На Мсціслаўшчыне адсвяткуюць 130-годдзе Максіма Гарэцкага

У Мсціславе і раёне пройдзе серыя клубных і бібліятэчных мерапрыемстваў – чытанні, выставы, літаратурныя гадзіны ў гонар Максіма Гарэцкага.

Класік беларускай літаратуры і навукі Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. У гонар 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ў Мсціслаўскай раённай бібліятэцы з 9 па 19 лютага праходзіць фотавыстава “Скарбы Максіма Гарэцкага”. Шэраг літаратурных сустрэч запланаваныя на 16, 17 і 18 лютага – поўную праграму можна пабачыць тут. У асноўным гэта літаратурныя гадзіны ў сельскіх клубах, выставы і чытанні.

Фота: mstlife.by

37% бюджэта Мсціслаўшчыны ў 2022 годзе сфарміравалі прыватнікі

Больш за траціну мясцовага бюджэта сфарміравалі індывідуальныя прадпрымальнікі, хоць іх лічба скарацілася да трох соцень.

Суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу Мсціслаўшчыны ў 2022 годзе было сфарміравана 37,2% паступленняў у раённы бюджэт. Такія лічбы агучыла намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Вольга Судзілоўская на паседжанні Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Нагадаем, што ў цэлым па Магілёўскай вобласці 43,1% даходу бюджэту ў 2022 годзе сфарміраваны прыватным сектарам, 56,9% – дзяржаўным сектарам эканомікі, пра што раней пісалі mogilev.media

Па дадзеных падатковых органаў на 1 студзеня 2023 года ў Мсціслаўскім раёне зарэгістравана 61 юрыдычная асоба і 251 індывідуальны прадпрымальнік. Нягледзячы на тое, што гэтая лічба знізілася ў параўнанні з мінулым годам, суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу ў 2022 г. было сфарміравана 37, 2% паступленняў у раённы бюджэт. У 2021 годзе гэтая лічба складала 29,8%.

Прычым развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва – адзін з важкіх фактараў забеспячэння занятасці і павышэння эфектыўнасці эканомікі Мсціслаўскага раёна. 

Фота: horki.info

Пад Мсціславам талакой адрадзілі крынічку

Жыхары аграгарадка Капачы ў Мсціслаўскім раёне правялі талаку і аднавілі крыніцу ў паселішчы. Мясцовыя сцвярджаюць, што яна вядомая ўжо каля ста гадоў, аднак апошнім часам зарасла травой і была занядбаная. Цяпер жа вяскоўцы пачысцілі крынічку, ўмацавалі яе зводы жалезабетоннымі зводамі і аздобілі дэкаратыўным каменнем. Крыніцу асвяцілі ў гонар абраза “Паскарыцельніца хлябоў” – распавядае тэлеканал “Беларусь 4”.

Фота: Беларусь 4

Пад Мсціславам правядуць асушэнне зямель на 210 гектарах

Самыя масштабныя меліяратыўныя працы ў 2023 годзе на Магілёўшчыне пройдуць у Мсціслаўскім раёне – паведамляе раённая газета “Святло Кастрычніка”.

Будзе асушана 210 гектараў высокапладародных земляў каля вёскі Шумянічы, якія належаць прадпрыемству “Сож-Агра”.

– Працы тут пачаліся ў 2022 годзе. Асноўная іх частка прыпадае на гэты год. – расказаў выданню намеснік начальніка ПМК-94 Віталь Лушчакоў – Зараз ідзе абсталяванне адкрытай сеткі, карчоўка хмызняку і пнёў, валка і распілоўка драўніны. Працуюць чатыры экскаватары, два бульдозеры. Маецца пакласці 119 км дрэнажу. Гэты аб’ект плануем здаць у эксплуатацыю восенню бягучага года.

Дзякуючы комплексу меліярацыйных мерапрыемстваў паляпшаецца ралля, павышаецца ўраджайнасць – лічаць прадстаўнікі ПМК. На такіх землях добра растуць кармавыя культуры, што адаб’ецца на павелічэнні вытворчасці малака.

Фота: “Святло Кастрычніка”

Стала вядома, калі сёлета пройдзе “Мсціслаўскі фэст”

Фестываль сярэднявечнай культуры “Мсціслаўскі фэст 2023” адбудзецца 5-6 жніўня 2023 года – паведамляюць арганізатары.

Пачынаючы з 1 лютага адкрыта рэгістрацыя патэнцыйных удзельнікаў мерапрыемства. На сённяшні дзень ужо падалі свае заяўкі вулічны тэатр на хадулях “Весёлые Великаны”, гурты “Frozen Garden”, “STEEL RAIN”, “Граф Чапский” з інтэрактыўнай праграмай.

Да ўдзелу ў фэсце запрашаюцца музычныя гурты, вогненныя тэатры, тэатральныя і танцавальныя калектывы. 

Двухдзённы фэст штогадова (акрамя 2020 года па прычыне пандэміі) праводзіцца ў старажытным Мсціславе з 2008 года.

У Мсціславе на Замкавай гары адновяць гарадскую забудову часоў Кіеўскай Русі

На працягу 2023 года плануецца рэканструкцыя гарадской забудовы XII – XIV стагоддзяў на Замкавай гары ў Мсціславе. 

Першасная задача, якая стаіць перад будаўнікамі – захаваць трохяруснасць вежы-данжона на Замкавай гары – распавяла БелТА начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп. Таксама плануецца рэканструкцыя элемантаў гістарычнай гарадской забудовы ў такім выглядзе, як гэта было ў часы Кіеўскай Русі.

– Грошы для гэтых работ ужо атрыманы. Цяпер мы знаходзімся на этапе карэкціроўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, паколькі яна распрацоўвалася яшчэ ў 2016 годзе і на сённяшні дзень страціла актуальнасць. Працуем у цесным звязку з Міністэрствам культуры – гэта ж гісторыка-археалагічны помнік, аб’ект не просты. Заказчыкам выступае УКБ.

Карэкціроўка і ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі зоймуць некалькі месяцаў, пасля гэтага на Замкавай гары пачнуцца рэканструкцыйныя працы. Яны будуць падзелены на некалькі этапаў. Да канца гэтага года плануецца завяршэнне будаўніча-мантажных работ аб’ектаў на Замкавай гары.

Фота: БелТА

Два мясных кантрабандысты за адну гадзіну былі затрыманы на Мсціслаўшчыне

Кожны вез па 300 кілаграм мяса для продажы ў Расію,  іх затрымалі супрацоўнікі ДАІ.

Спачатку на дзевятым кіламетры аўтамабільнай дарогі Мсціслаў – Каськова (Расійская Федэрацыя) інспектары ДПС спынілі аўтамабіль Iveco Daily, у якім знаходзілася 300 кг субпрадуктаў буйной рагатай жывёлы. Дакументы на мясны груз у кіроўцы машыны адсутнічалі. Аналагічнае парушэнне супрацоўнікі ДПС праз гадзіну зафіксавалі на гэтай самай дарозе. У багажным аддзяленні аўтамабіля Volkswagen Polo мужчына без дакументаў перавозіў 360 кг мяса буйной рагатай жывёлы. 

Сумарна, інспектары дарожна-патрульнай службы Мсціслаўля спынілі незаконную транспарціроўку 660 кг мяса. Матэрыялы парушэнняў накіраваны ў суд для разгляду абодвух выпадкаў. 

Фота mogilevnews.by

Насельніцтва Мсціслава скарацілася на 16% за апошнія дваццаць год

Скарачэнне насельніцтва ў гарадах і мястэчках адбываецца на Магілёўчыне дастаткова даўно. Так, у старадаўнім Мсціславе за апошніх дваццаць год назіраецца вялікае скарачэнне колькасці насельніцтва. Калі яшчэ напачатку 2000-х гг. жыхароў горада было блізу 12 тысяч чалавек, то на сённяшні дзень колькасць жыхароў раённага цэнтра складае крыху больш за 10, 1 тысяч чалавек.  Такім чынам, за апошнія 20 год насельніцтва Мсціслаўля скарацілася амаль на дзве тысячы чалавек – а гэта недзе 16% жыхароў горада. 

Пры гэтым Мсціслаў прэзентуецца ў рэгіёне як горад з агромністым турыстычным патэнцыялам. Як бачым, гэта мала дапамагло ў развіцці горада і раёна, бо на дзяржаўным узроўні не створана адпаведных умоў для роста папулярнасці ўнутранага, а тым больш знешняга турызма, які мог бы стаць лакаматывам для развіцця.

Фото mogilev.media

Страшна хадзіць па вуліцах з-за бадзяжных сабак – скардзяцца мсціслаўцы

Небяспечна хадзіць па вуліцы Зялёнай у Мсціславе, вялікі бадзяжны сабака палохае дзяцей таксама каля крамы “Еўраопт” – скардзяцца чытачы раённай газеты “Святло Кастрычніка”.

Сабакі, якія гуляюць самі па сабе, выклікаюць хваляванне ў бацькоў, якія не маюць магчымасці праводзіць дзяцей у школу. Яны часта пішуць пра гэта ў сацсетках і заклікаюць да сумлення гаспадароў і адказнасці асоб, абавязаных сачыць за парадкам на вуліцах Мсціслава – піша выданне.

Фота: “Святло Кастрычніка”

Сярэдзіна зімы, а ў Мсціславе толькі залілі каток

У Мсціславе пачаў працаваць каток – паведаміла раённая газета “Святло Кастрычніка” сёння, 16 студзеня. Ён быў заліты на тэрыторыі Цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы “Алімп” на вуліцы імя Пятра Мсціслаўца, і займае плошчу ў 1000 квадратных метраў.

Тут працуе пракат, а катацца можна кожны дзень з 10.00 да 22.00 – расказаў выданню загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Селіванаў.

Фота: “Святло Кастрычніка”