У перавозчыка былі знойдзены тры кілаграмы мефедрона і альфа-PvP, якія прызначаліся для онлайн-маркетаў – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы МУС Беларусі. Наркотыкі з Расіі вёз жыхар Гомеля, а затрыманне ладзілася сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў віцебскага і магілёўскага наркакантролю.
Category: Навіны Мсціслава
Ураджэнка вёскі пад Мсціславам за свае грошы аднавіла агароджу на мясцовых могілках
Былая жыхарка Пячкавіч Ходасаўскага сельсавета Лізавета Смаргунова за свае сродкі набыла матэрыялы для новай агароджы на вясковых могілках. Сельскі выканкам арганізаваў аднаўленчыя работы і за некалькі дзён працы агароджа была адноўленая сіламі камунальнікаў.
– Вёска Пячкавічы, як і кожны малы населены пункт у раёне, паступова пусцее. – падзяліўся сваімі разважаннямі пра праблему прадстаўнік сельскага выканкама Анатоль Пруднікаў, паведамляе mstlife.by – Добра, што ёсьць такія людзі, якія імкнуцца нешта зрабіць для сваёй малой радзімы. Мы можам шмат казаць пра сваю любоў да краіны, гораду, вёскі, але сапраўдныя пачуцці бачныя толькі па ўчынках.
На браме Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе з’явілася таблічка з QR-кодам
Першая таблічка з QR-кодам з’явілася на ўваходнай браме Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе. На ёй размешчаны назва касцёла на рускай і англійскіх мовах, а таксама код, з дапамогай якога можна прачытаць інфармацыю пра каталіцкую святыню старадаўняга ўсходнебеларускага горада.
Спасылка QR-кода вядзе на сайт Мсціслаў.info, які пазіцыянуецца як пуцевадзіцель па горадзе. Тут пададзена кароткая інфрамацыя пра касцёл з дзясяткам фотавыяў вонкавага і ўнутранага аблічча святыні. Утым ліку тут ёсць здымкі знакамітых фрэсак, што адлюстроўваюць разню мірнага насельніцтва Мсціслава маскоўскімі войскамі ў 1654 годзе. Гэта сумная падзея ўвайшла ў беларускую гісторыю пад назвай “Трубяцкая разня”, атрымаўшы сваю назву ад прозвішча маскоўскага ваяводы Аляксея Трубяцкога.
Верагодна, варта чакаць паяўлення таблічак з QR-кодамі і на іншых памятных месцах горада, што значна палепшыць турыстычную прывабнасць аднаго з найцікавейшых гарадоў Магілёўшчыны.
Аграгарадок Падсолтава на Мсціслаўшчыне адзначыў 575-годдзе
Дзень вёскі правялі ў мясцовым сельскім клубе.
Падсолтава – даволі буйны населены пункт для сельскай мясцовасці. Вёска налічвае больш за тры сотні жыхароў. Першая дакументальная ўзгадка пра Падсолтава адносіцца да 1447 года, гэта была адна з вёсак Мсціслаўскага княства. Знаходка гэтай архіўнай інфармацыі – плён працы знакамітага беларускага гісторыка і археолага Андрэя Мяцельскага, які спецыялізуецца на гісторыі Мсціслаўскага княства.
У гонар круглай даты ў сельскім клубе зладзілі тэматычную выставу, паведамляе мсціслаўская раённая газета. Павіншаваць вяскоўцаў прыехала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Клеянкова.
– Дзень вёскі – гэта свята, якое аб’ядноўвае аднавяскоўцаў. – адзначыла яна – Жадаю, каб яго правядзенне стала добрай традыцыяй у будучыні ў вашым населеным пункце. Таксама гэта магчымасць адзначыць людзей, якія прыкладаюць намаганні для таго, каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні мястэчка, адклікаюцца на просьбы аб дапамозе, неабыякавыя да жыцця вёскі. Ад душы жадаю ўсім жыхарам шчасця, здароўя і росквіту.
фота: mstlife.by
У Мсціславе закрываюць могілкі, а за лішнія метры на ўчастках для пахавання прыйдзецца плаціць
Зачыняюцца могілкі па вуліцах Энгельса, Леніна і Магілёўскай. Цяпер тут можна будзе пахаваць нябожчыка толькі да ужо існуючай магілы роднага чалавека. Адпаведную пастанову мсціслаўскага райвыканкама публікуе Нацыянальны прававы партал pravo.by.
У выпадку, калі сямейны ўчастак для пахавання на гэтых могілках перавышае адведзеныя нарматывы, за кожны квадратны метр звыш гэтых нарматываў прыйдзецца даплочваць адну базавую велічыню.
Могілкі ў горадзе і наваколіцах, на якіх дазволеныя новыя пахаванні, знаходзяцца на вуліцы Лясной і ў вёсцы Шумянічы.
Дыню з утрыманнем нітратаў звыш нормы выявілі ў Мсціславе
Яна была вырашчаная ў Казахстане.
Кантрольная закупка адбылася яшчэ ў жніўні, а днямі справаздачу аб выяўленні нестандартнай прадукцыі апублікаваў Мсціслаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Прадукцыя, якую ў Беларусь пастаўляла індывідуальнае прадпрыемства “Азия фрукт”, праз беларускага імпарцёра “РикусФрут” перавышала нарматыўныя паказчыкі па ўтрыманні нітратаў.
Па санітарна-хімічным паказчыку на нітраты ў прадукцыі паказацелі склалі 161 мг/кг і 109 мг/кг (кантрольная проба) пры нарміруючым значэнні – не больш за 90мг/кг.
На Мсціслаўшчыне вяскоўцаў тэрарызуюць ваўкі. Пяцярых забілі
Драпежнікаў вынішчыла адмысловая брыгада паляўнічых.
На паяўленне небяспечных жывёлаў у Таварыства паляўнічых і рыбаловаў паскардзіліся жыхары мясцовых вёсак Вароўскага, Добрае і Мушына. Паселішчы знаходзяцца за 15 кіламетраў на паўднёвы захад ад раённага цэнтру, у адносна бязлеснай мясцовасці.
Пасля скаргі на «прыбылых» ваўкоў арганізавалі паляўнічы атрад, – піша выданне Mstlife.by.
Некалькі дзён паляўнічыя пільнавалі ў мсціслаўскіх лясах ваўкоў. Аднаго застрэлілі ля вёскі Сялец. Яшчэ траіх паблізу вёскі Добрае. Яшчэ аднаго пацэліў паляўнічы, які выбраўся біць качак.
Спецыялісты мяркуюць, што найчасцей у памежныя раёны Магілёўшчыны ваўкі забрыдаюць з суседніх рэгіёнаў Расіі. «Прыбылых» драпежнікаў звычайна адстрэльваюць.
фота з адкрытых крыніц
Жыццё глыбінкі. Адрамантуйце дарогі, калонкі і прыпынак для аўталаўкі
Гэта звыклы набор праблемаў для аддаленых паселішчаў Магілёўскай вобласці. Сяляне агучваюць іх на кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, а тыя абяцаюць даць рады. Праблемы, аднак, зрэдку вырашаюцца.
Днямі да жыхароў вёскі Картыжы, што ў Мсціслаўскім раёне, наведаліся міліцыя, пажарныя і старшыня Ракшынскага сельсавету. Кожны з іх расказваў пра тое, як зрабіць жыццё на вёсцы бяспечным і дабротным.
Ад Картыжоў да Мсціслава тры дзясяткі кіламетраў. Да Ракшына, дзе сельсавет, з дзясятак.
Насельніцтва Картыжоў 11 чалавек, пераважна пенсіянеры. Сяляне заклапочаныя станам вясковай дарогі, неадрамантаванымі водаразборнымі калонкамі і прыпынкам для аўталаўкі. Сваю незадаволенасць людзі агучылі візіцёрам.
«Нас асабліва хвалюе стан дарогі ў вёсцы. Улетку, калі суха, па ёй можна прайсці, але як толькі ідзе дождж, праехаць да аддаленых дамоў не можа аўтамабіль хуткай дапамогі» – пераказвае нараканні вяскоўцаў інтэрнэт-рэсурс «Mstlife».
Узнятыя вяскоўцамі праблемы, паабяцалі госці, узятыя на кантроль.
Па словах старшыні сельсавету «сустрэчы з жыхарамі аддаленых вёсак дазваляюць даведацца, што іх хвалюе, асабіста абгаварыць шляхі вырашэння праблем, якія ўзнікаюць».
На развітанне для сялянаў артысты раённага Цэнтру культуры і народнай творчасці зладзілі канцэрт. А траім мясцовым жыхарам уручылі лісты падзякі за падтрыманне парадку на сваёй тэрыторыі.
Картыжы – вёска з 250-гадовай гісторыяй. Упершыню яна згадваецца ў 1756 годзе як паселішча Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага.
У 1910 годзе ў вёсцы было 43 двары і пражывала 266 чалавек (123 мужчыны і 143 жанчыны). Паводле перапісу 2009 году, у Картыжах засталося 23 чалавекі. За наступныя 13 гадоў вяскоўцаў паменела ўдвая.
фота: mstlife.by
На Магілёўшчыне Блакітную крыніцу апанавалі сучасныя пілігрымы, якія спадзяюцца ўратавацца ад немачы. Фотарэпартаж
Лічыцца, што чалавек, які тройчы перайшоў Блакітную крыніцу, надоўга засцеражэ сябе ад хворасці, а жыццё будзе доўгім і здаровым.
Штогод пад Слаўгарад на Мядовы спас крыніца, якую яшчэ называюць Сінім калодзежам, збірае немалую грамаду людзей. Да мясцовага прыроднага феномену прыязджаюць здалёк. Іхная мэта – прайсці праз крыніцу і запасціся вадою з яе. Лічыцца, што 14 жніўня яна мае асаблівую гаючую моц.
Раней з крыніцы неслі і гліну. Цяпер тое катэгарычна забаронена рабіць. Навукоўцы даказалі, што яна хвароб не лечыць.
Штогод ля крыніцы гандляры разгортваюць кірмаш, а праваслаўныя святары ладзяць набажэнствы. Сёлетні Мядовы спас не стаў выключэннем.
Блакітная крыніца для Ўсходне-Еўрапейскай раўніны – ўнікальная прыродная з’ява. Вада ў ёй блакітна-бірузовага колеру з высокім утрыманнем фтору і крэмнію, з 180,6 мг/л раствораных рэчываў.
Лічыцца, што гэта мясціна была сакральнай для радзімічаў – тут, нібыта, было іхнае капішча. Паводле легенды, у крынічнай вадзе ў 988 годзе прадстаўнікі гэтага племяннога аб’яднання прынялі хрышчэнне.
З прыходам хрысціянства крыніцу асвяцілі, а побач з ёю ўзвялі царкву. 14 жніўня, на праваслаўны Макавей, тут ладзяцца малебны. На свята збіраюцца тысячы паломнікаў.
Больш пра Блакітную крыніцу чытайце ў матэрыяле Магілёў.media, клікнуўшы па спасылцы.
У Ходасах радасць – адкрылі кавярню з караоке. Чырвоную стужку перарэзалі чыноўнікі
Гэта адзіная ядальня ў мястэчку, якое з дзясятак гадоў як лічыцца аграгарадком. Паводле закладзеных уладамі сацыяльных стандартаў у ім даўно мелася быць такая ўстанова харчавання.
Адкрыцця кавярні «Сустрэча» жыхары Ходасаў чакалі шэсць гадоў. Яны неаднаразова звярталіся з прапановаю да мясцовай улады і кіраўніцтва райспажыўтаварыства.
«І як толькі ў спажывецкага таварыства з’явіліся сродкі, мара сельскіх жыхароў спраўдзілася», – адзначае інтэрнэт-рэсурс мсціслаўскай раёнкі «MstLife».
mstlife.by
На адкрыццё «сучаснага кафэ з караоке» наведаліся чыноўнікі і жыхары паселішча. Прыехаў нават кіраўнік райвыканкаму з Мсціслава Дзмітрый Пімашэнка.
«З адкрыццём кафэ вырашаецца адна з праблем па забеспячэнні месцамі грамадскага харчавання, аказанні паслуг спажывецкім таварыствам» – заявіў ён і выказаў меркаванне, што «абʼект будзе запатрабаваным».
На кавярню райспажыўтаварыства патраціла 40 тысяч рублёў. Працы трывалі чатыры месяцы. Кавярня гатовая прыняць адначасова 86 чалавек. Абяцаецца, што ў меню будуць пераважаць стравы беларускай кухні.
mstlife.by
У Ходасах пад 2 тысячы жыхароў. Паўз мястэчка праходзяць чыгунка з Воршы ў расійскую Ўнечу. Паселішча – адміністрацыйны цэнтр Ходаўскага сельсавету. Да Мсціслава – 15 кіламетраў. Да Магілёва 85-ць.