Адноўлены транзіт падсанкцыйных тавараў у Калінінградскую вобласць. Расія пагражала мерамі ў адказ

Літва дазволіла транзіт грузаў у Калінінградскую вобласць, якія знаходзіліся пад еўрапейскімі санкцыямі. Забарона трывала з сярэдзіны чэрвеня. Расія страшыла мерамі ў адказ, каб абараніць «свае нацыянальныя інтарэсы».

Пра аднаўленне транзіту падсанкцыйных тавараў у расійскі анклаў паведаміла напярэдадні кампанія грузаперавозак LTG Cargo, якая належыць Літоўскай чыгунцы.

«Згодна з рэгламентам Савету Еўрапейскага саюзу і кіраўніцтвам ЕК (Еўрапейскай камісіяй), а таксама тлумачэнням кампетэнтных органаў, у адпаведнасці з умовамі ўзмацнення кантролю транзітных тавараў, прадугледжанымі ў кіраўніцтве ЕК, LTG Cargo адновіць такія перавозкі з сённяшняга дня, г.зн. 22 ліпеня. Яны будуць ажыццяўляцца з захаваннем умоў узмацнення кантролю транзітных тавараў, прадугледжаных у кіраўніцтве ЕК», – гаворыцца ў паведамленні для кліентам кампаніі грузаперавозак LTG Cargo.

Транзіт тавараў, забароненых санкцыямі, будзе дазволены толькі ў выпадку, калі яны неабходныя, не лічацца незвычайным патокам і не абыходзяць абмежаванні, піша выданне Delfi.

Літва спыніла транзіт некаторых расійскіх тавараў у Калінінград пасля таго, як у сярэдзіне чэрвеня набылі моц санкцыі Еўрасаюзу, уведзеныя праз уварванне Масквы ва Украіну.

17 чэрвеня набыла моц забарона на ўвоз на тэрыторыю ЕС расійскай сталі і чорных металаў, 10 ліпеня – цэменту, алкаголю, вырабаў з драўніны, шкла, алюмінію, папяровых вырабаў, гіпсу, суднавых дэталяў. З 10 жніўня набудзе моц забарона на транспартаванне вугалю і іншага цвёрдага выкапнёвага паліва, а з 5 снежня – на расійскую нафту і нафтапрадукты.

20 чэрвеня Расія запатрабавала аднавіць транзіт. Такія дзеянні былі названыя «варожымі». Яго спыненне было расцэнена, як парушэнне міжнародна-прававых абавязацельстваў Літвы аб транзіце паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй тэрыторыяй Расійскай Федэрацыі.

Калі транзіт не будзе адноўлены ў поўным аб’ёме, пагражала Міністэрства замежных спраў, то “Расія пакідае за сабой права на дзеянні па абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў”.

Палякі: свае і чужыя. На захадзе Беларусі руйнуюць магілы, на ўсходзе – ускладаюць кветкі

Пакуль на Гродненшчыне глумяцца над магіламі салдат Арміі Краёвай на Магілёўшчыне ўскладаюць кветкі да мемарыялу палякам, якія гінулі пад савецкімі сцягамі.

 

Разбурана пяць магілаў польскіх воінаў

22 ліпеня стала вядома пра чарговы акт вандалізму ў вёсцы ў вёсцы Стрыеўцы Гродненскай вобласці. Там знесены помнік байцам Арміі Краёвай, якія загінулі ў 1943 годзе ў баях з нямецкімі акупантамі. На месца разбурэння пабываў генеральны консул Польшчы Анджэй Рачкоўскі.

scontent-cdt1-1.xx.fbcdn.net

Гэта ўжо пятае вядомае разбурэнне магілаў воінаў Арміі Краёвай. 1 ліпеня медыі паведамлялі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёну, 4 ліпеня – у Мікулішках Ашмянскага раёну, 8 ліпеня – у Ваўкавыску, 9 ліпеня – у Качычах Карэліцкага раёну.

Старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік сітуацыю не каментуе, а запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязвізавым рэжымам і наведаць Гродненскую вобласць.

twitter.com

7 ліпеня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў сувязі з сітуацыяй са знішчэннем пахавання салдатаў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну. У міністэрстве адмаўляюць, што нейкае пахаванне ўвогуле існавала.

Як гаворыцца ў паведамленні МЗС, часоваму паверанаму Марціну Вайцяхоўскаму патлумачылі, што ў гэтым паселішчы, паводле інфармацыі мясцовых уладаў, «вайсковых пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана».


Шануюць палякаў з дывізіі Касцюшкі, якія палеглі ў бітве пад Леніна.


22 ліпеня, у дзень, калі стала вядома пра руйнаванне чарговай польскай магілы на Гродненшчыне, на Магілёўшчыне адбылося ўскладанне кветак да брацкай магілы невядомых савецкага і польскага салдатаў. Мемарыял стаіць у мястэчку Леніна, што ў Горацкім раёне, за 90 кіламетраў ад Магілёва.

https://t.me/mogilevnewsby/30711

Пра падзею паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў. У каментары напісана, што ўшанаванне памяці загінулых у баях з нацыстамі адбылося падчас прэс-туру журналістаў у Горкі.

На апублікаваным відэароліку дарослыя і падлеткі нясуць да мемарыялу вянок і кветкі. На відэа дзяржаўныя сцягі Польшчы не паказаныя – толькі дзяржаўны беларускі і Горацкага раёну.

Мемарыял, да якога ўсклалі кветкі, адзін з некалькіх пастаўленых у мястэчку. У 1943 годзе тут упершыню ўступіла ў бой з нацыстамі толькі сфармаваная ў СССР 1-я польская пяхотная дывізія імя Касцюшкі. Яе кінулі на прарыў глыбока эшаланіраванай абароны гітлераўцаў.

t.me/mogilevnewsby/30711 

Паводле вайсковых экспертаў патрэбы ў той бітве не было, акрамя палітычнага разьліку Сталіна, якому хацелася паказаць, што на савецкім баку таксама ваююць палякі. Гэта было важна, бо ўскрылася праўда пра масавыя забоства польскіх жаўнераў саветамі ў Катыні.  

У 1943-ім дывізія Касцюшкі за два дні бою страціла 27 працэнтаў асабовага складу (прыкладна 3 тысячы чалавек). На пачатак бітвы ў ёй было 12600 салдат.

Дзень у гісторыі: 23 ліпеня. Аўтаномія беларускай праваслаўнай царквы. Загінуў Алесь Ставер, аўтар слоў да песні «Жураўлі на Палессе ляцяць». Уведзеная забарона на забойства кітоў

Сусветны дзень кітоў і дэльфінаў.

У гэты дзень у 1986 годзе Міжнароднай спецыяльнай кітабойнай камісіяй (International Whaling Commission) пасля 200 гадоў знішчэння была прынятая забарона на промысел кітоў.

Забарона дзеіць дагэтуль.


1922 года было абвешчана аб стварэнні аўтаномнай (але не аўтакефальнай) беларускай мітраполіі.

Падзея адбылася на царкоўным сінодзе ў Мінскім кафедральным праваслаўным саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Ачольнікам мітраполіі абралі архіепіскапа Мелхіседэка (Паеўскага). Яму быў нададзены тытул мітрапаліта Мінскага і Беларускага.

Кардынальных наступстваў гэты крок не меў, і беларускія святары працягвалі знаходзіцца ў кананічных адносінах з Маскоўскім Патрыярхатам, а ў чэрвені 1926 года Мелхіседэк прынёс пакаянне маскоўскаму мітрапаліту Сергію і склаў з сябе тытул мітрапаліта.


1964 года нарадзіўся Ігар Сідарук.

Празаік-фантасмагорык, драматург-сюррэаліст.

Аўтар паэтычных зборнікаў, кніг «Квадратная варона», «Выкраданне вепрука», п’ес. Найбольш вядомая п’еса «Галава» ставілася на сцэне Тэатру нацыянальнай драматургіі «Вольная сцэна» у пастаноўцы Валерыя Мазынскага.


1995 года загінуў у аўтакатастрофе Алесь Ставер.

Паэт, празаік, драматург.

Аўтар паэтычных зборнікаў, песень, раманаў.

Вядомыя песні на яго вершы: «Песня пра Якуба Коласа», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Беларусачка».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

_____________________________________________________________

Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Вольга Голубовіч Дзяніс Краўчук

Абвінавачаныя ў «змове з мэтаю захопу ўлады дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Юрыя Зянковіча вінавацяць дадаткова ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве такім фармаваннем».

Мінскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу 29 ліпеня ў закрытым рэжыме.

Арыштаваным пагражае пазбаўленне волі да 12 гадоў.

У зняволенні іх утрымліваюць з красавіка 2021 году. Фядуту і Зянкевіча схапілі ў Маскве. Кастусёва затрымалі ў Шклове.

30 красавіка 2021 году КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Акрамя Фядуты, Кастусёва і Зянковіча ў спісе значыліся Вольга Галубовіч, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар.

_____________________________________________________________

Алега Чычыкайла

Асуджаны на 1 год і 6 месяцаў калоніі.

Паводле праваабаронцаў прызнаны вінаватым у абразе прэзідэнта.

Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч.

Аб яго затрыманні стала вядома 31 траўня, а 3 чэрвеня ён быў змешчаны пад варту ў СІЗА-3 у Гомлі.

Паводле абвінавачання, Чычыкайла пакінуў у інтэрнэце каментар, які палічылі абразлівым у дачыненні да Лукашэнкі.

_____________________________________________________________

Санта Франчук і Ўладзімер Дальшоў

Асуджаныя на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію, гэтак званая «хатняя хімія».

Праграмістаў з Мінску абвінавацілі ва ўдзеле ў трох эпізодах групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.

Працаўнікі магілёўскіх прадпрыемстваў «разбягаюцца». Лепшай долі шукаюць у Расіі

Так апісвае цяперашнюю сытуацыю ў мясцовай эканоміцы жыхар Магілёва. Яе ён характарызуе, як «новае веянне».

Паводле яго «людзі самі звальняюцца з «Ліфтмашу» і «Кантакт-цэнтру» беларускай чыгункі». У гэтых двух арганізацыях, заяўляе ён, «рэжуць заробак і накідваюць больш працы».

«У кантакт-цэнтры 4 гады таму працавала больш за 130 чалавек, а цяпер менш за 60», – ілюструе свае словы магілёвец, які пажадаў не называць свайго імя.

Па ягоных словах у Расію «рвуць» дальнабойнікі, маршрутнікі, вахтавікі.

«Прыйшоў загад, што толькі з дазволу кіраўніка можна звольніць», – падсумоўвае ён.

_______________________________________

Што вядома пра сітуацыю на «Ліфтмашы»

_______________________________________

Спраўдзіць словы магілёўца пра сітуацыю на «Магілёўліфтмашы» аператыўна не ўдалося. Вядома, аднак, што прадпрыемства, якое пазіцыянуецца, як адно з найлепшых у рэгіёне, з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны сутыкнулася з праблемамі.

У красавіку генеральны дырэктар Сяргей Чарткоў прызнаў цяжкасці, звязаныя з нястачай імпартных камплектуючых.

«Калі ацэньваць сітуацыю ў кароткатэрміновым перыядзе, – казаў ён, – то цяжкасці з закупам і дастаўкай вырабаў еўрапейскіх вытворцаў, вядома ж узніклі».

Па ягоных словах асноўным іх пастаўшчыком была Расійская Федэрацыя, але і туды камплектуючыя ішлі з еўрапейскага замежжа.

Пасля лютага 2022 году прадпрыемства шукае неабходнае для вытворчасці ў Беларусі, Расіі, Кітаю, Турцыі, Індыі.

Разам з тым, настойваў прамыслоўца: санкцыі адкрываюць новыя магчымасці.

«Замежныя прадпрыемствы, якія вырашылі сысці з рынку, вызваляюць нішы, і мы іх актыўна займаем», – запэўніваў ён.

Якая колькасць працоўнага калектыву на прадпрыемстве высветліць не ўдалося. Між тым, на сайце заводу ў раздзеле  «Вакансіі» патрабуюцца амаль сотня работнікаў: ад намесніка начальніка аддзелу да шараговых працаўнікоў.

_______________________________________

Пра «Кантакт-цэнтр» чыгункі

_______________________________________

Магілёўскі «Кантакт-цэнтр» чыгункі адкрылі ў 2018 годзе. Для забеспячэння тэхналагічнага працэсу былі арганізаваны дзве аперацыйныя залы на 45 рабочых месцаў, пісала  «Белта»

«У сярэднім у змене працуюць 23 спецыялісты, а ўсяго – каля 70 чалавек», – удакладняла  газета «Железнодорожник Белорусии».

Прыватным прадпрымальнікам зрабілі палёгку, каб не выклікаць напружанне

Дробным бізнесоўцам дазволілі не мець касавых апаратаў абсталявання да 1 верасня і працаваць з гатоўкаю.

Гаворка ідзе, аднак, пра тых бізнесоўцаў, якім «не забяспечылі магчымасці падлучэння да абсталявання».

Летась чыноўнікі абавязвалі прадпрымальнікаў, каб тыя да 10 кастрычніка займелі касавыя тэрміналы, або плацежныя касы. Страшылі штрафамі.

7-га ж кастрычніка Міністэрстве па падатках і зборах заявіла, што ўводзяць «адтэрміноўку» – да 1 лютага 2022 года. Але былі нюансы: скарыстацца гэтай палёгкай маглі толькі тыя, хто заключыць дамову на падлучэнне і абслугоўванне такога абсталявання. Пры гэтым самі індывідуальныя прадпрымальнікі скардзіліся, што чыноўнікі не маглі своечасова забяспечыць усіх ахвотных касавым абсталяваннем.

Цяпер жа дазволілі бізнесоўцам працаваць з гатоўкай да 1 верасня.

У Міністэрстве падаткаў і збораў тлумачаць, што ўвялі палёгку з-за зваротаў індывідуальных прадпрымальнікаў, каб «выключыць напружанасць у прадпрымальніцкім асяроддзі».

Падаткавікі ўдакладняюць, што змяненне таксама разлічанае на «стварэнне камфортных умоваў пераходу суб’ектаў гаспадарання на выкарыстанне касавага абсталявання, недапушчэнне прыпынення імі сваёй дзейнасці, што можа пацягнуць не дапаступленне плацяжоў у бюджэт».

фота: 1prof.by

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка: попыт на цукар вырас у 5 разоў

Паводле Галоўчанкі праз ажыятажны попыт узровень продажу прадукту вырас са стандартных 800 тон да 4 тысяч тон за дзень.

Цяпер, запэўнівае старшыня ўраду, продаж цукру знаходзіцца ў межах 3 тысяч тон і працягвае зніжацца.

Па словах урадоўцы, цукру да новага ўраджаю «больш чым дастаткова»: на складах знаходзіцца 98 тысяч тон і гэтага павінна хапіць і насельніцтву, і харчовай прамысловасці нават пры самым высокім узроўні продажаў, паведамляе выданне Myfin.

Галоўчанка адзначае, што летась было атрымана 530 тысяч тон цукру, з іх 370 тысяч тон былі выдзелены для ўнутранага рынку, а ўрад пайшоў на стварэнне дадатковага «стабілізацыйнага запасу» на выпадак падобных цяперашняй панік.

Ад мінулага тыдня ў Беларусі назіраецца актыўная скупка цукру насельніцтвам, а ў некаторых крамах ён нават на нейкі час знікаў з паліц.

У Белавежскай пушчы адшуканыя беларускія архідэі. Пабачце, як яны выглядаюць

Нашу «паўночную» архідэю называюць – любкай зелянявацветнай (Platanthera chlorantha).

Гэта шматгадовая травяністая расліна з сямейства Архідных.

Любка аднесеная да IV катэгорыі аховы Чырвонай кнігі Беларусі як патэнцыйна ўразлівы від.

Знешні яе выгляд сціплы, але вытанчаны і высакародны.

У пачатку лета ў любкі з’яўляецца адзіны цветанос, увянчаны друзлым суквеццем з 10-25 зелянява-белых кветак практычна без паху, адзначана на сайце Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.

Лічыцца, што беларуская архідэя добра пераносіць моцнае зацяненне, але ўсё ж найбольшыя яе зараслі выяўленыя ля лясных дарог і прасек, каля «вокнаў» драўнянага полага, то бок, там, дзе ўмовы асвятлення больш спрыяльныя для расліны.

Архідэі адносяцца да найстаражытнага сямейства, якое ўзнікла ў познемелавую эпоху. Узрост найбольш старажытных відаў складае 140 мільёнаў гадоў.

Дзень у гісторыі. Сфармаваны трэці Ўрад БНР. У Савецкім Саюзе ўвялі для калгаснікаў працадні, якімі замянілі заробкі. Старшынём ураду стаў Міхаіл Чыгір, які выступіў супраць рэферэндуму 1996 году

22 ліпеня 1944 года заснаваны Міжнародны валютны фонд.

Мэта – садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў грашова-крэдытнай сферы, стабілізацыі валютных курсаў, прадстаўленні фінансавых сродкаў партнёрам.

Фінансавыя сродкі МВФ фармуюцца галоўным чынам за кошт падпіскі яго членаў – 190 дзяржаў свету.

За 30 гадоў членства (з 1992), Беларусь ад МВФ атрымала падтрымку на 3,8 млрд долараў ЗША.


22 ліпеня 1918 году сфармаваны Трэці Урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Іванам Серадой.

Першым Урадам БНР стаў Народны сакратарыят на чале з Язепам Варонкам. Народны сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 году.

Урад БНР – вышэйшы выканаўча-распарадчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі.

Раду БНР – найстарэйшы урад у выгнанні, які дагэтуль функцыянуе згодна са статутам.

Паводле Устаўной граматы, Радзе БНР належала права прымаць законы, зацвярджаць урад. Пасля эміграцыі мэты дзейнасці і функцыі Рады БНР былі перафармуляваныя і скіраваныя найперш на прадстаўніцтва беларускага народу на міжнароднай арэне, абароне права на суверэнітэт беларускай нацыі да моманту фармавання дэмакратычна абранай улады ў Беларусі.

Іван Серада ў адрозненні ад іншых кіраўнікоў БНР не пакінуў Беларусі. У 1930 ён быў арыштаваны паводле абвінавачання ва ўдзеле ў «Саюзе вызвалення Беларусі» і сасланы ў Яраслаўль на 5 гадоў. У 1941 годзе яму вынеслі паўторны прысуд –10 гадоў пазбаўлення волі. Ён памёр у 1943 годзе ў нявысветленых абставінах.


22 ліпеня 1930 года ў СССР уведзена сістэма працадзён для калгаснікаў.

Прыдуманая ўладай мера ацэнкі і форма ўліку колькасці і якасці працы ў калгасах у перыяд з 1930 па 1966 год. Фактычна працадні замянілі заробак чальцам калгасаў. Быў уведзены абавязковы мінімум працаздольнасці ў год для працаздольнага калгасніка. Іх не выкананне прадугледжвала штрафныя санкцыі. Працадні меліся адпрацоўваць і дзеці.

Калгаснікам сталі налічваць пенсіі толькі ў 1964 годзе. Большасць сельскіх пенсіянераў у 1970-1980-я гады мелі мізэрныя выплаты, што было следствам сістэмы працадзён.

 


22 ліпеня 1994 года першым Прэм’ер-міністрам прэзідэнцкай і другім у незалежнай Беларусі стаў Міхаіл Чыгір.

У 1995 году прадстаўляў Беларусь на сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Застаўся на пасадзе да лістапада 1996 году.

У лістападзе 1996 году гучна сышоў у адстаўку на знак пратэсту супраць абвешчанага рэферэндуму.

На альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах 1999 году вылучыўся кандыдатам. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка 1999 году быў арыштаваны паводле абвінавачвання ў «злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі», перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, нядбайнасці. 

Пасля васьмі месяцаў зняволення яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

19 мая 2000 яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.


22 ліпеня 1919 года нарадзіўся Міхаіл Булахаў.

Мовазнаўца.

Даследчык праблем сучаснай беларускай мовы, мовы старажытных беларускіх помнікаў, аўтар прац «Прыметнік у беларускай мове», «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы», «Усходнеславянскія мовазнаўцы».

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту. 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч

Тром палітзняволеным праваабаронцам падоўжаная меру стрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы, да 14 кастрычніка.

За кратамі яны ўжо год. Як паведамляць іхныя калегі, увесь гэты час ідзе следства, невядома, на якой яно стадыі, бо з адвакатаў узятыя падпіскі аб неразгалошванні.


Юлія Каценя

Асуджаная да 3 гадоў «хіміі» за, нібыта, групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак.

26 гадовую жанчыну тры месяцы ўтрымлівалі на «Валадарцы». Суд адправіў яе ў калонію адкрытага тыпу. Яна вызваленая з-пад варты і будзе чакаць пакуль ёй не вызначаць месца адбыцця пакарання на волі.


Дзмітрый Марозаў

Яе дэпартуюць з Расіі ў Беларусь, дзе, паводле праваабаронцаў, яе чакае да 20 год зняволення.

Рашэнне пра дэпартацыю прыняў суд у Санкт-Пецярбургу 21 ліпеня.

Праваабаронцы нагадваюць, што Камітэт па правах чалавека ААН забараніў Расіі выдаваць Пінчук Беларусі.

25-гадовай грамадзянцы Беларусі пагражае да 20 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-чата, які прызнаны экстрэмісцкім.


Дзмітрый Марозаў

Застаецца ў зняволенні за, нібыта, распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Паводле праваабаронцаў урача-анестэзіёлага затрымалі 18 ліпеня ў Магілёве ў анкадыспансеры.

Цяпер ён у ізалятары часовага ўтрымання чакае суду.