У Слаўгарадзе хацелі зрабіць цэнтр творчасці, а ў выніку знеслі будынак 1770-х гадоў.

Замест рэстаўрацыі старога помніка і пераўтварэння яго ў культурны цэнтр Слаўгарада, яго проста зруйнавалі – успамінаем падзею, якая ўскалыхнула глыбінку.

У канцы лютага 2021 года ў слаўгарадскім садова-паркавым комплексе знеслі дом другой паловы XVIII стагоддзя. Будынак, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не меў ахоўнага статусу.

Двухпавярховы дом быў пабудаваны ў 1770-х гадах яшчэ за часамі князя Аляксандра Галіцына, які атрымаў тагачасны Прапойск з ваколіцамі ў падарунак ад расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ за свае ратныя подзвігі. Жылы будынак быў неад’емнай часткай садова-паркавага комплексу канца XVІІІ стагоддзя. У савецкі час двухпавярховік выкарыстоўвалі пад райвыканкам і нават дабудавалі правае крыло. Працяглы час у ім знаходзіліся кабінеты мясцовага райпо. 

Апошнім часам будынак пуставаў і выглядаў закінутым. Тым не менш, для Слаўгарада гэта быў унікальны аб’ект, які нават уключылі ў рэестр Нацыянальнага агенцтва па турызме «Архітэктурная спадчына XVІІІ—XІX стагоддзяў каля паштовых дарог». 

Незадоўга да знішчэння ў супрацоўнікаў Слаўгарадскага краязнаўчага музея і працаўнікоў культуры гораду была ідэя зрабіць з гістарычнага аб’екта Дом муз і перамясціць у яго раённы цэнтр дзіцячай творчасці і дзіцячую школу мастацтваў. Аднак рэалізавана гэтая ідэя так і не была, будынак проста знеслі.

Фота: zviazda.by 

Прыватны дзіцячы летнік адчыніцца ў Слаўгарадскім раёне

Прыватны дзіцячы летні лагер адпачынку ў Слаўгарадскім раёне адкрые магілёвец Фёдар Бондараў у сядзібе, пабудаванай за грошы Еўрасаюза – піша slavgorod.by.

Уладальнік турыстычнай базы “Маленькія дзівы” і цэнтра лагічных гульняў для дзяцей у вёсцы Пацяраеўка гатовы прыняць пяць змен па 15 дзяўчынак у кожнай на 15 дзён. Гаспадар мае досвед арганізацыі сямейнага адпачынку.

Дарэчы і база і цэнтр гульняў узведзены з фінансавай дапамогай Еўрапейскага Саюза.  

Месца пад базу ў 7 гектараў, што знаходзіцца на беразе ракі Раста, каля хваёвага леса і са сваім возерам, магілёвец выкупіў у 2016 годзе. Месца выбрана невыпадкова – тут гаспадар праводзіў свае летнія канікулы, калі прыязджаў да бабулі. 

Тут жа плануецца арганізацыя рыбнай лоўлі ў прыватным возеры, летняга намётавага лагера для дарослых, або лагера сямейнага тыпу на 15 дзён.

Дзясяткі работнікў сельскіх гаспадарак Слаўгарадскага раёна прыцягнуты да адказнасці

У Слаўгарадскім раёне 61 работнік аграпрамысловага комплекса пакараны за халатныя адносіны да сваіх абавязкаў, крадзеж  – паведамляе “Прысожскі Край”.

Па выніках сямі пракуратурорскіх праверак сельскагаспадарчых арганізацый раёна ўнесена 9 прадстаўленняў, вынесена 20 прадпісанняў, 31 асоба прыцягнута да дысцыплінарнай, 5 – да адміністрацыйнай, 25 – да матэрыяльнай адказнасці.

Работнікі працягваюць парушаць працоўную, тэхналагічную дысцыпліну, правілы ўтрымання жывёлы, ветэрынарнага дабрабыту, вытворчасці прадукцыі, крадуць жывёлу. Страты ад крадзяжу ў ААТ “Слаўгарадрайаграпрамтэхніка” і КСУП “Заранскі”  складаюць 6 418,65 рублёў.

Пракурор раёна А. Пухоўскі лічыць, што неабходна прыняць у 2023 годзе “у раёне дадатковыя арганізацыйна-практычныя меры па забеспячэнні законнасці і правапарадку”. Але відавочна, што такі стан спраў захаваецца на дзяржаўных фермах і надалей, будуць новыя “абасраныя” каровы, новыя крадзяжы паліва, кармоў, малака, жывёл, пакуль не будзе прыватнай маёмасці і асабістай зацікаўленнасці сялян у выніках сваёй працы.

Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар

Злачыннасць у Слаўгарадскім раёне вырасла на 15%, а ўхіленне ад бацькоўскіх абавязкаў на 700%

Па выніках 2022 года колькасць зарэгістраваных злачынстваў на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна вырасла на 15,5% – прыводзіць пракурорскую статыстыку “Прысожскі край”.

Рост злачыннасці адбыўся за кошт павелічэння колькасці крадзяжоў на 8,1%, крадзяжоў з жылля – 5,9%,  кіберзлачынстваў – на траціну, кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’яненна – на траціну, злачынстваў у грамадскіх месцах – больш чым на 60%, у тым ліку непаўнагадовымі – 200%. А больш за ўсё адбыўся рост – на 700% – колькасці зарэгістраваных ухіленняў бацькоў ад утрымання дзяцей.

Колькасць злачынстваў у раёне пры гэтым на чвэрць меней, калі браць паказчыкі злачыннасці на 10 000 насельніцтва: у раёне 76,0, у вобласці – 97,4. 

Станоўчым з’яўляецца тое, што ў раёне не зарэгістравана забойстваў, разбояў, рабаванняў, вымагальніцтваў, згвалтаванняў. 

У 2022 годзе зарэгістравана адно цяжкае злачынства супраць жыцця і здароўя грамадзян і адно ўхіленне (раней – 0) ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу.

На фота – пракурор Слаўгарадскага раёна А. Пухоўскі (“Прысожскі край”)

Новае свята будзе праводзіцца ў Слаўгарадскім раёне – “Народная прыпеўка”

У Слаўгарадскім раёне будзе праводзіцца новае свята традыцыйнай культуры – “Народная прыпеўка”, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Гэта прадугледжана рашэннем Слаўгарадскага раённага выканаўчага камітэта ад 29 снежня 2022 года

Арганізатарамі “Народнай прыпеўкі” выступаюць  аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама і ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Слаўгарадскага раёна”.

Свята накіравана на развіццё і папулярызацыю жанру народнай прыпеўкі, традыцыйнай ігры на гармоніку, на захаванне лепшых узораў фальклорнай спадчыны і мясцовага аўтэнтычнага матэрыялу.

Мерапрыемства будзе праводзіцца ў фармаце біенале – адзін раз на два гады. 

Праграмай мерапрыемства прадугледжаны конкурсныя выступленні па намінацыях: “Выканаўцы прыпевак” (індывідуальныя выканаўцы), “Гарманісты” (ансамблі гарманістаў ад двух і больш выканаўцаў),

“Групы і ансамблі” (фальклорныя гурты, ансамблі народнай песні).

Чакаецца, што ў ім будуць удзельнічаць творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы як Слаўгарадскага, так і іншых раёнаў, гарадоў, замежных краін.

Дату, тэрмін і месца правядзення свята будзе вызначаць арганізатар – райвыканкам.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Трэш? Сюр? Тэматычная дзіцячая пляцоўка ў Слаўгарадзе – фота

Паляжаць у лужыне за кулямётам “Максім”, пачытаць сценгазету, палюбавацца на клумбу ў выглядзе савецкай зоркі цяпер змогуць дзеткі ў Слаўгарадзе. Прадстаўнікі “Белай Русі” і мясцовыя дэпутаты зрабілі для слаўгарадскіх малых пляцоўку ў “патрыятычным стылі”, у якой з радасцю бавіліся б самі.

Гарадскі дзіцячы парк знаходзіцца ў цэнтры невялікага раённага цэнтра. Акрамя розных выяваў і скульптур лясных жывёл, казачных і мульцяшных перасанажаў у ім змешчана тэматычная дзіцячая пляцоўка “Вызваліцелям Слаўгарадчыны прысвячаецца”, якая была зроблена з нагоды мінулага Года гістарычнай памяці.

На спецыялізаванай пляцоўцы можна ўбачыць чырвоную савецкую зорку, складзеную з пафарбаваных бардзюраў, дзіцячыя мадэлькі кулямёта Максім і машыны ЗІС (Завод імя Сталіна). Побач знаходзіцца сцяна, аформленая ў выглядзе ідэалагічнай насценгазеты з “патрыятычнымі” лозунгамі “Никто не забыт, ничто не забыто”, “Беларусь помнит”, з выявамі савецкіх салдат і франтавых лістоў.

Аднак асаблівую асалоду выклікае драўляная расфарбаваная скульптура партызана са стрэльбай у чыісьці, што можна прыняць за домік.

Фота: mogilev.media

Слаўгарадскі трэш – асцярожна, брыдкія фота

Досыць дагледжаная аўтастанцыя ў Слаўгарадзе сустракае гасцей горада вось такімі прыбіральнямі. 

Ужо на падыходзе да гэтай грамадскай установы становіцца брыдка і непрыемна: драўляная падлога з дзіркай для патрэбаў, і можаце сабе ўявіць, з якімі пахамі. 

Смурод ў самой кабінцы прыбіральні не дазваляе пратрымацца ўнутры больш чым пару хвілін.

Больш за тое, драўляныя дзверы мужчынскай і жаночай кабінак туалета ледзьве зачыняюцца.

Па ўсёй Магілёўскай вобласці пад вадой аказаліся масты і дарогі

У чатырох раёнах падтоплены масты і шэраг аўтамабільных дарог

Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных спраў, у першыя дні новага года ў Магілёўскай вобласці былі падтоплены два нізкаводныя масты ў Мсціслаўскім і Чавускім раёнах і чатыры ўчасткі дарог у Слаўгарадскім, Касцюковіцкім, Круглянскім і Хоцімскім раёнах. 

У Круглянскім раёне падтапленне ўчастка дарогі адбылося паміж вёскамі Грыбіна і Аляксандрава – паведамлялі mogilev.media. 

У выніку павышэння ўзроўня вады ў рацэ Проня адбылося падтапленне ўчастка аўтамабільнай дарогі паміж вёскамі Ляцягі і Улукі Слаўгарадскага раёна, а таксама падтапленне нізкаводнага аўтамабільнага маста і ўчастка аўтамабільнай дарогі каля вёскі Скварск Чавускага раёна. 

У ведамстве адзначаецца, што пры павышэнні ўзроўня вады пад’езд да вёсак Вярбоўка, Пухнова, Дзедня Чавускага раёна будзе ажыццяўляцца па аб’яздной дарозе праз вёску Пуцькі. 

Падтапленне ўчастка грунтовай дарогі адбылося і каля аграгарадка Баханы  Хоцімскага раёна па прычыне павышэння ўзроўню вады ў р.Бесядзь. Працягласць участка падтаплення складае дзесяць метраў, пагэтаму праезд паміж вёскамі Баханы, Юзэфаўка і Дуброўка не парушаны. Праезд транспарта магчымы, жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.

Фота: mogilevnews.by

Драўляную капліцу на крычаўскіх могілках ператварылі ў сметніцу – фота

Ужо не першы год драўлянае збудаванне культавага прызначэння выкарыстоўваецца як сметніца. Ні мясцовая ўлада, ні праваслаўныя дзеячы Крычава не звяртаюць ўвагу на каплічку, хаця размешчана яна якраз на праваслаўных могілках. Для Крычава каплічка ўяўляе вялікую каштоўнасць, бо драўлянай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя ў горадзе амаль не захавалася.  

Капліца, што была пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіцца ў старой частцы Крычава ў раёне пад назвай Забялышан. Прычым размешчана яна напасрэдна на тэрыторыі Забялышанскіх могілах, вядомых яшчэ з XVII стагоддзя. 

Капліца ўяўляе сабой чатырохвугольную бярвенчатую канструкцыю з сасновага распілованага дрэва. У верхняй частцы чатырохскатнага даха ўмацаваны драўляны крыж. Некалі дах быў пакрыты гонтам (рэшткі яго можна пабачыць знутры), а зараз шыферам. Яшчэ з дзясятак год таму ў капліцы былі дзверы простай сталярскай работы, якія на сённяшні дзень выбітыя.

Зараз  культавае драўлянае збудаванне занядбанае, па прызначэнні не выкарыстоўваецца. Унутры невялікая па плошчы каплічка завалена будаўнічым смеццем, бярвеннямі, пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі з-пад алкагольных напояў. 

У Слаўгарадзе з’явіліся “патрыятычныя” банэры, што ў чарговы раз услаўляюць расійскае войска

Для ўсведамлення трагічнай гісторыі беларускага народа яны недарэчныя – ліст чытача.

У цэнтры колішняга Прапойска размешчаны банеры з надпісам “Вместе мы Беларусь”. Акрамя надпіса-лозунга ў цэнтры банера знаходзіцца выява Свята-Петра-Паўлаўскага храма-помніка і манумента, на якім бронзавы арол стаіць на зрынутым шведскім сцягу. Гэта праваслаўная святыня была закладзены з нагоды 200-гадовага юбілея перамогі пры Лясной расійскіх войск пад кіраўніцтвам Пятра І над шведскім корпусам генерала Левенгаўпта. 

З пункту гледжання беларускай гісторыі Паўночная вайна з’яўлялася страшным выпрабаваннем, бо ні рускія, ні шведскія войскі не шкадавалі мясцовае насельніцтва, вынішчаючы цэлыя паселішчы. Як сведчаць тагачасныя гістарычныя крыніцы, пасля сыходу рускага і шведскага войскаў, Усходняя Беларусь (Магілёўшчына і Мсціслаўшчына) уяўляла сабой выпаленыя землі. Усе гарады апроч Шклова былі зруйнаваныя, вёскі спаленыя. 

Тысячы непахаваных трупаў жаўнераў абодвух войскаў прынеслі пошасць, перадусім чуму, ад якой у Беларусі памерла 34 тысячы чалавек. Голад быў страшнейшы, людзі елі сабак, з’явілася нават людажэрства. Больш за тое, Паўночная вайна мела і прыкметы грамадзянскага вайсковага канфлікту, бо мясцовая шляхта падзялілася ў падтрымцы ваюючых бакоў. Пагэтаму, што з’яўляецца слаўнай і гераічнай старонкай гісторыі для мінуўшчыны Расіі, адначасна з’яўляецца трагічнай падзеяй для беларускіх зямель.