У апошнія гады ў рэспубліцы ідзе масавая прамысловая рубка лясоў. З Глуску ў Магілёў прыехаў новы галоўны ляснічы Сяргей Максімовіч, які мае добрыя навыкі ўзнаўлення лясных угоддзяў.
Шматгадовага і непатапляльнага кіраўніка лясной сферы Ўладзіміра Раеўскага на пасадзе Генеральнага дырэктарам дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання замяніў малады кіраўнік з Глушчыны Сяргей Максімовіч. Як сказана ў афіцыйных каментарах, яго прызначылі з галоўнай мэтай – аднаўлення лясоў рэгіёна.
Сяргей Максімовіч – ляснік у 3-м пакаленні, скончыў лесагаспадарчы факультэт БДТУ. Ён прайшоў шлях ад ляснічага Даўгоўскага лясніцтва Клічаўскага лясгаса, галоўнага ляснічага Бабруйскага лясгаса, ляснічага Заваўчыцкага лясніцтва, да галоўнага ляснічага Глускага лясгаса, які ён ачольваў апошнія 8 гадоў.
Ключавая задача Максімовіча ў новым крэсле не новая: аднаўленне і захаванне лясоў Магілёўшчыны. Як казаў ён у ранейшых інтэрв’ю, менавіта ад стадыі адбору і бесперапыннай селекцыі залежыць прадуктыўнасць будучых лясоў. Толькі за кошт пасадкі лесу з насення, сабранага з элітных і плюсавых дрэў, можна павялічыць прадуктыўнасць насаджэнняў на 15-20%.
З Глуску ў Бабруйск прыбыла выстава юных мастакоў аб’яднання “Арт-кроха” і выстаўляецца ў Бабруйскім мастацкім музеі.
Заснавальнікам і мастацкім кіраўніком, а таксама ідэйным натхняльнікам творчага аб’яднання ўжо амаль 5 гадоў з’яўляецца Алена Пятрова. Яна працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва ў гімназіі Глуска, дзе і кіруе “АРТ-Крохай”.
За гэты час каля ста хлопчыкаў і дзяўчынак розных узростаў далучыліся да мастацтва і стварылі вялікую колькасць адметных работ. Перамогі ў розных конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, выступленні на тэлебачанні, артыкулы ў газетах і часопісах і выставы – дасягненні аб’яднання.
Дзіцячыя малюнкі заўжды вызначаюцца яркасцю фарбаў, бо сятчатка вачэй дзіця ўспрымае такім свет. У дарослых яркасць бачання зніжаецца ў два разы за кожныя сем-дзесяць гадоў. У дзяцей іншае, чым у дарослых, і светаўспрыманне. А калі дадаць недасканалую наіўную тэхніку малявання, то такія выставы заўжды цікавыя і аптымістычныя для людзей любога ўзросту.
Не дзіва, што творы юных глускіх мастакоў не першы раз прадстаўляюцца публіцы. Летась у Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі выстаўляліся “Шэдэўры арт-крошак або арт-крошачныя шэдэўры”. Цяпер прыйшла чарга бабруйчан знаёміцца з яркімі дзіцячымі малюнкамі.
Сучаснае поле ўрачыста адкрылі ў Глуску на стадыёне мясцовай гімназіі.
Першай праект дапамогі развіццю дзіцячага і юнацкага футбола ў Беларусі распачала міжнародная федэрацыя футбола ФІФА. У 2000-я гады з’явіліся падобныя пляцоўкі ў Магілёве і Бабруйску.
Цяпер эстафету працягваюць беларускія арганізацыі і фірмы: Тураўскі малочны камбінат і Беларуская федэрацыя футбола. Пляцоўкі адкрываюцца ва многіх райцэнтрах краіны.
На ўрачыстае адкрыццё пляцоўкі ў Глуску сабраліся школьнікі, гараджане, госці, якія мелі дачыненне да сацыяльнага праекта “Bonfesto – дзецям”.
Спартыўны аб’ект са штучным пакрыццём дазволіць юным атлетам трэніравацца на працягу ўсяго году, нават узімку – паведамляе газета “Радзіма”.
Асведчанне паказала 1,5 праміле ў 57-гадовага вадзіцеля аўтамабіля Honda. Пара ехала па дарозе недалёка ад аграгарадка Катка і вылецела ў кювет. І пьяны шафёр, і яго 50-гадовая пасажырка шпіталізаваныя – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.
Малебен перад падняццем крыжоў адбудзецца ў 15:30.
Будынак храма – упрыгажэнне горада, таму ўстаноўка на ім купалаў і крыжоў, гэта сапраўднае мясцовае свята.
У пятніцу рамонт даху цэнтральнай часткі будынка Свята-Богаяўленскага храма Глуска плануецца завяршыць. Будуць усталяваны купалы і крыжы на храме і шпілі званіцы.
Газета “Радзіма” паведамляе, што да рамонтных работ на будынку храма прыступілі яшчэ ў чэрвені. Для спецыфічных і складаных работ, выкарыстоўвалася адмысловая тэхніка і рэдкія спецыялісты, шмат будаўнічых матэрыялаў і значныя фінансавыя сродкі.
Паколькі ўстаноўка крыжоў, радасная падзея для прыхаджан храма, то многія верагодна захочуць стаць яе відавочцамі. Менавіта таму настаяцель храма айцец Міхаіл папрасіў, каб пад час мантажных работ, якія пачнуцца з раніцы, у двары не было цікаўных. Затое ў 15:30, перад падняццем крыжоў, адбудзецца малебен і іх асвячэнне.
Будынак Свята-Богаяўленскага храма – адна з архітэктурных дамінант Глуска – з купаламі і крыжамі будзе выглядаць завершана і велічна.
Ратавальнікі з дапамогай валанцёраў 4 дні шукалі грыбніка-недарэку і знайшлі яе ў прытомнасці. Здарэнне адбылося паблізу вёскі Поблін Глускага раёна.
Па інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яшчэ 13 кастрычніка ў 22:30 ратавальнікам паступіла паведамленне аб жанчыне, якая пайшла ў лес у грыбы і не вярнулася. Мабільнага тэлефона жанчына, парушыўшы шматлікія папярэджанні і правілы, не ўзяла з сабой.
Як аказалася, Юлія Давыдаўна, жыхарка вёскі Поблін, раніцай 13 кастрычніка пайшла ў лес у грыбы. Калі яна з надыходам змяркання не вярнулася дадому, то дачка пенсіянеркі патэлефанавала ў МНС. Каб у спадарыні Юліі быў мабільны, то лакалізаваць яе месцазнаходжанне было б адносна проста. Але яна не выявіла асцярожнасці і прадбачлівасці.
Наступнай раніцай ратавальнікі, работнікі міліцыі, лясгаса, валанцёры, мясцовыя жыхары пачалі пошукі, але яны напачатку былі безвыніковымі. З кожным днём надзея на выратаванне раставала. Тым часам жанчына 4 ночы вымушана была праводзіць у лесе.
Толькі 17 верасня раніцай ратавальнік Сяргей Анцюшэня знайшоў Юлію Давыдаўну ў полі паміж вёскамі Поблін і Разлевічы. Ёй пашчасціла натрапіць на кукурузнае поле. Менавіта збожжа кукурузы стала ежай і дапамагло выжыць.
Жанчына была ў прытомнасці, але яна зусім знясілела і толькі прасіла піць. Ратавальнікі неадкладна перадалі пацярпелую медыкам. Пенсіянерка шпіталізавана.
Парады: Вопытныя грыбнікі і спецыялісты па выжыванню раяць збіраючыся ў грыбы браць з сабой не толькі нож і кошык для грыбоў, але і заплечнік для паклажы, гумовыя боты і порхаўку (дажджавік), мабільны тэлефон і паўэрбанк, компас, сродкі ад насякомых, бінт і антысептык, ліхтарык, свісток, а яшчэ хаця б невялічкую бутэлечку з вадой і крыху ежы.
Але ў саміх з-за санкцый праблемы з новым абсталяваннем.
У Глуску ведаюць як пераарыентавацца на новыя рынкі. Менавіта таму работнікі лясной гаспадаркі Беларусі тут на семінары вывучалі вопыт перапрацоўкі драўніны на перадавым заходнім абсталяванні і працы ва ўмовах санкцый і крызісу.
Глускія “лесавікі”, падобна, становяцца лепшымі ў Беларусі. У гэтым годзе галоўны ляснічы Глускага лясгаса Мікалай Ляпко дзяліўся вопытам выкарыстання фінскага харвестара Usewood па догляду лясных культур. І вось цяпер рэспубліканскі семінар «Вытворчасць і рэалізацыя паганажных профільных вырабаў» прайшоў на базе Глускага лясгаса.
Вытворчасць
Глусчане, як паведаміла газета “Радзіма”, паказалі і расказалі калегам, як працуюць сучасныя лініі лесапілавання Wood-Mizer, Brodpol, Mebor, якія піламатэрыялы на іх вырабляюцца, як арганізаваны тэхнічны працэс сушкі прадукцыі ў сушыльных камерах Baschild (2010 г.) і Termolegno (2020 г.). У сталярным цэху гасцей азнаёмілі з вытворчасцю профільных дэталей і прадукцыі. Абсталяванне заходніх машынабудаўнікоў якаснае і мае добрую вытворчасць.
Даведка: Глускі лясгас размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы Магілёўскай вобласці на тэрыторыі 75 858 га, у тым ліку пакрытых лесам 68 648 га. Працягласць тэрыторыі лясгаса з поўначы на поўдзень – 55 км. і з захаду на ўсход – 40 км. У ягоны склад уваходзяць 8 лясніцтваў. Па лесараслінным раянаванні тэрыторыя лясгаса адносіцца да Цэнтральна-Прадпалескага комплексу лясных масіваў, падзоны ялова-грабавых дуброў.
Рэалізацыя прадукцыі
Работнікі глускага лясгасу таксама падзяліліся вопытам працы гандлёвай пляцоўкі. Геаграфія паставак на экспарт прадукцыі дрэваперапрацоўкі ў іх раней налічвала больш за 30 краін. Але пастаўкі ў Літву, Латвію, Польшчу і іншыя заходнія краіны практычна прыпыніліся з-за санкцый і немагчымасці пераводу грошай. Цяпер самым важным стратэгічным напрамкам работы арганізацый галіны сталі пастаўкі прадукцыі на кітайскі рынак.
Як паказаў семінар, глускія “лесавікі” здолелі пераарыентавацца на іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі і захавалі калектыў. Але праблема ў тым, што новае абсталяванне, якое яны выкарыстоўваюць, з-за санкцый практычна немагчыма набыць, а заходнія рынкі амаль цалкам закрытыя. Застаецца працаваць з Азіяй і спадзявацца на змену знешнепалітычных умоў гаспадарання.
Дакрануцца да мастацтва Глуску можна было за 5 рублёў.
Творчая прэзентацыя Глускага раёну прайшла з прымусова-добраахвотным поспехам у Магілёве 22 верасня. Так, з прадстаўлення самага паўднёвага рэгіёна Магілёўшчыны распачаўся восеньскі этап абласнога фестывалю народнай творчасці.
Фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” – творчы праект Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Ужо на працягу некалькіх гадоў на сваёй пляцоўцы ён знаёміць магіляўчан і гасцей горада з народнай творчасцю рэгіёнаў Магілёўскай вобласці.
У ходзе фестывалю сёлета раёны прадстаўлялі сябе каля Магілёўскага абласнога цэнтру народнай творчасці па вуліцы Першамайскай. Бязлюднае днём месца ў рабочы час не спрыяла цікавасці магілёўцаў да канцэртаў пад адкрытым небам на Тэатральнай плошчы. У выніку праходзілі гэтыя ўрачыстасці зусім не ўрачыста, без бачнай цікавасці магілёўцаў, пра што паведамляў Магілёў.media.
Памылкі летняга этапа часткова ўлічаны цяпер. Перад будынкам абласнога цэнтру праводзіліся толькі выступленні фальклорных калектываў, якія стваралі атмасферу і прываблівалі гледачоў.
Выставачныя праекты перанесены з вуліцы ў фае будынка. У ім народныя рамеснікі ва ўтульнай атмасферы паказвалі свае ўмельства і праводзілі майстар-класы.
Глускі раённы музей паказаў мінулае раёна і ягоныя дасягненні. Вось толькі ваенная форма часоў Другой сусветнай вайны на манекенах неяк выбівалася з агульнага кантэксту, стварала дысананс агульнай мірнай атмасферы свята.
Завершыў праграму канцэрт лепшых калектываў мастацкай творчасці, індывідуальных выканаўцаў, майстроў народнай творчасці Глускага краю. Зала была амаль поўнай, што тлумачылася прымусова-добраахвотным прывадам студэнтаў, у якіх распачаліся заняткі.
Уваход на прэзентацыю быў вольны, а кошт білета на канцэрт складаў 5 рублёў.
Пра перажытае тады апавядае ўрач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал. Яна лічыць, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся.
Медыкі чакаюць росту захворванняў, выкліканых рэспіраторнымі і кавід-інфекцыямі. Павелічэнне колькасці хворых чакаецца ўжо ў верасні. Міністэрства аховы здароўя запэўнівае, што медыцына падрыхтаваная да магчымай эпідэміі.
Тым часам, медыкам на месцах дазволілі стрымана расказваць аб сітуацыі з захворваннямі і згадваць з чым яны сутыкнуліся ў пандэмію. Падчас актыўнай яе фазы ў 2020 годзе звесткі пра сітуацыю з каранавірусам у рэгіёнах перасталі публікаваць. Дазнацца пра лічбы хворых было немагчыма. Міністэрства аховы здароўя публікавала агульныя дадзеныя па краіне. З іх праблематычна было зрабіць высновы пра маштаб эпідэміі.
glusk.by
Урач-інфекцыяніст Глускай цэнтральнай раённай больніцы Валянціна Дрэйгал кажа, што каранавірус часова адступіў, але нікуды не падзеўся, і ўжо ў верасні беларусы зноў сутыкнуцца з ім.
Па яе словах, у пандэмію ў Глускім раёне праз COVID-19 павялічылася колькасць інфарктаў і інсультаў. Стала больш смяротных выпадкаў, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй. У пацыентаў рэзка ўпаў зрок, а ў кагосьці слых.
«У часткі пацыентаў назіраліся рэўматоідныя сімптомы, гэта значыць болі ў суставах. У кагосьці зніклі, сказіліся ці знізіліся смакавыя адчуванні, пахі, і працэс іх узнаўлення быў даволі працяглым. Пацярпела сістэмы згортвання крыві, адсюль трамбозы, у тым ліку сасудаў вачэй», – згадвае Валянціна Дрэйгал у інтэрв’ю газеце «Радзіма».
«У некаторых пацыентаў, – працягвае яна, – сурʼёзна пацярпелі ныркі, і аднаўленне працякала і працякае павольна. Разлад кагнітыўнай функцыі (пагаршэнне памяці, здольнасці ўспрымаць новую інфармацыю). Зʼяўляліся стрэс, трывожнасць – пасля перанесенага захворвання. Людзей адольвалі страхі, яны баяліся зноў заразіцца і захварэць, на гэтым фоне нават узнікалі псіхічныя разлады, якія патрабавалі медыкаментознага лячэння, – усё гэта посткавідный сіндром».
gdb.currenttime.tv
Валянціна Дрэйгал заклікае цяпер вакцынавацца «усяму даросламу насельніцтву і дзецям, пачынаючы з пяцігадовага ўзросту».
Яна лічыць, што гэтай восенню давядзецца вярнуцца да масак і сацыяльнага дыстанцыянавання. Па яе словах прафілактычныя меры дапамагаюць абараніцца ад хваробы, але гэта вонкавая абарона, а абараніць арганізм знутры здольная вакцынацыя.
«Два апошнія гады, мусіць, кожны дзень на працы, тут, у кабінеце інфекцыйных захворванняў, сутыкаюся як з праявамі гэтай хваробы, так і з яе наступствамі. Я бачу, як хварэюць прышчэпленыя і як тыя, хто разлічваў толькі на свой імунітэт і ад прышчэпкі адмовіўся. Сярод апошніх колькасць цяжкіх выпадкаў непараўнальна большая», – даводзіць мэдык.
Паводле афіцыйных звестак ад наступстваў каранавірусу памерла больш за 7 тысяч беларусаў. У пандэмію шпіталі сутыкнуліся з бракам лекаў і кіслароду. Тады не хапала нават павязак, каб абараніць органы дыхання. У краіне людзі для больніц шылі іх самі, ствараючы валанцёрскі рух.