Дзень у гісторыі. 9 мая. Свята Перамогі. Наступ на беларушчыну. Мсціслаўскі музей. Буйніцкі заасад.

Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.

Вялікая Айчынная вайна – частка Другой сусветнай вайны 1939–1945 гадоў, пачалася досвіткам 22 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкая Германія напала на СССР. На баку Нямеччыны выступілі Румынія, Італія, 23 чэрвеня да іх далучылася Славакія, 25 чэрвеня – Фінляндыя, 27 чэрвеня – Венгрыя, 16 жніўня – Нарвегія.

Вайна доўжылася амаль чатыры гады і стала самым буйным узброеным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. На фронце, які распасціраўся ад Баранцава да Чорнага мораў, абапал у розныя перыяды вайны адначасова ваявалі ад 8 мільёнаў да 13 мільёнаў чалавек, ужывалася ад 6 тысяч да 20 тысяч танкаў, ад 85 да 165 тысяч гармат і мінамётаў, ад 7 тысяч да 19 тысяч самалётаў.

Падчас вайны ў Беларусі загінула больш за 2,3 мільёны жыхароў, былі разбураны і разрабаваны 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.

Улада і апазіцыя адзіны ў тым, што свята – усенароднае. Іх пазіцыі, аднак, адрозніваюцца ў падыходах да “напаўнення” свята, да таго, хто павінен быць у калонах на парадах. Так, 9 мая 1994 года АМАП не прапусціў на мінскую плошчу Перамогі народнага пісьменніка, франтавіка, пісьменніка Васіля Быкава.

У Дзень Перамогі выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб заснаванні медаля “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” на георгіеўскай стужцы. Ён стаў самым масавым медалём: 14,9 млн. узнагароджаных. Асобы, якія атрымалі медаль, мелі права на ўзнагароды юбілейнымі медалямі да 20, 30, 40, 50, 60, 65, 70, 75 год Перамогі.

1878 год. У сям’і беларуса – выхадца з Чавускага павета нарадзіўся сын, географ Міхаіл Самбікін (1878–1968).

Вядомы савецкі  фізіка-географ, метэаролаг, прафесар, член-карэспандэнт Галоўнай геафізічнай абсерваторыі Пецярбургскай акадэміі навук.

У 1934–1941 гадах працаваў прафесар і загадчыкам кафедры метэаралогіі  Беларускай сельгасакадэміі, прафесарам кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.

1913 год. Нарадзіўся Васіль Івашын (1913–2009).

Беларускі літаратуразнаўца, акадэмік НАНБ, АПН СССР, Расійкай акадэміі адукацыі, доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык літаратурнай спадчыны Янкі Купалы.

Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў у Віцебскім педвучылішчы, у Інстытуце літаратуры АН БССР, дырэктарам НДІ педагогікі Міністэрства адукацыі БССР (зараз – Нацыянальны інстытут адукацыі).

Аўтар навуковых прац па пытаннях тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, літаратурных сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання літаратуры ў школе. Аўтар падручніка па беларускай літаратуры для 8-9 класаў.

1929 год. У в. Продзвіна Бабруйскага раёна нарадзіўся Людвіг Асецкі (1929–2005).

Беларускі графік, заслужаны дзеяч мастацтваў. Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у ім, быў старшынём Мастацкага фонду БССР.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, манументальнага жывапісу, графіцы.

Стварыў ілюстрацыі да кніг «Мы раскажам пра Мінск», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І. Мележа і іншыя.

Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча падрыхтаваў серыю «Ад родных ніў».

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Літаратурным музеі імя Я. Купалы, Беларускім музеі Вялікай Айчыннай вайны, музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

1929 год. Пачала працу камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР.

Камісія 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі. Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа так званага “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія з іх былі асуджаны.

З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

1953 год. У Мінску выйшаў першы нумар часопісу «Маладосць».

Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс Саюза пісьменнікаў Беларусі на беларускай мове.

Публікуе прозу, паэзію, публіцыстыку, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады. Тыраж на канец 2022 года склаў 460 экзэмпляраў.

Выйшла больш за 830 нумароў.

У 2002-2012 гадах уваходзіў у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”, затым у складзе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”. З 2021 года ўваходзіць у склад выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

У часопісе друкаваліся В. Быкаў – “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост”, У. Караткевіч – “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, І. Шамякін – “Ах, Міхаліна, Міхаліна”, І. Чыгрынаў – «Плач перапёлкі» і іншыя.

1986 год. У Мсціславе адкрыты мемарыяльны комплекс Курган Славы.

Прысвечаны землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

1995 год. Адчынены Мціслаўскі гістарычна-археалагічны музей – адзіны ў Магілеўскай вобласці гісторыка-археалагічны.

Створаны ў чэрвені 1988 года. Значная частка экспанатаў была атрымана падчас археалагічных раскопак Л. Аляксеева, М. Ткачова, А. Трусава.

Пастаянная экспазіцыя займае тры залы: “Духоўныя крыніцы зямлі Мсціслаўскай”, “З гісторыі Мсціслаўшчыны ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя”, “Павятовы горад Мсціслаў”. Колькасць экспанатаў музея перавышае 20 000, з іх болей за 12 000 уваходзіць у асноўны фонд.

Найбольш цікавай калекцыяй з’яўляецца “Археалогія”.

З 2007 года музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”.

2002 год. Апублікаваны канчатковы варыянт Рамкавай канвэнцыі ААН па змене клімату.

Сярэднія тэмпературы на Беларусі павялічаліся амаль на 1⁰С, клімат памякчэў, стаў менш кантынентальным, зіма ў сярэднім стала цяплей на 5-6⁰С у параўнанні з 1960-мі  гадамі.

2005 год. У Магілёве на плошчы Славы адкрыта першая чарга Алеі Славы “Гонар і слава Магілёўшчыны”.

На ёй 137 дошак з імёнамі Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Магілёўскай вобласці.

Першым Героем Савецкага Саюза стаў акадэмік О. Шміт ў 1937 годзе, апошнім – воін-“афганец” А. Мельнікаў у 1988 годзе пасмяротна.

2005 год. У Буйнічах Магілёўскага раёна адчыніўся заасад.

Заснаваны ў 2004 годзе пры Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы імя К. Арлоўскага яго дырэктарам Г. Маліноўскім.

Размяшчаецца на правым беразе Дняпра на плошчы ў 124 га. Асноўную частку заасада займаюць прасторныя вальеры, у якіх жывуць насельнікі беларускіх лясоў і экзатычныя для Беларусі звяры.

Да заасаду прымыкае стылізаваная «Этнаграфічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. Тут можна наведаць дом каваля, ганчара, азнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ стагоддзя. У маёнтку памешчыка размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.

2009 год. Свой першы рэйс здзейсніў цягнік на чыгуначнай міні-дарозе ў заасадзе ў Буйнічах.

Першымі пасажырамі сталі ветэраны вайны і школьнікі Буйніцкай школы.

Цягнік можа развіваць хуткасць да 10 км/г. Працягласць дарогі складае 2 км і дазваляе пазнаёміцца бліжэй з насельнікамі заасада: зубрамі, еўрапейскай ланню і плямістым аленем, казулямі.

Падарожнічаючы па чыгунцы, можна назіраць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі заасаду ў ледніковы перыяд. У зоне інтэнсіўнага наведвання заасада частка каньёна ператворана ў штучны вадаём, на якім жывуць прадстаўнікі вадаплаўнай фаўны краіны – качкі і лебедзі.

Дзень у гісторыі. 30 красавіка. Эдыкт Галерыя. М. Судзілоўскі на Гаваях. Падзел Беларусі. Застрэліўся Гітлер

Міжнародны дзень джазу (International Jazz Day, з 2011 года).

Упершыню слова “джаз” было выкарастана ў друку 2 красавіка 1912 года, а ў 1917 годзе амерыканскі часопіс “Literary Digest” аўтарытэтна тлумачыў, што “джаз – гэта музыка, якая прымушае людзей трэсціся, скакаць і курчыцца”.

Дзень устаноўлены  Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА. Мэта святкавання Дня – павышэнне ступені інфармаванасці міжнароднай грамадскасці аб педагагічнай ролі джаза як сілы, якая садзейнічае міру, адзінству, дыялогу і пашырэнню кантактаў паміж людзьмі.

Джаз узнік у канцы XIX–пачатку XX стагоддзя ў ЗША як сінтэз афрыканскай і еўрапейскай музычных культур і да гэтага часу застаецца унікальнай формай музычнага мастацтва, якая аб’ядноўвае расы і нацыянальнасці і сцірае межы паміж людзьмі і дзяржавамі. Асноўныя рысы джаза – галоўная роля рытму, меладычныя акцэнты, якія спараджаюць адчуванне хвалепадобнага руху, імправізацыйны пачатак.

Сусветны дзень пародненых гарадоў (World Day of United Сities).

Праводзіцца ў апошнюю нядзелю красавіка па рашэнні Сусветнай федэрацыі пародненых гарадоў (World Federation of United Cities), заснаванай у 1957 годзе.

Сусветная федэрацыя пародненых гарадоў – міжнародная няўрадавая арганізацыя, мэтай якой было – умацаванне дружалюбных сувязяў паміж гарадамі розных дзяржаў. Аб’ядноўвала звыш 3 500 гарадоў больш за 160 краін свету.

Магілёў мае 19 гарадоў-пабрацімаў і 26 гарадоў-партнёраў.

Пабрацімамі з’яўляюцца нямецкія Лютэрштадт Вітэнберг, Айзенах, расійскія Пенза, Тула, Звянігарад, Сакаліная Гара, Омск, Астрахань, турэцкая Бурса, украінская Керч, французскі Вілербан, славацкі Бардэёў, балгарскі Габрава, сербскі Крагуевац, азербайджанскі Сумгаіт, кітайскія Чжэнчжоў, Нанкін, Чанша, іранскі Тэбрыз.

З пачаткам уварвання Расіі ва Украіну, пабрацімскія адносіны з Магілёвам скасавалі літоўская Клайпеда і ўкраінскі Мікалаеў.

311 год. Кіраўнік Усходняй Рымскай імперыі, ганіцель хрысціян Галерый падпісаў эдыкт, які ўпершыню дазволіў насельніцтву адкрыта вызнаваць хрысціянства.

Галерый доўгі час з’яўляўся адным з самых перакананых і паслядоўных супернікаў хрысціянства ў рымскай гісторыі. Ён браў удзел у пераследах хрысціян, якія пачаліся ў 303 годзе (першы эдыкт супраць хрысціян – 23 лютага 303 года).

Галерый “памяняў” свае перакананні з-за хваробы, верагодна, спадзяючыся на “удзячнасць у адказ” Бога хрысціян. Але спадзяванні яго не спраўдзіліся: праз некалькі дзён пасля падпісання эдыкта ён памёр.

1661 год. Ян II Казімір прызначыў Уладзіслава Валовіча магілёўскім войтам.

У гэты дзень кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян II Казімір паведамляе мяшчанам Магілёва, што даў віцебскаму ваяводзе Уладзіславу Валовічу “урад магілёўскага войта”.

Уладзіслаў Валовіч
1881 год. Нарадзіўся Янка Журба (Іван Івашын, 1881–1964).

Беларускі паэт, этнограф, друкаваўся ў газеце “Наша ніва”, пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага “Бедныя людзі”.

Настаўнічаў ва Украіне, Беларусі, Расіі, працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923–1927), выкладчыкам Чэрыкаўскай сямігодкі, Магілёўскага медвучылішча (1927–1934), супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР, настаўнікам спеваў у Чашніцкім раёне.

Апошнія гады жыцця правёў у в. Слабада пад Полацкам, у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра, у доме састарэлых.

Пахаваны на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках.

Аўтар этнаграфічных нарысаў, вершаў 5 зборнікаў паэзіі, 3 кніг вершаў для дзяцей. У 1950 выйшлі Выбраныя творы. У яго гонар названы вуліцы ў Полацку, Магілёве, некаторых іншых гарадах.

1900 год. Гавайскія астравы, якія былі анэксіраваны ЗША ў 1898 годзе, атрымалі статус самакіраванай тэрыторыі.

Калі прэзідэнт ЗША У. Мак-Кінлі падпісаў “дагавор” аб анэксіі Гавайскіх астравоў, мясцоваму насельніцтву ўдалося сарваць яго ўступленне ў сілу, прад’явіўшы 38 000 подпісаў пад петыцыяй пратэсту. У выніку, анэксія была зацверджана толькі прыняццем у абедзвюх палатах Кангрэса адпаведнай «рэзалюцыі Ньюлэндса‎» 4 ліпеня 1898 года.

З 1901 па 1902 год першым старшынёй сената Гавайскіх выспаў быў ураджэнец Магілёва, рэвалюцыянер-народнік Мікалай Судзілоўскі-Русель (1850–1930), вядомы таксама пад імем Каўка Лукіні, які за час знаходжання на пасадзе паспеў правесці рэформы ў падтрымку канакаў, але не змог супрацьстаяць уплыву ЗША і быў пазбаўлены амерыканскага грамадзянства за антыамерыканскую дзейнасць.

У 1959 годзе Гавайскія астравы сталі 50-м штатам ЗША.

1930 год. У кітайскім Шанхаі памёр магілёвец Мікалай Судзілоўскі (1850–1930).

Урач, прыродазнавец, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў у Еўропе, ЗША, Японіі, Кітаі, падарожнік-географ, этнограф. Прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў.

Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў.

Доктар, з імем якога звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу і іншых хвароб. Яму належаць некалькі важных прац па медыцыне. Быў таксама членам Амерыканскага таварыства генетыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітая.

Валодаў васьмю еўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай. У гонар вучонага ў Магілёве названа вуліца.

1901 год. У Пінску нарадзіўся амерыканскі эканаміст Сайман (Сямён) Сміт Кузнец (1901–1985).

Нобелеўскі лаўрэат, аўтар паняцця “валавы ўнутраны прадукт”. Доктар філасофіі. Член Нацыянальнай Акадэміі навук ЗША.

Вучыўся ў Харкаве, скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных даследаванняў, прафесарам універсітэтаў штата Пенсільванія, Дж. Гопкінса, Гарвардскага, старшынёй камітэта па эканамічным росце пры ўрадзе ЗША, эканамічным саветнікам урадаў Кітая, Японіі, Індыі, Тайваня і Ізраіля. Прэзідэнт Амерыканскай статыстычнай, Амерыканскай эканамічнай асацыяцый.

Адкрыў 20-гадовы перыяд ваганняў хуткага і павольнага эканамічнага росту (цыкл Кузнеца, 1930), залежнасць паміж няроўнасцю даходаў і эканамічным ростам краін, якія развіваюцца (крывая Кузнеца). Адным з першых раскрыў ролю капіталаўкладанняў у чалавечы фактар як аснову сучаснага эканамічнага росту.

Яго імя ў 2013 годзе прысвоена  Харкаўскаму нацыянальнаму эканамічнаму ўніверсітэту.

1910 год. Па шляху ў Полацк, з Кіева ў Магілёў па Дняпры прыбыў параход “Галавачоў” з машчамі Еўфрасінні Полацкай.

Рака з машчамі знаходзілася да 2 мая ў кафедральным Іосіфаўскім саборы, дзе праводзіліся літургіі і службы. Магілёў наведала 75 000 вернікаў.

1921 год. Уступіла ў дзеянне Рыжская мірная дамова паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску.

Дамова бакамі была падпісана 18 сакавіка 1921 года.

Была пацверджана “незалежнасць” БССР. Мяжа ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёна чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР.

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1945 год. У сваім бункеры ў Берліне скончыў жыццё самагубствам Адольф Гітлер.

Гітлер разам са сваёй жонкай Евай Браўн паміж 15:26 і 15:30 скончыў жыццё самагубствам, папярэдне забіў любімага сабаку Блондзі.

У савецкай гістарыяграфіі зацвердзіўся пункт гледжання, што Гітлер прыняў яд (цыяністы калій). Аднак, паводле сведчанняў відавочцаў, ён застрэліўся. Існуе таксама версія, паводле якой Гітлер, узяўшы ў рот і раскусіўшы ампулу з ядам, адначасова стрэліў у сябе з пісталета.

1945 год. Савецкія воіны ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам у Берліне.

У 14:25 байцы роты старшага сяржанта С’янава з баямі прарваліся па лесвіцы и дасягнулі купала рэйхстага.

Лейтэнант А. Бераст, чырвонаармеец М. Ягораў і малодшы сяржант М. Кантарыя ўстанавілі сцяг: над будынкам германскага парламента ўзвіўся сцяг СССР.

Усе трое былі прадстаўлены камандаваннем да звання Герой Савецкага Саюза, аднак украінец А. Бераст быў выкраслены з узнагароднага спісу і афіцыйнай версіі ўзняцця сцяга Перамогі.

1961 год. У ноч з 30 красавіка на 1 мая на савецкай антарктычнай станцыі “Новалазараўская” урач Леанід Рагозаў сам сабе зрабіў аперыцыю па выдаленні апендыкса.

Падчас аперацыі яму асістыраваў ураджэнец в. Сенькаўка Клімавіцкага раёна, палярны гідраметэаролаг Фёдар Кабат (1921–1995).

1994 год. Набыла сілу Канстытуцыя Беларусі, прынятая 15 сакавіка.

У Беларусі дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў. Яна з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай Канстытуцыяй Беларусі, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання.