Картэж прэзідэнта Ўкраіны трапіў у аварыю. У Зяленскага нязначныя траўмы

Картэж Зяленскага трапіў у аварыю ноччу. Адна з машын картэжу, у якой знаходзіўся Зяленскі, сутыкнулася ў Кіеве з легкавіком.

«Прэзідэнта агледзеў лекар, сур’ёзных пашкоджанняў не выяўлена», – піша прэс-сакратар Зяленскага Сяргей Нікіфараў.

Паводле яго, кіроўцу легкавога аўтамабілі аказалі першую дапамогу медыкі, якія суправаджалі Зяленскага.

Інфармацыйнае агенцтва «УНІАН» паведамляе, што ў сеціве зʼявіліся першыя кадры з месца аварыі з удзелам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. На знятых відавочцамі кадрах бачная вялікая колькасць машын паліцэйскіх, пажарных і хуткай дапамогі на адной са сталічных вуліц.

Аварыя, як мяркуецца, адбылася 15 верасня апоўначы.

14 верасня Зяленскі наведваў украінскіх байцоў у вызваленым ад расійскіх войск Ізюме Харкаўскай вобласці.

Жорсткая аварыя ў Магілёве трапіла на відэа

Здарэнне адбылося на кальцы па вуліцы Грышына, каля спартыўнага комплекса “Алімпіец”. 

Відэа аварыі выклаў адзін з карыстальнікаў папулярнага магілёўскага Тэлеграм-канала. На ім бачна, што кіроўца за стырном Volkswagen Passat вырашыў павярнуць з кальцавой дарогі, знаходзячыся ў сярэдняй паласе, у той час як па крайняй левай рухаўся Audi.

 

Пра пацярпелых у аварыі пакуль не паведамляецца. Паводле папярэдніх звестак, у выніку сутыкнення з бардзюрам аўтамабілю Audi вырвала заднюю вось.

У Краснаполлі «Джылі» збіла дваіх дзяцей. Пацярпелым у раённай больніцы не далі рады і іх адправілі ў Магілёў

Дзеці на ровары нечакана выехалі на праезную частку і трапілі пад машыну.

Пацярпелыя дзяўчынка 2008 і хлопчык 2010 году нараджэння забаўляліся, катаючыся ў дваіх на адным ровары.

У нейкі момант яны раптоўна выехалі на праезную частку дарогі, дзе адбылося сутыкненне з аўтамабілем «Джылі», піша мясцовая раёнка «Чырвоны сцяг».

«З рознымі цялеснымі пашкоджаннямі дзеці былі шпіталізаваны ў Краснапольскую ЦРБ (Цэнтральную раённую больніцу, ММ), адтуль – у Магілёўскую абласную дзіцячую больніцу», піша выданне.

Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка.

фота: redflag.by

Разбіўся п’яным на машыне і пакінуў пасажыра паміраць. Вінаватага ў ДТЗ на Асіповіччыне давялося дзве гадзіны лавіць

34-гадовы мінчанін кіраваў па трасе Барысаў-Беразіно-Бабруйск на аўтамашыне Citroen каля 14.45 28 жніўня. Разам з ім у аўтамабілі знаходзіўся 46-гадовы пасажыр, які і стаў ахвярай злачыннай бяспечнасці. Як выявіла потым медыцынская экспертыза, у крыві кіроўцы падчас руху было 1,4 праміле алкаголю.

Трагедыя адбылася на 106-м кіламетры дарогі. Кругавы паварот дарогі налева апынуўся занадта цяжкім для п’янага мінчаніна. Колы Citroen зачапілі правую ўзбочыну, машына згубіла кіраванне і ўдарыла ў прыдарожнае дрэва.

Пасажыр быў яшчэ жывы, калі кіроўца вырашыў пакінуць месца здарэння. Ці аказаў ён хоць нейкую першую дапамогу пацярпеламу – не паведамляецца. Вядома, што 46-гадовы мужчына памёр па дарозе ў больніцу.

Тэрміновыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы дазволілі знайсці вінаватага ў ДТЗ амаль праз дзве гадзіны. У 16.30 таго ж дня 34-гадовы мінчанін быў затрыманы.

На Магілёўшчыне кіроўца «засеяў» 26 тонамі зерня дарогу

Гэта другі вядомы інцыдэнт у рэгіёне, звязаны з памылкамі пры транспартаванні збожжа. Трыма днямі раней у Кіраўскім раёне 4 тоны зерня рассыпаліся на двух кіламетрах дарогі з незачыненага кузава.

У Чавускім раёне 26 тон збожжа высыпаліся на праязную частку дарогі з перакуленай машыны. Кіроўца не пацярпеў. На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

Інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Хількавічы. За рулём МАЗа з паўпрычэпам быў 29-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Краснаполле. Рухаючыся пад гару, кіроўца праявіў няўважлівасць, грузавік перакуліўся, піша БелТА.

З апублікаванага фота бачна, што інцыдэнт адбыўся ў цёмную пару содняў.

Здарэнне ў Кіраўскім раёне абышлося без пакарання кіроўцы. Інспектар ДАІ папярэдзіў яго, каб той больш падобнага не ўчыняў. Да дзясятай гадзіны раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі, паведамляў Магілёў.media.

 

20 п’яных кіроўцаў, 33 п’яных пешаходы – як прайшлі выходныя на дарогах вобласці

Упраўленне ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму лаканічна падвяло вынікі працы за выхадныя дні. 6 і 7 жніўня было зарэгістравана ўсяго 2 ДТЗ, у якіх пацярпелі 2 чалавекі.

Паводле прэс-службы  ведамства ў рэгіёне было зарэгістравана 1121 парушэнне правілаў дарожнага руху, у тым ліку ДАІшнікі спаймалі 20 п’яных кіроўцаў і 44 бяспраўніка. Былі пакараныя 33 пешаходы, якія ў нецвярозым стане парушалі правілы дарожнага руху.

Фота ілюстрацыйнае, узятае з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

Крымінальныя хронікі. У Магілёве пакаралі маладзёна, які дрыфтаваў на кальцы, а ў Бабруйскім і Чэрыкаўскім раёнах людзі пацярпелі ў ДТЗ

28-гадовы магілёвец на аўтамабілі Nissan ліха пракаціўся па транспартнаму кальцу, якое злучае вуліцы Вялікая Чавуская, Цярохіна і Златавустоўскага. Ролік з яго дрыфтам паявіўся ў гарадскіх пабліках у сацыяльных сетках. Парушальніка правілаў дарожнага руху ідэнтыфікавалі і пакаралі, паведаміла прэс-служба абласной міліцыі.

У Бабруйскім раёне каля вёскі Вялікія Бортнікі п’яны мінчанін на Suzuki спрабаваў абагнаць Volkswagen, які якраз паварочваў налева. У крыві мінчаніна было 2,0 праміле алкаголю, як высветлілася пазней, што і перашкодзіла яму, відаць, цвяроза ацаніць сітуацыю. Яго машына сутыкнулася з аўтамашынай, якая ехала наперадзе. У выніку была траўмаваная 62-гадовая пасажырка Volkswagen – паведамляе абласное ДАІ.

У Чэрыкаўскім раёне 44-гадовы кіроўца аўтамабіля Audi не справіўся з кіраваннем і яго машына вылецела з трасы і перакулілася . З траўмамі мужчыну даставілі ў шпіталь. Здарэнне адбылося на дарозе паміж вёскамі Язерамі і Вербежам, піша  прэс-служба абласнога ўпраўлення міліцыі.

 

Фотафакт. У Магілёве тралейбус стаў удзельнікам дарожна-транспартнага здарэння

Ён не размінуўся з легкавікам. Абышлося без пацярпелых.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на перакрыжаванні вуліц Крупскай і Турава. Працуюць супрацоўнікі ДАІ.

У выніку аварыі пашкоджаныя тралейбус – у яго сарвала бампер, а ў легкавіка разбітая задняя шыба.

Абышлося без ахвяраў. Пасажыры тралейбуса без праблемаў пераселі на іншы транспартны сродак.

 

Крымінальныя хронікі. Магілёўскі ДАІ-шнік не ўзяў хабар, міліцыя шукае сведкаў смяротнага ДТЗ, дзед скраў электрасамакат для ўнука

Супрацоўнік дарожна-транспартнай інспекцыі адмовіўся браць хабар у 200 долараў ад кіроўцы, затрыманага чацвёрты раз за год без правоў. Іх 31-гадовы жыхар Магілёва быў пазбаўлены.

Бяспраўнік, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за шматразовае парушэнне правілаў дарожнага руху, спрабаваў угаварыць супрацоўніка ДПС не афармляць пратакол і пакінуў у яго службовай машыне з камерай відэафіксацыі стодоларавыя купюры, – паведамляе прэс-служба абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. 

72-гадовы жыхар Магілёва падчас вячэрняга шпацыру пабачыў на вуліцы электрасамакат і вырашыў яго падарыць унуку.

Пажылы мужчына не ведаў, што транспартны сродак арандаваны і мае адпаведны GPS-трэкер, па якім уласніку лёгка адсачыць яго месцазнаходжанне, гаворыцца ў паведамленні абласной міліцыі.

У Горацкім раёне 17-гадовы падлетак, сагнаў трактар з прычэпам.

Трактарыст у замку запальвання пакінуў ключы, што справакавала падвыпіўшага маладзёна на правапарушэнне.

Падлетак вырашыў пракаціцца на трактары ў суседнюю вёску да сябра. У дарозе прычэп перавярнуўся, а хлопец уцёк. Пазней яго адшукалі міліцыянты, апавядае  прэс-служба абласнога міліцэйскага ведамства.

Магілёўская міліцыя шукае сведкаў аварыі, якая здарылася на вуліцы Крупскай абласнога цэнтру 11 ліпеня.

Загінула 36-гадовая жанчына. Яна стала ахвярай наезду аўтамабіля на пешаходным пераходзе. Магілёў.media пісаў  пра гэтую трагедыю.

ДТЗ адбылося на скрыжаванні вуліц Крупскай і Бялінскага. З-за пашкоджання кабелю не працавалі святлафоры. Жанчына пачала пераходзіць праезную частку і трапіла пад аўтамабіль.

Відавочцаў здарэння міліцыя просіць звярнуцца ў аператыўна-дзяжурную службу па тэлефоне 63-44-44.

фота з рэсурсу mogilev.mvd.gov.by 

Лічба дня. За выхадныя ДАІ на Магілёўшчыне злавіла пад тысячу парушальнікаў

23 затрыманых былі п’янымі за рулём, 37 – бяспраўнікамі.

Усяго за суботу і нядзелю да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі 934 чалавекі, піша БелТА.

Сярод іх 113 пешаходаў, 37 з якіх былі ў стане алкагольнага апʼянення.