У Бабруйску і Магілёве тэрмінова мабілізуюць дактароў-мужчын на вайсковыя зборы

Дактароў Магілёўшчыны масава выклікаюць у ваенкаматы для правядзення перадмабілізацыйных збораў. Медперсанал здзіўляе тэрміновасць і катэгарычнасць камандзіравання ў вайсковыя часткі.

Беларусы ўжо прызвычаіліся да прызыву на вайсковыя зборы розных ваенных спецыялістаў. У маі па краіне пракацілася моцная хваля масавага прызыву ваеннаабавязаных. Затым сітуацыя крыху сцішалася, і вось нібыта пачынаецца новая хваля.

Здзіўляе тэрміновасць і метады прызыву. Так, магілёўскім дактарам, як правіла, тэлефанавалі ўвечары, а ўжо а дзявятай гадзіне раніцы адпраўлялі на зборы за сотні кіламетраў ад дому.

Некаторым лекарам цяпер ужо прыходзіцца вышукваць хваробы ў саміх сябе, а не ў маладых хлапцоў прызыўнога ўзросту – як было раней – каб «адкасіць» ад службы. Тым не менш, дзясяткі лекараў ужо пакінулі шпіталі і паліклінікі Магілёўшчыны.

Як паведаміла Магілёў.media крыніца ў асяроддзі медыкаў, прычынамі прызыву на перадмабілізацыйныя зборы працягласцю больш чым на месяц менавіта мужчын-дактароў, верагодна, стала асэнсаванне ваенным кіраўніцтвам краіны маштабу колькасці ахвяр у выпадку ўступлення арміі ў ваенны канфлікт.

«Нават расійскім крыніцам цяжка ўтоіць вялізную колькасць параненых вайскоўцаў на вайне ва Ўкраіне», – адзначае магілёўскі медык, які пажадаў не называць свайго імя.

 

Фота ілюстрацыйнае з крыніцы https://www.ganc-chas.by/