У Слаўгарадзе хацелі зрабіць цэнтр творчасці, а ў выніку знеслі будынак 1770-х гадоў.

У Слаўгарадзе хацелі зрабіць цэнтр творчасці, а ў выніку знеслі будынак 1770-х гадоў.

Замест рэстаўрацыі старога помніка і пераўтварэння яго ў культурны цэнтр Слаўгарада, яго проста зруйнавалі – успамінаем падзею, якая ўскалыхнула глыбінку.

У канцы лютага 2021 года ў слаўгарадскім садова-паркавым комплексе знеслі дом другой паловы XVIII стагоддзя. Будынак, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не меў ахоўнага статусу.

Двухпавярховы дом быў пабудаваны ў 1770-х гадах яшчэ за часамі князя Аляксандра Галіцына, які атрымаў тагачасны Прапойск з ваколіцамі ў падарунак ад расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ за свае ратныя подзвігі. Жылы будынак быў неад’емнай часткай садова-паркавага комплексу канца XVІІІ стагоддзя. У савецкі час двухпавярховік выкарыстоўвалі пад райвыканкам і нават дабудавалі правае крыло. Працяглы час у ім знаходзіліся кабінеты мясцовага райпо. 

Апошнім часам будынак пуставаў і выглядаў закінутым. Тым не менш, для Слаўгарада гэта быў унікальны аб’ект, які нават уключылі ў рэестр Нацыянальнага агенцтва па турызме «Архітэктурная спадчына XVІІІ—XІX стагоддзяў каля паштовых дарог». 

Незадоўга да знішчэння ў супрацоўнікаў Слаўгарадскага краязнаўчага музея і працаўнікоў культуры гораду была ідэя зрабіць з гістарычнага аб’екта Дом муз і перамясціць у яго раённы цэнтр дзіцячай творчасці і дзіцячую школу мастацтваў. Аднак рэалізавана гэтая ідэя так і не была, будынак проста знеслі.

Фота: zviazda.by