Дзень у гісторыі: 5 жніўня. Беларусы разбілі татараў пад Клецкам. Акупацыя Магілёўшчыны Расійскай імперыяй. Не стала паўстанцаў Рамуальда Траўгута і Валерыя Урублеўскага. Нарадзіліся: мовазнаўца Аркадзь Жураўскі, літаратуразнаўца Віталь Скалабан

Міжнародны дзень піва.

Неафіцыйная дата. Адзначаецца ў першую пятніцу жніўня.

Першы Дзень піва адбыўся ў 2007 годзе ў Санта-Крузе (Каліфорнія, ЗША). Тады гэта быў мясцовы фестываль. З цягам часу ён пераўтварыўся ў міжнароднае свята, якое адзначаецца ў дзясятках краінаў.

У гэты дзень удзельнікі святкавання частуюць адзін аднаго півам, а ў сувязі з яго «міжнароднасцю», ласуюцца півам, звараным паводле рэцэптах чужых культураў. Дэгустуюць новыя або рэдкія гатункі піва.

Беларусы гатуюць і ўжываюць піва з Х стагоддзя.

1506 год. Войска Вялікага Княства Літоўскага, ачоленае Міхаілам Глінскім, разбіла пад Клецкам аддзелы Крымскага ханства Менглі-Гірэя.

Было вызвалена блізу 40 тысяч нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым. Захоплена 30 тысяч коней.

Хан Менглі-Гірэй стаў на пэўны час саюзнікам Вялікага Княства Літоўскага.

На месцы бітвы стаіць помнік.

 

1772 год. У Пецярбургу абвясцілі маніфест аб падзеле Рэчы Паспалітай.

Ён быў складзены на падставе сакрэтнай венскай дамовы 19 лютага 1772 года паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.

Арміі трох дзяржаваў уварваліся на тэрыторыю краіны.

Ад 1772 да 1795 года адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай. У выніку яна знікла з палітычнай карты Еўропы.

У першы падзел частка Магілёўшчыны была акупаваная Расійскай імперыяй. Па другім падзеле пад уладу Расіі трапіла ўсё Магілёўскае Падняпроўе.

У афіцыйнай гістарыяграфіі акупацыю беларускіх земляў Расіяй падчас падзелу Рэчы Паспалітай называюць далучэннем.

1864 год. Павешаны Рамуальд Траўгут, удзельнік паўстання Каліноўскага.

У красавіку 1863 сфармаваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. Тройчы нанёс паражэнне расійскім карным вайсковым аддзелам.

Шмат зрабіў для пашырэння сацыяльнай базы паўстання, надання яму размаху, рэарганізацыі ўзброеных сіл інсургентаў.

Арыштаваны 30 сакавіка 1864. Паводле выраку ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

У 1928 у мястэчку Свіслач яму ў міжваеннай Польшчы паставілі помнік. У 1989-ым ён быў адноўлены.

1908 год. Памёр Валерый Урублеўскі.

Беларускі і польскі рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 году.

Начальнік штабу паўстанцаў, камандуючы сіламі Гарадзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Генерал, камандуючы арміяй Парыжскай Камуны (1871).

Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, каля сцены Камунараў.

У Гродне і Катавіцах імем Урублеўскага названы вуліцы.

1924 года. Нарадзіўся Аркадзь Жураўскі.

Беларускі мовазнавец.

Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытуту мовазнаўства імя Я. Коласа. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства.

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага. 1941 год. Загінуў Алесь Пруднікаў.

Беларускі паэт.

Будаваў чыгунку Асіповічы – Магілёў – Раслаўль, працаваў у Дзяржвыдавецтве, БелТА, ва ўстановах адукацыі.

У сакавіку 1933 году быў арыштаваны савецкімі органамі ўнутраных спраў. Праз восем месяцаў вызвалены з турмы і адразу адпраўлены ў армію.

Актыўны барацьбіт за беларусізацыю. Суаўтар артыкула пра знойдзены скарб старажытных манет у вёсцы Стары Дзедзін. Скарб лічыцца самым вялікім у Магілёўскай вобласці і адным з найстаражытнейшых у краіне. Манеты датаваныя 980-985 гадамі.


1947 год. Нарадзіўся Віталь Скалабан.

Беларускі гісторык, літаратуразнавец.

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху, культуры XIX – пачатку XX стагоддзяў, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.

Суаўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх тэлефільмаў.

1947 год. Нарадзіўся Віктар Маркавец.

Беларускі мастак-жывапісец.

Быў удзельнікам дысідэнцкай групы беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку». Быў сябрам незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня».

У яго творчай майстэрні ладзіліся першыя паседжанні Сойму БНФ «Адраджэньне».

Рэканструяваў партрэты знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Аўтар серыі работ, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго

Уладзімір Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава, Ірына Мельхер

Фігуранты «справы Аўтуховіча» заявілі аб пагрозе іх жыццю і здароўю. У перададзеным на волю звароце яны пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў.

«Мы заяўляем аб рэзкім узмацненні фізічнага і псіхалагічнага ціску на большасць абвінавачаных па крымінальнай справе № 20125030489 (т.зв. “справа групы Аўтуховіча”). Відавочны поўны развал абвінавачання, і сістэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі», – гаворыцца ў звароце.

Справа Аўтуховіча – крымінальны працэс па абвінавачанні шэрагу асоб на чале з Мікалаем Аўтуховічам, якога затрымалі 8 снежня 2020 года, як падазраванага ў стварэнні «тэрарыстычнай групы».

Па гэтай справе судзяць 12 чалавек.

Ірына Слаўнікава

На абвінаваўчы прысуд штатнай супрацоўніцы тэлеканалу TVP адрэагаваў Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ён заявіў, што даручыў Міністэрству замежных спраў зрабіць рашучыя крокі ў сувязі з пакараннем журналісткі.

«Свабода прэсы, слова і бесперашкоднае права на выказванне свайго меркавання з’яўляюцца асновай дэмакратыі. Прысуд рэжыму Лукашэнкі для журналісткі Ірыны Слаўнікавай – гэта абсалютны скандал, парушэнне ўсіх цывілізацыйных нормаў, правоў чалавека і стандартаў журналісцкай працы. На гэты непрымальны прысуд Польшча адкажа неадкладнай і рашучай рэакцыяй на міжнародным узроўні» – адрэагаваў на прысуд журналістцы Маравецкі.

Суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля 3 жніўня прызнаў Слаўнікаву вінаватай у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім» і адправіў у калонію на 5 гадоў, пісаў https://mogilev.media/hronika-pryhavanaj-rjealnasci-sudy-znjavolenni-vyzvalenni-21/   Магілёў.media

Аляксей Арастовіч

Сацыяльныя сеткі дарадцы прэзідэнта Украіны 27 ліпеня Магілёўскі суд прызнаў «экстрэмісцкімі».

Беларусам, якія жывуць у Беларусі, за пашырэнне і спасыланне ў сваіх сацыяльных сетках на паблікі Арастовіча пагражае адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.

Ігар Самусенка 

На волі, адбыўшы прызначаны тэрмін зняволення, паведамілі праваабаронцы.

Яго затрымалі 22 кастрычніка 2020 года за нанясенне на асфальце ля мемарыялу загінуламу падчас пратэстаў Аляксандру Тарайкоўскаму надпісу «Не забудем». Самусенку абвінавацілі ў «Хуліганстве».

8 снежня 2020 года яму прысудзілі паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і вызвалілі ў зале суда.

З 14 красавіка 2021 года Ігар Самусенка адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу №21 у Мазыры.

Праваабарончай супольнасць прызнаны палітвязнем.

Юрый Грыгер

Вызвалены ў зале суда, з яго знятыя абвінавачванні

59-гадовага музыку гуртоў «Контур» і «Hard Blues Shot», а таксама ўладальніка крамы «Шоўтайм» абвінавачвалі ў «Абразе прадстаўніка ўлады» за пост у Facebook, які быў напісаны ў 2020 годзе.

У Бабруйску і Магілёве тэрмінова мабілізуюць дактароў-мужчын на вайсковыя зборы

Дактароў Магілёўшчыны масава выклікаюць у ваенкаматы для правядзення перадмабілізацыйных збораў. Медперсанал здзіўляе тэрміновасць і катэгарычнасць камандзіравання ў вайсковыя часткі.

Беларусы ўжо прызвычаіліся да прызыву на вайсковыя зборы розных ваенных спецыялістаў. У маі па краіне пракацілася моцная хваля масавага прызыву ваеннаабавязаных. Затым сітуацыя крыху сцішалася, і вось нібыта пачынаецца новая хваля.

Здзіўляе тэрміновасць і метады прызыву. Так, магілёўскім дактарам, як правіла, тэлефанавалі ўвечары, а ўжо а дзявятай гадзіне раніцы адпраўлялі на зборы за сотні кіламетраў ад дому.

Некаторым лекарам цяпер ужо прыходзіцца вышукваць хваробы ў саміх сябе, а не ў маладых хлапцоў прызыўнога ўзросту – як было раней – каб «адкасіць» ад службы. Тым не менш, дзясяткі лекараў ужо пакінулі шпіталі і паліклінікі Магілёўшчыны.

Як паведаміла Магілёў.media крыніца ў асяроддзі медыкаў, прычынамі прызыву на перадмабілізацыйныя зборы працягласцю больш чым на месяц менавіта мужчын-дактароў, верагодна, стала асэнсаванне ваенным кіраўніцтвам краіны маштабу колькасці ахвяр у выпадку ўступлення арміі ў ваенны канфлікт.

«Нават расійскім крыніцам цяжка ўтоіць вялізную колькасць параненых вайскоўцаў на вайне ва Ўкраіне», – адзначае магілёўскі медык, які пажадаў не называць свайго імя.

 

Фота ілюстрацыйнае з крыніцы https://www.ganc-chas.by/

Сучасныя “калгасы”. Работнікі не носяць спецадзення і працуюць на няспраўнай тэхніцы 

Тэхнічныя інспэктары з афіцыйнага прафсаюзу  ў 60 гаспадарках Магілёўшчыны выявілі больш за 400 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.

Сярод найбольш распаўсюджаных – невыкарыстанне работнікамі спецадзення, неўкамплектаванасць аптэчак, праца на няспраўнай тэхніцы, несвоечасовае правядзенне інструктажаў па ахове працы, даводзіць інфармацыйнаму агенцтву “БелТА” тэхнічны інспектар абласнога аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Сяргеенка.

Паводле яго, з пачатку года ў Магілёўскай вобласці назіраўся рост вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі і гібельлю работнікаў. Цяпер, настойвае ён, сытуацыя стабілізавалася.

За першае паўгоддзе 2022 года адбыліся 54 няшчасныя выпадкі, за аналагічны перыяд 2021-га – 55

фота ілюстрацыйнае

Ёсць складанасці з-за санкцый – міністр сельскай гаспадаркі і харчавання пра сітуацыю з малаком.

Паводле Вадзіма Шагойкі «звужэнне асартыменту малочнай прадукцыі звязанае з упакоўкай».

«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – адзначае ўрадовец.

Па яго словах, вытворцы малака занятыя пошукам іншых пастаўшчыкоў такой упакоўкі, каб вярнуць звыклы людзям асартымент, які быў да санкцый. Прапрацоўваецца супрацоўніцтва з вытворцамі Кітаю, іншых дружалюбных краінаў і ўжо завезены партыі для выпрабаванняў.

«Пакуль, каб не было змяншэння аб’ёмаў, беларускія вытворцы актыўна перабудаваліся на вытворчасць малака ў ПЭТ-бутэльцы, у плёнцы» – кажа ён.

Вадзім Шагойка настойвае: унутраны рынак забяспечаны малаком.

«У краіне вельмі высокі ўзровень развіцця малочнай жывёлагадоўлі. Пры вытворчасці ў мінулым годзе 7,8 мільёнаў тон малака мы спажываем каля 3 мільёнаў, а астатняе экспартуецца» – падкрэслівае ўрадовец, словы якога падае  «БелТА»

_____________________________________

Беларускія прадпрыемствы закупляюць упакоўку Tetra Pak, вырабленую на заводзе ў Маскоўскай вобласці. Праблемы на расійскіх заводах шведска-швейцарскай кампаніі ўзніклі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і ў Беларусі. Яны пачалі шукаць альтэрнатыўную замену ўпакоўцы Tetra Pak, пісаў Магілёў.media

На мінулым тыдні стала вядома, што Tetra Pak наагул сыходзіць з Расіі і перадае сваё расійскае падраздзяленне мясцоваму кіраўніцтву.

У кампаніі тлумачаць, што ў выніку сукупнага ўплыву экспартных абмежаванняў у дачыненні да Расіі, якія прывялі да парушэнняў у ланцужках паставак, кампанія Tetra Pak больш не можа працягваць падтрымку сваёй аперацыйнай дзейнасці ў гэтай краіне.

 

Фота ілюстрацыйнае з адкрытай у інтэрнэце крыніцы

Падчас баявой падрыхтоўкі параніўся вайсковец — Міністэрства абароны

Агнястрэльную траўму атрымаў салдат тэрміновай службы аднаго з механізаваных падраздзяленняў.

Ваеннаслужачаму аказана медычная дапамога, адзначана у  тэлеграм-канале «Министерство обороны Республики Беларусь»

У паведамленні гаворыцца, што камісіяй Міністэрства абароны ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі праваахоўных органаў праводзіцца праверка на ўстанаўленне абставін здарэння.

 

фота з рэсурсу https://ukranews.com/news

У Магілёве шукаюць ахвотных паслужыць у войску кантрактнікам. Аб’явы з’явіліся ў грамадскім транспарце (фотафакт)

Пасажыры звярнулі ўвагу, што плакаты з заклікам паслужыць па кантракту датаваныя мінулых годам. Такая выснова зробленыя імі, бо памер грашовай заахвоты для кантрактнікаў пададзены па стане на 1 сакавіка 2021 году.

Пасажыры настойваюць, што падобных аб’яваў раней не было ў грамадскім транспарце і іх зʼяўленне сёлета, калі трывае вайна ва Ўкраіне, выклікае напружанне.

Паводле звестак на плакатах, кантрактніку абяцаюць заробак ад 833 рублёў і поўны пакет сацыяльных прэферэнцыяў.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Ірына Слаўнікава

Журналістка TVP асуджаная на 5 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле калегаў Слаўнікаву суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля прызнаў вінаватай у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім».

Справа супраць журналісткі, якая праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай, разглядалася на закрытым працэсе.

Ірына Слаўнікава была затрымана ў 2021 годзе ў мінскім аэрапорце, калі яна з мужам вярталася з адпачынку. Абое былі асуджаныя на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за, нібыта, захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». 15 лістапада журналістку адправілі на такі ж тэрмін у ізалятар паводле абвінавачвання ў «дробным хуліганстве».

26 лістапада стала вядома, што Слаўнікава стала падазраванай у крымінальнай справе.


Павел Нікіценка

Жыхар Віцебску асуджаны да 4,5 гадоў калоніі.

Паводле праваабаронцаў у закрытым рэжыме яго асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў суддзя Яўген Буруноў, падрабязнасці невядомыя.

Паведамляецца, што работнік разлікова-касавага цэнтру ў Віцебску за тры гады скапіяваў з інфармацыйнай сістэмы персанальныя дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян Беларусі.

Ён нібыта з’яўляўся адміністратарам «дэструктыўнага» Telegram-канала і размяшчаў у інтэрнэце заклікі, указанні і навучанні пабуджальнага характару на ўчыненне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ды абразы на адрас Лукашэнкі і старшыні ЦВК.

Праваабаронцам вядома, што падчас затрымання Нікіценку быў моцна збілі і здароўе ён да гэтага часу не аднавіў.


Галіна Патаева

Пра яе затрыманне стала вядома з праўладных тэлеграм-каналаў.

Паводле іх, кіраўніцу турыстычнага агенцтва «Віяполь», якая ладзіла беларускамоўныя экскурсіі, і выкладчыцу катэдры эканамічнай геаграфіі БДУ зняволілі ў Мінску.

Яе вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году. Яна, лічаць сілавікі, «актыўна падтрымлівала ўдзельнікаў масавых беспарадкаў» і «займалася распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў». На яе старонках у сацыяльных сетках, нібыта, былі лагатыпы незалежных СМІ і нацыянальная сімволіка


Барыс Элькін

Затрыманы па вяртанні з Польшчы. Праваабаронцы высвятляюць падставы зняволення.

Паводле іх, Элькіна забралі яшчэ 1 жніўня ў Віцебску, а ў ягоным доме адбыўся ператрус.

У 2004 годзе Элькін быў адным з арганізатараў галадоўкі прадпрымальнікаў супраць створаных мясцовымі ўладамі перашкодаў для гандлю. Пасля 2010 года ён пераехаў у Польшчу і стаў сузаснавальнікам кампаніі, якая наймае на працу беларусаў і дапамагае бежанцам з Украіны.


Данііл Калеснікаў

Цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

17-гадоваму хлопцу ў чэрвені 2021 года прысудзілі 1 год і 3 месяцы калоніі.

У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Данііл разам з бацькам Віталём Калеснікавым былі ў цэнтры Жодзіна на плошчы. Па звестках следства, яны стаялі ў счэпцы ў першым шэрагу і выкрыквалі лозунгі.

Быў асуджаны за «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Утрымліваўся ў бабруйскай калоніі.

Хваля ўрачыстага адкрыцця гульнявых пляцовак дакацілася да глыбінкі. У Круглым з такой імпрэзы зрабілі «значную падзею»

Урачыстасці з нагоды ўпарадкавання гульнявых пляцовак праводзіліся пераважна ў «спальных раёнах» Магілёва. У абласным цэнтры сёлета з удзелам чыноўнікаў іх пафасна адкрывалі з дзясятак. У глыбінцы ж, калі такія імпрэзы і адбываліся, то сціпла. Яны не асвятляліся гэтак шырока, як у Магілёве.

У райцэнтры Круглае адкрыццё гульнявога асяродка стала «значнай падзеяй». Яе, па словах чыноўнікаў, стваралі ўсёй грамадою гораду. 

Паўдзельнічаць у адкрыцці прыйшлі старшыня мясцовага райсавету Сяргей Храмцоў і намесніца старшыні райвыканкаму Анжэла Лукашэвіч.

Паводле Храмцова будаўніцтва спортпляцоўкі «стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням райвыканкаму, Савету дэпутатаў, жылкамгасу, а таксама жыхароў райцэнтру».

Чыноўнік «выказаў надзею, што гэты дзень дасць старт новым спартовым дасягненням, перамогам і рэкордам», піша круглянская раёнка «Сельскае жыццё».

Паводле выдання, традыцыйную чырвоную стужку на адкрыцці пляцоўкі перарэзалі Сяргей Храмцоў, Анжэла Лукашэвіч, а таксама самыя актыўныя хлопцы з двара, дзе забаўляльню ўпарадкавалі.

фота з рэсурсу krugloe.by

Дзень у гісторыі: 3 жніўня. Пачатак «Рэйкавай вайны». Нарадзіліся медык, дзеяч беларускай эміграцыі Баляслаў Грабінскі і біятланістка Дар’я Домрачава. Памёр Янка Маўр, аўтар «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі»

1615 год. Памёр Крыштаф Дарагастайскі.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, доктар медыцыны.

Падарожнік па Еўропе. Ганаровы грамадзянін Венецыі. Герой Інфлянцкай вайны. 

Непахісны абаронца свабодаў пратэстантаў. Аўтар кніг энцыклапедычнага зместу пра коней, па конегадоўлі, коннай яздзе, ветэрынарыі – «Гіпіка».

1943 год. Пачалася партызанская аперацыі «Рэйкавая вайна».

Умоўная назва дзеянняў партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый.

Аперацыя праводзілася на тэрыторыі ў 1000 км па фронту і 750 км углыб. За першую ноч аперацыі ў Беларусі, Латвіі, Літве, Украіне, Арлоўскай, Бранскай, Смаленскай, Калінінскай, Ленінградскай абласцях Расіі 67 партызанскімі атрадамі ўзарвана 42 тысяч рэек.

1899 год. Нарадзіўся Баляслаў Грабінскі.

Медык, дзеяч беларускай эміграцыі.

Старшыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, Беларуска-амерыканскага згуртавання.

Першым заўважыў пад час падарожжа ў Італію «Партрэт Скарыны ў Падуі», зроблены ў 1942 годзе італьянскім мастаком Джакома Форна ў «Зале Сарака» славутага Падуанскага ўніверсітэту.

1968 год. Памёр ураджэнец беларускага мястэчка Целяханы Канстанцін Ракасоўскі.

Савецкі ваеначальнік.

У жніўні 1937 года Ракасоўскі быў арыштаваны па абвінавачванні ў сувязях з польскай і японскай разведкамі, стаўшы ахвярай ілжывых паказанняў. 

Два з паловай гады правёў пад следствам. Яго ўтрымлівалі ва Унутранай турме Упраўлення дзяржбяспекі, жорстка катавалі і білі.

У 1940 годзе Ракасоўскі быў вызвалены, у сувязі са спыненнем справы і рэабілітаваны.

Палкаводчы аўтарытэт Ракасоўскі набыў у бітве пад Масквой. Паспяховым быў яго ўдзел у бітве за Сталінград і на Курскай дузе. Ягоны талент раскрыўся падчас аперацыі «Багратыён», у выніку якой ад нацыстаў вызвалілі Беларусь.

1971 год. Памёр Янка Маўр.

Пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці.

Аўтар славутых «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі». Яго ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру каштоўны тым, што ён як першаадкрывальнік і першапраходца вызначыў далейшыя яе кірунак і развіццё. Яму ўдалося пашырыць часавыя і прасторавыя межы беларускай дзіцячай літаратуры.

Творы Янкі Маўра перакладзены на шматлікія мовы і выдаваліся ў розных краінах, у тым ліку ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Кітаі.

У гонар пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Пінску, мінская абласная бібліятэка, школа ў Барысаўскім раёне.

1986 год. Нарадзілася Дарʼя Домрачава.

Беларуская біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету. Уладальніца некалькіх малых Крыштальных глобусаў, пераможца Кубка свету па біятлоне. Самая тытулаваная спартсменка Беларусі ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў. Герой Беларусі.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.