больш, чым на аналагічную дату 2025 года»
Фармальна супярэчнасці няма: першая лічба – па Магілёўскай вобласці ў цэлым, другая – па Магілёўскім раёне. Але ІА «Магілёўскія ведамасці» падаюць абласны паказчык як кантэкст да гераічнага вобраза канкрэтнай раённай гаспадаркі.
Па аб’ёме ж нарыхтаванага «Магілёўскім лянком» на 29 чэрвеня разыходжанне ўжо прамое: «МВ» – «больш за 11 тысяч тон», «Прыдняпроўская ніва» са спасылкай на галоўнага аграно́ма – «9 400 тон». Адна і тая ж дата, адна і тая ж гаспадарка, розніца амаль у 17 працэнтаў!
13-гадзінная змена – не подзвіг, а штатная норма
Механізатары вядуць змены з 7 раніцы да 8 вечара – паведамляюць нам. Тая ж формула ў кіраўніка той жа гаспадаркі гучыць у 2022 годзе: «рабочы дзень з сямі раніцы да восьмай вечара». І ў 2022, і ў 2026 гэта пададзена як факт працоўнага энтузіязму, да якога даецца «двухразовае гарачае харчаванне ў полі» і падзяка кіраўніцтва.
Між тым 13-гадзінная змена – гэта, простай мовай, у паўтара з лішнім раза больш за нармальную працягласць працоўнага дня, або на 5 гадзін звыш 8-гадзіннай нормы.
Нават з улікам усіх сезонных напружанняў для сельскай гаспадаркі і сумаванага ўліку, 13 гадзін за штурвалам камбайна штодзённа на працягу тыдняў – гэта пытанне не пра тое, як гартавалася сталь, а пра бяспеку і пра тое, як гэта ўлічана ў аплаце.
Самазабеспячэнне, за якое дзякуюць вобласці
Дырэктар «Магілёўскага лянка» Хахлоў паведамляе: «у гаспадарцы два малочна-таварныя комплексы… Мы поўнасцю забяспечваем сябе травамі і сіласам без прыцягнення старонніх рэсурсаў. Асобная падзяка абласным структурам за дапамогу ў набыцці камбайна-здабытчыка КВК – зараз на палях працуюць дзве такія машыны, і гэта сур’ёзная падмога».
Два сказы запар, з вуснаў аднаго чалавека. Першы – пра самадастатковасць. Другі – пра тое, што ключавая тэхніка, без якой «сур’ёзная падмога» немагчымая, купленая за кошт абласнога бюджэту.
Уся справа ў крывой ідэалогіі
Ключавы момант: у ААТ «Магілёўскі лянок» ёсць штатны намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Шкалькова (на фота). У вялікім інтэрв’ю «Прыдняпроўскай ніве» ад 29 мая 2026 года яна кажа: «instagram „Магілёўскага лянка” – гэта маё дзіця. Мая раніца пачынаецца з тэлефона. Заходжу, гляджу, колькі падпісчыкаў. Калі за дзень не выклала ніводнай навіны – лічу, што адпрацавала дрэнна. Я прашу інжынераў дасылаць мне відэа з палёў, механізатараў – фота. Мы разам ствараем летапіс гаспадаркі».

Шкалькова шаснаццаты год на гэтай пасадзе, мае званне «Лепшы па прафесіі» ў ідэалагічнай рабоце. Прасцей кажучы, матэрыялы пра «Магілёўскі лянок» у мясцовым і абласным друку з’яўляюцца не таму, што журналісты самі туды ездзяць, а таму, што намеснік дырэктара гаспадаркі мэтанакіравана займаецца іх размяшчэннем. Шаснаццаць гадоў шукаць поспехі кожную раніцу. Пры такой шалёнай актыўнасці памылка ў семнаццаць працэнтаў – дробязь. Як кажуць, лес рубяць, трэскі ляцяць.
Фота: «Магілёўскія ведамасці».
