Сварка з жонкай і два праміле – следчыя расказалі, як Porsche насмерць збіў пешахода ў Магілёве

У Следчым камітэце завяршылі расследаванне дарожнай аварыі, у якой загінуў 30-гадовы магілёвец. Як паведамляе  прэс-служба ведамства, да трагедыі прывялі сварка з жонкай кіроўцы аўтамабіля Porsche і 200-грамовая бутэлька алкаголю.

Вечарам 20 сакавіка 28-гадовы магілёвец прыяжджаў да дома сваёй цешчы, каб пагаварыць з жонкай – тая сышла ад яго з дзецьмі да маці. Нягледзячы на просьбы мужчыны, жанчына не пагадзілася памірыцца з ім, таму пасля размовы магілёвец набыў і проста пад домам выпіў 200 грам гарэлкі. 

Потым ён вырашыў адагнаць свой аўтамабіль на паркоўку, але на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДАІ падаў кіроўцы сігнал спыніцца. Усведамляючы, што ён будзе пакараны за п’яную язду, магілёвец вырашыў уцякаць. Каля дома №14 па вуліцы Касманаўтаў яго Porsche перавысіў дазволеную хуткасць на 60 км/г. На выездзе з закруглення дарогі машыну занесла, яна наскочыла на бардзюр і вылецела на тратуар, дзе збіла 30-гадовага мінака. Ад траўм малады чалавек памёр на месцы. Машына здолела спыніцца толькі ўткнуўшыся ў сцяну дома.

Медыцынскае асведчанне паказала ў кіроўцы 2 праміле алкаголю ў крыві.

Фота: Следчы камітэт

На пляжах Крычава цяпер не адпачнеш – выкапаны траншэі, каб гараджане не пад’язджалі да Сожа

Мясцовая дзяржаўтаінспекцыя сёлета выкапала шырокія траншэі, каб крычаўляне і госці горада не маглі пад’ехаць блізка да рэчкі. Адна з іх прайшла проста па валейбольнай пляцоўцы. 

Цяпер да Сожа не толькі пад’ехаць, але і падыйсці можна з цяжкасцю. На адным з самых папулярных пляжаў  у гарадскім раёне Забялышан шырокая траншэя з’явілася па перыметру ўсёй зоны адпачынку. Што цікава, у гэтым жа месцы ўсталяваны шлагбаум, які забараняе праезд аўто далей паркоўкі. Але траншэю-роў тым не менш выкапалі, каб ужо дакладна ніхто не прасачыўся на пляжную зону.

На іншым пляжы гадамі раней можна было гуляць у валейбол. Сёлета гэта практычна немагчыма: выкапаная траншэя праходзіць акурат па валейбольнай пляцоўцы. 

Такія дзеянні дзяржаўтаінспекцыі абумоўлены тым, што супрацоўнікі службы нібыта турбуюцца за бяспеку крычаўлянаў у летні перыяд, пагэтаму з дапамогай трактароў вырылі траншэі. 

Жыхары горада занепакоены станам гарадскіх пляжаў, бо пакуль што ў межах Крычава няма дзе атрымаць асалоду ад надыходзячай летняй цяплыні.

Фота mogilev media

За хабар інспектару ДАІ затрыманы гаспадар трактара

У вёсцы Старая Вадва Шклоўскага раёна 42-гадовы мясцовы жыхар на чужым трактары ў выніку ДТЗ пашкодзіў аўтамабіль і ўцёк – паведамляе прэс служба абласнога УУС. Але хабар даў не ён.

Супрацоўнікі раённага ДАІ аператыўна ўстанавілі ўцекача. Высветлілася, што вадзіцельскага пасведчання ён не мае, а аварыю ўчыніў, кіруючы трактарам, на якім яму дазволіў праехаць 64-гадовы аднавясковец – уладальнік транспартнага сродку.

Уладальнік трактара паспрабаваў па-свойму вырашыць сітуацыю. Нягледзячы на папярэджанне супрацоўніка ДАІ, ён пакінуў у службовым аўтамабілі ў якасці хабару 300 долараў.

У дачыненні да хабарадаўцы ўзбуджана крымінальная справа.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

Быхаўчанін скраў тону камбікорму

У Быхаве супрацоўнікамі ДАІ быў спынены мікрааўтобус, у кузаве якога праваахоўнікі знайшлі 20 мяшкоў камбікорму без суправаджальных дакументаў на суму каля 800 рублёў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Міліцыянеры ўстанавілі, што мяшкі з кармавой сумессю выкраў 38-гадовы жыхар Быхава, які дзейнічаў у змове з вартаўніком аднаго з філіялаў раённай птушкафабрыкі. 

Перад крадзяжом вартаўнік адключыў камеры відэаназірання, а мужчына забраў падрыхтаваныя для яго мяшкі і загрузіў іх у мікрааўтобус.

Фота mogilev.mvd.gov.by

У Магілёве прайшла начная спецаперацыя і ўжо праз дзесяць хвілін паймалі п’янага кіроўцу

Начное спецыяльнае мерапрыемства “Павуціна” супрацоўнікі абласнога ДАІ правялі ў Магілёве ў ноч на 2 красавіка. І ўжо праз 10 хвілін пасля яго пачатку ў горадзе быў выяўлены п’яны вадзіцель. Мужчына на Peugeot на асведчанні паказаў 1,47 праміле алкаголя. Цяпер яму пагражае штраф да 7 400 рублёў і пяць гадоў без правоў. Машына 28-гадовага кіроўцы адпраўлена на штрафную стаянку да выплаты штрафа  – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

У Быхаве легкавушку выкінула на слуп з-за непагадзі

Машыну занесла на дарозе ў Быхаве так, што яна ледзь не склалася ад удару. 28-гадовая вадзіцельніца атрымала траўмы і была шпіталізаваная. Адзначаецца, што заднія калёсы на аўтамашыне Nissan не былі прыдатнымі для язды – піша БелТА са спасылкай на ДАІ аблвыканкама.

Фота: ДАІ

Пад Магілёвам загінуў аўтамыйшчык без правоў, які катаўся на машыне кліента

Раніцай 23 сакавіка на ўчастку аб’язной дарогі пад Магілёвам, каля вёскі Паўлаўка 23-гадовы юнак не справіўся з кіраваннем і вылецеў у кювет. Машына некалькі разоў перакулілася, а кіроўца не быў прышпілены поясам бяспекі. Ад атрыманых раненняў ён памёр. 

Высветлілася, што юнак, які загінуў, працаваў на магілёўскай аўтамыйцы, а аўтамабіль Volkswagen Polo ён узяў без ведама гаспадара. Днём раней кліент пакінуў яму машыну для хімчысткі салона – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Правоў у мужчыны не было.

Фота: прэс-служба Магілёўскага абласнога УУС

П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.

Тыповыя парушэнні кіроўцаў маршрутак у Магілёве

У Магілёве супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выявілі тыповыя парушэнні правіл дарожнага руху кіроўцамі маршрутных таксі – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў.

Маршрутчыкі часта перавозяць пасажыраў звыш дапушчальнай колькасці, не саступаюць дарогу пешаходам і іншаму транспарту, ездзяць не прышпіленымі.

На працягу некалькіх дзён падчас рэалізацыі прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне парушэнняў правіл дарожнага руху з боку маршрутчыкаў, супрацоўнікамі ДАІ былі праведзены рэйды, правераны дзясяткі адзінак транспартных сродкаў.

Названыя тыповыя парушэнні кіроўцаў маршрутак не з’яўляецца нейкім адкрыццем – такія парушэнні вядомы з моманту масавага з’яўлення маршрутных таксі на вуліцах беларускіх гарадоў. 

Рэшткавы рысунак пратэктара і агульны стан маршрутак правяраюць на дарогах Магілёўскай вобласці

Пасля жудаснай аварыі з удзелам маршруткі пад Смалявічамі, у якой загінула 11 чалавек, пачаліся прэвентыўныя праверкі працы маршрутных таксі. Яны ўзмацніліся пасля таго, як напярэдадні ад’езду ў Кітай, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў асабіста разабрацца з маршруткамі. 

20 лютага на 9 кіламетры аўтадарогі Смалявічы – Шацак адбылося лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля МАЗ з маршрутным таксі. У дарожна-транспартным здарэнні загінулі 11 пасажыраў маршрутнага таксі, у тым ліку двое дзяцей. Аварыя мела шырокі грамадскі рэзананс. 

У сувязі з нядаўняй трагедыяй пачаліся прэвентыўныя рэйды супрацоўнікаў ДАІ на дарогах. Так, на шашы Вішоў – Круглае – Талачын супрацоўнікі мясцовага ДАІ ​​правялі адзін з рэйдаў, які накіраваны на перадухіленне інцыдэнтаў з удзелам маршрутных транспартных сродкаў. Як адбываюцца праверкі ў час рэйдаў, распавяла “Зара над Друццю”. 

Траса з Вішова на Круглае вузкая і звілістая, на ёй досыць інтэнсіўны рух транспартных сродкаў, у тым ліку маршрутных таксі. Правяраліся дазволы на мікрааўтобусы, умяшчальнасць транспарту, рэшткавы рысунак пратэктараў і агульны стан транспартных сродкаў. 

Па выніках праверкі парушэнняў выяўлена не было. Кожнаму вадзіцелю супрацоўнікі ДАІ раілі быць уважлівымі, прытрымлівацца абмежавання хуткасці руху на дарозе і памятаць, што яны нясуць адказнасць не толькі за сваё жыццё, але і за жыццё пасажыраў. 

Фота з адкрытых крыніц.