21 верасня на аўтадарозе Р-73 50-гадовы жыхар Оршы, кіруючы грузавіком MAN, учыніў наезд на 45-гадовага жыхара Мсціслаўскага раёна, які рухаўся па праезнай частцы дарогі ў спадарожным напрамку. Пешаход загінуў на месцы здарэння.
Другое здарэнне адбылося 23 верасня паблізу в. Навабеліца. Пешаход ішоў насустрач аўтамабілю, аднак рэзка змяніў траекторыю руху і выйшаў на дарогу прама перад Renault. Вадзіцель не змог аб’ехаць яго і адбылося сутыкненне. Ад атрыманых траўм 63-гадовы магіляўчанін загінуў – паведамляе ДАІ.
21 верасня ў Бабруйску, каля берага ракі Бабруйка, жанчына знайшла цела чалавека – мёртвы мужчына быў пагружаны ў ваду. Папярэдне ўстаноўлена, што патануўшаму 52 гады, ён нідзе не працаваў, злоўжываў алкаголем і вёў бадзяжніцкі лад жыцця, – паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Старасотнікава.
Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.
Па выніках аўкцыёна 70 000 квадратных метраў у цэнтры горада прадалі за 1,76 мільёны даляраў.
21 верасня адбыўся аўкцыён па продажы магілёўскага завода “Строммашына” – паведамляе realt.by. Першапачаткова маёмасць завода выставілі на таргі ў ліпені за 26,7 млн рублёў. Прычына – даўгі прадпрыемства. Але на некалькі таргоў не было заявак. У выніку цана знізілася на 80%. Лот выставілі за 8 млн рублёў з паніжэннем цаны да мінімальнай у 5,34 млн рублёў.
У аўкцыёне было два ўдзельнікі, але адзіную стаўку зрабіў удзельнік № 1 у 15.30 – гэта значыць за поўгадзіны да заканчэння таргоў. Ім аказалася кампанія «Тведас», якой маёмасць завода дасталася за 5 738 812 рублёў або каля 1,76 млн даляраў.
Фірма “Тведас” спецыялізуецца на тым, што здае ў арэнду свае памяшканні (ёй належыць, напрыклад, гандлёвы цэнтр на рагу Бульвара Непакораных і Астроўскага) альбо памяшканні, якія арандуе сама. Заснавальнікам і кіраўніком фірмы фігуруе Сяргей Лапін.
Кампаніі дасталіся аб’екты нерухомасці, энергетычнай інфраструктуры і добраўпарадкавання. Плошчы – больш за 70 тысяч квадратных метраў. Яно размяшчаецца на ўчастку ў 13,5 гектара ў цэнтры Магілёва.
Участак былой “Строммашыны” паводле заканадаўства можа забудоўвацца пад грамадзянскую, жылую, транспартную інфраструктуру.
Днём 21 верасня стала вядома пра знікненне пажылога чалавека, пенсіянера 1961 года нараджэння ў лесе каля вёскі Васілеўка Касцюковіцкага раёна. Для пошукавых работ былі задзейнічаны 4 адзінкі тэхнікі і 15 чалавек, з іх 3 адзінкі тэхнікі і 10 работнікаў МНС. Зніклы мужчына не знойдзены, па рашэнні кіраўніка пошукавых работ пошукі былі спынены – паведамляе прэс-служба МНС. Супрацоўнікамі РАУС праводзяцца следчыя дзеянні.
30 верасня ў Быхаве на Кастрычніцкай плошчы пройдзе гастранамічны фестываль “БульбаСаміт”. Пачатак у 11.00. Гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства, папярэдні “саміт” адбываўся ў 2022 годзе.
Тады ўдзельнікі здзіўлялі публіку незвычайнымі рэцэптамі – торт з дранікаў, дранікі з гарбузом, каўбаса з бульбы “пальцам пханая” – пісала “СБ”. Сёлета на гастрафэсце зноў чакаецца прэзентацыя беларускіх традыцыйных страваў, а таксама майстар-клас па карвінгу (мастацтва выразання па паверхні пладоў) і конкурс на самую буйную агародніну.
У першым эпізодзе падкаста распавядаецца пра лёсы помнікаў архітэктуры падчас акупацыі і вызвалення горада ў часы Другой сусветнай вайны. Інфармацыя падкастаў дае магчымасць паглядзець на час вайны з іншай прызмы.
Аўтар падкаста распавядае пра трагічны лёс праваслаўных цэркваў, які напаткаў помнікі сакральнай архітэктуры падчас вайны: у Іллінскую царкву трапіў артылерыйскі снарад, а Свята-Мікалаеўскую царкву падпаліў мясцовы жыхар, які быў камуністам-фанатыкам.
У першым эпізодзе “Невядомага Крычава” расказваецца таксама, што ваенны час быў неадназначным і для перліны Крычава – палаца Пацёмкіна-Галынскіх, які быў замініраваны немцамі, але дзякуючы савецкім сапёрам, архітэктурны помнік захаваўся да сёння. Прычым падчас акупацыі горада (ліпень 1941- верасень 1943) у помніку ХVIII стагоддзя знаходзіліся нямецкія казармы.
Многія факты, што агучваюцца ў падкасце, гучаць практычна ўпершыню, хоць эпізод невялікі па часе. Адметна, што прыводзяцца таксама і ўспаміны мясцовага жыхара, якія згадвае адметныя падзеі мінуўшчыны Крычава часоў вайны. Напрыклад:
“Пацёмкіна замініравалі немцы, кагда атступалі. Восем мін была. Еслі б нашы не размініравалі, у воздух клочья пашлі. Восем процітанкавых мін замініравана была. Сапёры вынялі восем мін”.
Паслухаць першы эпізод падкаста “Невядомы Крычаў” можна па гэтай спасылцы:
Рэканструкцыя праспекта Дзімітрава ў Магілёве закране таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яр насупраць сучаснага Мясакамбіната быў месцам расстрэлаў у 1930-х гадах. У канцы 1980-х грамадскасць усталявала тут памятны крыж, потым яшчэ адзін, большы.
Зараз вялікі крыж выкапаны, а на самім месцы памяці пракладаецца новая дарожка. Як расказалі нам будаўнікі, замест ранейшага крыжа будзе новы, але які канкрэтна – пакуль невядома.
Характэрна, што ўсталяваны грамадскасцю вялікі крыж – шасціканцовы, ён паўтарае форму крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Год таму, на восеньскія Дзяды прадстаўнікі грамадскасці традыцыйна ўскладалі кветкі да гэтага крыжа – пісалі mogilev.media. А ў лютым гэтага года прадстаўнікі праваслаўнай абшчыны арганізавалі да памятнага крыжа хросны ход.
У Магілёве праходзіць рэканструкцыя аднаго з самых ажыўленых праспектаў горада. З 21 па 26 верасня тут будзе праводзіцца ўкладка асфальтабетоннага пакрыцця. На бягучы момант чатыры паласы з шасці на праспекце перакрытыя дзеля правядзення дарожных работ. Астатніх дзвюх палос яўна бракуе для пропуску ўсяго транспарта. Пробкі ўтвараюцца адразу на выездзе на праспект з дзясяткаў аўтамашын.
Рэканструкцыя прадугледжвае стварэнне новых кішэняў для грамадскага транспарта. Таксама памяняецца схема мясцовых пераездаў – некаторыя ўжо закладзеныя бардзюрамі, а замест іх прабіваюцца новыя.
Нязручнасцяў хапае і карыстальнікам грамадскага транспарту. З-за немагчымасці спыняцца на прыпынках, аўтобусы высаджваюць пасажыраў проста на вільготнае дарожнае палатно, па якім катаюцца нетаропкі я асфальтаўкладчыкі.
Вынесены прысуд па справе аб крадзяжы ежы і вопраткі з дачнага доміка пенсіянеркі ў Бялыніцкім раёне. Было ўстаноўлена, што злачынства здзейснілі 45-гадовы раней судзімы мужчына і яго 20-гадовая сяброўка. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, яны ўзламалі дачную хату пацярпелай, адкуль таемна выкралі прадукты харчавання і прадметы адзення на агульную суму 32,34 рублёў, пасля чаго з выкрадзеным зніклі.
Мужчына быў асуджаны на 1 год абмежавання волі без накіравання ў калонію, жанчыне далі поўгады прымусовых прац – піша “Зара над Друццю”.
Днём 20 верасня ў дзяжурную службу МНС паступіла паведамленне пра знікненне пенсіянеркі 1960 года нараджэння ў лесе каля вёскі Тайманава Быхаўскага раёна. Для пошукаў жанчыны работнікі лясгаса і МНС задзейнічалі 20 чалавек і 7 адзінак тэхнікі, але знайсці пенсіянерку ў першы дзень пошукаў не здолелі. Пошукі працягваюцца 21 верасня – паведамляе прэс-служба МНС.