2 кастрычніка: дзень у гісторыі. Першы масавы расстрэл яўрэяў у Магілёве

1941 год. У акупаваным Магілёве фашысты зрабілі першы масавы расстрэл яўрэяў.

2 кастрычніка пачаліся затрыманні і расстрэлы (у тым ліку на тэрыторыі гета). Расстрэльвалі мужчын, жанчын, дзяцей. Усяго было забіта 2 273 чалавекі. Гэты эпізод лічыцца пачаткам ліквідацыі гета ў Магілёве.
У сучаснай Беларусі гэты і іншыя акты Халакоста ў гады Другой Сусветнай вайны стануць называць “генацыдам беларускага народа”.

1948 год. У Бабруйску нарадзіўся Сямён Дамарад.

Беларускі мастак-манументаліст.
Працуе ў станковым жывапісе і галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і іншых установах культуры.
Персанальныя выставы ладзіліся ў розных гарадах Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі.

Сямён Дамарад

1952 год. Пайшоў з жыцця Уладзімір Агіевіч.

Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык.
Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937).
Аўтар вершаў, даследчык творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.

Магілёў універсітэт

Дзень у гісторыі: 1 кастрычніка. Дзень нараджэння дзеяча ВКЛ Яна Храпавіцкага. Дзень Магіслава

1612 год. Нарадзіўся Ян Антоні Храпавіцкі.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віцебскі. Адміністратар Магілёўскай эканоміі.

Удзельнік 24 соймаў, маршалак соймаў 1665 і 1668 гадоў, член Скарбовага Трыбунала.

Адзін з падпісантаў Андросаўскага перамір’я (1667).

Пакінуў дзённік за 1658–1685 гады — каштоўную гістарычную крыніцу пра палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай, соймы, штодзённае жыццё заможнай шляхты, звычаі і норавы.

Храпавіцкі

1943 год. Дзень вызвалення Краснаполля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Горад быў вызвалены ў выніку начной атакі.

Брацкая магіла

2014 год. Дзень Магіслава

1 кастрычніка 2014 года механічны трубач магілёўскай Ратушы атрымаў імя Магіслаў. Імя, прапанаванае адным са стваральнікаў механічнага музыканта, вядомым магілёўскім скульптарам Андрэем Вараб’ёвым, прагаласавала большасць гараджан, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве “Дзень гарніста”. Усяго гараджанамі на конкурс было прапанавана сто варыянтаў імёнаў, але ў галасаванні прынялі ўдзел толькі пяць імёнаў-фіналістаў, а рэальна на перамогу прэтэндавалі два: Леў і Магіслаў. Дарэчы, імя Леў прапанаваў аўтар ідэі праекта па стварэнні на балконе гарадской Ратушы механічнага трубача, наглядчык гарадскіх гадзіннікаў Генадзь Галоўчык.

Генадзь Галоўчык з Магіславам
Генадзь Галоўчык працуе над Магіславам

 

Дзень у гісторыі: 30 верасня. Нарадзіўся Ота Шміт, вызваленне Крычава

1891 год. У Магілёве нарадзіўся Ота Юліевіч Шміт. 

Савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном. Апошні вучоны-энцыклапедыст. Меў латышскае паходжанне.

Даследчык Поўначы, галоўны рэдактар першай Вялікай савецкай энцыклапедыі. 

Першы ў Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза.

Распрацаваў касмаганічную гіпотэзу ўтварэння целаў Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі каласонечнага газава-пылавага воблака.

Яго імем названы першы савецкі навуковы ледакол, вуліцы, плошчы у 1200 населенных пунктах былога СССР. 

У Магілёве ёсць праспект імя славутага ўраджэнца. 

У 1956 годзе былі прапановы па перайменаванню Магілёва ў Шміт-на-Дняпры.

Ота Шміт

1943 год. Вызваленне Крычава

30 верасня 1943 год. Горад Крычаў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

вызваленне крычава

Дзень у гісторыі. 29 верасня. Зацверджаны Статут ВКЛ

Каталіцкае свята ў гонар Святых Архангелаў Міхала, Гаўрыіла і Рафаіла – Міхайлаў дзень. 

Міхал Арханёл з’яўляецца апекуном Мінска-Магілёўскай царкоўнай правінцыі, таму дзень мае сімвалічную вагу для рэгіёна.

Архангел Міхаіл

1529 год. Зацверджаны Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Першы збор законаў феадальнага права на нашых землях, помнік старабеларускай юрыдычнай думкі і пісьменнасці.

Складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. 

Выданне Статута вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіццю права і прававой культуры.

Адзіны ў Беларусі арыгінальны экзэмпляр Статута ВКЛ у трэцяй рэдакцыі захоўваецца ў Магілёве ў музеі гісторыі горада.

Статут ВКЛ Магілёў

1891 год. У в. Бацэвічы сённяшняга Клічаўскага раёна нарадзіўся Аркадзь Смоліч. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Географія Беларусі».

Першы беларускі прафесар геаграфіі.

Член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук. 

Суарганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі.

Старшыня Таварыства беларускай школы, Цэнтральнага Бюро краязнаўства, загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, намеснік старшыні Інбелкульта.

Расстраляны ў 1938 годзе.

Аркадзь Смоліч

1946 год. У в. Пятровічы Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Гайшун. 

Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі.

Аўтар больш за 250 навуковых прац па дыферэнцыяльных ураўнаннях, тапалагічнай дынаміцы і ўстойлівасці абстрактных дынамічных сістэм. 

Распрацаваў тэорыю мнагамерных дыферэнцыяльных ураўнанняў, многапараметрычных дыферэнцыяльна-рознасцевых і дыскрэтных сістэм./

Іван Гайшун

Дзень у гісторыі. 28 верасня. Гадавіна бітвы пры Лясной

1708 год. Адбылася бітва пры Лясной пад Прапойскам (сёння – Слаўгарад). 

Саюзныя Рэчы Паспалітай рускія войскі разбілі шведаў пад  час Паўночнай вайны (1700-1721). 

Пётр І назваў гэтую перамогу “маці Палтаўскай баталіі”. 

Гэта другая буйная бітва паміж спаборнікамі на тэрыторыі Беларусі, другая са станоўчым вынікам для рускіх войск. 

Да гэтага 10 верасня 1708 года адбылася бітва пры сяле Добрае каля Маляцічаў пад Мсціславам, якая не прынесла бакам перамогі, але і не адбылося традыцыйнай дагэтуль паразы рускіх.

Битва при Лесной 1708
1924 год. Нарадзіўся Анджэй Цеханавецкі. 

Польскі навуковец, беларусіст, брытанскі грамадска-культурны дзеяч. 

Заснавальнік Фундацыі Цеханавецкіх у Варшаве. 

Нашчадак князёў Мсціслаўскіх і Заслаўскіх. Род Цеханавецкіх валодаў маёнткам пад Магілёвам.

У Цюбінгенскім універсітэце абараніў дысертацыю, прысвечаную слонімскаму тэатру.

Аўтар кнігі «Міхаіл Казімір Агінскі і яго „сядзіба музаў“ у Слоніме».

Анджей Цехоновецкий

1943 год. Вызваленне Клімавічаў

Клімавічы былі вызвалены падчас нямецка-савецкай вайны 837 стралковым палком 238 Карачаеўскай стралковай дывізіі.

Климовичи освобождение

Дзень у гісторыі. 27 верасня. Дзень перамогі пад Кірхгольмам быхаўскага графа Яна Караля Хадкевіча. Нарадзіўся Міхаіл Кахановіч

Сусветны дзень турызму (World Tourism Day) 

Заснаваны Генеральнай асамблеяй Сусветнай турысцкай арганізацыі ў 1979 годзе ў гонар прыняцця Статута арганізацыі (1970).

Мэтай свята з’яўляецца прапаганда турызму, асвятлення яго ўкладу ў эканоміку сусветнай супольнасці, развіццё сувязяў паміж народамі розных краін.

Цікавы факт: першае ў свеце турыстычнае агенцтва адкрыта ў 1841 годзе Томасам Кукам у Англіі.

Дзень турызму

Уздвіжанне Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга. 

Адно з дванаццаці галоўных двунадзясятых святаў. На крыжы Пан наш Іісус Хрыстос прынес сябе ў ахвяру за грахі ўсяго свету.

Згодна народных уяўленняў, змеі ў гэты дзень ці то кладуцца спаць, ці то сыходзяць у невядомыя чалавеку краіны. 

Старыя людзі казалі, што калі на Уздвіжанне паспаць днём – змяя ўвесь год не кране. Надвячоркам нашыя продкі ладзілі “капусніцы”: вечарыны, дзе частавалі капуснымі пірагамі, танчылі і спявалі. 

Уздвіжанне

1533 год. Нарадзіўся Стэфан Баторы. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Зрабіў значны ўклад ва ўмацаванне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняццю яе аўтарытэту ў Еўропе. 

Пры ім Магілёў атрымаў магдэбургскае права.

Стэфан Баторый Магілёў

1605 год. У бітве пад Кірхгольмам ў час вайны Рэчы Паспалітай і Швецыі (1600—1629) войска ВКЛ на чале з вялікімі гетманам Я. К. Хадкевічам нанесла паразу шведам. 

Бітва пад Кірхгольмам стала адной з самых бліскучых перамог войска Рэчы Паспалітай, аснову якога складалі выхадцы з земляў ВКЛ і канкрэтна з магілёўскіх, быхаўскіх, шклоўскіх зямель. Войска ўзначальваў і фармаваў яго камандны касцяк граф на Быхаве Ян Караль Хадкевіч, разам са сваімі сваякамі з Падняпроўскага рэгіёна.

Войска Рэчы Паспалітай, што складалася прыкладна з 2 500 – 3 000 ваяроў ушчэнт разбіла 10 000 – 11 000 шведскую армію. Вырашальную ролю ў гэтым адыграла атака крылатых гусар, чыя еўрапейская слава пачалася менавіта з баталій пад кіраўніцтвам Яна Караля Хадкевіча.

У выніку бітвы была знятая аблога Рыгі, шведы адступілі з ужо занятых імі земляў Інфлянтаў. 

Бітва ўваходзіць у цэлы шэраг знакамітых рэйтынгаў у сферы мілітарыі – у лік вядомых поўных перамог, славутых перамог меншымі сіламі, у лік значных перамог войска ВКЛ і ў лік бітваў, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.

Ян Караль Хадкевіч

1882 год. Нарадзіўся Міхал Кахановіч. 

Беларускі грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар, публіцыст.

Працаваў выкладчыкам у Магілёўскім рэальным вучылішчы. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, адзін з арганізатараў, старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. У 1918 годзе яго руплівасцю Магілёў стаў адзіным губернскім горадам на Беларусі, які афіцыйна прызнаў Беларускую народную рэспубліку. Гэта адбылося на сходзе дэпутатаў грамадскіх арганізацый і прадстаўнікоў губернскай адміністрацыі 31 сакавіка 1918 году.

Потым ён – грамадскі дзеяч на Віленшчыне, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1919-1922). Як пасол сейму Польскай Рэспублікі адстойваў нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа.

Быў рэпрэсаваны НКУС у 1933 годзе.

Праўнукі і прапраўнукі М. Кахановіча дагэтуль жывуць у Магілёве.

Міхаіл Кахановіч Магілёў

1957 год. Нарадзіўся Мікола Ждановіч.

Беларускі пісьменнік і журналіст, нарадзіўся ў вёсцы Селішча (цяпер — Цяплухі) Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Ён вядомы сваёй празаічнай творчасцю, дзе закранае тэмы жыцця вясковых людзей, гістарычную памяць і маральна-этычныя праблемы.

Мікола Ждановіч
Мікола Ждановіч – у цэнтры. 1980 год

 

Дзень у гісторыі. 26 верасня. На Магілёўшчыне знесена самае вялікае курынае яйка – 182 грамы

1903 год. Нарадзіўся тэатральны дзяяч Дзмітрый Арлоў.

Расійскі актор і рэжысёр, ён быў накіраваны ў Магілёў у 1936 годзе і неўзабаве узначаліў тут Першы рускі тэатр у БССР.

Пасля вайны стаў першым заслужаным і народным артыстам БССР.

Вядомасць яму прынесла роля Вільгельма фон Каўніца (правобразам якога стаў Вільгельм Рыхард Паўль Кубэ — гаўляйтэр акупаванай немцамі Беларусі) у кінафільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы». 

Дзмітрый Арлоў актор

1905 год. У в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Іван Ветраў. 

Беларускі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі. 

Заслужаны юрыст, Заслужаны работнік культуры.

Працаваў на партыйнай і савецкай рабоце ў розных месцах, у тым ліку ў Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім раёнах, у Магілёве. 

Пракурор, міністр юстыцыі БССР.

Иван Ветров

1910 год. Нарадзіўся Уладзімір Агіевіч. 

Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык.

Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937). 

Аўтар вершаў, даследчык творчасці  Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.

2019 год. Самае вялікае курынае яйка ў Беларусі знесена на птушкафабрыцы агракамбіната “Прыдняпроўскі” Магілёўскага раёна. 

Вага гіганта – больш за 182 грамы. 

Папярэдні беларускі рэкорд быў устаноўлены ў Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе (160 грамаў). 

Самае вялікае курынае яйка ў свеце важыла 454 грамы і было знесена ў ЗША ў 1956 годзе. Гэта яйка з падвойным жаўтком і падвойнай шкарлупінай патрапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самае цяжкае.


Дзень у гісторыі. 25 верасня. Адкрыццё гарадскога тэатра

Міжнародны дзень глухіх (International Deaf Day, з 1951 года) 

Адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю верасня. Устаноўлены ў гонар утварэння Сусветнай Федэрацыі глуханямых.У свеце зараз кожны дзявяты чалавек мае праблемы са слыхам. Прычыны гэтага самыя розныя: наступтвы хваробы, няшчасных выпадкаў, прыроджаныя заганы. Глухімі былі вядомыя ў свеце асобы:  пісьменнік Віктор Гюго, кампазітар Людзвіг ван Бетховен, мастак Антоніа Станьёлі, скульптар Клод-Андрэ Дэсен, філосаф Жан-Жак Русо.

1765 год. Нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі. 

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар. Адзін з лідараў паўстання Т. Касцюшкі. 

Аўтар 20 паланезаў, у тым ліку “Паланэзу Агінскага” (“Развітанне з Радзімай”),  шматлікіх  маршаў, вальсаў, мазурак, рамансаў, опер, 4-томных «Мемуараў пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 года»,  трактату «Лісты пра музыку».

У Фларэнцыі, на доме, дзе ён жыў, адкрыта мемарыяльная дошка. У яго маёнтку Залессі створаны «Музей-сядзіба М. К. Агінскага». У Маладзечне імя кампазітара носіць музычны каледж,тамжа ўстаноўлены помнік. 

Род Агінскіх быў шырока прадстаўлены на Магілёўшчыне, адзін з яго прадстаўнікоў фундаваў будаўніцтва Багаяўленскага манастыра ў Магілёве ў 1618 годзе.

Міхаіл Клеафанс Агінскі

1888 год. У Магілёве прайшло ўрачыстае адкрыццё будынка гарадскога (цяпер — абласнога) драмтэатра. 

Першы ў Беларусі спецыяльна збудаваны тэатр. Яго будаўніцтва ажыццяўлялася за кошт унёскаў гараджан.

Архітэктар Пётр Камбураў.

драмтэатр Магілёў

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Грахоўскі. 

Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры. У дзяцінстве выхоўваўся ў мястэчку Глуск. 

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у Дзяржвыдавецтве БССР, у газетах, часопісах, на Беларускім радыё, выкладчыкам на рабфаку БДУ.

Вязень ГУЛАГу.

Аўтар 14 зборнікаў паэзіі, 5 кніг вершаў для дзяцей, у тым ліку «Ад вясны да вясны» (1959), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972), кніг нарысаў, апавяданняў, аповесцей,  успамінаў, публіцыстыкі, перакладаў.

Аўтар вядомага верша «Ветразь», дзе не ўжыў ніводнага слова сугучнага з рускімі адпаведнікам.


У выраі ветразь знікае

За хваляй, нібы на спачын,

І змора яго не злякае,

Не спыніць тугой далячынь.

 

У змроку зіхоткая здрада

Завабіць хлуснёй у віры,

На золку сканае прынада

І кволы прамень на жвіры.

 

Раптоўна згаданыя мроі

У карунках пяшчотнай тугі

Павольна знікаюць, як строі,

У бязважкасці кволай смугі.

 

Знікае ўсхвалёваны ветразь:

З кунегаю пільна сачу,

Як водар аздобіў паветра,

І ў бездані знічкі лічу.

Грахоўскі Ветразь

1944 год. Нарадзіўся Майкл Дуглас. 

Амерыканскі кінаакцёр і прадзюсар. 

Паходзіць з беларускіх яўрэяў Дуніловічаў з Магілёўскай губерні. Сын сусветнавядомага акцёра Кірка Дугласа.

Сусветную вядомасць яму прынеслі фільмы «Палёт над гняздом зязюлі», «Ракавая жарсць», «Асноўны інстыкт». Уладальнік некалькіх “Оскараў”.

Прыхільнік ядзернага раззбраення. Пасол Міру ААН.

Майкл Дуглас

Дзень у гісторыі. 24 верасня. Дзень памяці палкаводца, графа на Быхаве Яна Караля Хадкевіча. Дзень дальнабойшчыка

Міжнародны дзень караваншчыка (International Day of caravan). 

Заснаваны Міжнароднай асацыяцыяй па рацыяналізацыі транспартна-грузавых аперацый у 1995 годзе. Прафесійнае свята караван-важатых у прыватнасці і ўсіх удзельнікаў транспартных калон і суднавых караванаў у цэлым. 

Адзначаецца ў дзень нараджэння ў 1564 годзе Адама Уільямса, вядомага брытанскага марахода і навігатара, які лічыцца першым еўрапейцам, які дасягнуў берагоў Японіі. 

Па іншай версіі, дзень прымеркаваны да заканчэння Хіджры, перасялення прарока Мухамада і першых мусульман з Мекі ў Медыну ў 622 годзе. 

Традыцыйна адзначаецца дальнабойшчыкамі, камандамі гандлёвых судоў і экіпажамі караблёў эскорту.

Дзень караваншчыка

1621 год. Памёр Ян Караль Хадкевіч.

Вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі, ваявода віленскі.

Належаў да найстарэйшай, быхаўскай галіны роду Хадкевічаў. Граф на Быхаве.

Адзін з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў ХVIІ стагоддзя.

Герой вайны са Швецыяй (1600—1629), камандаваў войскам у паходах 1611 на Маскву, абараняў Смаленскае ваяводства ад расійскіх войскаў. 

У 1617-1618 узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам (фармальна царом Расіі з 1610) здабываць маскоўскі трон. 

Герой славутых і пераможных бітваў – пад Кірхгольмам (1605 г.), Хоцінскай (1621 г.) і шматлікіх іншых.

Граф на Быхаве

1739 год. Нарадзіўся Рыгор Пацёмкін.

Рускі дзяржаўны і ваенны дзеяч, дыпламат, генерал-фельдмаршал. Кіраваў далучэннем да Расіі і ўладкаваннем Наваросіі, заснаваў шэраг гарадоў, уключаючы сучасныя абласныя цэнтры Дніпро, Херсон  і Мікалаеў. 

Фаварыт Кацярыны II.

Пасля Першага раздзелу Рэчы Паспалітай стаў уладальнікам Крычаўскага староства і Крычава, у якім пабудаваў палац, мануфактуры і верф.

Рыгор Пацёмкін

1941 год. У Магілёве пачалася “Магілёўская канферэнцыя” Вермахта. 

Пачалася 24.09.1941 як навучальна-метадычная нарада па “барацьбе з партызанамі” ў тыле групы армій “Цэнтр”. Пад кіраўніцтвам генерала Макса фон Шэнкендорфа, пры ўдзеле камандавання СС і паліцыі; адзначаецца як вяхa эскалацыі гвалту супраць яўрэяў і мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі.

Выніковы дакумент канферэнцыі быў прысвечаны тактыцы вядзення вайны ва ўмовах супраціўлення мясцовага насельніцтва, а таксама прадпісваў жорсткія меры, такія як «вуліцы павінны быць чыстымі ад «вандроўнікаў», якіх трэба было перадаць Таемнай палявой паліцыі або адправіць у фільтрацыйныя лагеры для далейшай праверкі (многія з тых, хто быў адпраўлены ў гэтыя лагеры, былі забітыя войскамі СС і СД.).

У рэзюмэ абвяшчалася, што «ворага трэба цалкам знішчыць», пры гэтым удакладнялася, што не заўсёды магчыма адрозніць «партызана» ад «падазронай асобы», што давала войскам карт-бланш на максімальна жорсткі падыход.

Вермахт у Магілёве
Магілёў, 1941 год

1941 год. Нарадзіўся Ігар Ясуловіч. 

Расійскі акцёр тэатра і кіно, кінарэжысёр, заслужаны артыст Расіі. 

Беларус па паходжанню. 

Сыграў больш за 320 роляў у кіно, у тым ліку ў стужках «Магіла льва»,  «Дыяментавая рука», «12 крэслаў», «31 чэрвеня», «Той самы Мюнхгаўзен», «Госця з будучыні».

Займаўся агучваннем фільмаў і мультфільмаў. 

Памёр у 2023 годзе.

Игорь Ясулович

1958 год. Нарадзіўся Сяргей Чыгрын. 

Беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст. 

Вучыўся ў Магілёўскім культасветвучылішчы. 

Загадчык аддзела культуры і спадчыны «Газеты Слонімскай», літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра.

Аўтар зборнікаў паэзіі, кніг гісторыка-краязнаўчых артыкулаў, якія прысвечаны Слонімшчыне, Беласточчыне, выбітным людзям.

Перакладчык на беларускую мову французскіх, украінскіх паэтаў, драматургаў розных краін

Сергей Чигрин

1986 год. Памёр Філафей (Уладзімір Нарко). 

Праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя. 

Да Другой сусветнай вайны – настаяцель беларускага праваслаўнага прыхода ў Варшаве. 

У гады вайны ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ, быў епіскапам Слуцкім, Магілёўскім і Мсціслаўскім.

У 1946 г. перайшоў у Рускую праваслаўную царкву за мяжой, стаў архіепіскапам Берлінскім і Германскім.

Иерарх Филофей

2016 год. У Мсціславе адкрылі музей пажарнай справы.

Музей адкрыўся ў будынку пажарнай каланчы 1935 года пабудовы.

Пожарная каланча Мстиславль

Дзень у гісторыі. 23 верасня. Хрушчоў пагражае Захаду чаравіком

1848 год. Дзень нараджэння жавальнай гумкі. 

Амерыканец Джон Куртыс вырабіў першую жавальную гумку. 

Першая савецкая жавальная гумка выраблялася ў 1970-я гады ў Ерэване, потым – у Растове-на-Доне. На Талінскай фабрыцы “Калеў” у 1977 годзе была адчынена першая лінія па вытворчасці жавальнай гумкі.

У сакавіку 1975 года адбылася трагічная падзея на маскоўскім стадыёне ў Сакольніках: падчас юніёрскага матча Канада-ЦСКА каля 20 чалавек загінулі ў цісканіне, калі канадцы пачалі раздаваць балельшчыкам жавальную гумку.

жавальная гумка

1939 год. У Нью-Ёрку, падчас Сусветнага кірмашу, закладзена адна з самых вядомых “капсул часу”. 

У посуд з вогнетрывалага шкла даўжынёй 228 см уклалі шырокую калекцыю прадметаў: розныя кнігі, дакументальны фільм, энцыклапедыю на мікрафільмах, 75 узораў тэкстылю і іншых найноўшых матэрыялаў, а таксама 35 дробязяў паўсядзённага карыстання (жаночы капялюшык, курыльную трубку).

З нагоды правядзення новага Сусветнага кірмашу (Нью-Ёрк, 1964), побач з першай капсулай была закладзена і другая. 

Яе “сувенірамі” сталі: дадзеныя аб ядзернай зброі, крэдытная картка, супрацьзачаткавыя таблеткі, штучны сардэчны клапан, пласцінка групы Бітлз, кавалак абліцоўвання касмічнага карабля. 

Адкрыць абедзве капсулы адпісана адначасова – у 6939 годзе.

Капсула часу

1916 год. У Вільні скончыліся першыя беларускія настаўніцкія курсы. 

Яны дзейнічалі са снежня 1915 года. Былі створаны школьнай камісіяй Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны для падрыхтоўкі настаўнікаў для віленскіх беларускіх школ. 

На курсах выкладалі: А. Пашкевіч (Цётка), Б. Пачопка (загадчык курсаў), С. Іваноўская, В. Ластоўскі, У. Рымша і іншыя. 

Алаоза Пашкевич
Алаіза Пашкевіч (Цётка)

1924 год. Нарадзіўся Артур Вольскі (Зэйдэль-Вольскі). 

Беларускі пісьменнік. Сын пісьменніка Віталя Вольскага і бацька музыкі Лявона Вольскага.

Працаваў у розных газетах, часопісах, дырэктарам тэатра юнага гледача, Дома літаратара, у  выдавецтве «Юнацтва».

Аўтар аповесцей, выдаў больш за 20 зборнікаў – кнігі паэзіі, прозы, казкі для дзяцей, апавяданні-эсэ. Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974.

Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.

Артур Зейдэль Вольскі

1929 год. У вёсцы Крэманка Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Аляксей Сёмкін

Беларускі фізіёлаг, прафесар, заслужаны работнік адукацыі. Пад яго кіраўніцтвам была сфарміравана навуковая школа па фізіялогіі мускульнай дзейнасці.

Аляксей Сёмкін

1936 год. Нарадзіўся Сямён Шарэцкі. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч.

Доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік.

Стваральнік і старшыня Аграрнай партыі Беларусі. 

Старшыня Вярхоўнага Савета. 21 ліпеня 1999 года дэпутаты-прыхільнікі Канстытуцыі 1994 года прызначылі яго в.а. прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

З канца ліпеня 1999 года  жыў у Вільнюсе, прызнаны легітымным кіраўніком Беларусі.

Эміграваў у 2001 годзе ў ЗША.

Сямён Шарэцкі

1939 год. Нарадзіўся Януш Гаёс. 

Польскі акцёр. 

Папулярны ў СССР пасля ролі Янэка ў першым тэлесерыяле ў сацыялістычных краінах  “Чатыры танкісты і сабака». 

Выкладчык лодзінскай Вышэйшай школы кінематографа, тэлебачання і тэатра. 

Януш Гаёс танкіст

1960 год. Савецкі кіраўнік М. Хрушчоў пагражае заходнім краінам сваім чаравіком на трыбуне ААН. 

Выступаючы з трыбуны Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях аб каланіяльных народах і раззбраенні, моцна крытыкаваў палітыку заходніх краін і асабліва ЗША. У запале абвінавачання імперыялізму скінуў чаравік і пачаў стукаць ім з усіх сіл… 

Хрушчоў і бацінак

2019 год. Памёр ураджэнец в. Ходарава Слаўгарадскага раёна Алесь Масарэнка.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Працаваў на Беларускім радыё, у шэрагу газет, часопісаў, выдавецтве «Беларусь», на кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), рамана «Баргузінскае лета» (1982).

Алесь Масарэнка

2023 год. У Жылічах Кіраўскага раёна прайшоў першы рэгіянальны фэст «Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах».

Ён быў прымеркаваны да 200-годдзя палаца Булгакаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль).

Першы Вераснёўскі фэст