Падлетак у Шклове стукнуўся аб машыну, а кіроўца папрасіў яго нікому не гаварыць, з’ехаў і напіўся

Днём 19 жніўня на вуліцы 70 гадоў Вялікай Перамогі ў Шклове 14-гадовы веласіпедыст, заязджаючы ў дварую тэрыторыю, урэзаўся ў заднюю частку аўтамабіля ГАЗ, што рухаўся. Кіроўца машыны папрасіў хлопчыка нікому не казаць пра здарэнне і з’ехаў. Дзіцёнак, аднак, расказаў пра сутыкненне маці, а дактары дыягнаставалі ў яго пералом рукі – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Кіроўца быў аператыўна затрыманы, і ўжо паспеў выпіць алкаголь, па яго словах – пасля аварыі і да затрымання. На яго складзеныя пратаколы за пакіданне месца аварыі і за ўжыванне спіртнога пасля дарожна-транспартнага здарэння.

Фота: УУС

Дальнабойшчык пад Шкловам вылецеў у кювет – ад медыцынскага асведчання ён адмовіўся

Вечарам 17 жніўня каля вёскі Локуці Шклоўскага раёна 48-гадовы жыхар Міншчыны, праязджаючы на аўтамабілі Scania з паўпрычэпам, заснуў за рулём і з’ехаў у кювет. З траўмамі ён дастаўлены ў бальніцу. Характэрна, што ад медыцынскага асведчання ён адмовіўся – піша Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Фота: УУС

У Магілёве кіроўца Hyundai урэзаўся ў дрэва і загінуў

ДТЗ адбылося 13 жніўня на вуліцы Якубоўскага. 50-гадовы кіроўца Hyundai загінуў на месцы – паведамляе прэс-служба МУС.

Пасажыраў у салоне не было.

Прычыны аварыі высвятляюцца.

Фота: МУС

ДТЗ у Хоцімскім раёне – заціснула 4 чалавекі

10 жніўня бліз вёскі Ліпаўка 34-гадовы жыхар райцэнтра страціў кіраванне і з’ехаў у кювет.

У выніку ДТЗ трое пасажыраў ва ўзросце ад 28 да 39 гадоў з траўмамі рознай ступені цяжкасці дастаўлены ў бальніцу.

Кіроўца знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення – паведамляе МУС.

Фота: МНС

Занесла ў кювет – пад Бабруйскам разбіліся двое

На трасе Мінск-Гомель у Бабруйскім раёне 22 ліпеня адбылася жорсткая аварыя. 31-гадовая жанчына, кіруючы аўтамабілем Volkswagen з’ехала ў правы па ходу руху кювет і ўрэзалася ў дрэва.

Паводле высновы ДАІ, жанчына не выбрала бяспечную хуткасць руху, не ўлічыла дарожныя ўмовы і ўмовы надвор’я. Яна сама і 32-гадовы пасажыр атрымалі траўмы. Абодвух шпіталізавалі.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

Пяць гадоў калоніі атрымаў кіроўца Porsche, які п’яным насмерць збіў пешахода ў Магілёве

Стаў вядомы прысуд 28-гадоваму магілёўцу, які 20 сакавіка гэтага года здзейсніў смяротную аварыю, п’яным уцякаючы ад ДАІ на вуліцы Будаўнікоў у Магілёве. Нагадаем, што да трагедыі тады прывялі сварка з жонкай кіроўцы аўтамабіля Porsche і 200-грамовая бутэлька алкаголю. 

Нецвярозы мужчына, хаваючыся на Porsche Panamera Turbo ад супрацоўнікаў ДАІ, імчаўся па вуліцы Будаўнікоў з хуткасцю не менш за 103 км/г. У нейкі момант адбыўся занос, і аўтамабіль выкінула з праязной часткі на тратуар – на пешахода і аўтобусны прыпынак. Пешаход, 31-гадовы мужчына, атрымаў цяжкія траўмы і памёр на месцы аварыі.

Кіроўцы прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму – перадае БелТА.

Фота: Следчы камітэт

Вяртаючыся з вяселля, жанчына насмерць збіла юнака пад Кіраўскам

Ноччу 9 ліпеня два маладыя хлопцы вярталіся з базы адпачынку ў Кіраўск. Частку дарогі яны пад’ехалі папуткай, але папрасілі кіроўцы іх высадзіць на трасе, на 89-м кіламетры дарогі Магілёў-Бабруйск. Адзін з юнакоў пайшоў па патрэбе ў хмызы, а іншы, 18-гадовы жыхар Бабруйска выйшаў на прязную частку.

Тут яго збіла кіроўца аўтамабіля Kia, 61-гадовая жанчына, якая разам з мужам  вярталася з вяселля. Ад атрыманых траўмаў юнак памер на месцы – піша газета “Кіравец”.

Фота: “Кіравец”

Выскачыў на сустрэчку – у жорсткай аварыі ў Шклоўскім раёне пацярпелі чатыры чалавекі

Вечарам 29 чэрвеня кіроўца аўтамабіля Peugeot, які вёз на лафеце яшчэ адзін аўтамабіль, BMW, не справіўся з кіраваннем і вылецеў на паласу сустрэчнага руху – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Там ён сутыкнуўся з мікраўтобусам Volkswagen, які ўдарам выкінула ў кювет. Пацярпелі і былі дастаўленыя ў лякарню чацвёра – кіроўцы і пасажыры абодвух аўтамабіляў.

Фота: УУС

Магілёўскія турысты разбіліся пад Віцебскам – што вядома

Вечарам 22 чэрвеня на трасе М-8 вадзіцель турыстычнага аўтобуса Neoplan сутыкнуўся з красоверам Nissan, ад удару аўтобус з’ехаў у правы па ходзе руху кювет і перакуліўся. У салоне знаходзіліся 50 чалавек разам з кіроўцам – практычна ўсе з Магілёва і Магілёўскага рэгіёна.

Па медыцынскую дапамогу пасля аварыі звярнуліся 17 чалавек, у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Віцебска дастаўлены 4 чалавекі, з іх адзін дзіцёнак 16 гадоў. У Віцебскую абласную бальніцу дастаўлены 7 чалавек, з іх адзін дзіцёнак 12 гадоў. Пазней у прэс-службе МУС паведамілі, што ў лякарні працягвае знаходзіцца толькі адна жанчына – жыхарка Гомеля 1978 года нараджэння.

Аўтобус з 49 турыстамі ехаў з Магілёва ў Санкт-Пецярбург. Ён належыць гомельскай фірме, кіроўца таксама жыхар Гомеля.

Фота з адкрытых крыніц

Пад Асіповічамі разбілася маршрутка

Раніцай 5 траўня на трасе Мінск-Гомель у Асіповіцкім раёне кіроўца маршруткі сутыкнуўся з аўтамабілем ГАЗ, што ехаў у тым жа кірунку. У выніку аварыі пацярпела 21-гадовая жыхарка Бабруйска, яна была дастаўлена ў шпіталь з траўмамі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС