Дзень у гісторыі. 27 верасня. Дзень перамогі пад Кірхгольмам быхаўскага графа Яна Караля Хадкевіча. Нарадзіўся Міхаіл Кахановіч

Сусветны дзень турызму (World Tourism Day) 

Заснаваны Генеральнай асамблеяй Сусветнай турысцкай арганізацыі ў 1979 годзе ў гонар прыняцця Статута арганізацыі (1970).

Мэтай свята з’яўляецца прапаганда турызму, асвятлення яго ўкладу ў эканоміку сусветнай супольнасці, развіццё сувязяў паміж народамі розных краін.

Цікавы факт: першае ў свеце турыстычнае агенцтва адкрыта ў 1841 годзе Томасам Кукам у Англіі.

Дзень турызму

Уздвіжанне Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга. 

Адно з дванаццаці галоўных двунадзясятых святаў. На крыжы Пан наш Іісус Хрыстос прынес сябе ў ахвяру за грахі ўсяго свету.

Згодна народных уяўленняў, змеі ў гэты дзень ці то кладуцца спаць, ці то сыходзяць у невядомыя чалавеку краіны. 

Старыя людзі казалі, што калі на Уздвіжанне паспаць днём – змяя ўвесь год не кране. Надвячоркам нашыя продкі ладзілі “капусніцы”: вечарыны, дзе частавалі капуснымі пірагамі, танчылі і спявалі. 

Уздвіжанне

1533 год. Нарадзіўся Стэфан Баторы. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Зрабіў значны ўклад ва ўмацаванне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняццю яе аўтарытэту ў Еўропе. 

Пры ім Магілёў атрымаў магдэбургскае права.

Стэфан Баторый Магілёў

1605 год. У бітве пад Кірхгольмам ў час вайны Рэчы Паспалітай і Швецыі (1600—1629) войска ВКЛ на чале з вялікімі гетманам Я. К. Хадкевічам нанесла паразу шведам. 

Бітва пад Кірхгольмам стала адной з самых бліскучых перамог войска Рэчы Паспалітай, аснову якога складалі выхадцы з земляў ВКЛ і канкрэтна з магілёўскіх, быхаўскіх, шклоўскіх зямель. Войска ўзначальваў і фармаваў яго камандны касцяк граф на Быхаве Ян Караль Хадкевіч, разам са сваімі сваякамі з Падняпроўскага рэгіёна.

Войска Рэчы Паспалітай, што складалася прыкладна з 2 500 – 3 000 ваяроў ушчэнт разбіла 10 000 – 11 000 шведскую армію. Вырашальную ролю ў гэтым адыграла атака крылатых гусар, чыя еўрапейская слава пачалася менавіта з баталій пад кіраўніцтвам Яна Караля Хадкевіча.

У выніку бітвы была знятая аблога Рыгі, шведы адступілі з ужо занятых імі земляў Інфлянтаў. 

Бітва ўваходзіць у цэлы шэраг знакамітых рэйтынгаў у сферы мілітарыі – у лік вядомых поўных перамог, славутых перамог меншымі сіламі, у лік значных перамог войска ВКЛ і ў лік бітваў, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.

Ян Караль Хадкевіч

1882 год. Нарадзіўся Міхал Кахановіч. 

Беларускі грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар, публіцыст.

Працаваў выкладчыкам у Магілёўскім рэальным вучылішчы. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, адзін з арганізатараў, старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. У 1918 годзе яго руплівасцю Магілёў стаў адзіным губернскім горадам на Беларусі, які афіцыйна прызнаў Беларускую народную рэспубліку. Гэта адбылося на сходзе дэпутатаў грамадскіх арганізацый і прадстаўнікоў губернскай адміністрацыі 31 сакавіка 1918 году.

Потым ён – грамадскі дзеяч на Віленшчыне, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1919-1922). Як пасол сейму Польскай Рэспублікі адстойваў нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа.

Быў рэпрэсаваны НКУС у 1933 годзе.

Праўнукі і прапраўнукі М. Кахановіча дагэтуль жывуць у Магілёве.

Міхаіл Кахановіч Магілёў

1957 год. Нарадзіўся Мікола Ждановіч.

Беларускі пісьменнік і журналіст, нарадзіўся ў вёсцы Селішча (цяпер — Цяплухі) Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Ён вядомы сваёй празаічнай творчасцю, дзе закранае тэмы жыцця вясковых людзей, гістарычную памяць і маральна-этычныя праблемы.

Мікола Ждановіч
Мікола Ждановіч – у цэнтры. 1980 год